Не ведаю, як вам, а мне пасля багатай на эмоцыі
прэм’еры дакладна спатрэбіўся
курс рэабілітацыі, каб вярнуцца да звыклага ладу жыцця,
ну, ці хаця б перастаць цытаваць
«Рауса» ў грамадскіх месцах.
Таму сёння прапаную
інтэрв’ю ў фармаце трэнінга.
Як гэта – сачыце за тэкстам.

Неяк я ўжо казала, што мне вельмі шанцуе на суразмоўцаў, аднак у гэты раз мне пашанцавала і з часам нашай размовы. Усё інтэрв’ю, якое зацягнулася амаль на 3 гадзіны, для мяне склалі невялічкія асабістыя інсайты, якія разам ствараюць цэласны вобраз цэласнага чалавека: годнага, з пачуццём такту і вызначанасцю ў позірку.

Для мяне вывучэнне #сапраўдныхэмоцый Мікалая Стонькі стала своеасаблівым трэнінгам, які зараз я прапаную і вам (практыкаванні будуць, так што алоўкі і лісткі трымайце пад рукой).

ДЗЯЦІНСТВА

Дзяцінства – гэта такі перыяд жыцця, калі здаецца, што жоўты колер – ярка-жоўты, дрэвы – гэта жывыя волаты, а да месяца можна дакрануцца рукой. А калі казаць пра тэатр у вашым дзяцінстве: памятаеце свой першы паход у тэатр? Якім ён быў?

Я сам з вёскі, і ў сапраўдны тэатр, на сапраўдны спектакль упершыню трапіў, калі скончыў 11 класаў і абітурыентам прыехаў у Мінск. Ва Ўніверсітэт культуры для паступлення на рэжысуру патрэбна было выбраць спектакль і разабраць яго. Выбраў Дударава “Вечар” і пачаў шукаць, дзе гэты спектакль можна паглядзець ў Мінску. Так я трапіў у Купалаўскі – і гэта быў мой першы, асабісты (бо прыйшоў я адзін) і асэнсаваны паход у тэатр.

Памятаю, я глядзеў – і гэта была зусім іншая карцінка таго, што ўжо склалася ў маёй галаве: убачыў, як гэта можа быць ужывую, так як дагэтуль я яшчэ часта слухаў спектаклі.

І было вельмі для мяне нечаканым (як кажуць, усё ўзаемазвязана): сяджу дома на кухні, вечар, рыхтую разбор спектакля “Вечар” – ужо нешта чараўнічае ў гэтым ёсць – слухаю радыё, як тут чую нешта вельмі знаёмае, раблю больш гучна – і разумею, што гэта зараз ідзе радыёспектакль «Вечар» (усміхаецца). Я не ведаю, як гэта патлумачыць, як перадаць мае тыя адчуванні, нават не ўзгадаю зараз, якія артысты чыталі, але дакладна ўпэўненасці ў тым, што нічога выпадковага не бывае, гэта мне надало. І потым, калі прыехаў на спектакль, мне было цікава, захапляльна глядзець, параўноўваць адчуванні.

Вось такімі, крыху магічнымі, сакральнымі і чараўнічымі былі падзеі, звязаныя з маім першым паходам у тэатр. (усміхаецца)

Музычны густ з гадамі мяняецца, але ўспаміны, звязаныя з музыкай, наўрад ці. А якая музыка ў вас асацыіруецца менавіта з дзяцінствам?

(думае, потым усміхаецца і пачынае паведамляць)

Зараз, напэўна, будзе крыху смешна, але праўдзіва (усміхаецца), бо пра мяне ж.

У нас вельмі вялікая сям’я, таму ўстойлівы ўспамін майго дзяцінства – гэта заўсёды поўная хата людзей (усміхаецца). Летам прыязджалі маміны браты, мы ставілі вялікі доўгі стол пасярод двара, і абавязковай умовай такіх сямейных сустрэч была музыка, якая звычайна гучала з адчыненай машыны. Я памятаю, як мне цікава было залезці ў машыну на месца кіроўцы. І мне нават дазвалялі трохі паруліць, але, канешне, нічога асабліва не чапаць, акрамя рулю (смяецца). Уявіце сабе: я сяджу такі важны за рулём і гучыць касета “Нэнсі”. Я і па сёння памятаю гэту песню: «А я нашел другую, хоть не люблю, но целую» (напявае, смяецца). І калі я яе дзесьці чую – адразу дзяцінства ўзгадваю і вобразы: руль, машына, касета, лета (усміхаецца).

