Я выйшла, перапоўненая гордасцю (і годнасцю, напэўна, таксама)
за тое, што я ведаю, хто я і хто такі Скарына – беларусы;
я чытаю, паважаю (і зараз нават у большай ступені) Марціновіча,
я лічу сваім скарбам магчымасць ведаць Гарцуева і
магчымасць адкрываць для сябе тых акцёраў, якія
нечакана і так моцна ўразілі мяне і паўплывалі
на мяне ў гэты вечар.
Але ўсё па парадку.

Калі паспелі заўважыць з мінулага выпуску #тэатраадчуванняў, якія паведамлялі пра «Сіндром Медэі», пераказам спектакляў не займаюся, сюжэт не распавядаю: лічу крыўдным пераказваць відавочныя рэчы – тое, што альбо можна натуральна ўбачыць падчас спектаклю, альбо прачытаць (і, дарэчы, варта чытаць перад спектаклем).

І сённяшні выпуск выключэннем не стане, таму толькі адчуванні, толькі сапраўдныя эмоцыі.

«Кар’ера доктара Рауса» – гісторыя-споведзь, якая пачала прарастаць ува мне значна раней, чым адбыўся спектакль. Гэта, ведаеце, так бывае, што адчуваеш сябе не ў сваім часе, не ў сваім грамадстве – і ў такіх выпадках я звяртаюся да «лі-та-ра-ту-ры-сты-кі» Марціновіча, Алексіевіч, да музыкі таго ж Міхалка, то бок, нашых, сучасных, праўдзівых, але «айчынным знакам якасці» не адзначаных. Таму калі даведалася, што ў нас нарэшце паставяць Марціновіча – узрадавалася неяк адразу, а потым насцярожылася, бо разумела: будзе балець, крывавіцца, моцна біць, але годна будзе і інтэлектуальна. Праўдзіва будзе.

Гэта быў першы спектакль у маім жыцці, калі я моўчкі – прабачце – мацюкалася . І не ад таго, што нешта дрэнна, пошла ці пагана, а ад таго, што праўда, і гэта праўда пра цябе, пра мяне, пра нас, пра час, у які жывем. Таму паспрабую зноў свае тэатраадчуванні раскласці, толькі сёння на тое, што баліць, крывавіцца, што праўда.

Напачатку была музыка

Заходзіш у залу, сядаеш на любімыя прыступкі (так, бо перааншлаг і месцаў вольных зусім няма) – і пачынаеш слухаць. Моцарта. Вагнэра. Брамса. Нечаканага, але змястоўнага Казачэнку.

Як трапна перадаюцца характары герояў, сiтуацыi, боль, надзея, адчай, так жа трапна i дарэчна гэта ўсё падмацоўваецца музыкай.

Невыпадкова, на мой погляд, пачынаецца ўсё з Моцарта і Сімфоніі №40. Для мяне гэта рытмічная, актыўная музыка стала своеасаблівым сімвалам апантанай Скарынавай ідэі друкавання кніг, прагнага памкнення і рашучасці намеру. Мабыць, таму яна і праходзіла рэфрэнам напрацягу ўсяго спектаклю. Так, тут Скарына – летуценнік з жаданнем сеяць добрае, чыстае, вечнае.

Чым больш развіцця на сцэне, тым больш развіцця ў музыцы: наступным у тым жа Моцарце ідзе трагізм, мяцежнасць і трывога, далей больш напружаны Вагнэр з мужнасцю і націскам, адчай, боль, расчараванне – Брамс. Амаль увесь спектр перажываемых эмоцый увабрала ў сябе класіка. Адзіную моц пакінула на Казачэнку – «вялікі» розум «вялікіх» начальнікаў.

Сцэна «спальвання» кніг праз шрэдар пад цудоўнейшую «На белом покрывале января» – кандэнсат бязлітаснай цвёрдалобасці і нікчэмнасці вялікіх начальнікаў, страчанай надзеі, трагічнага ўсведамлення марнасці шчырых Скарынавых парываў.

Сядзіш у зале – і адчуваеш сябе нейкім маленькім збянтэжаным, раздаўленым шчанюком, які яшчэ і мацюкаецца ад праўдзівасці ўбачанага, уплыву і, шчыра кажучы, страху. Настолькі гэта трапляе ў самую існасць, самую вартасць. Не ведаю нават, як перавесці гэта з адчуванняў у словы, як абазваць тое, куды трапляе. Гэта дакладна не мозг, не сэрца ці душа – значна глыбей, шырэй.

