АРТ-ХОЛ

Час працы: чацвер, пятніца, субота 15.00-18.00.

Уваход вольны

ВОЛЬНЫ ЧАС

21.11.2017–17.12.2017

Спыніць імгненне, адлюстраваць няўлоўны міг лёгкасці быцця спрабуе мастак у сваіх працах. Ён імкнецца прымусіць нас усміхнуцца, гледзячы на чароўную дзіцячую непасрэднасць , рамантычны настрой закаханых і ўсё тое лепшае, што мы назіраем у жыцці.
Сямітка Дзмітрый нарадзіўся ў 1973 годзе. З дзяцінства малюе і захапляецца жывапісам (уплыў бацькі-мастака). Нягледзячы на адукацыю ваеннага, прысвяціў сябе мастацтву.
Персанальныя і сумесныя выставы Дзмітрыя прайшлі ў Беларусі (Мінск, Віцебск, Гродна) і за мяжой (Чэхія, Расія, ЗША, Украіна). Працы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у розных краінах свету. Жыве і працуе ў Мінску.

 

 

ІНТЭРВ’Ю Ў ГОРАДА

8.09.2017–20.09.2017

Дзяніс Бурмакін нарадзіўся ў 1976 годзе ў г. Мінску ў сям’і мастака.
Вучыўся ў СШ№176. З ранніх гадоў захапіўся малюнкам і фатаграфіяй.
У 1999-2004гг. вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава (сацыяльная педагогіка і практычная псіхалогія).
У 2013г. скончыў Нью-Йорскі інстытут фатаграфіі (Фундаментальны курс прафесійнай фатаграфіі).
З 2017г — член Беларускага Саюза Дызайнераў

 

 

АДРОНЫ

12.06.2017–26.06.2017

Мастацкі твор, як і кожнае рэчыва на нашай Зямлі, не існуе паасобку, не з’яўляецца на пустым месцы, не валодае поўнай незалежнасцю. Менавіта фізіка, навука пра мір, у якім мы апынуліся, здольна растлумачыць паўстанне мастацкага твора праз сутнасць аб’яднання.

Адрон выяўленчага мастацства не з’яўляецца элементарным. Ён знаходзіць свае фізічнае ўвасабленне ў выніку розных спалучэнняў фундамэнтальных часцінак – кваркаў музыкі, літаратуры, танца, тэатра. Кваркаў разнастайных відаў мастацтва.

Кваркі не вольныя. Калі б яны і валодалі воляй, у іх не атрымалася б пазбегнуць велізарнай сілы, якая непарушна падахвочвае узаемадзейства. Ім нельга вызваліцца ад рэакцыі з іншымі кваркамі, як тэатру немагчыма вызваліцца ад літаратуры, як танцу нельга вызваліцца ад музыкі. Кваркі відаў мастацтва ледзь адчуваюць прысутнасць адзін аднаго побач, але ж спрабуючы іх раз’яднаць, вы пераканаецеся, што гэта немагчыма.

Кваркі мастацтваў, аб’ядноўваючыся у адрон жывапісу, надзяляюць яго квантавымі лічбамі ісцінасці, зачаравання, страннасці і прыгажосці. Яны здольныя надаць яму нават колер і водар. Гэтая выстава дэманструе прыклады падобнага узаемадзейства і аб’яднання. Тут, вы можаце пабачыць, як яго ўяўляюць сабе маладыя беларускія мастакі.

Час жыцця адрона выяўленчага мастацтва на парадак больш часу сярэдняга узаемадзейства з глядачом. А сілу і інтэнсіўнасць рэзананса ад сутыкнення з ім можна яшчэ доўга адчуваць у сабе.

На выставе прадстаўлены работы Ульяны Дулкінай, Ягора Арцюхова, Марты Зімінай, Ніколь Задоры і Крысціны Сласценка.