Я зараз не слухаю гэту песню, наогул мне не падабаецца гэты жанр, але вось яна ў мяне дакладна звязана з дзяцінствам. І, дарэчы, шмат яшчэ такіх песень ёсць.

Напрыклад, «Цыганка Сэра» Меладзе звязана з тым, што мне проста на мой Дзень народзін сястра падарыла касету Валерыя Меладзе. І самай любімай песняй для мяне з той касеты стала менавіта «Цыганка Сэра».  Аднойчы, калі па радыё ў машыне пачуў, адразу: «О, цыганка Сэ-эра» (зноў напявае і смяецца). Самае цікавае, што песня гэта проста звязана з дзяцінствам, навявае адразу ўспаміны, калі я заставаўся адзін у пакоі, уключаў магнітафон і спяваў яе (усміхаецца).

А потым я сталеў, з’яўляліся новыя песні, новыя выканаўцы. Так, Аврыл Лавін прывіла нейкі трохі бунтарскі дух, мне нейкі час проста зносіла крышу яе песнямі. Нават палова пакоя была заклеена яе плакатамі (усміхаецца). Потым неяк яна пасталела, змянілася, і песні яе змяніліся. І сёння я гляджу на гэта і разумею: “Так, нешта ў гэтым ёсць”. Штуршок, мабыць, прыклад таго, якім можна быць смелым. Але самае цікавае, што былі і іншыя гурты, больш напорыстыя, але чамусьці гэту дзяўчыну я для сябе вылучыў, чамусьці гэта музыка падабалася. Потым я сачыў за кожнай яе новай песняй, заслухваў натуральна да дзір (смяецца). Зараз узгадваю гэта – так цікава і смешна адначасова.

Потым у мяне з’явіліся Hurts. У больш сталым узросце – 30 Seconds to Mars, HOZIER. Асабліва калі пасля спектакля сядаеш у машыну, уключаеш любімы альбом – асалода. Іх пакуль ніхто не пераскакаў. (Усміхаецца) Музыка, якая заўсёды ў мяне ёсць у тэлефоне. З кожнай звязаны асаблівы час у маім жыцці. Слухаеш нейкія трэкі, узгадваеш нешта – і адпаведны настрой з’яўляецца. Чароўная магія музыкі.

ІНСАЙТ: ва ўсіх таленавітых людзей добры музычны густ, але ўсе цішочкам спяваюць Меладзе (тут патрэбен смайл з пачырванелымі шчочкамі)

ПРАКТЫКАВАННЕ: вазьміце чысты ліст паперы, падзяліце яго на дзве калонкі. У першай напішыце свае любімыя кампазіцыі (можна разам з выканаўцамі) дашкольнага і школьнага ўзросту, у другой – тое, чаму аддаеце перавагу сёння.

Вынік:

а) калі адзначылі Казачэнка «На белом покрывале января» – вы латэнтны прыхільнік РТБД ці творчасці Марціновіча, ці проста спектакль “Кар’ера доктара Рауса” не прайшоў міма вас.

б) калі хаця б у адной калонцы напісана «Валерый Меладзе» – абавязкова наведайце бліжэйшы спектакль з Мікалаем Стонька.

в) калі вы апісалі ўвесь свой музычны густ, а пасля закрычалі: «Божа, дапамажы» – не пужайцеся, вы проста творчая асоба =)

 

ТЭАТР І ШЛЯХ ДА ЯГО

Калі глядзець праз прызму вашай прафесіі, то якім вы былі ў дзяцінстве?