Не бывае маленькіх роляў

Але і маленькіх акцёраў, як паказвае нам спектакль,
тут таксама не бывае.
Нішто не выпадкова і ніхто не выпадковы, таму
дазволю сабе ўзгадаць кожнага.

Па сёння шчыра не магу адысці ад самага важнага для сябе адкрыцця гэтага спектаклю – Максім Шышко ў вобразе Файнага хлопчыка ў галіфэ. Гэта той выпадак, калі спадзяешся, што павінна быць добра, верыш у гэта, чакаеш, але ўсё роўна нечакана і прыемна здзіўляешся: настолькі для мяне гэта было сумленна, годна, моцна і дакладна выканана. І я шчыра рада, што менавіта Максіма ўбачыла ў ролі зборнага вобраза, які знаходзіцца па той бок ад Скарыны, гэткага ўладара лёсаў, абаяльнага злыдня; невыпадковай, няпростай і, я б нават сказала, стрыжнёвай ролі ўсяго спектаклю.

Дзякуй рэжысёру Аляксандру Фёдаравічу Гарцуеву за Максіма ў гэтай ролі, дзякуй уласна Максіму за выкананне, за працу і ежу для няспынных разважанняў, дзякуй, што трапляе!

Цытую топавыя для мяне фразы Файнага хлопчыка ў галіфэ (для большага каларыту, пажадана чытаць – ну, ці хаця б спрабаваць – інтанацыямі героя):

  • Чытанне павінна быць павольным, нетаропкім, каб тыя, хто слухаюць, паспявалі зразумець, на каго данос. А ў вашай чытанцы воку няма аба што спатыкнуцца, усё мякка бы салам змазана. Вока слізгае па сказах, можна зрок вывіхнуць! Яшчэ, чаго глядзі, людзі наогул ротам за вачыма паспяваць не будуць! І пачнуць моўчкі чытаць. Моўчкі! Чытаць!(Скрыптар)
  • Я не ведаю гэтага таварыша, але я супраць. Яго дзеянні мяне да глыбіні душы абураюць. (Бжоска)
  • Я дабранадзейны грамадзянін, не звязаны с праваахоўнымі органамі! А дабранадзейныя грамадзяне знаходзяцца ўсё жыццё па месцы прапіскі ды не гойдаюцца з канца ў канец вядомага нам сусвету... Вы злачынец, а можа і беглы арыштант, інакш нашто так часта змяняць лакалізацыю? (Бжоска)
  • Бог адзіны. А вось чарцей процьма. І на кожнага чорта – па ерасі! (Бжоска)

Асабліва ўспрымаюцца словы, якія па п’есе належаць Лютару, але ў спектаклі гучаць з вуснаў усё таго ж Файнага хлопчыка ў галіфэ – зноў жа, не выпадкова (тут вымаўляецца з напышлівай урачыстасцю ў голасе):

  • Мы зменім Нямеччыну. Уся Германія загаворыць на той мове, якую мы укладзем у вусны апосталаў ды ветхазаветных дзеячаў. Праз гэтую Біблію і Новы Запавет паўстане нямецкі народ, нямецкая культура, па нашых сцяжынках, пратораных стылем і выразамі, якімі мы скарыстаемся, пойдуць паэты, якія створаць вялікую нямецкую літаратуру для вялікай Германіі! (Слуга).

Ідзем далей па прыступках тэатральных адчуванняў.

У чарговы раз пераканалася ў сваёй бясконцай любові і павазе да Максіма Брагінца і Андрэя Новіка. Здаецца, ну, чым яшчэ могуць здзівіць акцёры, творчасцю якіх і так вельмі захапляюся, але ж не: новы спектакль – і новыя Максім і Андрэй.

Максіма бачыла ў ролях менеджара і прарэктара падчас здачы спектаклю, Андрэя ўжо непасрэдна на прэм’еры. Два склады – два зусім розныя спектаклі, уражанні розныя, але падзяка за магчымасць адчуць, убачыць тонкаць алегорый, метафарычнасць сцэн – адзіная.