 

 

ВЕЧНЫ РЫМ: АД ЗАХОДУ ДА СВІТАННЯ

1.06.2017–11.06.2017

Фотавыстава «Вечны Рым: ад заходу да світання” прысвечана Дню Італьянскай Рэспублікі і 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Італіяй. На фотавыставе прадстаўлены работы Ф. Буццільеры, С. Скаккі, Л. Меліффі, Д. дэ Маркіс, М. Марчана, М. Марчана, Ф. Ленціні, Дж. Раджалі, А. Сіесці, К. Канстанціні, Ф. Фардэлла, Д. Фантэвілі, Р. Гвадалупі. 

 

НАД ЧАСАМ І ПРАСТОРАЙ

12.05.2017–31.05.2017

Сяргей Іванавіч Савіцкі нарадзіўся ў Забайкаллі, дзе ў той час працаваў яго бацька, здабываючы каштоўны метал, неабходны краіне для аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Жыў у Казахстане, Усходняй Сібіры. Скончыў Усходне-Сібірскі тэхналагічны ўніверсітэт.

Жыццё на берагах Байкала, служба ў арміі на тэрыторыі Манголіі з яе бясконцымі абшарамі азіяцкіх стэпаў, пустыні Гобі, вясновымі пералётамі птушак пакінулі глыбокі след і садзейнічалі фарміраванню асобы мастака. Усе працы С.І. Савіцкага – вынік творчага пераасэнсавання прыгажосці прыроды і людзей у іх узаемасувязі з часам і прасторай, праз асобныя фрагменты якіх аўтар адлюстроўвае на палатне навакольны свет.

З 1975 года Сяргей Савіцкі жыве і працуе ў горадзе Маладзечна. Жывапісам пачаў займацца з канца 1980-х гадоў. Наведваў Народную студыю выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры горада Маладзечна. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.

Персанальныя выставы Сяргея Савіцкага прайшлі ў многіх гарадах Беларусі (Мінск, Маладзечна, Смаргонь, Вілейка і інш.). Творы аўтара экспанаваліся на калектыўных мастацкіх выставах у Польшчы, Італіі, ЗША і іншых краінах. Многія работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

На выставе прадстаўлены работы розных гадоў, напісаныя ў жанрах пейзажу, нацюрморта, партрэта.

Выстава арганізавана пры падтрымцы мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

 

ЛІКВІДАТАРЫ

26.04.2017–10.05.2017

Выстава мастакоў-ліквідатараў

 

НАЗІРАННІ

4.04.2017–24.04.2017

Творчае аб’яднанне «Корань Квадратны» было створана на базе студыі-майстэрні Аляксандра Слепава і з’явілася вынікам сумеснай працы мастакоў і фармавання агульных поглядаў  на выяўленчае мастацтва. Першая выстава-прэзентацыя творчага аб’яднання адбылася ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва ў лістападзе 2013 года. На думку аўтараў, гэта быў візуальны маніфест, які адлюстроўваў погляд удзельнікаў на сучаснае мастацтва і прынцыпы яго дыялога з гледачом. Мастакі перакананы, што адлюстраванне дня сённяшняга, яго аналіз — значная частка сацыякультурнага працэсу, які вызначае асаблівасці сучаснай рэчаіснасці. Сродкамі тэматычнага, вобразнага мастацтва ўдзельнікі творчага аб’яднання «Корань Квадратны» выяўляюць праблему, актуальную, надзённую, і прапануюць гледачу самому знайсці яе вырашэнне. Вобразная, але не натурная візуалізацыя тэмы дае магчымасць ацаніць рэчаіснасць па-новаму і скіраваць гледача ў рэчышча разважанняў аўтара. Такім чынам, мастакі ствараюць працы, у якіх ёсць месца  іх пазіцыі і альтэрнатыўнаму ўспрыманню гледача…

 

ГУЛЬНЯ КОЛЕРУ

20.03.2017–4.04.2017

З 20 сакавіка па 10 красавіка ў арт-холе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі працуе першая персанальная выстава жывапісу і графікі Лізаветы Казённавай “Гульня цвета”.

Лізавета Казённава нарадзілася ў 2002 годзе ў Мінску. З 2008 года вучыцца ў дзіцячай мастацкай студыі Рышарда Мая, з 2014 года наведвае заняткі па жывапісу, малюнку і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка ў вядомага мастака-манументаліста, сябра Беларускага саюза мастакоў Леаніда Міхайлавіча Лук’янцава.

