Даведаўшыся пра асноўныя катэгорыі жыцця жанчыны, паводле Ганны Анісенка, працягваем пісаць гісторыю яе #сапраўдныхэмоцый далей.

І як кожная гісторыя, наша таксама мае свае пытанні і таямніцы, раскрываць якія пачнем з пачатку.

Сёння я таксама паспрабую быць толькі правадніком паміж вамі і ўнутраным сусветам Ганны, таму поспехаў нам на шляху сумеснай гісторыі! =)

«Хлопчык з лебедзем» як частка дзіцячага «я»

Маё дзяцінства – гэта Купалаўскі тэатр, дзе працавалі мае бацькі. Стары Купалаўскі тэатр (са шкадаваннем)… Таму, калі яго перабудавалі, аднавілі, для мяне гэта стала своеасаблівай дзіцячай стратай. Упершыню я адчула, што нейкая частка майго дзіцячага «я» сыходзіць, калі ў скверы замянілі скульптуру «Хлопчык з лебедзем». Пасля паставілі новага «хлопчыка», але я ўсё роўна разумела, што гэта не той, не мой «Хлопчык з лебедзем», іншы.

Памятаю службовы ўваход, пахі грымёрнага цэху, дзе рабіліся парыкі, вусы. Пах клею, грыму – гэта пах менавіта майго дзяцінства. Грымёрны цэх падаваўся мне тады такім велізарным, агромністым проста, памерам са сцэну. А потым, ужо калі пасталела крыху, неяк прыйшла да мамы ў тэатр, зайшла ў грымёрны цэх – такі невялічкі пакойчык, ну зусім маленькі (смяецца). Дзіўна. Яшчэ адзін чароўны пакой майго «купалаўскага» дзяцінства – касцюмерны цэх, вось ён вялізны, канешне, і рэквізітарскі цэх, і сцэна (з таямнічасцю ў голасе), нават не сцэна, а кулісы: я там тырчала ўвесь час (усміхаецца).

Смак дзіцячых успамінаў – у кветкавым фецішызме

Асаблівыя ўспаміны і асаблівыя ўражанні дзяцінства звязаны з летнімі гастролямі тэатра (з захапленнем). На месяц ці на два ад’язджалі ва Украіну: Кіеў, Львоў, Адэсса. І кожны раз, памятаю, выносілі вялікі ўкраінскі каравай, які акцёры дзялілі між сабой, а мне часцей за ўсё даставалася самая сярэдзіна: вялікі бісквіт з крэмавай ружачкай (з захапленнем). І нейкую незвычайную каштоўнасць гэты бісквіт з ружачкай для мяне мелі. Тыдзень-два я не ела гэтую ружачку, яна ляжала ў нумары гасцініцы, я не чапала яе, захоўвала як памяць (смяецца). Потым, калі разумела, што можна згрысці, – грызці гэта было ўжо немагчыма. Вось такі своеасаблівы феціш, фецішысткай я была ў дзяцінстве, адным словам (смяецца).

Гадоў пяць.
 

Ціхенькая, сарамлівая дзяўчынка – Ганна Анісенка?

Мне чамусьці здавалася, што ў дзяцінстве я была вельмі простай, вельмі ціхай і непрыкметнай дзяўчынкай. Гэта мне так здавалася (усміхаецца). У кожнага з бацькоў, напрыклад, быў свой вобраз мяне. Зараз я разумею, што ў гэты вобраз я ніяк не трапляла: вельмі часта ж ужо мной былі не задаволены. Значыцца – раблю вынік – я была не вельмі ціхая, не вельмі простая, не вельмі паслухмяная дзяўчынка. (Смяецца). 

Памятаю, у дзіцячым садку была ў мяне выхавацелька вельмі прыгожая. Здавалася мне тады, што яна нейкая незямная проста: вочы блакітныя, валасы незвычайныя і гаворыць яна неяк дзіўна. Зараз я ўжо разумею, што яна самая звычайная была, проста маладзенькая (смяецца), але тады…тады выхавацелька для мяне была нейкай чароўнай прыгажуняй. І яна, памятаю, усё мне казала: «Вось, Ганулька, вырасцеш – будзем мы глядзець на цябе па тэлебачанню і казаць: «Ой, гэта наша Ганулька».

