Пасля водгуку на «Сіндром Медэі» мая тэкста-слоўная сутнасць з нейкай большай сілай адчула сваю жаноцкасць і пажадала працягнуць тэму жаночага: часам рахманага і пакорлівага, часам настойлівага і рашучага, часам шчырага і пяшчотнага, часам маўклівага, а часам гаманкога, але заўсёды адкрытага і сапраўднага.

Да каго яшчэ можна было звярнуцца з самай патаемнай тэматыкай, калі не ўласна да жанчыны. Я нават не буду сёння называць яе актрысай, таму што для мяне яна ў першую чаргу ўвасабленне жаноцкасці, якая дазваляе адысці ад усялякіх умоўнасцяў і правіл. Таму сёння вы не даведаецеся пра дзяцінства і юнацтва, любімыя кнігі ці музыку, сёння нават пытанняў не будзе. Я адыходжу нібыта ў бок для таго, каб адкрыць вам тое сакральнае, вельмі асабістае і шчырае, што адкрылася мне. Сёння – толькі яе сапраўднае стаўленне да ідэалаў, шлюбу, дзяцей, толькі яе сапраўдныя меркаванні і асабістыя адкрыцці, толькі #сапраўдныяэмоцыі Ганны АНІСЕНКА.      

 

Асабісты капітал жанчыны

На жаль, ці наадварот, на радасць, у нас такі соцыум зараз, час такі, што трэба варушыць ластамі, літэральна, каб жыць, есці, а ўжо аб развіцці душы, мозгу, інтылекту наогул маўчу. Так заўсёды было. І пакаленне маіх бацькоў, якое будавала сацыялізм, камунізм усёй краінай, заўсёды лічыла, што галоўнае – атрымаць вышэйшую адукацыю, бо гэта гарант працоўнага месца, сацыяльнага пакету, таму, напэўна, і сёння тое ж пакаленне працягвае пра гэта казаць. А жыццё змянілася (усміхаецца). Не, я не супраць вышэйшай адукацыі, іншая справа, што я, маючы дзве вышэйшыя адукацыі, разумею, што гэта павінна быць асэнсавана.

З аднаго боку – у 18-20 год не заўсёды магчыма зразумець, чаго я хачу, да чаго імкнуся, куды іду, з іншага – варта, лічу, паспрабаваць хаця б у гэтым узросце не быць марыянеткай тых жа бацькоў, грамадства, нейкі свой шлях пракладаць. Вельмі задаволена тым, што я, атрымліваючы адукацыю, не адразу маючы сваё жыллё – гэта таксама асобны шлях – не чакала нейкіх «добрых» умоў.  

Паняцце «добрага» таксама ў кожнага сваё. Нармальныя людзі як робяць?  Спачатку грошы, жыллё, а потым ужо дзеці. (Смяецца.) Але, сапраўды, сёння я вельмі рада таму, што ўсё ішло, як ішло, што я не чакала нічога, што зараз ёсць у мяне мае дзеці. І зараз я магу шчыра сказаць: я шчаслівая ад таго, што большасць маіх дзяцей паспела з’явіцца, пакуль я была здаровая і магла гэта рабіць, а магло б быць па-усякаму. І жыццё складаецца так, што мяняцца можа ўсё: сёння праца ёсць – заўтра яе няма, здавалася, што ёсць нейкая справа ўсяго жыцця, прафесія, а потым «ап» – і ты застаешся за бортам, а дзеці – дзве дачкі і сыночак… (маўчыць, усміхаецца) Яны ёсць, і яны заўсёды са мной. Жанчына, на мой погляд, можа рабіць усё: будаваць кар’еру, развівацца, адкрываць новы свет, нейкую жыццёвую філасофію зменьваць – але дзеці, атрымліваецца, нібы галоўны набытак жыцця, галоўны капітал, я б сказала (усміхаецца). Таму што, усё, што ты ўкладаеш у іх – усё вяртаецца. Банальна, магчыма, гучыць: «Усё, што ты ў іх укладаеш, усё яны табе аддадуць». Не павінны яны нічога аддаваць, але тваім багаццем робіцца тое, што ты ўкладаеш у іх, чаму  ты іх навучаеш.

 

Асэнсаванае мацярынства як спазнаванне сябе

Дзеці прыходзяць да нас рознымі шляхамі. Калі я вырашыла ўзяць хлопчыка з Дому дзіцяці, у маім жыцці была (11-12 год таму) анкалогія, пасля чаго мне забаранілі выношваць дзяцей, таму што цяжарнасць магла справакаваць рэцыдыў. Каб жыць, каб расціць дзяцей, я павінна была сябе ахоўваць. Хоць і была мара ў дзяцінстве пра трох сыноў (смяецца).