Ва ўзросце 7 гадоў стала лаўрэатам Міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці (Польшча).

Высокі мастацкі ўзровень маладога аўтара быў адзначаны ўзнагародамі на такіх прэстыжных міжнародных конкурсах, як Children Drawing Competition (Грэцыя, 2012 г.), International Visual Arts Competition (Францыя, 2013 г.) 17th International Youth Art Exhibition Nova Zagora (Балгарыя, 2015 г.), IE-NO-HIKARI Association “The 23rd Annual World Children’s Picture Contest” (Японія, 2015 г.) International Owl Coloring Contest (ЗША, 2016 г.) XXII Biennale Of Imagination (Славакія, 2016 г.) і іншых.

Лізавета Казённава прымала ўдзел у аўкцыёнах «Вялікая сям’я» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, 2014 г.), «Калядныя мары» (Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, 2015 г.). Яе творы выстаўляліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (выставы навучэнцаў дзіцячай мастацкай студыі Рышарда Мая), Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (выстава «Мартовские коты»), мастацкай галерэі «Дом карцін» (Усебеларуская выстаўка карцін «Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч») і іншых.

Некаторыя працы аўтара набыты прыватнымі калекцыянерамі.

Выставачны праект арганізаваны пры падтрымцы мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

 

МАСТАЦТВА БЕЗ МЕЖАЎ

27.02.2017–19.03.2017

27 лютага ў 16.00 у арт-холе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбудзецца адкрыццё выставы беларускіх і італьянскіх дзяцей «Мастацтва без межаў» па выніках Міжнароднага конкурсу «Музычныя малюнкі», а таксама твораў членаў журы — вядомых беларускіх мастакоў Глеба Отчыка, Юрыя Хілько і Сяргея Шэмета.

 Выставачны праект арганізаваны Фондам развіцця культуры і адукацыі чалавека, Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры” пры падтрымцы Ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь у Фларэнцыі.

 Конкурс «Музычныя малюнкі» прайшоў у рамках міжнароднага праекта «Культурай краін – аб’яднаем» і ўяўляў сабой своеасаблівы дыялог прафесійнага мастака з дзіцячай аўдыторыяй пра мастацтва і яго шматграннасць, асэнсаванне і перажыванне ўнутранага і вонкавага свету.

 На выставе гледачу даецца магчымасць супаставіць погляды на сучасны жывапіс, выяўлены ў творах прафесійных аўтараў і мастацкае ўспрыманне мастацтва ў творчым самавыяўленні дзяцей.

 Працы створаны на вольную тэму пад уражаннем ад праслуханай музыкі, дзе кожны маленькі мастак у музычных творах убачыў нешта сваё, што стала для яго галоўным і запамінальным.

 Па словах старшыні журы конкурсу, першага намесніка Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка, «захопленае стаўленне дзяцей да творчасці, іх непасрэднасць і сумленнасць, уласцівыя дзіцячаму светапогляду, мае вялікае значэнне, таму важна ў гэты перыяд развіваць у дзецях творчы патэнцыял, здольнасць да самаацэнкі, рэфлексіі якія складваюцца з эстэтычнага досведу».

 Творы вядомых мастакоў Глеба Отчыка, Юрыя Хілько і Сяргея Шэмета, выкананыя ў розных тэхніках і стылях, раскрываюць унутраны свет кожнага з аўтараў і нясуць у сабе ўнікальнае творчае самавыяўленне і разнастайнасць ідэй у свеце сучаснага мастацтва.

 

 

#НАМ25

20.01.2017–27.02.2017

20-га студзеня ў арт-прасторы РТБД мы адкрылі выставу #НАМ25 – гэта гісторыя тэатра з моманту яго заснавання па сённяшні дзень у дакументах, фотаздымках, узнагародах.

На працягу доўгага часу мы па крупінках збіралі дакументы, факты, імёны, фотаздымкі, эскізы, артыкулы і ўсё, што звязана з гісторыяй Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Супрацоўнічалі з архівамі Міністэрства культуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Кіраўнікі, рэжысёры, акцёры, якія служылі і служаць у РТБД, дзяліліся сваімі асабістымі архівамі. І зараз з упэўненасцю мы кажам, што РТБД — тэатр з насычанай гісторыяй, нягледзячы на такі юнацкі ўзрост!