Свой артыстызм я праяўляў і практыкаваў яшчэ ў дзіцячым узросце, калі мы з братам і сястрой прыязджалі да бабулі і ладзілі для яе цэлыя канцэрты (усміхаецца). Не тое, што мы асабліва рваліся гэта рабіць, але разумелі, што бабуля хоча на нас паглядзець, значыць, яе трэба прыемна ўразіць (усміхаецца). Зараз я ўжо разумею, што ў бабулі была вялікая гаспадарка, і яна проста такім чынам рабіла сабе невялічкі адпачынак. Але то зараз, а тады, памятаю, мы рабілі сабе нейкія дзіўныя касцюмы з адзення, якое знаходзілі ў бабуліных шматлікіх шафах, наносілі мэйк-ап, стваралі, так мовіць, свой асабісты стыль. Потым уключалі музыку – і пачынаўся наш канцэрт. Спявалі, канешне, традыцыйна ў расчоску (смяецца).

Узаемадзеянне партнёраў на сцэне, дарэчы, таксама практыкаваў з дзяцінства (смяецца).

У мяне ў двары было вельмі шмат дзяцей, і калі мы ўсе разам збіраліся – абавязкова ішлі ў лес, каб будаваць там свае хаты для кожнай умоўнай сям’і (у кожнага была свая роля: хто тату іграў, хто сына, хто маці). І самае цікавае: больш часу адводзілася на будванне ўсяго гэтага. А потым хвілін 5-10 мы гуляем у гэтым доме – і ўсё, нецікава, пайшлі (смяецца). Гадзінамі будуеш, ходзіш па лесе, шукаеш штосьці, але ўвесь час стараешся заставацца ў ролі, каб потым абавязкова камусьці ў вобразе таты строга сказаць: «Куды ты зайшоў, ты стаіш на маім тэлевізары» (смяецца). То бок ужо тады гэта былі і ўзаемадзеянне, і пераўвасабленне, і дэкарацыі, і ролі. (усміхаецца).

У які момант жыцця вырашылі звязаць сваё жыццё з тэатрам?

У класе 8, здаецца, я ўдзельнічаў у раённым конкурсе талентаў, так мовіць (смяецца). Ой, памятаю, тады хто на скрыпцы іграў, хто на фартэпіяна, хто спяваў. Я выйшаў, здаецца, як усе, прачытаў – нічога незвычайнага. А потым тэлефануюць нам у школу і кажуць, што мне і маёй аднакласніцы, якая таксама ўдзельнічала ў конкурсе, дораць бясплатную паездку ў дзіцячы лагер «Зубраня». Такі першы выпадак, калі я сваім талентам, калі можна так сказаць, яшчэ не асэнсаваным, зарабіў сабе паездку на адпачынак. (Смяецца).  

Але больш за ўсё на маё свядомае рашэнне звязаць жыццё з акцёрскай прафесіяй паўплываў тэатральны гурток. Як толькі пачаў яго наведваць, адразу сабе сказаў, што мне гэта прыемна і вельмі цікава. Я нават калі са школы ішоў, кожны раз думаў, што сёння трэба ў гуртку зрабіць, як і чым займацца будзем. Вельмі вабіла мяне гэта, захапляла і цікавіла. У 9 класе я пачаў ужо думаць, як гэтую маю цікавасць можна далей развіць. І мне тады вельмі дапамагла выкладчыца, якая параіла з’ездзіць на дзень адчыненых дзвярэй у Інстытут культуры. Пасля падрыхтоўвала мяне да іспытаў і наогул паступлення ў Інстытут. Я нават тады і не разумеў, што паступаю на рэжысуру ў тэатральны, што я буду нейкім там  (нечым далёкім гэта здавалася) рэжысёрам. Думаў аб тым, што скончыўшы гэта можна таксама працаваць і акцёрам.

ІНСАЙТ: ставіць камерныя канцэрты для родных, спяваць у расчоску і зарабляць неасэнсаваным талентам – як спосабы вылучэння і вывучэння сваіх прафесійных якасцяў

ПРАКТЫКАВАННЕ: апішыце тры забавы, якія ў дзяцінстве вам прыносілі больш за ўсё задавальнення. Прааналізуйце іх і супастаўце з тым, чым займаецеся сёння. Прасачыце за вашымі эмоцыямі. Задайце сабе пытанне: «Я дакладна сёння займаюся тым, што прыносіць мне такое ж задавальненне, як у дзяцінстве?»