Усё невыпадкова, і аднойчы сустрэлася ў маім жыцці жанчына. Ёсць такія жанчыны, лёс якіх, хоць мы ўсе і індывідуальныя, чымсьці падобны да твайго. У нас, напрыклад, падабенства ў тым праяўляецца, што абедзве не шукаем лёгкіх шляхоў. Я даведалася, што ў яе на той час было двое-трое дзяцей – родныя і дзяўчынка, якую яна ўзяла ў сям’ю, а потым і ў нас так атрымалася, што ў мяне з’явіўся сын, у яе з’явіліся яшчэ свае дзеці, а потым яна яшчэ ўзяла дзіця – вось такія мы жанчыны (усміхаецца).

Менавіта гэтае знаёмства і прывяло мяне да думкі, што дзіцятка можна ўзяць. Думка з’явілася, пачаліся незалежныя ад мяне нейкія працэсы ў галаве, ці не ў галаве (усміхаецца). Як кажуць, заказ у нябесную канцылярую паступіў – і ўсё неяк само пачало складвацца.

Маё апошняе дзіця – Дзіма, якога я ўзяла ў сям’ю – гэта маё, так мовіць, асэнсаванае мацярынства. Сапраўды. Да таго ж хлопчык. Хлопчык – гэта ж не дзяўчынка. Гэта зусім іншая справа. І нягледзячы на тое, што не зусім проста складваецца жыццё (смяецца), але я ўвесь час думаю: што і як я павінна сказаць, каб сын зразумеў нешта на сваім узроўні зараз і потым, калі ён вырасце, у яго склаліся пазлы, агульнае разуменне маіх слоў. Аб чым я павінна казаць, аб чым я павінна маўчаць, што я павінна рабіць, як я павінна гэта рабіць, як я павінна сябе паводзіць, каб рос усё ж мужчына. І зараз ідзе такі працэс, калі вучуся і я таксама. Ёсць рэчы, якія я ніколі не рабіла, магчыма, таму што дзяўчынкі былі (усміхаецца). Дзяўчынкі, яны побач, а я выступала як прыклад – так і гадаваліся, так і раслі. А вось хлопцу, на яго мужчынскі мозг, трэба растлумачыць, што, чаму і да чаго, каб у яго гэта засталося і каб нейкія мадэлі паводзін ужо ўкладаліся ў яго жыццё, каб гэта было нормай. Вельмі смешна было, у 5 год я ўжо прывучыла сына, калі мы выходзім з аўтобусу, тралейбусу, каб ён выходзіў першым і абавязкова падаваў мне руку (смяецца). Калі я іду з крамы, тэлефаную ў дамафон, ён абавязкова спускаецца ўніз, бярэ ў мяне сумкі з прадуктамі і дапамагае, бо, сапраўды, мне нельга насіць цяжкае. І я бачу сёння, што ён аб гэтым не задумваецца, гэта ідзе як належнае. Трэба было яму паказаць, расказаць, навучыць – і зараз гэта для яго норма жыцця, якая і далей будзе з ім. Так, магчыма, дробязь, не галоўныя прыклады, але, лічу, менавіта з дробязяў і варта пачынаць. І так ужо ўвесь час: калі дзеці пакрыху пачынаюць быць самастойнымі, пачынаюць сталець, галоўная задача маці – біць сябе па руках (б’е сябе па руках і смяецца) у прамым і пераносным сэнсе. Так як, мяркую, важна навучыць дзяцей быць самастойнымі, навучыць быць адказнымі за сябе і за сваё жыццё. Таму ўвесь час таксама думаю: што я не павінна рабіць, што ён можа зрабіць ужо сам. Так, увесь час б’ю сябе па руках, думаю: вось гэта мабыць прасцей і хутчэй было б зрабіць самой, але не, не – стрымліваю сябе. Дзецям варта навучыцца рабіць свае ўласныя памылкі і не баяцца гэтага, каб далей знайсці свой неякі шлях. Я таксама вельмі рада, калі бачу, што мае дзеці спакойна робяць памылкі, калі ў іх няма гэтага савецкага страху: «Я зрабіла нешта не тое, не так, мне паставяць двойку, скажуць, што я дрэнная дзяўчынка» – ёсць такі рэфлекс у савецкіх дзяцей, у піянераў.

Гэта ў мяне такія адкрыцці (усміхаецца) ў асэнсаваным мацярынстве. Але я не заўсёды была такой (смяецца).

