Для тых, хто добра сябе паводзіў увесь тыдзень,
сёння прапаную незвычайнае падарожжа ў мінулае.
Нягледзячы на вясну за вокнамі,
мы апынемся ў снежным студзені,
поўным цудаў, чараўніцтваў і чараўнікоў.

Адзін дзень з жыцця акцёра РТБД
(магія пераўвасаблення ў чатырох дзеях)

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Ілля Ясінскі – прафесар зеллеварэння Гудзігерд Макабр, чараўнік, Данілка, акцёр РТБД, добры і светлы чалавек – выконвае Ілля Ясінскі

Жанна Гурына – тэатральны маньяк, прагнаслоў, пакорны слуга  і праваднік у свет РТБД – выконвае Жанна Гурына (гендарныя канчаткі не вытрыманы =) ) 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Асабістыя пакоі чараўнікоў і выкладчыкаў школы «Чарамон». Вялікія вокны, маленькія ложкі і прыгожае на паўсцяны люстэрка. Мэбля новая, асабліва ўвагу прыцягваюць шпалеры: узоры з подыхам даўніны, нібы часоў Усяслава Чарадзея.

Ілля Ясінскі ў рэжыме «ўваходжу ў вобраз» апранаецца. На яго твары заўважны то млявасць і нейкія праявы чараўніцтва, то па-Ясінскі простая і шчырая ўсмешка, то засяроджанасць і сканцэнтраванасць Гудзігерда Макабра.

 Жанна Гурына асцярожна, амаль не дыхаючы (каб не спудзіць сілы чараўніцтва), назірае за пераўвасабленнем.

Жанна Гурына

Да чытача

Калі трапляеш у свет Школы «Чарамон» упершыню – здаецца, што ты спіш: настолькі ўсё пранізана (нават паветра) духам чараўніцтва і цудаў. У гэты дзень нават надвор’е – у палоне чараў «Чарамона»: да гэтага то снег, то невядома што, а сёння – самы сапраўдны казачны студзень.  

Падымаецца з невялічкага крэсла.

Да Іллі

Калі ты ўжо будзеш не Іллём Ясінскім, а  Гудзігердам – дай ведаць, калі ласка, каб маю дзіцячую псіхіку не траўміраваць. Добра? (смяецца)

Ілля Ясінскі

(Не звяртаючы ўвагу, працягвае сканцэнтравана апранацца) 

Ты адчуеш. (нізкім загадкавым голасам).

Жанна Гурына (зноў сядае ў сваё крэсла)

Здаецца, ужо (паўшэптам і з незразумеласцю ў голасе).

Зноў падымаецца з крэсла.

Слухай…це, спадар Гудзігерд, а наколькі складана дзіцяці патрапіць у вашу школу, што для гэтага патрэбна?

Ілля Ясінскі

Жаданне і прага цудаў (усміхаецца). Гэта тое, чаму і я тут: лічу, кожнаму не хапае па жыцці чараўніцтва і веры ў цуды. У нас жа дзеці могуць стаць чараўнікамі за тыдзень. Мы пагружаем іх і пагружаемся самі зусім у іншы свет. Тут няма месца мабільным тэлефонам ці планшэтам: магічныя прадметы і незвычайныя казачныя істоты, заняткі і загадкі, прыгоды і чароўны квіддзіч – усё накіравана на тое, каб цалкам паглыбіцца ў свет магіі, адчуць дух таямнічай Беларусі часоў Усяслава Чарадзея. 

Жанна Гурына

З чаго ўсё пачынаецца? (з захапленнем)

Ілля Ясінскі

Спачатку трэба паступіць у школу «Чарамон». Галоўны экзамен пры паступленні – моцнае жаданне, як я казаў, прага цудаў і вера ў іх. А, і, канешне, узрост (з ацэньваючым позіркам да Жанну Гурыну) нашых вучняў павінен быць 8-12 год.

Потым кожны, хто прайшоў іспыт, атрымлівае ліст з запрашэннем у Школу Чараўніцтва, у якім пазначаны час прыбыцця на месца сустрэчы .

Жанна Гурына

А далей? (з нецярпенне і захапленнем)

Ілля Ясінскі

А далей (перакрыўляе і ўсміхаецца), калі будучыя чараўнікі прыязджаюць у Школу, Чароўным Капелюшом размяркоўваюцца на адзін з факультэтаў, атрымліваюць мантыю і чароўную палачку ў падарунак.

На кожным з факультэтаў ёсць свае прадметы і выкладчыкі. Напрыклад, я выкладаю зеллеварэнне.

Жанна Гурына

Так ужо цэлыя факультэты?

Ілля Ясінскі

Так як Усяслаў Чарадзей – адзіны ў свеце траісты анімаг, то бок чалавек, які мог пераўвасабляцца ў трох істот – ён і стварыў школу «Чарамон» яшчэ ў 11 стагоддзі. І таму ўсе гэтыя тры істоты знаходзяцца на гербах факультэтаў. Факультэт «Дэнхорт» з гербам ваўка, «Фалькорн» – сокала, «Турагор» – тура. 