 

Што зараз для вас тэатр?

Быў час, калі я проста думаў, што гэта мая праца, частка майго жыцця. Потым я паглыбіўся ў псіхалогію і задаўся пытаннем: навошта мне – зараз будзе вельмі нечакана, напэўна, і крыху смешна пачуць такое ад акцёра – увесь гэты неўроз?  Навошта мне ўсе гэтыя пакуты, калі можна жыць інакш, атрымліваць задавальненне ад жыцця па-іншаму, чаму, навошта вось гэта «мазгі ўсмятку, кішкі наружу»? Я вельмі доўга думаў пра гэта: кім я працую, чаму, навошта гэта раблю, чаму так, чаму не гэдак? А затым зразумеў: ты жывеш пэўным жыццём і атрымліваеш пэўныя эмоцыі ў рамках гэтага жыцця, у той час калі тэатр дазваляе табе пражываць розныя жыцці, эмоцыі, сітуацыі, якія ты за сваё жыццё можаш не набыць, не сустрэць, не прайсці. Апроч таго, я зразумеў, што ў тэатры я магу атрымліваць тыя эмоцыі, якіх асабіста мне не хапае. Вось гэта для мяне тэатр зараз.

Што адчуваеце, калі іграеце для дзяцей?

Дзеці – гэта, на мой погляд, своеасаблівы трэнінг для акцёра, так як менавіта дзіцячая аўдыторыя выдатна адчувае, што не так, адразу можа адрозніць праўду ад няпраўды. Таму, калі адчуваеш, што тая энергія, той запал, якія ты аддаеш, вяртаюцца табе з падвоенай сілай – гэта, канешне, цуд, асалода; а калі дзесьці даеш слабіну – усё, увага дзіцяці выключаецца.

Мне падаецца, што падчас дзіцячага спектакля ўва мне ўключаецца маё ўнутранае дзіця, якое ёсць у кожным з нас. І тады адчуваю, як сам нібыта вяртаюся ў дзяцінства, у тыя вобразы, пахі, успаміны. Адбываецца сапраўднае чараўніцтва: цябе, як у машыне часу, пераносяць на некалькі год назад – і вось ты ўжо на адной хвалі з гледачом, якому 5-8 год (усміхаецца).

А з дарослымі тады як?

З дарослымі, напэўна, ужо мозг уключаецца (усміхаецца). Вось у мяне такое раздзяленне ёсць: дзіцячы спектакль – гэта, як быццам бы, сэрца, дзіця, якое ўва мне ёсць, а дарослы спектакль – тут трэба трохі дарослага ўключыць і не згубіць тое, што ёсць ад дзіцяці – на пачуццёвым узроўні. Тут ужо ўсё разам працуе. Тут, як кажуць, дрыжыкі ці ёсць, ці іх няма.

Самае галоўнае – калі гледачам пасля спектакля ёсць пра што падумаць – гэта для дарослых.

А дзіця: калі выходзіць і памятае, пра што быў спектакль, няхай не ўсё зразумеў, але нешта галоўнае для сябе адзначыў – гэта цудоўна.

Як выглядае прафдэфармацыя ў акцёраў? Ці заўважалі за сабой гэту праяву?

Гэта не заўважаеш, яно само па сабе адбываецца і гэта натуральная рэч, на мой погляд.

Я насамрэч ніколі не думаю наўмысна, што мне трэба зрабіць. Я наадварот мэтанакіравана «выключаю» мозг пасля спектакля, альбо пасля рэпетыцыі. Самае цікавае, што тая геніяльная і цудоўная думка, прыходзіць менавіта тады, калі прафесійна «выключаешся». Можаш проста ісці па вуліцы ці глядзець нейкі фільм, убачыць чалавека ці нейкі цікавы элемент, тады нешта нібыта «шчолкае» ўнутры – і вось ты ўжо зноў у прафесіі, зноў думаеш пра свайго сённяшняга персанажа альбо новую ролю. Прыходзіш у тэатр, уводзіш нейкія дробязі, якія напаткаў у жыцці, спрабуеш і, калі бачыш, што гэта працуе, дае свае плады, дапамагае наблізіцца да вобраза, разумееш: усё недарма. І гэта цуд! (усміхаецца)

Існуе меркаванне, што акцёр – гэта прафесія не мужчынская. А што вы наконт гэтага думаеце?