Асабліва прыбіла майго ўнутранага шчанюка сцэна, якая, на мой погляд, выдатна перадае каштоўнасць кнігі ў тыповым сучасным грамадстве – смачнае паглынанне вэджанай рыбы, загорнутай у кніжныя лісты.

Зноў цытую топавыя для мяне фразы, але ўжо менеджара і прарэктара (памятаем пра каларыт – чытаем з інтанацыямі герояў):

  • От, прыдумаюць жа — «вызваленыя навукі»! Ад каго вызваленыя? Кім вызваленыя? Усё вам волі нейкай не хапае? Гуманітарый, карацей. Тунеядствуеш без працы, а вуліцы падмятаць няма каму? Правільна? Каму ты зараз патрэбны, гуманітарый? (Менеджар)
  • І, адвучыўшыся па сельскай квоце, пан прыйшоў да прарэктара па выхаваўчай працы аптымізаваць метадычны працэс?! Ну ну, цікава! (Прарэктар, з іроніяй)

Разынкай спектаклю для мяне стаў Сяргей Шымко ў ролях Датышка, Датышкоўскага і Датышкіна. Кожны раз, калі гляджу на Сяргея з залы – адзінае пытанне: «Як, ну вось, як ён гэта робіць?» Смакую натуральна кожны рух, кожную фразу і інтанацыю, каб потым дзесьці ў грамадстве так змястоўна і да месца выпаліць штосьці кшталту: «Я, ведаеце, не вельмі люблю чытаць а другой палове дня… Потым будзе цяжка прыцэльвацца. У вачах бы туман становіцца» (з інтанацыяй, зразумела, захоўваючы каларытнасць персанажа 🙂 )

У адносінах да гэтага вобраз…-аў у свой топ я вынесла не цытаты нават, а асобна ўзятыя моманты: імітацыя руху цягніка і рухаў у цягніку, дарэчы, таксама; сцэна лузгання семак падчас паседжання суда; тыповы «ма-асковский говор» «ма-айора Дотышкина Краснопресненского а-атдела внутренних дел города Ма-асквы»; ну, і, канешне, танцы пад неверагоднай тонкасці і прыгажосці песню Вадзіма Казачэнкі «На белом покрывале января». (Спадзяюся, мой сарказм часам счытваецца 🙂 )

Па-рознаму можна глядзець на вобразы Равіцкага, Суддзі і Начальніка ў выкананні Андрэя Дабравольскага, але ведаеце…мне спадабалася, і для мяне ўсё склалася. Да мяне дайшлі і тая цвёрдалобасць, і «высокі» розум, і царскі погляд на справы, і хамства, і абсалютнасць аўтарытэту. Усё так канцэптуальна-натуральна, «быстро, красиво, а главное правдиво».

Выйшла, памятаю, са спектаклю і ўсё думаю: «Чаму ж гэта Начальнік так, мякка кажучы, злаваўся моцна?» Дык а што застаецца рабіць тыповым уладам, якія адчуваюць, што свой аўтарытэт і ўплыў страчваюць, як яшчэ можна перадаць «адзіна вернае і праўдзівае» сваіх аргументаў, калі не крыкам? Я магу памыляцца, але для мяне гэта тое самае моцнае бяссілле, безвыходнасць становішча «вялікіх» начальнікаў перад думаючым грамадствам.

Тут абавязкова цытую топавыя для мяне фразы Равіцкага, Суддзі і Начальніка (каларыт, сябры, каларыт, вытрымліваем інтанацыі):

  • Вучоных трэба берагчы, яны краіне патрэбныя… каб гарматы ліць. (Равіцкі)
  • Падсудны, у сувязі з гуманізацыяй крымінальна-працэсуальнага права, распачатай у 1529 годзе, вы зараз маеце права на адваката, які прызначаны вам пазнанскім павятовым судом. (Суддзя)
  • Наши действия целиком находятся в рамках правового поля. (Начальнік)
  • Слово человеку не принадлежит. Не принадлежит оно мужику-лапотнику. Челяди. Люди – пыль. Пыль в руке Господа. Понимаешь это? Пыль должна молчать, а говорить должен Бог. Или тот, кто Богом поставлен. (Начальнік)

Неяк па вобразах і героях адразу можна падумаць, што паплечніка, падтрымкі ў Скарыны не было, але насамрэч гэта не так. Адзіны, хто разумеў Скарыну ў яго памкненнях, быў Біскуп Віленскі Януш, ролю якога ў спектаклі выконваюць Мікалай Стонька і Ілля Ясінскі.

