6 ліпеня 2017 года ў 18.30 запрашаем Вас на закрыццё 25-га сезона Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі традыцыйным святам “Святкуем Купалле разам з Купалам”, арганізаванага РТБД сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы!

 Праграма свята:

  • Выступленне лаўрэата Міжнародных конкурсаў, уладальніка прэміі Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі народнага ансамбля цымбалістаў “Беларусачка” Мінскага Дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі.
  • Выстава “Купалінкі” мастака Аксаны Аракчэевай. На партрэтах тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння музея: першы дырэктар Уладзіслава Луцэвіч, пляменніца паэта Ядзвіга Юльянаўна Раманоўская, якая доўгія гады была галоўным захавальнікам фондаў, унучатая пляменніца Янкі Купалы Жанна Казіміраўна Дапкюнас, якая працягвала справу У.Ф.Луцэвіч. Таксама можна ўбачыць партрэты тых, хто з’яўляецца добрым пераймальнікам традыцый, закладзеных гэтымі таленавітымі людзьмі.
  • Дэфіле супрацоўніц музея ў тых строях , што на партрэтах і ў купальскіх вянках, створаных супрацоўнікамі крамы “Дом фларыста”. Пасля дэфіле адбудзецца розыгрыш вянкоў сярод гледачоў. Хто адкажа на пытанне музея – атрымае вянок.
  • Вершы Янкі Купалы ў выкананні акцёраў РТБД і гасцей свята з Рыгі (Латвія), Кіева, Палтавы (Украіна), Казані, Калініграда (Расія). Госці будуць чытаць вершы Купалы ў перакладзе на свае родныя мовы.
  • Спектакль “Кругі раю”, які распавядае пра жыццё і смерць Янкі Купалы, пераплятаючы рэальныя падзеі з яго творчасцю – разам з рэальнымі людзьмі на сцэне існуюць і персанажы твораў паэта. Аўтар п’есы і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Святлана Навуменка разам з гледачамі шукае адказы на цэлы шэраг пытанняў: Як жыў Паэт? Як ён загінуў? Ці зразумелі і прынялі яго пры жыцці? Які лёс чакаў творы Янкі Купалы і ці жывуць яны сёння?