Не быць ідэальнай, а быць сапраўднай

Прыйшоў зараз такі час, калі я развіталася са словам «ідэальны». Ідэал – гэта нешта суб’ектыўнае, кожны з нас сабе нешта такое прыдумвае і потым падцягвае пад гэты «ідэал», а ты ж не заўсёды застаешся тым жа, змяняешся – і тады, канешне, не прымушаюць сябе чакаць  расчараванні, вялікія і маленькія ўнутраныя трагедыі, таму – «сапраўдная», можа быць, так, але не «ідэальная». І для мяне асабіста сапраўдная жанчына, думаю, можа і не быць маці, калі яна выбірае такі шлях. Усяк бывае, па-рознаму, яна можа і не адбыцца як маці. Я ў захапленні заўсёды ад жанчын, якія аднойчы выходзяць замуж і ўсё сваё жыццё пабач з адным чалавекам, калі гэта сапраўдныя адносіны, а не шырма з усмешкай. «Сапраўдная» жанчына для мяне – гэта і прафесіянал сваёй справы, і чалавек, які ўсё жыццё вяжа шкарпэткі і прыбірае дом, глядзіць гаспадарку – гэта таксама ўсё можа быць: жанчына знаходзіць сябе ў самых розных праявах, але, мне здаецца, для жанчыны галоўнае – быць шчырай самой з сабой. Не ствараць для сябе нейкі ідэал, да якога сама ж і цягнешся, пад які сябе ўвесь час падганяеш, ўціскаеш у нейкія межы. Якая розніца, дзе, сярод каго і чаго знаходзіцца жанчына (ды і чалавек наогул), калі ёй утульна, цёпла, камфортна ў першую чаргу з самой сабой.

Вопыт – набытак, якім варта дзяліцца

Часам у мяне ўзнікае думка аб тым, што хочацца дзяліцца сваім вопытам, мацярынскім, жаночым. Я неяк нават марыла пра радыёперадачу ў выглядзе своеасаблівага дыялогу з жанчынамі. Думала пра майстар-класы таксама. Так, майстар-класы я праводзіла, але больш па прафесіі. Для мяне заўсёды важна было, нават у прафесіі: калі ты ўмееш добра працаваць, ты павінен вучыцца добра захоўваць сябе, ахоўваць сваю энергію, расціць сваю энергетыку, знаходзіць рэсурсы. Заўсёды падчас прафесійных трэнінгаў я займалася больш «аховай працы» (усміхаецца). Мне было гэта заўсёды цікава, каб людзі штосьці пра сябе разумелі. Таму, канешне, калі я як жанчына пачынала штосьці ў сабе разумець, глядзець на іншых жанчын і бачыць падобныя сітуацыі, якія я ўжо перажыла, сітуацыі, якія раней здаваліся і ўспрымаліся як «безвыходныя» – з’явілася жаданне падзяліцца вопытам, дапамагчы.

Не так даўно таксама ўзнікла думка (каб ведала толькі, куды стукацца, у якія дзверы), але, значыць, ёсць дзесьці і адказ: такія няпростыя адносіны часам у сем’ях бываюць, якія называюць «эмацыйным насіллем у сям’і». У мяне і такі вопыт ёсць. І я ведаю, што ёсць у нас сацыяльныя прытулкі для жанчын, куды можна звярнуцца. Так, у мяне было нейкае такое ўнутранае памкненне, калі аднойчы проста хацела патэлефанаваць, прапанаваць сваю дапамогу. Так, я хацела б прыйсці да маладых жанчын, якія ў такім складаным эмацыйным становішчы, і, як сабе маладой, сказаць: «Ты гэта здолееш, дай сабе час», проста пабыць, проста пагаварыць пра жыццё, каб неяк падтрымаць. Але ў нас валанцёрства зараз стала нейкім такім модным, і, як усё моднае, яно выварочваецца, успрымаецца часам агрэсіўна, жорстка, што, безумоўна, не заўсёды прыемна і не заўсёды падабаецца. І вось зараз думаю аб тым, каб не стаць чалавекам, якога ўспрымуць менавіта так, павярхоўна, як прыхільніка модных тэндэнцый. Мабыць, я не гатова зараз тэлефанаваць, кудысьці хадзіць і траціць шмат часу, каб трапіць туды, дзе не чакаюць. Мабыць, так. Адказ ёсць (усміхаецца), напэўна, трэба крыху пачакаць і нешта прыйдзе. Шмат вакол мяне жанчын, у якіх па некалькі дзяцей, няпростыя жыццёвыя сітуацыі, шляхі і, мне здаецца, аб гэтым можна было б размаўляць, але я пакуль не ведаю, як гэта зрабіць: я ўсё ж не мэнеджар (смяецца). Вось у гэтым, мабыць, пакуль справа і пытанне (усміхаецца).