Насамрэч, не вельмі часта сустракаю такую думку. («Мікалаю адназначна пашанцавала», – думаю я)

Гэта думка некаторых людзей наконт нашай прафесіi, і яна мае права на існаванне. Але я стаўлюся да гэтага па-свойму. Не зацыкліваюся на падобных рэчах: лічу, што ў кожным чалавеку ёсць мужчынскі і жаночы пачатак. Каб зразумець жанчыну, часам трэба змягчаць свой мужчынскі пачатак, і наадварот, каб зразумець мужчыну – жаночы.

Мне здаецца, што ў нас фенамінальная праца, якая дазваляе адкрываць (ці хаця б спрабаваць гэта рабіць) у сабе і першае, і другое. На мой погляд, у нашай прафесіі пол не адыгрывае ролю, гэтыя рамкі наогул сціраюцца: галоўным заўсёды, я лічу, застаецца чалавек з яго існасцю. Няважна, мужчына ты ці жанчына: тут мы ўжо гаворым пра тое, які ты чалавек, не навешваючы ярлыкоў і гендарных стэрыятыпаў, з чым ты сябе суадносіш, ці знайшоў тую гармонію паміж мужчынскім і жаночым пачаткам, каб пасля адлюстроўваць гэта ў ролях і вобразах.

(Жанна пляскае ў далонькі).

ІНСАЙТ: акцёры не мяркуюць гендарнымі стэрыятыпамі

ПРАКТЫКАВАННЕ (гэта практыкаванне хутчэй на асабістую цікавасць кожнага, з зорачкай, так мовіць): вылучыце для сябе «мужчынскія» і «жаночыя» прафесіі. Падумайце над гармоніяй паміж мужчынскім і жаночым пачаткам, затым яшчэ раз пераглядзіце «мужчынскія» і «жаночыя» прафесіі. Паразважайце, чаму аднеслі адпаведную прафесію да адпаведнай «катэгорыі». 

Я шчыра прызнаюся: мой вынік паказаў, што я яшчэ мяркую-такі стэрыятыпамі.

 

ЗАКУЛІССЕ ЖЫЦЦЯ

На сцэне, у тэатры мы вас можам бачыць розным: сёння вы – франтавы сябра Сцяпан у спектаклі «Дзед», заўтра вы міласцівы і разважлівы Біскуп Ян з «Кар’еры доктара Рауса» альбо Чалавек у чорным са спектаклю «Партрэт». А які вы па-за тэатрам: як бавіце час, аднаўляеце сілы, што наведваеце?

(Усміхаецца і кажа)

Зараз будзе невялічкае адкрыццё, магчыма, для многіх.

У панядзелак і чацвер я хаджу ў трэнажорную залу, каб паспець да трэнера-рэабілітолага, які мне дапамагае зрабіць з маім целам усё, што мне хочацца, каб я мог сябе добра адчуваць, то бок прачынаюся а 6-й – і а 8-й я ўжо на бегавой дарожцы.

Тры гады таму, прачытаўшы кнігу «Путь художника», адкрыў для сябе асабісты спосаб ачышчэння мозгу, асабістага, так мовіць, псіхіятра – тры чыстыя лісты паперы, на якіх я пішу з самага ранку. Прачынаюся, саджуся за стол і тры лісты я проста пішу тое, што ў мяне ў галаве. Першы раз было вельмі цяжка: чакаў пакуль скончацца старонкі, а зараз ужо пішу-пішу і часам лаўлю сябе на тым, што трох старонак вельмі мала (усміхаецца). Гэта як своеасаблівая чыстка мозгу ад непатрэбнага смецця, якое збіраецца ў галаве. Я нават пачаў заўважаць: калі не атрымліваецца напісаць адзін дзень, другі, трэці – ужо хочацца ачысціцца. Нібыта асабістая мантра, якая мне дапамагае. (Усміхаецца)

Яшчэ я адвожу 15-10 хвілін для сябе, каб памедытаваць. Не стаўлюся да гэтага кшталту: «Ой, сёння не зрабіў, трэба абавязкова зрабіць!» Не, я магу прапусціць дзень ці два, але потым яно само па сабе адбываецца, і час знаходзіцца, таму што хочацца. Сядаеш у крэсла, зачыняеш вочы і проста сядзіш. Не абавязкова гэтыя закручаныя ногі (смяецца). Вось такая практыка медытацыі ў мяне яшчэ ёсць.