Гэты вобраз, у які так гарманічна і без непатрэбных пылкасцяў увайшлі Мікалай і Ілля (увесь час цяпер, калі сустракаю ў калідорах РТБД, думаю, каб гэта толькі благаслаўлення не папрасіць:) ), для мяне стаў сімвалам надзеі і веры ў людзей. Таму, мабыць, мне і хацелася працягу гэтай сюжэтнай лініі ў спектаклі. (Надта ж ужо, разумееце, прагну верыць у дабрыню і людзей.) Аднак дзякуй за надзею, хоць невялічкую, але вельмі патрэбную.

Тут нават не топавыя фразы, а тыя больш, што падаюць надзею, цытую:

  • Я не бачу перад сабой блюзнера. Я бачу добранамернага вучонага, які паспяшаўся са сваім нараджэннем гадоў гэтак на дзвесце. Каб пан Бог стварыў вас пазней, вам не прыйшлося б так пакутаваць, даводзячы відавочнае. (Біскуп)
  • Вы летуценнік, Францішак! І менавіта такімі летуценнікамі заўсёды праводзілася справа Божая! Заўсёды і паўсюль (Біскуп)

Калі можа быць у спектаклі некалькі разынак, то другой такой дакладна з’яўляецца Адвакат у выкананні Віктара Багушэвіча. Пасля кожнага такога (не ведаю нават, як лепш абазваць з’яўленне адваката на сцэне) «вяртання з таго свету» (назаву гэта так) – і смех, і слёзы. Настолькі ўжо лаканічна і сучасна перададзены характар і пазіцыя «дзяржаўных» адвакатаў, што толькі і застаецца, як паўтараць выключнае «я за-блы-таў-ся-я-я».

Ну і які спектакль без жаночай пылкасці і спрадвечнага пошуку той самай пылкасці. Прагнае жаданне ў крыжовапаходных «камандзіроўках» і бязлітасцівым (як мне хочацца думаць, мужчынскім) «кровапраліцці» ўвабраў у сябе вобраз спадарыні Аберат. Гэту ролю, так мовіць, ракавой жанчыны выканалі Анастасія Баброва і Ганна Анісенка.

Неяк напачатку думалася, што гэта сцэна, вобраз выбіваюцца з агульнай карцінкі, але потым усё ж знайшла для сябе тлумачэнне: вобраз Аберат, як на маё разуменне, – выдатны такі напамін аб тым, што кожнаму з нас знаёмы і блізкі спакусы, у самых розных іх праявах.

Дзякуй Ганне і Анастасіі за гэта разуменне, дзякуй за элемент жаноцкага, прыгожага і загадкавага.

Асабістыя топы, канешне, вылучаю (прамаўляем з пылкасцю):

  • Тэа-фаста-бам-баста! Гэта нейкі рэпер?
  • Калі піць лекі, папраўляешся хутчэй? Трэба гэта абдумаць! Неверагодна! На першы погляд, гучыць як бязглуздзіца!
  • Нас пераводзяць на свецкі парадак. Мы ж былі прыстойным ордэнскім горадам, а зараз… Ну, не буду пачынаць. Вы бачыце, у нас ужо ўсё свецкае. Зараз на гэты савецкі лад у нас комтуры завуцца саветамі, даспехі не выдаюць, службовых коней таксама, коні і даспехі толькі ў тых, хто іх аджаў у каго. Карацей, Садом і Гамора…

Вельмі пакарылі мяне сваёй дакладнасцю і далікатнасцю характараў вобразы тыповых сучаснікаў, Меланхтона і Лютара (выконвалі Канстанцін Аркадзьевіч Воранаў і Валянцін Мікалаевіч Салаўёў), гэткіх ганарлівых, заклапочаных сабой «рэфармістаў».

Знайшла тут і цікавую для сябе спасылку да спрадвечнай прагі вучня «пераўзысці настаўніка»: сцэна, дзе «вашамосць Меланхтон, самы разумны чалавек у сучаснай Германіі» клапатліва корміць з лыжачкі пана Марціна Лютара; і дзіцячы азарт «рэфармісцкай» натуры Лютара; і страх быць «па-за»; і ўласцівую асаблівасць хутка паддавацца ўплыву.