 

«Ніхто не зможа цябе падмануць, калі ты шчыры сам з сабой»

Сёння гляджу на наш «інстытут шлюбу» заштампаваны і думаю: «Кудысьці ён пахіснуўся». Так, я сама тройчы была замужам, але зараз разумею, што не гэта важна. Зусім няважна. Я ніколі не буду патрабаваць (гэта я сёння так разважаю, можа, штосьці яшчэ зменіцца, не ведаю) ад сваіх дзяцей абавязковага нейкага штампу: жаніся, выходзь замуж, дзеці толькі пасля штампу ў пашпарце. Не, галоўнае, каб была шчырасць у адносінах. І гэта зараз не банальныя словы, я не ведаю, як сказаць на чалавечай мове (усміхаецца), але галоўнае, каб былі сапраўдныя (падкрэсліваю гэта слова) адносіны, каб было камфортна яму, ёй і калі ёсць дзеці і калі іх няма, а ў якой ужо гэта будзе форме – не мае сэнсу. Мяркую, важна не падманваць у першую чаргу сябе: калі ты будзе сама з сабой шчырай, ніхто не зможа цябе падмануць.

Не, я не феміністка, я вельмі паважаю мужчын. Я прытрымліваюся таго меркавання, што мужчыне і жанчыне значна лепей, калі яны побач, бо гэта адно цэлае, створанае Богам, дзве палавінкі. Але жанчына – гэта душа ў пары, у сям’і менавіта яна адказвае за духоўны рост, таму, мабыць, у першую чаргу жанчына павінна вучыцца быць шчырай, павінна вучыцца быць самой сабой і тады тыя, хто побач з ёй, таксама будуць сябе так паводзіць.

Гэта я зараз такая, я такой не была раней (смяецца). Я праходзіла праз урокі жыццёвыя, вучылася, часам не разумела, чаму вучыцца, наступала на граблі і рабіла шмат памылак, і па некалькі разоў (усміхаецца), але сёння я не шкадую аб гэтым.

Стан ціхага захаплення

У мяне зараз такі дзіўны перыяд, і ў прафесіі, і ў жыцці, я ў нейкім такім ціхім захапленні, дзесьці там, у глыбіні. Цудоўны дар – вопыт. Гэта так цудоўна, калі ты ўжо ўмееш, маеш, разумееш і можаш зрабіць. І нават калі ты штосьці менавіта сёння робіш упершыню – ведаеш, што ты абавязкова зробіш гэта, таму што ты шмат чаго можаш, ведаеш і  – галоўнае – усё складзецца, не трэба метусіцца, панікаваць, усё адбудзецца. Мне так падабаецца гэта становішча! У працы асабліва, калі разумееш: «А вось тут не трэба спяшацца, усё прыйдзе». Гэта ідэальныя акцёры ўсё адразу робяць ідэальна – а гэта што? Гэта не наш шлях (смяецца).

Сёння я жыву пад дэвізам вельмі мудрых слоў Скарлет: «Я падумаю аб гэтым заўтра». Так, я ведаю, што раніцай альбо праз тыдзень-два прыйдзе да мяне адказ: у мяне ёсць пытанне, яно ўзнікла – гэта натуральна, не трэба метусіцца, хвалявацца, ёсць пытанне – значыць, прыйдзе адказ. Пытанні ўзнікаюць таму, што ёсць адказ (усміхаецца). Вось такі цудоўны перыяд у мяне зараз.

P.S. Напрыканцы хочацца толькі дзякаваць. За словы і высновы, адкрыцці і парады, сапраўднасць, мудрасць, жаноцкасць і своечасовасць нашага знаёмства. Шчыра дзякую, Ганна Анісенка. (Слёзы як каталізатар стаўлення ўжо на вачах).

А чытачам усё ж параю не смуткаваць: у наступнай частцы матэрыялу пра Ганну Анісенка вы абавязкова даведаецеся, чаму маленькая Гануля была падаруначным Шцірліцам, якім відам «рэлігійнага» ўшанавання займалася ў дзяцінстве, як менавіта падманула сваіх дзяцей і яшчэ шмат загадкавага і цікавага з жыцця Ганны, як заўсёды, у суправаджэнні #сапраўдныхэмоцый =)

З цеплынёй і павагай, Жанна