Вясна – самы той час, каб нарэшце здзейсніць камінг-аут:

сябры, я – прагнаслоў.

Адкрыта адношу сябе да той меншасці, для якой скарачэнне матэрыялаў, выкідванне з іх шматлікіх старонак цэлых абзацаў сапраўдных эмоцый — грэх.

Таму, трымайцеся: чытаць будзем зноў шмат і ў некалькіх частках.

 

 

Сёння знаёмлю вас з чалавекам, шматграннасць якога проста немагчыма змясціць ў адным матэрыяле, абмежаваць у часе, прасторы, увагнаць у нейкія рамкі. Чалавек, размаўляючы з якім немагчыма стрымаць усмешку (сківіцы дагэтуль баляць). Ён здзіўляе сваёй жывасцю, адкрытасцю. І справа тут не толькі ў яго харызме, энергетыцы, няўлоўнай міміцы і самых розных рухах цела, якія так часта зменьваюцца, пачынаючы ад чагосьці лёгкага, крыху дзіцячага, заканчваючы самабытнам, часам нейкім дзікунскім. Справа ў самой яго незвычайнасці, неадназначнасці, непасрэднасці.

Вызваляйце свае ўнутраныя палічкі для новай двайной порцыі #сапраўдныхэмоцый Іллі Ясінскага.

Вялікі рускі класік – Антон Паўлавіч Чэхаў – заклікаў: «Беражыце ў сабе чалавека». Як лічаце, наколькі гэты заклік актуальны сёння і што для вас азначае «быць Чалавекам»?

– Што тычыцца духоўнасці, на мой погляд, гэта заўсёды было і будзе актуальна, бо ў гэтым і разам з гэтым ёсць Чалавек. Для мяне дакладна зразумела, што адчуваць гармонію, жыць у гармоніі мы можам толькі тады, калі застаемся Чалавекам. Але гэта і звычайныя радасці, цуды ў дробязях, дабрыня, павага, спачуванне.

Наогул цяжка ўявіць колькі Розумаў ходзіць па планеце, розных, дзіўных, цікавых, таму складана адназначна казаць, што і хто ёсць Чалавек. Гэтыя Розумы разнастайныя, мы разнастайныя, са сваёй асабістай унікальнасцю і неспасціжнасцю.

 

На якіх класіках гадаваліся вы, што чыталі ў дзяцінстве, якімі творамі захапляліся?

– Выхоўваўся на дзіцячай літаратуры. Пачыналася ўсё з тога ж «Нязнайкі» (усміхаецца),  вельмі любіў Волкава, «Прыгоды Электроніка» наогул разы чатыры перачытваў, «Бронзавая птушка» Рыбакова – гэта калі з самых запамінальных і любімых. У школе над Быкавым проста рыдаў, калі чыталі «Жураўліны крык». Памятаю, прыбягаю да матулі ўвесь у слязах і кажу ёй: «Мама, навошта нам далі гэта чытаць? Навошта? Я, напэўна, яшчэ маленькі для гэтага».  (усміхаецца) Была яшчэ кніга, якая бударажыла маю дзіцячую свядомасць – гэта «Кайтусь-чарадзей» Януша Корчака. Напэўна, таму што кожны ў дзяцінстве марыць пра цуды, чараўніцтва, альбо патаемна жыве ў нейкім такім свеце (усміхаецца). Так, Кайтусь з яго ўпартасцю, верай у тое, што ён абавязкова стане чарадзеем быў мне нечым блізкі і вельмі захапляў.

Крыху пазней пайшла больш класічная літаратура, беларуская, руская, розная замежная. Чытаў шмат, каб пашыраць свой слоўнікавы запас, развіваць мысленне і наогул проста цікава было. Ды і сёння ёсць гіганцкая колькасць кніг, якія можна і патрэбна чытаць, аднак чытаю зараз менш, чым у дзяцінстве, на жаль.

Што чытаеце сёння сыну Яну, у якія кніжныя «падарожжы» разам адпраўляецеся?