А не так даўно, літэральна пасля таго, як выйшла рэклама са мной, мае сябры дзяцінства, настаўніцы тэлефанавалі са словамі: «Прывітанне! Як справы? Мы цябе бачылі па тэлебачанню». І тут я ўзгадала гэтыя словы выхавацелькі, узгадала дзяцінства і падумала: «вырасла, атрымліваецца» (усміхаецца). Але, каб сказаць, што я ў дзяцінстве марыла быць нейкай зоркай – не, зусім і думкі пра гэта не было. І дзіўна крыху, смешна зараз тое, што мяне заўсёды ўспрымалі (ды і зараз успрымаюць) як вельмі шумнае, вельмі вясёлае дзіця, з гумарам, якое ўвесь час штосьці вытварае (усміхаецца), у той час, калі мне здавалася, што ў дзяцінстве я была вельмі ціхенькай, сарамлівай дзяўчынкай (смяецца).

9 год. Чорнае мора…

«Ка-ста-лом»

У дзяцінсве я ўвесь час жыла ў нейкім сваім фантазійным свеце, нешта сабе прыдумвала. Напэўна, таму была не заўсёды добрым паслухмяным дзіцёнкам, таму што калі штосьці было мне нецікава, ці неяк дзесьці было мне не камфортна, – адразу збягала ў свой свет. Вось так у дзяцінстве і жыла ў сваім цуда-космасе (усміхаецца).

Вельмі тады мне хацелася быць дзіцячым урачом, дзіцячым кастаправам (смяецца). Не ведаю, чаму, але дакладна хацела быць дзіцячым кастаправам, і называла я гэта «ка-ста-лом». Чамусьці для мяне гэта было вельмі важна.

А разынкай майго дзяцінства былі дзіцячыя закаханасці (смяецца). Таму аднойчы нават нам з маім хлопчыкам у дзіцячым садку ладзілі вяселле ўсёй групай, разам з выхавацелькай і нянечкай, у мяне нават фата была, амаль сапраўдная, з фіранак (сурезна кажа). А потым прыйшоў іншы хлопчык у наш садок (узнёсла) – новыя захапленні пачаліся (смяецца). 

4-5 гадоў. Астрашыцкі дом адпачынку

Падаруначны Шцірлец

Я часта заставалася дома адна. Кватэра ў нас была старая, шмат усялякіх шафаў, антрэсоляў. Я вельмі любіла (паўшэптам з ноткамі авантуры ў голасе) знаходзіць падарункі, якія схавалі для мяне да нейкага свята (смяецца). Я вельмі любіла шукаць – Шцірлец такі – і знаходзіць. Не тое, што мне было цікава, што там схавана, не, а вось менавіта знаходзіць (з азартам у голасе), смакаваць сам працэс. Нават, калі знаходзіла, захаплення асаблівага не было: «Знайшла – пункт выкананы, паехалі далей» (смяецца).

Аднойчы вельмі мяне ўразіў пісталет з пістонамі (смяецца). Вельмі вабіў ён мяне. Не лялькі: лялек было шмат, але вось пісталет з пістонамі (з варожасцю і захапленнем)… Ён так страляў, і пах гэтых пістонаў – м-м-м, цуд проста! А калі прыходзілі госці, я абавязкова выходзіла з гэтым пісталетам і пачынала пуляць (смяецца), а ён яшчэ так гучна гэта рабіў, што асаблівае задавальненне выклікала. Мне падабалася, вельмі (з асалодай).

