ЧЫТАЕМ БАГДАНОВІЧА РАЗАМ

Праект “Чытаем Багдановіча разам” мы прысвяцілі знамянальнай даце — 125-годдзю з дня нараджэння паэта 9 снежня 2016.
Кожны дзень мы публікавалі новае відэа і новы верш. Нашы гледачы таксама далучыцца да нас: здымалі сябе на відэа, размяшчалі вершы Багдановіча ў сябе на старонцы ў сацсетках.

А 9 снежня мы святкавалі 125-годдзе Багдановіча ў тэатры. Як гэта адбывалася, чытайце ў матэрыяле Жанны Гурынай

Сёння святкуецца 125-годдзе са дня нараджэння Максіма Багдановіча! І з гэтай нагоды мы даем вам магчымасць пачуць яго вершы на французскай мове. І не толькі у нашым відэапраекце, але і вечарам перад спектаклем. Прыходзьце а 18-ай гадзіне і чытайце Багдановіча разам з намі!

Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць не высока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.

3 мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае.

Голас полем пракаціўся,
У бары аддаўся:
“А дзе ж тая крынічанька,
Што голуб купаўся?”

І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Горкай песні, простай песні
Беларускай вёскі…

Максім Багдановіч. 1911 г.

Сёння у нашым праекце “Чытаем Багдановіча разам” даволі складаны верш у прачытанні Анастасіі Бабровай. “Скандынаўская песня” пераносіць нас у свет міфаў і трагічнага кахання.

Сёння у нашым праекце “Чытаем Багдановіча разам” даволі складаны верш у прачытанні Анастасіі Бабровай. “Скандынаўская песня” пераносіць нас у свет міфаў і трагічнага кахання.

Была Інгеборг, як сасонка, страйна, — Так вецер суворы пяе —
I горкую долю спаткала яна. — Шкада нам, шкада нам яе.

He слухала маткі, не чула айца, — Так вецер суворы пяе —
Кахала Аскара, марскога байца, — Шкада нам, шкада нам яе.

Ў чужую паехаў Аскар старану, — Так вецер суворы пяе —
Надоўга нявесту пакінуў адну. — Шкада нам, шкада нам яе.

Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй, — Так вецер суворы пяе —
Шмат слёз пралілося з дзявоцкіх вачэй. — Шкада нам, шкада нам яе.

I весткі праз рок да Аскара дайшлі: — Так вецер суворы пяе —
Спіць моцна твая Інгеборг у зямлі. — Шкада нам, шкада нам яе.

I цяжка Аскару зрабілася жыць, — Так вецер суворы пяе —
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць. — Шкада нам, шкада нам яе.

I вось напаткаў ён смяротны удар, — Так вецер суворы пяе —
I умёр праз нявесту адважны Аскар. — Шкада нам, шкада нам яе.

Таміцца па ім Інгеборг без канца, — Так вецер суворы пяе —
Няма ўсё Аскара, марскога банца. — Шкада нам, шкада нам яе.

Над морам навісла скала, як сцяна, — Так вецер суворы пяе —
Штодня Інгеборг там чакае адна. — Шкада нам, шкада нам яе.

І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель — Так вецер суворы пяе —
Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель… — Шкада нам, шкада нам яе.

I кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна — Так вецер суворы пяе —
I ўжо не паднялася з цёмнага дна. — Шкада нам, шкада нам яе.

Максім Багдановіч. 1915 г.

Нехта казаў, што Ілля Ясінскі вельмі пранікнёна чытае вершы Багдановіча. Дык вось вам яшчэ адзін верш, які яшчэ больш пранікнёны сам па сабе. Ну і пра каханне, канешне, гэта ж вельмі прыгожа:) #чытаембагдановіча #багдановіч125

Як толькі закрыю я вочы,
стамлёныя сьветам газьніцы,
як толькі ўсплывуць перад імі
чырвоныя, сінія плямы, –
дык зараз жа сэрца згадае
апошняе наша спатканьне, –
чырвоныя, яркія вусны,
глыбокія, сінія вочы…
Як той матылёк лёгкакрылы,
што вось-вось із маку ўзьвіецца,
на вуснах яе трапятала
і была ня ў сілах сарвацца
адно ціхавейнае слова;
якое – ўжо вы угадалі!
Ах вусны, чырвоныя вусны!
ах словы, чароўныя словы!
Ня дзіва ж, мае дарагія,
што сьлёзы ў мяне праступаюць
з-пад хмурных павек, і кажу я:
«паменшыце сьвету ў газьніцы,
бо штось яна рэжа мне вочы».

Максім Багдановіч. 1911 г.

Цяжка ўявіць сабе, што гэты верш напісаў 25-гадовы хлопец. Максім Багдановіч. Амаль біблейская гісторыя, трагічная і алегарычная. Мы ўжо глядзелі і слухалі гэты верш разоў пяць. І кожны раз ён адкрываецца новымі гранямі. Дзякуй, Валяньцін Салаўёў за глыбіню і #сапраўдныяэмоцыі!

#чытаембагдановіча #багдановіч125

Набыць квіткі

Не анёл у трубу уструбіў —
З хмары бог старому Ною гаварыў:
“Поўна з краем чаша гневу майго
На людскія грахі ды бясчыннасці.
Вось надойдзе часіна суворая.
Лінуць з неба залівы бязмерныя
I абмыюць ад бруду смуроднага
Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет”.

