Гэта і спакуслівасць, пылкасць/жарсць –
такая блізкая і ўласцівая; гэта і каханне,
якога так чакаеш альбо ад якога
так ратуешся: баішся?..
гэта халодная, страшная, але непазбежная і…
вельмі ўмоўная сустрэча ў бетонных каробачках
для адзіноты, дзе шукаеш, шукаеш паратунку
ад бяздушнасці – і знаходзіш…
знаходзіш у тым, ад чаго/каго бяжыш.
Безнадзейна бегчы ад самой сябе, таму…
здаюся ў сваіх тэатраадчуваннях.

На радасцях прэм’ерных накатала тэкст велічэзны, а так як яго ўсё роўна ніхто цалкам не прачытае – падзяліла на часткі.

Для тых, хто:

  • Толькі ўчора пазбавіўся тэатральнай некранутасці – «Тэатральнае паўналецце»;
  • Аматар лёгкага жанру і тыповага «надумаць, прыдумаць, расчаравацца» – «(Не)прыкрытыя чаканні»;
  • Аддае перавагу матэрыялам, утрымліваючым уражанні, выразы іадчуванні, дазволеныя чытачам ад 18 год – «Шыкоўны палюбоўнік»;
  • Адкрыта прымае і прызнаецца ў сваіх тэатральных хваробах – «РТБД і КАРНЯГ галаўнога мозгу».
  • Заўсёды знойдзе месца прэтэнзіям і непаразуменням – «Сама не зразумела, сама пакрыўдзілася, сама апраўдала».

 

«(Не)прыкрытыя чаканні»

Калі ідзеш на сустрэчу са сваімі страхамі, канфліктамі і жаданнямі, канструіруеш у свядомасці сцэны, вобразы таго, што, як і пад якую музыку будзе адбывацца. Прыходзіш, сядаеш у крэсла і натуральна чакаеш, калі пачне рэалізоўвацца «твой» сцэнар. А дарма. Бо то не ты аўтар…

Ішла на спектакль з жаданнем: «калі сваёй адкрытасцю візуальная паэзія будзе «ўбіваць» мяне ў крэсла, я не стану нават супраціўляцца» – чаго натуральна і чакала. А бетон – ап, і зверху ліцца пачаў ;)… павольна ахопліваючы цела, напаўняючы кожную артэрыю, пранікаючы ў самыя патаемна-сакральныя месцы.

Шок-стрэс-самагубства, спадарства! Як так, усё пайшло не па майму плану?.. 😉

«Мне ў гэтай блізкасці не хапала самой блізкасці…», «упершыню не адчула, што адчуваю…», «нібыта напілася бетону – цяпер нейкі параліч тэатраадчуванняў…» – першае, што мроілася дзесьці на памежжы маіх эмоцый і фізіялогіі.

Нават пачала ўжо камплексаваць, што ўнутры пустэча нейкая. І толькі сёння зранку белымі «бетоннымі» лотасамі пачалі прабівацца адчуванні.

«Шыкоўны палюбоўнік»

Мой «Бетон» – гэта як ноч з шыкоўным палюбоўнікам, які настолькі ведае цябе, што з кожным сваім дакрананнем адкрывае цябе для цябе і ў табе; настолькі блізка і трапна адчувае: ты яшчэ не паспела падумала, а ён ужо аддаў табе тое, што патрэбна менавіта тут і зараз.

Ты цалкам аддаешся гэтаму працэсу паглыблення і асабістага бетаніравання – ён адчувае, чаго вартая ты, а ты разумееш і прымаеш яго ў міфічных парывах, вершах Цветаевай на мове жэстаў, рэкламе, інфармацыйным шуме, сучасных і вельмі асабістых спасылках, – што натуральна няма калі аналізаваць, усведамляць адчуванні: ты | тут і зараз | атрымліваеш асалоду і задавальненне.

Вось ты «отвосторгировала», апошняя сцэна – сапраўдныя эмоцыі б’юцца ў экстазе, «восторгазм» – візуальны, эмацыйны, разумовы.

Выдыхаеш…

Уся ў бетоне, шчокі, вусны, рукі – няма як слова вымавіць: усё не тваё нібыта, чужое.

Так, варта з гэтымі адчуваннямі пераспаць.

Зранку прачынаешся.

Апранаеш сваю прыгожую сукенку.

Сыходзіш…

Пакуль ідзеш па гэтай вольнапачуццёвай, бетонам пракладзейнай сцяжынцы, пачынаеш узгадваць па кавалачках, па вобразах, рытмах, мелодыцы ўсё тое, што адбывалася ноччу. І з гэтага ўсяго ў цябе ўжо складаецца iншая, твая асабicтая карцiнка пачутага, адчутага, убачанага. Пакуль узгадваеш – перажываеш гэта зноў, але ўжо з большай сiлай, таму што дасягаеш найвышэйшай ступені задавальнення і асалоды. Потым – зноў выдыхаеш, не верыш самой сабе, але ўжо спадзяешся-чакаеш новай сустрэчы. Таму што ведаеш дакладна, наколькі напоўненай (візуальна, эмацыйна, разумова) прачнешся наступным ранкам.

«Сама не зразумела, сама пакрыўдзілася, сама апраўдала»

Як і да кожнага мужчыны, тут у мяне таксама ўзнікла ці то прытэнзія, ці то проста непаразуменне. Мо, таму што жанчыны любяць фантазіі, а мужчыны выразную дакладнасць – не ведаю. Але (як на мой не моцна распешчаны густ) гэтае дзяленне спектаклю на часткі, візуальна дэманстраваныя гледачу, загадзя абмяжоўвае плошчу яго ўласных фантазій. Магчыма, гэта толькі маё асабістае: я ішла зразумець менш, шукаць у незразумелым тое, што блізка мне, а лавіла сябе на думцы, што ў кожнай частцы шукаю вобразы і спасылкі на назвы, якія абраў аўтар – і ад гэтага разумела больш, чым патрэбна.

