Аляксандр Гарцуеў: “У «ПЕЛІКАНЕ» ЗАХАЦЕЛАСЯ ПАХУЛІГАНІЦЬ!..”

Аляксандр Гарцуеў

Тэатральнае жыццё сталіцы павольна пераходзіць у стадыю татальнага маўчання. З нагоды гэтага, хочацца крыху прыадчыніць сцэнічную заслону і даведацца, як заявіў аб сабе адыходзячы тэатральны сезон 2015-2016. А дзверы ў таямніцу сваёй майстэрні прыадчыніў мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў.

– Крытыкі ўжо падвялі для сябе вынікі тэатральнага сезона 2015-2016 года. Хочацца давецца ад вас, як ад мастацкага кіраўніка, якім быў гэты тэатральны сезон для вашай творчасці?

– Ведаеце, гэты сезон быў для мяне працавітым, занадта творчым. Уявіце сабе, адразу тры прэм’еры (“Любоў людзей”, “Партрэт”, “Пелікан”). Былі часы, калі не выходзіла ніводнай прэм’еры за сезон, але гэта было рэдка, а тут адразу – тры пастаноўкі. Проста калі прыходзіць нейкая задума, ідэя, адразу хочацца яе рэалізаваць. Зараз я магу казаць пра стамленне, але не фізічнае, а духоўнае, бо ў маёй прафесіі па-іншаму нельга: альбо ты рвеш сваё сэрца на кавалкі, альбо не, і тады ў цябе атрымоўваецца штучны прадукт.

Спектакль “Любоў людзей”

Вынікі падвялі. Цяпер самы час бліжэй падысці да вашых пастановак. П’еса “Любоў людзей” сучаснага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага была напісана яшчэ ў 2011 годзе. Спектаклі былі пастаўлены ўбольш за 25 тэатрамі Еўропы, але не ў Беларусі. Чаму вы ўсё ж такі вырашылі звярнуцца да гэтага твору?

Шчыра кажучы, я даўно прыкмеціў гэту п’есу як цікавы матэрыял. Яшчэ тады, калі працаваў у Купалаўскім тэатры, Дзіма прыносіў яе. Але на пытанне чаму так доўга не ставілі спектакль па гэтаму твору, магу адказаць так: ў кожным тэатры ёсць запланаваны графік, па якім працуе калектыў, і адыходзіць ад яго выканання немагчыма. Усё размеркавана. Напрыклад, я ўжо сёння ведаю, што будзем ставіць у 2018 годзе. Таму прычына ляжыць менавіта ў гэтым.

–  Цікава даведацца, чаму дзеянне ў спектаклі “Любоў людзей” вы пераклалі ў часавую плоскасць 1970-х гадоў?

Гэты час бліжэй да мяне, таму што менавіта на яго прыйшлася пара маёй маладосці. Хацелася, каб гэты спектакль быў і для маладых, і для больш сталых людзей, але кажуць, што атрымаўся ўсё ж такі больш для дарослых. У пастаноўцы я яшчэ раз хацеў сказаць, што на фоне безупыннай змены пакаленняў, каштоўнасці павінны заставцца аднымі ж. Ды і ўвогуле, хацелася, каб спектакль быў пра любоў, пра каханне, а не звычайнае адлюстраванне побыту 1970-х г.

Чаму назва спектакля гучыць як “Любоў людзей”, а не “Каханне людзей”?

Я спецыяльна не перакладаў назву спектакля на беларускую мову, бо ўсё ж такі адрозніваю гэтыя паняцці. Каханне – гэта з’ява, якая адбываецца паміж мужчынай і жанчынай, а любоў можа быць да маці, да Радзімы, але і паміж мужчынай і жанчынай таксама можа быць любоў, але, я лічу, што гэта ўжо вышэйшая ступень любові.

Вашы пастаноўкі можна лічыць своеасаблівам спосабам дэманстравання ўласных пачуццяў, эмоцый альбо ўсё ж такі гэта імкненне даведацца, што цікавіць гледача зараз?

Канешне, тое, што баліць мне я імкнуся скласці, сабраць у спектакль. Гэта мае перажыванні, пачуцці, але натуральна, што я жыву ў грамадстве, я адзінка беларускай нацыі, і, канешне, я скіраваны, на нашага гледача. У свае 57 гадоў, 40 з якіх я аддаў працы ў тэатры, думаю, ўжо добра ведаю, што зараз цікава беларускаму гледачу. Калі б я паехаў ставіць спектакль, напрыклад, у Іспанію, то вядома, што там бы мяне не зразумелі, бо іншы менталітэт, іншая культура. Але ўсё ж такі хочацца верыць, што мае пастаноўкі цікавыя гледачам.

Спектакль “Пелікан”

 Сярод прэм’ер гэтага сезону ёсць ваша пастаноўка “Пелікан” па аднаіменнай п’есе шведскага пісьменніка, драматурга Аўгуста Стрындберга, якога часта называлі “декадантом, женоненавистником и великомучеником индивида”. Чаму ж вы звярнуліся да скандынаўскага аўтара?