– Напачатку, канешне, у нас самыя розныя вершы былі, прымаўкі. Я ўзгадваў сябе, калі ў 2 гады на памяць ведаў усяго «Айбаліта», таму і чытанне з сынам пачынаў з Чукоўскага, Маршака. Вершы, рытміка – гэта ж і карысна, і прыгожа ды больш запамінальна для дзіцяці. То бок ішлі вершы-вершы, а пасля – бац, і пачаў яму Караткевіча чытаць (смяецца). Так, ён там нічога, мабыць, не разумее, але хочацца, каб на слых успрымаў мелодыку гэту, мову. Мне падаецца і я веру, што гэта абавязкова дзесьці будзе адкладвацца. Чыталі мы з ім «Зямлю пад белымі крыламі», «Дзікае паляванне караля Стаха», і тыя моманты, асабліва ў «Дзікім паляванні», якія страх ці жудасць наводзяць, стараўся чытаць пяшчотным голасам (усміхаецца), каб, зразумела, не напалохаць.

Зараз у нас пачаліся новыя прыгоды разам з кніжкай, перакладзенай на беларускую  мову, «Хронікі Нарніі». Чытаем яе, «падарожнічаем» у часе і прасторы (усміхаецца).

Якім вы былі ў дзяцінстве: на якіх маральных каштоўнасцях і жыццёвых арыенцірах выхоўвалі вас, у што верылі, аб чым марылі?

– Я памятаю сябе вельмі рана. Дзіцячы садок, адчуванне таго, што гэта быў вельмі шчаслівы час. Мы вельмі шмат размаўлялі з сябрамі і, узгадваю, я заўсёды казаў тады: «Канешне, гэта самы лёгкі, самы прыемны час, потым мы будзем у школу хадзіць, урокі вучыць, далей рыхтавацца да жыцця». Я чамусьці ўжо тады вельмі гэта разумеў і асэнсоўваў.

Рана навучыўся чытаць, лічыць. У мяне і мянушка ў садку была «Прафесар», таму што я там адзіны чытаў і пісаў (усміхаецца). Усе часта падыходзілі і пыталіся: «Як гэта пішацца?», «А якая гэта літара?», а я з такім важным, «прафесарскім» (смяецца) выразам твару заўсёды адказваў і паказваў.

Безумоўна, усё гэта дзякуючы таму, што ў  дзяцінстве са мной вельмі шмат чытала маці, а тата займаўся фізічна. Абавязкова, лічу, трэба спалучаць інтэлектуальнае і фізічнае развіццё. У нас дома можна знайсці фотаздымкі, дзе я малы, самастойна трымаючы раўнавагу, стаю на плячах у таты, а зараз мой сын Ян так можа стаяць ужо на маіх плячах (усміхаецца).

Яна так жа выхоўваеце, як вас бацькі ў свой час?

– Памятаю, у класе 10 ці 11 да мяне прыйшло нейкае асэнсаванне жыцця (усміхаецца). Неяк вельмі шмат думаў і разважаў пра будучыню. І вельмі мне хацелася, каб мае дзеці так жа адносіліся да жыцця, як і я. Тады гэта было нейкае такое стаўленне, як мне здаецца, даволі адэкватнае (усміхаецца). Я ведаў, што магу разумна ацэньваць сітуацыі, правільна рэагаваць на падзеі, магу сам сябе матываваць. Мне падабалася тое маё светаадчуванне. Я, памятаю, як часта падыходзіў да маці і ўсё запытваў: «Мама, як ты гэта зрабіла?» (усміхаецца). Таму, напэўна, не магу сказаць дакладна, ці так жа выхоўваю сына.

Мае бацькі жывуць у Жодзіна,  таму часта Ян бывае ў бабулі з дзядулей, яны там што толькі не робяць (усміхаецца): і рыбу ловяць з вядра, і шары размалёўваюць, і песні спяваюць, «Айбаліта» на памяць чытаюць, і розныя гісторыі прыдумваюць, і пірагі пякуць. Я вельмі шчаслівы, што ў тых жа сценах, у якіх гадаваўся я, зараз і мой сын гадуецца. Мне вельмі прыемна,  цёпла заўсёды вяртацца туды, хадзіць па маім родным завулкам, сцежкам.