Калі казаць пра падарункі жыцця, так мовіць, то такой для мяне стала пласцінка «Аліса ў краіне цудаў»

Памятаю, гэта быў Новы год, я іду да елкі, каля яе вялікая гара падарункаў, бачу, штосьці там ёсць і для мяне. Гэта падалося мне нейкім часопісам, дарослым, модным чамусьці (усміхаецца), але гэта быў не часопіс (усміхаецца), гэта была менавіта пласцінка «Аліса ў краіне цудаў», якую я потым слухала, пераслухоўвала, ведала на памяць. Дзіўна, можа, але ўсё мне там тады было зразумела. Хоць гэта аўдыёкніга была, і казка не дзіцячая (ды і наогул, лічу, любая казка больш для дарослых), але мне ўсё было па-свойму зразумела. Гэта неяк вельмі гарманічна сутыкалася з маім асабістым космасам, асабістым светам, у якім я жыла, і мне ўсё было натуральным. Гэта такі ў нечым сакральны для мяне падарунак, таму што асаблівых эмоцый у дзяцінстве ён не выклікаў. Захаплення, што мне падарылі пласцінку, не было, але гэты чароўны свет казкі, які так натуральна наклаўся на мой асабісты – гэта, канешне, надае выключнае і значнае месца падарунку ў маім жыцці.

 

9 клас — старэйшы падчасак Анісенка — група часавых ля Вечнага агню

Жорсткасць падману хаваецца ў музыцы

Як кажа мая старэйшая дачка, я іх жорстка падманула (смяецца). Увесь час мае дзеці думалі, што я спяваю ім калыханкі, а потым аказалася, што гэта ранні Грэбеншчыкоў, Акуджава, Жанна Бічэўская, беларускі фальклор. Проста так спявала, спявала, дзеці думалі, што гэта ўсё адна калыханка, а там ужо што толькі заўгодна (смяецца). Наогул так атрымалася, што ў маім жыцці з часу пласцінак – шмат музыкі, таму гэта вельмі значная частка мяне самой, майго светаадчування, настрою, эмоцый.

Так, музыка са мной усё жыццё, і самая розная. І класіка, і фолк, і рок. Іншым часам якая-небудзь  папса так заходзіць (смяецца)!  І, канешне, пад кожную музыку шмат асацыяцый – з людзьмі, месцамі, часам.

Напрыклад, сталі па радыё зноў «круціць» Ламбаду. Адзін устойлівы успамін з гэтай кампазіцыяй звязаны: менавіта пад Ламбаду я карміла сваю наванароджаную старэйшую дачку. Калі мы жылі ў маленькім пакойчыку. Як зараз памятаю гэта: мы з мужам, дзіця у ложачку і вялізная трохстворкавая шафа. Магія музыкі і ўспамінаў.

“Понцій Пілат” — Прокула

Новая роля – новы перыяд у жыцці

Жыццё навучыла мяне таму, што калі трапляеш «у рукі рэжысёра» – няважна, малады ён, ці майстар, які разумее, што хоча, ці сам у пошуку – трэба стаць на нейкі час пластылінам. І няхай ён лепіць тое, што яму трэба. Адны загружаюць цябе думкамі, другія правакуюць на эмоцыі і рухі, хтосьці выляпляе нейкую карцінку нават з інтанацыямі. Няхай, гэта можа існаваць. Галоўнае тут, на маю думку, не перашкаджаць, даць магчымасць рэжысёру зрабіць тое, што ён намагаецца – гэта яго працэс. А потым ужо, апынуўшыся ў нейкіх фізічных і псіхалагічных умовах, маё цела, мая псіхафізіка пачынае сваё жыццё. Гэта вельмі займальна (усміхаецца)! Ува мне пачынае жыць хтосьці іншы. І часам гэта жыве наогул асобна ад мяне. Напрыклад, я ўваходжу ў спектакль, які граю шмат гадоў, і раптам бачу, што сёння на сцэне жылі рукі майго новага персанажа. Падобна на шызафрэнію? Але гэта вельмі цікава (усміхаецца). Бывае праходзіць шмат часу – і раптам ты пачынаеш вельмі арганічна існаваць у тым свеце, у той сітуацыі, куды цябе паглыбіў майстар. І тады думаеш: «Во як! Які ж таленавіты рэжысёр! Як ён прастроіў усё да міліметра! » І гэта, безумоўна, выклікае захапленне.