Аднак, калі і можна так трапна сумяшчаць несумяшчальнае; зводзіць «механіку» з адкрытасцю, шчырасцю; сучаснасць са старажытнасцю, дзікунствам, значыць, яно ўсё ж павінна быць абмежавана часам, прасторай, асяродкам, меркаваннямі, забабонамі і нават тваімі ж (не)магчымасцямі і страхамі.

«Тэатральнае паўналецце»

Усё яшчэ БЕТОНна накрывае: яно, жывое, адкрытае/(не)прыкрытае, прарастае, адкрываецца белымі лотасамі, дзявочай некранутасцю, спакуслівасцю і жаданнем, дзікунскім-прыродным, рамантычным-шчырым, міфічным-сучасным, візуальным-пачуццёвым, паэтычным-празаічным, адчаем-верай, каханнем-здрадай, адзінотай-адзінствам, змрокам-святлом.

Асабістая сувязь дрэўнегрэчаскага міфу пра Арфея і Эўрыдыку, БЕТОНна перанесеных у сучасныя рэаліі, тое, з чым (кім) ты ніколі не спазнаеш абсалют. Таму што гэта не мае аніякага канчатковага адчуццёвага пункту, таму што табе цалкам не належыць, таму што нават часовая (як табе падаецца, часовая) «спакуса» – гэта затрыманае і расцягнутае ў часе жаданне, каханне, мара, таму што гульня ў невядомае з невядомымі – і ёсць цэлая бясконцасцi. Візуальнай. Пачуццёвай. БЕТОНнай.

Так, можна не прымаць, можна пачаць абурацца, баяцца, але адзінае, што разумееш дакладна ў такі момант: ты сутыкнуўся з самім сабой. Убачыў у «механічным», «бяздушным», «нежывым» тое, у чым баяўся прызнацца сабе, але заўсёды прадчуваў гэта. А зараз бачыш і саромешся, нібыта не толькі ты сам зазірнуў унутр сябе, але яшчэ і ўся зала РТБД. Страшна? Адкрыта. Праўдзіва. Хаця б для цябе самога.

«Ну, што, Жанна-тэатральны маньяк, б’е, запэўнівае цябе «Бетон» у тваёй нікчэмнасці, размазвае тваю душонку па крэслу» – цуд. Віншую. Жывая. Адчула. (Так люблю сама з сабой пагутарыць 😉 )

Шчыра, не ведаю, можа гэта нейкае маё адкрыццё. Можа, усё ж ёсць нейкі канечны пункт эмацыйна-тэатральнага саспявання/паўналецця спектакляў Карняга, да якога я ўчора вось так знянацку дакрочыла?.. Яшчэ пакуль не зразумела… але гэтае асэнсаванне свайго паўналецця мне падабаецца – дакладна 😉

«РТБД і КАРНЯГ галаўнога мозгу»

Калі-небудзь, як мне будзе год так пад 40, я навучуся менш адчуваць/перажываць, больш механізаваць і выдзяляць цынізм, як абарончую рэакцыю, але пакуль… я | тут і зараз | не перастаю любіць прэўкрасных, чароўных па сіле, прыгажосці і таленту людзей:

Максім Брагінец, за Вамі «без вобраза» цікава назіраць – дзякуй, яшчэ больш паважаю, захапляюся Вамі;

Гражына Быкава, кубачкі, пуанты, пакецікі чаю – як жа годна і пры гэтым так дакладна ў Вас атрымліваецца – проста ван лав 😉  

Вераніка Буслаева, вобраз «дзяўчынкі-званочка» – тое, што так кранальна, адкрыта і чыста;

Арцём Курэнь, Аня Семяняка, вы ўсё ведаеце: занадта шыкоўныя, каб быць праўдай, таму – міфічныя 😉

Людміла Сідаркевіч, на Вас заўсёды прыемна глядзець, але ў гэты раз «вінаградам» зачаравалі канчаткова 😉

Марына Здаранкова, госпадзі, гэты вобраз спартсмЭнкі – цуд і глядацкі катарсіс 😉 кожная дробязь пазлікамі ўдала складаецца ў адну цэльную карцінку;

Ілля Ясінскі, Вы на сваім месцы: настолькі трапна і дакладна – гэта каштоўна.

Андрэй Новік, Зміцер Давідовіч, асалода для вачэй: ну, вось як вы так рухаецеся! ай, нават, калі і не рухаецеся – усё роўна задавальненне 😉 дзякуй! а нечаканая сустрэча ў люстэрку – гэта, канешне, моц 😉

Яўген Карняг, Вы з абсалютна нежывых і часам асобна не існуючых у прыродзе рэчаў ствараеце жывое і блізкае: гэта наогул законна? 😉

Такія ўсе моцныя, характарныя паасобку, але калі разам ды яшчэ ў адным спектаклі – у мяне РТБД і КАРНЯГ галаўнога мозгу ;))

Люблю…

P.S. Не ведаю, счытвалася ці не маё жаданне зноў збегчы ад некаторых унутраных адкрыццяў пасля прэм’еры, але ўпэўнена: БЕТОНныя адчуванні варта выношваць, потым пакрыху дадаваць новыя, не пакідаць статычнай карцінку, каб з цягам часу (толькі для сябе) разумець, ад якіх асабістых пытанняў атрымаў ключы. Хадзі толькі потым падбірай, адкрывай альбо замыкай…назаўсёды…

З цеплынёй і павагай, Жанна