ЗІМОВЫ НАСТРОЙ

Выстава батыку

15.12.2016–15.01.2017

Спіс удзельнікаў выставы батыку “Зімовы настрой”:

  1. Маркоўскі С.
  2. Молчун Е.
  3. Богдан М.
  4. Станкевіч М.
  5. Якубоўская Ю.
  6. Парфяновіч А.
  7. Левітэс Л.
  8. Лойка К.
  9. Балоціна В.
  10. Цюперак Д.
  11. Трубліна Д.
  12. Лазерка Д.
  13. Коцікава О.
  14. Хартановіч А.
  15. Голубева А.
  16. Трускоўскі І.
  17. Міцкевіч П.
  18. Антонава М.

НАІЎНАЯ МІФАЛОГІЯ

Выстава жывапісу Ганны Балаш.

22.11–16.12.2016

Чытаць навучылася рана.
Лічыць навучылася позна.
Пісаць вучуся.
Нарадзілася 270564 у Мінску.
Было радасна вучыцца ў Сумарава Васіля Фёдаравіча.
Было радасна вучыцца ў Міронавай Леніны Мікалаеўны.
У БДТМІ ў 1987годзе атрымала дыплом аб тым, што я мастак.
Працавала і працую. Выстаў было шмат.
Вельмі рада, што шмат маіх малюнкаў вісяць у дамах маіх сяброў.

Адкрыццё выставы 22 лістапада ў 18:30.

1+1

18.10–18.11.2016

На выставе “Тры, два, адзін” мастакі з Мінска Андрэй Меранкоў і Павел Кандрусевіч прадстаўляюць яб’яднаныя ў дыптыхі і трыптыхі жывапісныя працы. Абраныя для палотнаў тэмы разгортваюцца ў гісторыях, часам апранутых у алегарычную форму. У цэнтры ўвагі знаходзіцца чалавек, пераважна жанчына…

БЕЛАЕ ЗОЛАТА. ЦЮРЫХ–МІНСК

21.05.–12.06.2016

21 мая а 15 гадзіне ў Арт-холе адкрыецца персанальная выстава мастака-фарфарыста Аляксандры Баўтрук пад назвай «Белае золата. Цюрых–Мінск».  Уваход вольны.
 
Мастак па фарфоры – гэта рэдкая і элітарная прафесія, якая, акрамя таленту, патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, шматгадовай працы ў разуменні матэрыялу і пастаяннага ўдасканалення.
Аляксандра валодае рэдкімі тэхнікамі шматслаёвага і шматабпальнага фарфоравага жывапісу, працягваючы векавыя традыцыі вядомых еўрапейскіх мануфактур. Мастак працуе над рэплікамі класічных сюжэтаў, а таксама практыкуе сучасныя падыходы да роспісу фарфору, ствараючы дзіўныя вырабы эксклюзіўнага дызайну. Работы майстра ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі ў Швейцарыі, Германіі, Англіі, Расіі, Беларусі і Казахстане.
У галерэі будуць прадстаўлены работы апошніх гадоў, выкананыя Аляксандрай у Цюрыху. Госці змогуць ацаніць унікальныя вырабы з фарфору рэдкіх формаў вядомых еўрапейскіх і расійскіх фабрык, сваімі вачыма ўбачыць, як наносіцца малюнак і пазнаёміцца з усімі тонкасцямі творчага працэсу.
Экспазіцыя выставы ўключае ў сябе больш за 30 твораў мастацства. Спектр творчасці Аляксандры Баўтрук шырокі, таму наведвальнікаў чакаюць неверагодна разнапланавыя працы, пачынаючы ад мініяцюрных антыкварных сюжэтаў, выкананых з ужываннем высокакаратнага золата, і заканчваючы буянствам фарбаў на беласнежным фарфоры, натхненнем, якому паслужылі працы Марка Шагала.
Госці выставы змогуць атрымаць эстэтычнае задавальненне, ацаніўшы ўсю шматграннасць нестандартнай творчасці мастачкі.