Канешне, хочацца думаць, што сын вельмі да мяне падобны, ён жа частка мяне. Але я разумею, што ён асобны чалавек, ён іншы, і я вельмі паважаю тое, што ён іншы, таму ўжо пакрысе падрыхтоўваю сябе да таго, што ён не будзе такім, як я (усміхаецца).

 

Якія ў вас з сынам сумесныя забавы?

– З 3-х месяцаў займаюся з Янам дынамічнай гімнастыкай, таму ўжо тады ён самастойна мог вісець на руках. Мы паступова даследуем усе магчымасці, вывучаем практыкаванні. Зараз ён ужо робіць сальта ўсялякія, я магу проста стаяць раставіўшы рукі, а ён будзе караскацца, як яму заўгодна, пры гэтым добра трымацца, і мне здаецца, у яго зараз моцныя рукі, добрае пачуццё раўнавагі. Ганаруся ім! 

Зразумела, што і падаў, і біўся, асабліва калі быў такі перыяд «драйву», калі яму хацелася хутчэй залезці, хутчэй злезці, таму трэба было заўсёды быць поруч, дзесьці падстрахаваць, злавіць. Але гузакі непазбежны, таму сачыў, каб яны таксама былі: дзіцяці, на мой погляд, карысна ведаць, што балюча, што горача, што варта рабіць, а што не – і да гэтага ўсяго ён ідзе шляхам асабістых «спроб і памылак».

«Рабі нечакана, рабі так, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто – і тады пераможаш» – Уладзімір Караткевіч. А як робіце вы, каб перамагаць па жыцці і на сцэне?

– Унутры, каб сябе супакоіць і настроіць у крытычнай сітуацыі – заўсёды ў думках словы: «Делай, что должно». Тады робіцца больш спакойна, упэўнена, менш звяртаю ўвагу на ўсялякае глупства. Звычайна ўсё роўна раблю так, як ляжыць на сэрцы. Калі шмат думаць аб тым, як трэба, як правільна, пачынаеш калупацца ў гэтым – часцей за ўсё атрымліваецца ерунда. Тое, што атрымліваецца добра – ідзе ад унутранага агенчыка, ад таго, што хочацца табе самому менавіта зараз. Таму, калі верыш сабе, ідзеш за сабой, на адчуванні палёту, натхнення – усё атрымліваецца. Наогул пачуццё ўнутранага полымя, якое разгараецца, мне вельмі падабаецца.

 

Што для вас з’яўляецца крыніцай натхнення па жыцці?

– Вельмі натхняюся, калі людзі ствараюць штосьці выдатнае, і ты спачатку не разумееш, як гэта атрымалася, як гэта прыдумана, выканана, як гэта зрабілі наогул, а пасля пазнаеш ці не пазнаеш (каму што больш падабаецца: назіраць здалёк ці паглыбіцца ўнутр), але ўсё незвычайнае і незразумелае заўсёды дорыць прыемнае адчуванне.

Неверагодны свет мы ствараем падчас працы над праектам “Легенда”. Такая сумесь кіно, казкі, новых рэальнасцей. Гэта цудоўна: ствараць новы свет для дзяцей, глядзець на іх, на тое, як яны мяняюцца падчас прыгод. Гэта вельмі прамы і кароткі шлях узаемаабмену, калі ты бачыш вынік тут і зараз. Зноў жа сам запальваешся і натхняешся гэтай узаемнай энергіяй, непадробнымі эмоцыямі.

І, канешне, натхніцца можна гэтым маленькім атамным рэактарам, які побач са мной – мой сын (усміхаецца). Кожную секунду ён расце, развіваецца, і я разам з ім.

P.S. Спадзяюся, што першая порцыя жывасці і шчырасці крыху задаволіла ваш голад. У наступны раз паспрабуем «на смак» тэатральнасць і па-за тэатральнасць #сапраўдныхэмоцый Іллі Ясінскага, даведаемся, колькі вобразаў і людзей можа змяшчаць у сабе адзін акцёр РТБД.

З цеплынёй і павагай, Жанна.