Практыкую таксама 20-хвілінныя прагулкі пешшу, калі я проста іду і ўзгадваю ўсё, што было на гэтым тыдні і за што хочацца і можна падзякаваць. Так званыя прагулкі-малітвы. Крыху шаманскім, напэўна, можа падацца на першы позірк, але нешта ў гэтым ёсць (усміхаецца). Яшчэ вельмі мне падабаюцца, праўда, не заўсёды атрымліваюцца, творчыя спатканні з самім сабой. Неяк напачатку было сарамліва: як гэта нешта рабіць аднаму? А потым я пачаў атрымліваць кайф ад гэтага. Гэта павінна быць нешта цікавае, тое, ад чаго ты атрымаеш задавальненне. Напрыклад, прыйсці ў кавярню, заказаць сабе капучына, пірожку – і сядзець так сам-насам. То бок ты, як быццам, сам сябе запрашаеш на спатканне. Проста выдзяляеш уласна для сябе час, калі ты нічым не займаешся. Мне цікавы творчыя спатканні за мяжой. Часам нават гэтыя паездкі за мяжу ператвараюцца ў адно вялікае творчае спатканне на тыдзень (смяецца) – і гэта самае цудоўнае.

ІНСАЙТЫ (так, тут іх адразу некалькі):

  • творчыя спатканні як магчымасць пабыць сам-насам
  • тры чыстыя лісты паперы – своеасаблівы працэс ачышчэння мозгу ад непатрэбнага смецця
  • прагулкі-малітвы
  • у Мікалая ёсць асабісты трэнер-рэабілітолаг (ой, я гэта ўсё ж услых напісала)

ПРАКТЫКАВАННЕ: думаю, вы зразумелі, так, што трэба рабіць? 🙂

Шчыра прызнаюся: творчыя спатканні праверыла на сабе – карысная і захапляльная рэч, але – парада – не злоўжывайце гэтым :); астатняе вельмі раю кожнаму ўключыць у свой рэжым жыцця 🙂

 

Што для вас шчасце і што вам патрэбна, каб адчуваць сябе шчаслівым?

Калі я пачаў займацца сваёй справай – гэта для мяне нейкі час было шчасце, і толькі. Зараз ёсць тры абавязковыя складнікі майго шчасця – гэта:

  • каханне, абавязкова ўзаемнае;
  • прафесія, якой я займаюся і якая прыносіць мне задавальненне;
  • здароўе.

І гэтыя тры пункты ўзаемазвязаныя. Калі няма здароўя, але ёсць тэатр і каханне – нешта не тое. Калі няма кахання, а ёсць толькі любімая справа – тады проста працуеш і ўсё, не столькі гэта прыносіць задавальненне, так як, на мой погляд, трошкі становішся фанатыкам, не вельмі цудоўна сябе адчуваеш, нават калі ёсць здароўе. А калі няма любімай справы – тэатра, здаецца, і каханне, і здароўе – усё цудоўна, і ты адчуваеш сябе шчаслівым, але ты не рэалізоўваеш сябе, энергія ўся накопліваецца, прастойваецца і, як вынік, пачынае цябе знутры, ўмоўна кажучы, знішчаць.

Вы можаце сказаць, што сёння вы шчаслівы чалавек?

Так, я шчаслівы. І зараз я задумаўся наконт сваіх трох пунктаў (усміхаецца). Нават калі адзін пункт на 100%, а астатнія два па 50% – гэта таксама шчасце для мяне. Бо, узгадваючы сябе нават год назад, разумею: я сёння нашмат шчаслівейшы (смяецца).

Наколькі лёгка вы заводзіце знаёмствы? Які шлях павінен прайсці чалавек, каб стаць вашым сябрам?