УЯЎЛЕННЕ

04.05–26.05.2016

4-га мая ў 18.30 у арт-прасторы РТБД адкрываецца выстава “Уяўленне” мастака Аляксандра Забаўчыка.

Аляксандр Забаўчык нарадзіўся ў 1958 г. у Мінску. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні прамысловага мастацтва (1982-1987) у Мікалая Дубатоўкі, Ігара Герасіменкі, Алега Чарнышова.
Член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў. Удзельнік творчых аб’яднанняў “Форма” і “Арцель”.
З 1987 г. — удзельнік 18 міжнародных выстаў у Беларусі, Расіі, Літве, Францыі, Германіі.
Работы Аляксандра Забаўчыка знаходзяцца ў Беларускім музеі сучаснага мастацтва, у прыватных калекцыях Еўропы, Канады і ЗША.

“Пры сустрэчы з сапраўдным мастацтвам уключаюцца нейкія механізмы, якія робяць цябе больш чалавекам, чым ты быў дагэтуль.” А.Забаўчык
“Жывапіс мастака на стыку абстракцыі і фігуратыўнасці ўмоўна праводзіць сэнсавы водападзел паміж адбіткам рэальнага і інтэрпрэтацыяй гэтага рэальнага.” modernartmuseum.by
“… у гледача ёсць магчымасць, гледзячы на гэтыя работы, пафантазіраваць самому. Тут нічога не навязваецца, а, наадварот, даецца магчымасць любому, хто глядзіць на гэтыя працы, адчуць свет вакол сябе і ўнутры сябе…” Н.Шаранговіч

“ГДЕ-ТО РЯДОМ…”

22.03–22.04.2016

22 сакавіка ў 18.30 ў “Арт-холе” адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу, графікі, тэатральнага плаката “Где-то рядом…” мастака Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, члена секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларускага Саюза мастакоў Андрэя Жыгура.

Андрэй скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, мастацка-графічны факультэт па спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва, чарчэнне і працоўнае навучанне” (2005).

Узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў.

Скончыў магістратуру па спецыяльнасці «тэорыя і гісторыя мастацтва” (2006). Па выніках абароны дысертацыі «Тэатральны плакат Беларусі: гісторыя і стылістычнае развіццё» прысвоена ступень магістра мастацтвазнаўства.

Скончыў аспірантуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «выяўленчае і дэкаратыўнага-прыкладное мастацтва і архіцектура» (2010).

З 2011 года член секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларускага Саюза мастакоў.

З 2006 года працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа — стварае графічны дызайн рэкламнай і інфармацыйнай прадукцыі тэатра. Аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў шэрагу пастановак тэатра. Працуе над дысертацыяй на атрыманне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па тэме «Сцэнаграфія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа».

У 2015 годзе ўзнагароджаны ганаровай граматай Беларускага фонда культуры.

ПРАДЧУВАННЕ ВЯСНЫ

23.02–23.03.2016

23 лютага 2016 года ў арт-холе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адкрылася выстава вышытых карцін «Прадчуванне вясны» клуба «Сузор’е» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».

Клубу вышывальшчыц «Сузор’е», які аб’яднаў жанчын розных узростаў і прафесій, больш за восем гадоў. За гэты час клубам было праведзена каля 30 праектаў, і ад выставы да выставы можна назіраць рост майстэрства вышывальшчыц, прымяненне імі новых тэхнік да стварэння работ, якія радуюць усіх, хто неабыякавы да гэтага віду творчасці.
Па словах кіраўніка клуба Наталлі Сак, «выставу гэтую ў поўнай меры можна назваць чароўнай, бо нездарма кажуць, што вышывальшчыцы бачаць свет праз вушка іголкі, і для іх усё звычайнае ператвараецца ў чароўны свет! Свет гэты створаны на кавалачках тканіны пры дапамозе маленькай іголачкі і рознакаляровых нітачак! Але як шмат кветак і адценняў, як шмат дзіўных і незвычайных сюжэтаў можна тут убачыць! Кожная праца – гэта маленькі шэдэўр, створаны з цеплынёй, любоўю і жаданнем зрабіць нашае жыццё дзіўным і прыгожым!».
Выстава падрыхтавана пры падтрымцы мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

