Гісторыя
Рэспубліканскага тэатра
беларускай драматургіі

Паводле пастановы Савета Міністраў Беларускай СССР, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі быў створаны ў снежні 1990 года і пэўны час існаваў як структурнае падраздзяленне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. Яму быў нададзены статус творчай лабараторыі і канцэпцыя новага сцэнічнага калектыву была акрэслена дакладна: падтрымка нацыянальнай драматургіі, адкрыццё новых імёнаў беларускіх аўтараў. Тэатр узначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Мазынскі. Трупа была сфарміраваная з ягоных вучняў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстутута. Першая прэм’ера адбылася 1 лютага 1992 года. П’есу “Ку-ку” Міколы Арахоўскага ўвасобіў рэжысёр Андрэй Гузій.

 Неўзабаве сцэнічны калектыў набыў самастойнасць, пераехаў ва ўласнае памяшканне на Крапоткіна, 44, дзе цяпер і знаходзіцца Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Дзеля таго, каб маладыя драматургі на справе спасцігалі законы тэатра з імі праводзілася скрупулёзная праца. Абавязковай была прысутнасць аўтара пры чытцы п’есы акцёрамі, удзел у рэпетыцыях. Цягам першага дзесяцігоддзя ў рэпертуары з’явіліся спектаклі па творах Міколы Арахоўскага, Уладзіміра Савуліча, Ігара Сідарука, Максіма Клімковіча, Міраслава Адамчыкава, Раісы Баравіковай, Алены Паповай, Сяргея Кавалёва, і іншых.

 Акцэнт быў зроблены на спектаклях метафарычнага і абсурдысцкага накірунку. Тэатр браў актыўны ўдзел у фестывалях. Са спектаклямі “Рычард” і “Макбет” Уільяма Шэкспіра двойчы з поспехам удзельнічаў у Эдзінбугскім тэатральным фестывалі Фрыдж.

З 2000 па 2012 г.г. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўзначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка. Новая трупа была сфарміравана з выпускнікоў Універсітэта культуры і мастацтваў, вучняў рэжысёра. Асаблівая ўвага ў гэты час надавалася атмасферы студыйнасці, прафесійнаму росту маладых акцёраў, творчай дысцыпліне, духоўнаму мікраклімату. Тэатр-дом абраны як аснова прафесійнай мадэлі. Мастацкія прыярытэты аддадзены псіхалагічнаму тэатру. РТБД далучаецца да міжнароднага тэатральнага руху. Запрашэнні на фестывалі адбываюцца адно за адным. Спектаклі “Жанчыны Бергмана” Мікалая Рудкоўскага, “Адвечная песня” Янкі Купалы, “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч рэдка вярталіся на Радзіму без узнагарод. Быў наладжаны шэраг сумесных міжнародных праектаў з тэатральнымі дзеячамі Францыі, Ізраілю, Расіі, ЗША, Сербіі.

У РТБД значна палепшыліся ўмовы для творчасці, да тэатра далучылі другі паверх суседняга будынку. Усё большую цікавасць у тэатральнай грамадскасці выклікае дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі, які быў створаны пры тэатры ў 2007 годзе. У трупе ў гэты час працуе 33 акцёраў, у рэпертуары – 33 спектакляў. У 2010 годзе тэатру нададзена ганаровае званне Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь.

У 2012 годзе мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прызначаны заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў. З 2014 дырэктарам тэатра становіцца Уладзімір Карачэўскі. Вельмі хутка становіцца заўважна, што яркая, маладая і мабільная трупа распачынае новыя стасункі са сваімі гледачамі. Роздум пра жыццё, пра месца сучаснага чалавека на зямлі прасякае новыя спектаклі РТБД.  Лепшыя сярод іх  “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, “Мабыць?” Дзмітрыя Багаслаўскага, “Пелікан” Аўгуста Стрындберга, “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова выклікаюць спрэчкі, моцныя рэакцыі, бударажаць публіку. Плённа працуе з маладымі аўтарамі, прыцягвае ўвагу  тэатральнай грамадскасці Цэнтр беларускай драматургіі, які ўзначальвае Аляксандр Марчанка. Тэатр шмат працуе з маладымі рэжысёрамі, шукае новыя тэатральныя формы і новыя спосабы ўзаемадзеяння з гледачамі. Значнае месца ў  яго дзейнасці займае міжнароднае супрацоўніцтва, удзел у фестывалях, творчых лабараторыях, пашырэнне міжнародных сувязей.  У 2015 годзе РТБД стаў арганізатарам ІІ Маладзёжнага тэатральнага форума краін СНГ, Балтыі, Грузіі, які зрабіўся яркай тэатральнай падзеяй не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі.

Пра тэатр шмат пішуць. Рэжысёраў і акцёраў добра ведаюць і любяць гледачы. РТБД – гэта цікава! РТБД – гэта сапраўдныя эмоцыі!

Кантакты


Дзяржаўная ўстанова
«Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь
«Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii»
г.Мінск, вул.Крапоткіна, 44
тэл.: (017) 286 03 27
тэл.: (029) 154 04 44
каса: (017) 385 97 51
Каса працуе: пнд. - сбт. 14.00-19.00, вых. - нядзеля
tbd@tut.by

 

Сацсеткi


 facb vkic instgr ytubeico

Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургіі


© 20152017 РТБД | Дызайн — STUDIO OS