 А я даўно хацеў паставіць што-небудзь па Стрындбергу, але не было нагоды. Усё ж такі ён складаны драматург, ды павінна быць нейкая матывацыя, унутранае апраўданне, чаму ты ставіш менавіта гэту п’есу. Яшчэ сумняваўся, ці будуць на гэта хадзіць, ці будзе цікава гледачу. А паставіць спектакль менавіта па Стрындбергу вельмі хацелася, таму што гэта сур’езна і казыча ў мяне не па-дзіцячаму. І вось нагодай стала Пасольства Швецыі ў Беларусі, якое прапанавала капрадукцыю. Вось так і атрымалася. Ды і ўвогуле гэта добрае супрацоўніцтва. Чаму б не выйсці на новы еўрапейскі ўзровень?

 Кажуць, што менавіта пастаноўкі «Пелікан» і «Партрэт» з новага боку адкрылі гледачу здольнасці і магчымасці акцёраў…

 Па шчырасці, у «Пелікане» я захацеў крыху пахуліганіць. Іншым разам патрэбна нейкая непрадказальнасць, так бы мовіць, «безответственность». Яна была і ў «Партрэце», і ў «Пелікане». Такім быў творчы палёт. Бывае, калі робіш усё вельмі скрупулёзна і акуратненька, так яно акуратненька і атрымоўваецца, і не цікава глядзець на гэта. А ў «Партрэце» відавочна, што акцёр Андрэй Новік адкрыў сябе ў іншым, незнаёмым вобразе.

Спектакль “Партрэт”

 А што новага ў самім сабе вы адкрылі падчас працы над спектаклем «Партрэт»?

 Так атрымалася, што спектакль прыйшлося рабіць вельмі хутка, за кароткі тэрмін. І я магу сказаць, што мне гэта ў нейкім сэнсе спадабалася. Таму, так, я адкрыў для сябе многае. Карацей, я праверыў свой рэсурс, і адчуў рэжысёрскі экстрым. І вельмі задаволены тым, што змог раскрыць магчымасці Андрэя Новіка. Я не думаю, што гэты спектакль, нейкі асаблівы, але і для мяне, і для Андрэя гэта маленькая перамога.

 Хочацца зазірнуць у таямніцу рэжысёрскай працы і даведацца, што для вас было найбольш складаным падчас працы над спектаклямі?

Трэба сказаць, што праца над кожным спектаклем была складная толькі па-свойму. Напрыклад, «Любоў людзей» – вельмі псіхалагічны спектакль. І акцёрам трэба было расказваць, чым і як жыла моладзь у тыя часы. І з гэтым узнікалі цяжкасці. Спектакль «Партрэт», як я ўжо казаў, рыхтаваўся хутка, прыходзілася працаваць кожны дзень. Пастаноўка «Пелікан» па Стрындбергу – гэта спектакль фестывальны, не падобны на іншыя спектаклі. І для мяне важна было адысці ад самога сябе, ад напрацаваных за доўгія гады шаблонаў. Гэта быў эпатаж і разыка. Я ішоў за адчуваннем. Гэта было для мяне новым. Я не ведаў, як гэта будзе ўспрымацца, але ўсё атрымалася.

Удзельнікі V Міжнароднай драматургічнай лабараторыі

 У апошні час РТБД становіцца традыцыйнай пляцоўкай па агляду і засваенню сучаснай беларускай драматургіі. На ваш погляд, якая яна сучасная беларуская драматургія?

 У Расіі кажуць пра ўзнікненне ў Беларусі феномена сучаснай драматургіі. Гэта маецца на ўвазе кангламерат такіх драматургаў, як Дзмітрый Багаслаўскі, Максім Дасько, Павел Расолька. Тое, чым зараз займаецца Аляксандр Марчанка, таксама вельмі карысная справа. Драматургія не знікне, я ўпэўнены. Сучасная драматургія — цікавая, сталая і інтэлектуальная. І я думаю, што перспектывы ў яе вялікія.

 Чаму ўсё часцей маладыя драматургі звяртаюцца да самавызначанасці беларусаў, разумення, хто мы і адкуль пайшлі?

 Гэта лагічна, на мой погляд. Беларуская нацыя існуе, і людзі лічаць сябе самастойнымі. На падставе гэтага ўзнікаюць такія культуралагічныя аспекты ў самавызначэнні.

РТБД

 У наступным годзе РТБД адзначыць 25-годдзе. Якія святочныя мерапрыемствы чакаюць гледача?

 Па-першае, у тэатры адбудзецца вечарына, прысвечаная юбілею РТБД, і адбудзецца яна ў лютым, менавіта ў той час, калі выйшаў першы спектакль. Дарэчы, мне пашчасціла сыграць ў першым спектаклі РТБД. У наступным годзе таксама будзем адзначаць 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання. І ў сувязі з гэтым РТБД у супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай аб’явіў конкурс на лепшую п’есу пра Францыска Скарыну. Вельмі хочацца прачытаць нешта сучаснае, нават эксклюзіўнае, а не ўбачыць звычайны жыццяпіс друкара.

На такой святочнай ноце Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі завяршыў тэатральны сезон 2015-2016. Наступны год абяцае быць цікавым і багатым на мерапрыемствы, таму да сустрэчы ў верасні, у новым тэатральным сезоне 2016-2017!