ЧАС МАГНАТАЎ

20.01–20.02.2016

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» арганізоўваюць выставу жывапісу, графікі і скульптуры «Час магнатаў» навучэнцаў і выкладчыкаў Гімназіі-каледжа мастацтваў імя. І.В. Ахрэмчыка, урачыстае адкрыццё якой адбылося 20 студзеня ў «Арт-холе».
Экспазіцыя прысвечана «залатому стагоддзю» у гісторыі Беларусі, яе гісторыка-культурнай спадчыне, выдатным асобам. Мэтай правядзення выставачнага праекта з’яўляецца творчае асэнсаванне і папулярызацыя аднаго з самых важных гістарычных перыядаў Беларусі – XV–XVIII стагоддзяў – часу найбольш яркага росквіту нацыянальнай культуры.
Выстава з’яўляецца вынікам адной з праграм, якая рэалізуецца Моладзевым грамадскім аб’яднаннем «Азбука прадпрымальніцтва» сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Аффабулацыоне» (Італія, Рым) і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў (Мінск, Беларусь) у межах праекта «Голас культуры» пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза з мэтай ўстанаўлення грамадскага дыялогу ў сферы культуры праз забеспячэнне разумення беларускай самабытнасці, захаванне, трансляцыю і інтэграцыю нацыянальных звычаяў і традыцый у сучасным мастацтве з выкарыстаннем патэнцыялу творчых індустрыі.
У выставе прымаюць удзел педагогі каледжа, сярод якіх – І.А. Арцімовіч, Ф.М. Басалыга, П.У. Лявонаў, М.П. Шыбко, П.У. Пірагова, А.М. Гардзіёнак-Кірэева, В.У. Цімашоў і іншыя, а таксама лепшыя навучэнцы дадзенай установы адукацыі.
Унікальныя аўтарскія творы мастацтва, аформленыя ў цэласную экспазіцыю, былі створаны на аснове сабранага матэрыялу падчас даследчай працы па вывучэнні багатага іканаграфічнага матэрыялу, помнікаў архітэктуры, нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

МРОІ

10.12.15—10.01.16

Мастацкая выстава творчага аб’яднання «Мы»

Жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Удзельнікі выставы: Павел Кашэўскі, Ала Шкарадзёнак, Наталля Жыгамонт, Наталля Давідовіч, Наталля Шэршань, Марыя Прыймава, Іван Савельеў.

Творчае аб’яднанне «МЫ» — гэта саюз аднадумцаў, сяброў, калегаў, які складаўся на працягу многіх гадоў. Дадзеная мастацкая выстава з’яўляецца пятым сумесным праектам, удзельнікі якой — мастакі-педагогі, прадстаўнікі Саюза мастакоў, дызайнераў і Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі.

«Унутры кожнага з нас існуе загадкавы сусвет Мары. У нас гучыць старажытны кліч, які ідзе з глыбіні стагоддзяў, імкненне да дасканаласці, да дабра, да адзінства, да кахання. Гэта імкненне, моцнае, магутнае, ніколі не здраджвае нам. Яно не старэе, і не важны наш узрост, бо імкненне застаецца і з таямнічых глыбінь нашай душы кліча, кліча, кліча…» (Хорхе Анхель Ліврага).

Кожная з мастацкіх работ гэтай экспазіцыі — асобнае “акно” у аўтарскі сусвет мастака, яго ўспамінаў аб мінулым ці мараў пра будучыню, яго разумення навакольнага свету і самога сябе… Летуценні, мары, пачуцці, ілюзіі і рэальнасць — вось тое, што аб’ядноўвае ўсе творы экспазіцыі.

Выставачная экспазіцыя складзена з работ, выкананых у розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, дэкаратыўная кампазіцыя і іншыя.