У мяне ў дзяцінстве ніколі не было сяброў. І нават, калі ўжо навучаўся ў Акадэміі, вельмі часта быў закрыты і рэдка калі адкрываўся на новыя знаёмствы. Але я разумею, што гэта звязана з маім выхаваннем, таму вельмі шмат даводзілася працаваць над тым, каб натуральна вучыцца быць адкрытым, больш камунікабельным.

Сёння так склалася, што камусьці я магу даверыць адно, а камусьці другое, але каб гэта спалучалася ў адным чалавеку, якому адкрыта магу даверыцца – наўрад ці. Я магу сказаць, што сяброўства, сапраўднае і шчырае, у маім жыцці зараз рэалізуецца ў іншым – у каханні. Я на сваім вопыце праходжу сёння тыя тры ступені, якія, як кажуць, сведчаць пра сапраўднае каханне. Першая ступень – гэта натуральна пылкасць, якая доўжыцца каля 3-х год, у каго як, канешне, можа, меней, можа, болей. Пасля прачынаецца жаданне шукаць лепшае, пачынаюцца сваркі. А праз 5-6 год ты пачынаеш разумець, што вы не проста людзі, якія кахаюць адзін аднаго, а вы ўжо перайшлі на стадыю “сяброўства”, вы сябруеце і давяраеце адзін аднаму тое, чаго большасці не даверыце. Менавіта пасля сяброўства прыходзіць разуменне таго, што ёсць каханне. І калі вы разам праходзіце ўсе гэтыя «ступені», тады гэта можна назваць сапраўдным каханнем.

І калі нехта ў адносінах пайшоў наперад, а другі застаўся стаяць на месцы – першаму становіцца нецікава і ён проста сыходзіць. І якім бы неверагодным не было каханне, яно ўсё роўна згасне. А калі абодва рухаюцца наперад, разам праходзяць не толькі ступені кахання, але жыцця, і пры гэтым працягваюць рухацца далей – адносіны мацнеюць, каханне мацнее. Таму пра сябе і пра свой вопыт я магу сказаць, што маё сяброўства зараз – у маім каханні.

ІНСАЙТ: пакахай, каб знайсці сабе сябра

ПРАКТЫКАВАННЕ: вылучыце свае складнікі шчасця. Адкажыце на пытанні: чаго вам на сёння не хапае для шчасця? Як і што вы можаце змяніць, каб пачуваць сябе шчаслівым?

Апішыце сябе адным сказам.

Я часам, калі ў мяне дрэнны настрой, альбо каб своеасабліва абудзіцца і зразумець, што ўсё нашмат прасцей ў гэтым свеце, альбо натуральна каб настрой сабе падняць – прагаворваю пра сябе наступнае:

Падымі ўгору сваё вока,
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Усе трывогі зямнога жыцця.
Ціха тучу блакіт закалыша,
У душы адрасце пара крыл, –
Узляціць яна ў сінію вышу
І ў струях яе змые свой пыл.
Там не трэба ні шчасця, ні ласкі,
Там няма ні нуды, ні клапот,
Ты – царэвіч цудоўнае казкі,
Гэта хмара – дыван-самалёт!

(усміхаецца, працягвае гаварыць)

Неяк такім своеасаблівым чынам абуджаю сябе, настройваю на пазітыўна-канструктыўнае гэтым вершам Максіма Багдановіча. Гэта мой гімн на сёння.

АСАБІСТЫЯ ІНСАЙТЫ па-за інтэрв’ю: 

  • Знешнасць падманвае, адчуванні — не;
  • Хочаш развеяць свае стэрыятыпы – пагутары з Мікалаем;
  • Чалавек можа сам сябе ўратаваць;
  • Шлях пошуку сябе часам пачынаецца з фразы «пайду вазьму інтэрв’ю ў Міколкі».

 

P.S. Шчыра дзякую Мікалаю за цэласнасць, шматлікасць інсайтаў, інтэрв’ю-трэнінг і годную ежу для асабістых разважанняў.

Курс рэабілітацыі прайшла паспяхова. А вы? 🙂

 

З цеплынёй і павагай, Жанна.