Як заўсёды, дзякую Валянціну Мікалаевічу за жывасць і жыццё на сцэне, а Канстанціну Аркадзьевічу за сапраўднасць і тое, што ўжо прыходзіце у снах 🙂

Без топавых цытат не абыдзецца (дарэчы, вымаўляючы словы, можаце паспрабаваць паскакаць, як Лютар, магчыма ў вас нават атрымаецца так жа запальна і жывенька:) ):

  • Гэта добра, што каталікі вас не любяць. Мяне яны таксама не любяць. Папа мяне ад царквы адлучыў за тое, што я яму замінаў на сабор святога Пятра грошы сшыбаць. (Лютар)
  • …ён дужа мудрагелісты, пачаў, ведаеш, сыпаць нейкімі спецыяльнымі тэрмінамі — «макрыца», «пуссон», я нават не паспяваў разумець. (Меланхтон пра Скарыну)
  • Вось як так магчыма, што нехта з нейкай абсалютнай пяткі свету – што ён там казаў? Полацк? – з нейкага там Полацку прытрымліваецца настолькі ультра-сучасных поглядаў? Ці можна ў гэта верыць? (Лютар)

Самае складанае для сябе, неадназначнае і важнае па адчуваннях, пішу амаль у самым канцы. Невыпадкова, таму што ўвесь гэты час я спрабавала знайсці адказы, перш-наперш у сабе самой.

Францыск Скарына Арцёма Курэня і Францыск Скарына Дзмітрыя Давідовіча – гэта нават больш, чым розныя Скарыны, розныя спектаклі. І мяне неяк гэта выбівала напачатку: параўноўвала, супастаўляла, пакуль не зразумела, наколькі гэта выдатна. Так, мне пашанцавала ўбачыць Скарыну розным, больш гэтага, параўнаць з вобразам ужо сфарміраванага падручнікамі па гісторыі і мастацкай літаратуры чалавека-помніка.

Дзякуючы Арцёму і Дзмітрыю я ўбачыла Франка, менавіта Франка, а не Францыска! Жывога, летуценнага. Толькі Франак Арцёма Курэня, для мяне, – чуллівы, шчыры і, з зададзенага «трагікамедыя», больш «трагі-», а Франак Дзімы Давідовіча (зноў жа – для мяне) усё ж больш «-камедыя», кранальная і адкрытая.

Таму, дзякуй вам за магчымасць убачыць, пачуць і адчуць рознае.

І, канешне, выводжу топавыя для сябе цытаты і моманты:

  • …я прыйшоў да вас з прапановай па аптымізацыі вучэбна-метадычнага працэсу.
  • А як быць тым, хто замардаваны працай і гаворыць на той гаворцы, якую даў Бог? Якую перадала маці сваім спевам над калыскай?
  • Не можа быць, каб пан Бог пакараў нас нашай мовай. Я кажу на ёй: «пяшчота». І мне цёпла на сэрцы. Я кажу: «замілаванне» — і ўнутры зацвітаюць кветкі. А прамаўляю «Пярун»! І ў вушах грукоча. Лацінская не адгукаецца так. Праз мову з намі гаворыць Стваральнік. Мова – гэта здабытак, гэта падарунак Бога, а не пракляцце.

 І тут я, канешне, не магу не ўзгадаць выдатны, на мой погляд, рэжысёрскі ход: сумеснае выкананне «Купалінкі» Скарынам і Лютарам.

Насамрэч, разбіваць спектакль на выключныя для сябе цытаты і моманты можна да бясконцасці: кожны раз знаходзіцца нешта новае, асаблівае і тое, што асабіста табе баліць. Таму, я шчыра ўдзячна за кожны вобраз, за кожную сцэну, метафару, тонкасць праведзеных паралеляў (часам на мяжы, але тым больш хвалюе, пранікае, узбуджае) усім, хто працаваў над спектаклем. На сёння для мяне гэта Падзея, няхай і без «айчыннага знаку якасці», але ў гэтым, напэўна, і формула моцнага і неабыякавага грамадству матэрыялу, «зробленага ў Беларусі».

З цеплынёй і павагай, Жанна.