“Сценографический коллаж-ІІ”

19.11 — 26.11.2015

АДВЕЧНАЯ ПЕСНЯ

1.10—31.10.2015

Выстаўку жывапісу навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа імя А.К.Глебава можна ўбачыць у выставачнай прасторы «Арт — Хол» на другім паверсе тэатра з 1 па 31 кастрычніка 2015 г.

moiminsk

МОЙ МІНСК

1.09—1.10.2015

Цэнтр дадатковай адукацыі «Светач» запрашае ўсіх жадаючых на выставу « Мой Мінск» у РТБД . Выстава прысвечана Дню ведаў і Дню горада. Ўбачыць работы навучэнцаў студыі выяўленчага мастацтва ЦДА «Светач» можна з 1 верасня па 1 красавіка 2015г. у выставачнай прасторы «Арт — Хол» на другім паверсе тэатра.

 

arthall

“І будзе цар гэты навек названне насіць – чалавек” и “Адвечная песня” ў РТБД”

6.07—26.08.2015

Адразу дзве не зусім звычайныя выставы адкрыліся ў галерэйнай прасторы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Абедзве прысвечаны твору Янкі Купалы “Адвечная песня”, але першая прадстаўляе сабой ілюстрацыі да неўміручага твора, другая – раскрывае “таямніцы” падрыхтоўкі спектакля “Адвечная песня” ў РТБД у эскізах мастакоў і дызайнераў. Адкрыццё выстаў прайшло 6 ліпеня і было прымеркавана да 13-й гадавіны пастаноўкі спектакля “Адвечная песня” на сцэне РТБД. Выстава ілюстрацый В.П. Шаранговіча, Я.М. Ціхановіча, В.М. Александровіча з фондаў Дзяржаўнага музея Янкі Купалы носіць назву “І будзе цар гэты навек названне насіць – чалавек”. Работы гэтых мастакоў уваходзяць у залаты фонд беларускай кніжнай графікі канца XX – пачатку XXI стагоддзя. Ідэя падрыхтаваць выставу “Адвечная песня” ў РТБД” узнікла даўно. У гэтым годзе рэалізаваць яе Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі дапамаглі супрацоўнікі музея Янкі Купалы. Упершыню наведвальнікі змогуць убачыць накіды сцэнічнага афармлення пастаноўкі “Адвечная песня” ў РТБД і сцэнаграфію мастака Уладзіміра Ціханава. Акрамя гэтага, тут прадстаўлены матэрыялы падбору рэквізіту да адноўленага спектакля і эскізы касцюмаў герояў пастаноўкі. Нагадаем, што наведаць выставу можна ў чацвер, пятніцу і суботу 15.00-18.00. Уваход вольны.

arthall

Выстава дзіцячага малюнка студыі выяўленчага мастацтва «Завязь»

1.06.—15.06.2015

1 чэрвеня ў 18.30 у нашым тэатры адбылося адкрыццё Выставы дзіцячага малюнка студыі выяўленчага мастацтва «Завязь»(вёска Вязынь Мінскай вобласці Вілейскага раёна). На сённяшні дзень працы навучэнцаў студыі выяўленчага мастацтва «Завязь» выстаўляюцца ў розных выставачных залах гарадоў Маладзечна, Вілейка, Мядзель, Лагойск. Нашы героі з’яўляюцца пераможцамі такіх прэстыжных конкурсаў, як адкрыты дзіцяча-юнацкі конкурс выяўленчага мастацтва “КрасаWeek, адкрыты конкурс дзіцячага малюнка “АрхНавацыя”, конкурс жывапісу і графікі «На сваёй зямлі», міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”. Выставу можна наведаць з 1 па 15 чэрвеня. На ёй будуць прадстаўлены каля 40 дзіцячых жывапісных работ. Вольнае наведванне: чацвер, пятніца, субота 15.00-18.00.

Кантакты


Дзяржаўная ўстанова
«Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь
«Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii»
г.Мінск, вул.Крапоткіна, 44
тэл.: (017) 286 03 27
тэл.: (029) 154 04 44
каса: (017) 385 97 51
Каса працуе: аўт. - ндз. 10.00-19.00, вых. - панядзелак
перапынкі: 13.00-14.00, 15.30-16.00
tbd@tut.by

 

Сацсеткi


 facb vkic instgr ytubeico

Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургіі


© 20152017 РТБД | Дызайн — STUDIO OS