Так складаецца, што роля ў тэатры чамусці абавязкова супадае з нейкім перыядам у маім жыцці. Спачатку я здзіўлялася, а зараз, калі атрымліваю ролю, ужо разумею: гэта новая тэма ў жыцці. Апошняя – роля ў «Кар’еры доктара Рауса» – нечаканы такі паварот для мяне. Пакуль працую над роллю, спрабую расшыфраваць гэты жыццёвы рэбус (усміхаецца).

“Кароль Лір” — Ганэрылья

“Макбет” — Вядзьмарка

Магія месцаў

У тэатры ёсць два месцы, дзе я знаходжуся. Адно – грымёрка і мой грыміравальны стол. Гэта ўсе ж частка таямніцы пераўвасаблення, і я лічу гэта маёй асабістай прасторай. Таму вельмі не люблю, калі хтосьці нешта пакідае на маім стале, ці бачна, як бяруць мае рэчы. Няхай гэта будзе маім «пункцікам», але лічу, што маю на гэта права. Грыміравальны стол – адзінае месца у тэатры, дзе акцёр мае права належыць толькі самому сабе. 

Другое месца – сцэна і глядацкая зала. Не проста сцэна, а калі на ей разам са мной дзейнічаюць мае партнёры. Мы трапляем у адну гісторыю, адзінае энергетычнае поле, калі хочаце, – і ствараем нейкую магію. Неверагоднае адчуванне. А калі банальна, то называецца гэта ўзаемадзеяннем партнёраў на сцэне (смяецца).

Яшчэ адзін акт магіі для мяне ў магічным месцы – гэта час, калі ў зале знаходзіцца глядач (з захапленнем). Ён дыхае, хлюпае носам, уздыхае, смяецца, хіхікае альбо рагоча; хістаецца на стуле, ці гаворыць па мабільным тэлефоне, ці слёзы выцірае. Вельмі кранальна (і смешна адначасова) – гэта калі кожны ціхенька выцірае слёзы, каб суседзі не бачылі. А мы са сцэны бачым, як 20-30 чалавек прыкладаюць насоўкі да вачэй. Бывае і так (усміхаецца).

“П’емонцкі звер” — Сястра Марыя

“Макбет” — Вядзьмарка

 

Усё выдатнае крыху сумнае?

Думаю, паняцці выдатнага і прыгожага заўсёды суб’ектыўны.

Не можа адзін твор мастацтва падабацца абсалютна ўсім: мы ж не робаты і не клоны. Таму хтосьці мае права быць абыякавым. Гэта нармальна.

Прыгожае ці выдатнае для мяне – людзі, калі яны сціплыя. Дзеці – гэта безумоўна. Прырода – багацце, дадзенае нам Богам. Неба. Вада. Дрэвы, якія ў розны час такія ж розныя. Для мяне гэта ўсё – своеасаблівыя месцы назапашвання і аднаўлення сіл, калі я яднаюся з прыродай. Вандроўкі, успаміны пра іх – заўсёды такія цудоўныя карціны застаюцца ў памяці.

А ячшэ (ціха, пяшчота, паўшэптам) бываюць адносіны між людзьмі…як музыка…гэта нешта неверагодна-касмічнае. І гэта таксама – прыгожае і выдатнае. Ці можа ж усё гэта быць сумным?.. (усміхаецца)

Клоун на сцэне. Эксперымент ці новы напрамак))

Казкі… Па-за межамі тэатра… Муха))

Трэці званок. Зараз буду прыгожай дамай.
Белы анёл з чорнымі крыламі

P.S. Ну, што ж, падарожжа па гістарычным #сапраўнымэмоцыям Ганны Анісенка скончана. Дзякуй, што былі разам з намі =)

Таксі новых гісторый ужо чакае на прыпынку РТБД: хто з намі – сядайце хутчэй. На наступным тыдні забярэм спазніўшыхся.

 

З цеплынёй і павагай, Жанна