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг
З таго дзерава ліванскага.
Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,
А ўдаўжкі — болей тысячы.
Ды узяў туды Ной і птах і звяроў,
Каб не звёўся іх род з зямлі.
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі бялеюцца
Ды на золку агнявеюцца.
У яго ў крыле — трыста тры пяра:
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — што мяцель гудзіць.
Як учнуць дажджы, — пацякла вада,
Разлілася горш ад павадка.
Затапіла ўсе лугі-лагі,
Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;
Уздымаецца вышэй ад гор.
Птахі ў небе стаяй лётаюць,
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,
Выглядаюць стуль прытулачку.
А па ўсёй зямлі толькі хвалі б’юць,
Толькі хвалі б’юць белай пенаю.
Ды па іх дужы, смелы плавае
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — як мяцель гудзіць.
I населі тут на лебедзя
Птахі дробныя ўсёй стаяю.
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птушкі ажна усцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,
На чацвёрты стаў прасіць-маліць:
“Вы ўзляціце хоць на час які,
Выбіваюся з астатніх сіл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!”
Не паслухалі птахі лебедзя.
Пацямнела у яго ў вачах,
Крыллі ўрэшце надламаліся,
Галава ў ваду апусцілася.
I пайшоў на дно мора сіняга
Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Страцімавых.

Максім Багдановіч. 1916 г.

Калі б мы пачулі байку “Варона і чыж” не ў кантэксце праекта “Чытаем Багдановіча разам”, то маглі б падумаць, што гэта Крылоў:) Было б больш звыкла. Але Ганна Анісенка раскрыла нам новыя грані твораў Багдановіча.

Яшчэ больш цікавага будзе ў РТБД 9 снежня! Творы Багдановіча на беларускай і французскай мовах, спектакль “Дзённік паэта” пра самога паэта і яшчэ некалькі сюрпрызаў. Квіткі ў продажы.

А вось яшчэ артыкул на БЕЛТА.
#чытаембагдановіча #багдановіч125

Прыгода гэтая не так даўно была.
К чыжу (а сілы ён, як ведама, не мае)
Варона прыступае:
«Скажы, ці я падобна да арла?»
I бачыць чыж – з варонаю не жарты,
A ўласны хахалок чаго-небудзь ды варты.
«Зусім арол», – адказывае чыж
Вароне клятай з клёна.
«Ну, то ж бо то! Глядзі ж!» –
3 ласкаваю гразьбой пракаркала варона
I паляцела стуль далей.
Ўсё тое бачачы, здзівіўся верабей:
«Браток! Ці жа вачэй не маеш –
Арлом варону называеш?»
Засараміўшыся, чыж так пачаў казаць:
«Як гэтым не зрабіў благога.
Дай бог арла варонай не назваць;
Варону жа арлом – нічога».

Максім Багдановіч. 1915 г.

У нашым праекце “Чытаем Багдановіча разам” прынялі ўдзел студэнты-французы МГА “Тэатра”. Вось Габрыэль Пік, напрыклад, амаль вывучыў верш Багдановіча на беларускай мове. Гэта цуд нейкі! І як па-новаму загучала! І па-ранейшаму заклікаем вас далучацца да нас. Усё проста: здымайце сябе на відэа ці размяшчайце вершы паэта у сябе на старонцы! #чытаембагдановіча #багдановіч125

Учора шчасце толькі глянула нясмела, –
I развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

Максім Багдановіч. 1910-1913 гг.

Сёння мы прадстаўляем верш Багдановіча “Завіруха”. У прачытанні Анастасіі Бабровай ён загучаў своеасабліва. І стаў такім жа яркім і характарным як і сама актрыса:)

У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
І сьпеў ліецца ўсё мацьней, –
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б’е.
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
Ўскіпела сьнежнае віно,
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп’янелая мяцель.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.

Максім Багдановіч. 1912 г.

Мы працягваем чытаць Багдановіча разам з вамі. І сёння прадстаўляем самы кароткі, але даволі глыбокі верш. Чытае Дзмітрый Давідовіч.

Нагадаем, што 9 снежня ў РТБД будзе не толькі спектакль “Дзённік паэта”, але і прэзентацыя вершаў Багдановіча на французскай мове. Пачытаем іх разам перад спектаклем! Пачатак а 18-ай гадзіне. Прыходзьце!

Не бядуй, што хмары
Сонца свет схавалі,
Нарадзіцца мусіць
Бура з гэтых хмар.
Праўда, ўсё прыціхла…
Бор замоўк і хвалі,
Але будзе бура,
Тым мацней удар!

Максім Багдановіч. 1911 г.

У сённяшнім выпуску “Чытаем Багдановіча разам” нават не верш, а жыццёвая гісторыя ад народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Нагадаем нашы хэштэгі #багдановіч125 #чытаембагдановіча і адзначым, што такія гісторыі пра ваша адчуванне паэзіі нам таксама цікавыя. Далучайцеся да нашага праекта!

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.

Максім Багдановіч. 1917 г.

Сёння для вас чытае Максім Брагінец. Ён невыпадкова адкрывае гэты праект, бо ідэя зрабіць такое належыць менавіта Максіму.

Народ, Беларускi Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалi,
Цябе не пушчалi зь ярма
I душу тваю абакралi, —
У ёй нават мовы няма.
Збудьзiўшысь ад грознай бяды,
Увесь поўны сьмяротнай жуды,
Ты крыкнуть ня вольны: “Ратуйце!”
I мусiш ты “Дзякуй” крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

Максім Багдановіч. 1913 г.