Моцны недахоп
тэатраадчуванняў у крыві –
першая прыкмета зноўку
распачаць нашы сустрэчы
коскамі, сказамі, кропкамі
на старонках РТБД.

Вітаю, мае шаноўныя, любыя, тэатрам хворыя людзі! Вяртанне ў дом #сапраўдныхэмоцый, адкрыццё сезону – гэта як адкрыццё нанова сябе самога: ты зноў пачнеш збіраць з кожным спектаклем пазлікі сваіх адчуванняў, спачуванняў, судакрананняў. Толькі ў гэты раз усё будзе яшчэ і #безмежаў. 

Я дужа сумавала, таму ўвесь перыяд без людзей і спектакляў РТБД прайшоў пад лозунгам «маўчы, хавайся і ўтойвай». Пагадзіцеся, месяц без тэатру – тое яшчэ катаванне. Але я мужалася, ратавалася, як магла: соўгалася па пустых калідорах і ўсё чакала моманту, калі… ну…калі змагу з вамі падзяліцца патаемнай радасцю тэатральнага маньяка.

Сёння, думаю, можна, тым больш, тут усе свае:)

Бойцеся сваіх жаданняў: яны маюць такую страшную асаблівасць – здзяйсняцца. Так пачаўся для мяне 26-ы сезон у РТБД. Але па парадку. 

Калі вы амаль год маеце адносіны (сур’ёзныя такія адносіны) з адным і тым жа…тэатрам: бегаеце да яго на спектаклі-спатканні, пішаце лісты, абменьваецеся сапраўднымі эмоцыямі, захапленнямі, то бок, каханне ў вас, узаемнае – натуральна, што як любая (не)нармальная дзяўчына, вы чакаеце таго самага моманту, калі нарэшце ён саспее і зробіць прапанову. Калі без моцных авацый і пераказаў таго, што можна, скачучы да сёмага неба, спатыкнуцца аб воблака і разбіць сабе галаву (аказваецца, столі і жырандолі яшчэ ніхто не адмяняў), то я-такі дачакалася прапановы. Не, не, у нас усе сціпла прайшло, без пафасу там усялякага: ну, пярсцёнак, ну, кветкі, ну… такога не было. Але сам факт, разумееце, сам факт 🙂                       

Канешне, напачатку (як вы ўжо зразумелі, а галава мая дагэтуль адчувае дзівоснае сутыкненне з воблакам) я шчыра і адкрыта радавалася. Аднак (наіўна меркавала, што гэтак толькі ў кіно бывае) аднекуль надышла хваля сумненняў (адкуль? на моры, здаецца, я не была летам): а, можа, ён не той, а, можа, я нешта не так раблю, а, можа, памыляюся. Але самы шок-стрэс адбыўся, калі да мяне дайшла жорсткая рэчаіснасць быцця: дык гэта што зараз, давядзецца варыць яму баршчы (так, Даша?), бачыць яго ў розным стане, нораве і без іх? Пачаўся моцны ўсплеск хваляванак, страхаў і перажыванняў (добра, што гэта бачылі толькі вольнадумныя калідоры РТБД).

Не ведаю, куды бягуць у такіх выпадках героі кіно, але я збегла на рэпетыцыю чаканага «Бетону». Так, гэта Карняг і гэта асалода для вачэй, вушэй і адчуванняў, але не буду спойлерыць. Пасля рэпетыцыі мроіліся думкі аб адным: якімі б стэрэатыпамі не поўнілася наша галава – усё складваецца патрэбным чынам. Калі знайсці сваё, шчырае, сапраўднае месца, дзе і з кім ты заўсёды можаш быць шчырым і сапраўдным, дзе цябе прымаюць без межаў: будзь ты дырэктарам  банку, паненкай у нятаннай сукенцы ці студэнтам у кедах; з любым настроем, густам і тэлефонам (не)Apple у кішэні. (То бок папусціла мяне з хваляванкамі і сумненнямі, супакоілася:) )

Таму, сябры, сезон без межаў – гэта яшчэ і сезон без нашых асабістых і міжасобасных межаў – для мяне ён прадчуваецца менавіта так. І я спадзяюся, што кожны дзень бязмежжа нашых сапраўдных эмоцый будзе дазваляць трымацца адзін аднаго, натхняцца адзін адным, ствараць большае, праўдзівае і суцэльнае разам. Я запэўнена: мы (усе мы, кожны наш глядач, кожны акцёр/рэжысёр, супрацоўнік тэатру) – сям’я, якую сабраў лёс у адным месцы. А значыць, я не маю права ні крыўдаваць, ні крыўдзіць, ні сумнявацца, ні пагарджаць, бо гэта мой/наш выбар і, шчыра кажучы, я яго паважаю.

Я абяцаю з такім жа захапленнем і шчырасцю расказваць пра патаемнасць і бязмежнасць нашых акцёраў; зазірнуць у кожны куточак загадкавых мястэчкаў РТБД; пашыраць межы і асабістыя, і геаграфічныя, і тэатрапачуццёвыя. Прыходзьце, чытайце, адкрывайце сябе і ў сабе – будзе дужа весела, багата інсайтаў, якія без межаў (але баршчоў усё ж не будзе, хіба што ў тэкстах:) )
                               

Вы таксама заўважылі, што апошнія два абзацы прагучалі нібыта ў рамках «а сейчас слово молодым»?:))

Калі сур’ёзна, мы пакуль падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. На вяселле, думаю, паклічам: трэба ў маладога спытаць:))

P.S. Сябры, магчыма, і варта баяцца сваіх жаданняў, але ніколі не варта спыняцца і пераставаць марыць, жадаць і эмацыйна на нешта хварэць – гэта насамрэч здзяйсняецца, калі моцна хацець. Я правярала 🙂

Усіх шчыра абдымаю, віншую з адкрыццём сезона без межаў і чакаю новых сустрэч.

З цеплынёй і павагай, Жанна.        

P.S. Малюнкі ўзятыя з інтэрнэт-рэсурсаў і носяць ілюстратыўны характар.