Жанна Гурына  

Ну, калі я зараз тут, значыцца, я пабачу, як вараць зелле, iграюць у квіддзіч, так?

Ілля Ясінскі

Так, і шмат чаго яшчэ дзівоснага. Але спачатку ідзем паснедаем.

Жанна Гурына

Чараўнікі снедаюць? (смяецца)

Ілля Ясінскі

Яшчэ як! (усміхаецца)

Разам сыходзяць.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Пакой, дзе праходзяць заняткі па зеллеварэнню. Растаўлены парты, як звычайныя, за якімі займаюцца вучні. Але незвычайны сам пакой: паўсюль баначкі ды шкляначкі з дзіўнага колеру вадкасцямі, альбо без вадкасцяў, што яшчэ больш дзіўна. Кацялок, колбачкі ды свечы. Каларыт, так мовіць, сакраментальнага працэсу варкі зелля вытрыманы на выдатна. (тут можна паставіць смайл, але атмасфера занадта сур’ёзная для гэтага)

Уваходзіць Гудзігерд Макабр і пачынаецца чараўніцства.

Жанна Гурына

Што самае галоўнае ў варцы зелля?

Ілля Ясінскі

Самае галоўнае ў зеллеварэнні – тэхніка бяспекі. І фантазія (смяецца).

Пачынаецца, канешне, усё з чысціні: чыстая мантыя, рукі, інструменты і, абавязкова, чысты кацёл. Магія зелеварэння, як і чараўніцтва наогул, не прымае бруду і хлусні.

Каб прыгатаваць зелле напачатку трэба зразумець, для чаго яно будзе выкарыстоўвацца, каб не памыліцца з выбарам інгрэдыентаў. Таму шмат што залежыць ад уменняў і навыкаў чараўніка.

Пасля звяртаем увагу і старанна выбіраем аснову для зелля: тое, на чым яно ўласна і будзе варыцца.

Натуральна, што нашых маленькіх чараўнікоў ды і самых майстраў зеллеварэння больш за ўсё захапляе і займае сам працэс варкі, асабліва калі штосьці гарыць, выбухае, мяняе колер і форму – гэта сапраўдныя цуды, прычым тыя, якія можаш рабіць ты сам. Але важна памятаць: цярплівасць — галоўная якасць любога зеллевара. Калі хочаш выніку – разумей, што патрэбен час: некаторыя зеллі наогул могуць рыхтавацца месяцамі, а то і гадамі.

Жанна Гурына

Што сёння варыць будзем? (нібыта прамаўляе закляцце)

Ілля Ясінскі

Элексір сілы ў спецыяльным катле, які скача кожны раз, калі перамешваеш інгрэдыенты. 

На выгляд гэта звычайны імбір, лімон і мёд. Але гэта толькі на выгляд (усміхаецца). Кожны зеллевар павінен умець якасна падаваць сваё зелле. Так, кожны раз, калі варым з дзецьмі зелле для ўмацавання здароўя, я распавядаю яго гісторыю, з якой дзеці даведваюцца пра карысныя ўласцівасці старажытнага кораня імбіра, цудоўныя якасці і асаблівасці выкарыстання лімона і, канешне, важнасць мёда немагчыма зменшыць. (Усміхаецца)

На мой погляд, самае цікавае для зеллевара пачынаецца тады, калі ён становіцца сапраўдным майстрам сваёй справы і яму даецца магчымасць самастойна прыдумваць новыя рэцэпты зелля. На гэтым этапе, канешне, патрэбна наша фантазія і абавязкова магічная сіла, каб усе інгрэдыенты, якія, можа, нават і правільна сабраны, пачалі дзейнічаць чароўным чынам, раскрываць свае магічныя ўласціасці.

То бок, вылучаем мэту, каб разумець у якіх выпадках якое зелле будзем выкарыстоўваць; спрабуем фантазіраваць інгрэдыентамі: змешваем іх, штосьці дадаем, штосьці адымаем; і, абавязкова, на пачатковых этапах робім гэта пад пільным кіраўніцтвам вопытных зеллевараў. Запісала?

Жанна Гурына

Ага (з захапленнем)

Ілля Ясінскі

Пра тэхніку бяспекі толькі, памятай, калі ласка (смяецца)

Жанна Гурына

Падыходзіць да шафы з дзівоснымі шкляначкамі, бярэ адну з іх, разглядае.

Слухай…це, а спрабаваць зеллі можна?

Ілля Ясінскі

У правілах тэхнікі бяспекі, з якой пачынаецца курс зеллеварэння, выразна прапісана, што ў кабінеце зеллеварэння забараняецца ўсе нюхаць і спрабаваць. Але, вядома, што некаторыя зеллі вельмі смачныя і нават карысныя. (Усміхаецца) Узгадай пра зелле для ўмацавання здароўя.

Жанна Гурына

А чым жывяцца чараўнікі? Якім стравам аддаюць перавагу?

Ілля Ясінскі

Насамрэч, самым зямным (смяецца). А снедаем мы звычайна з Унай і Яры Юрыем.

Наш повар робіць такія выдатныя дранікі ды калдуны, ммм, самыя чароўныя (усміхаецца). Але іх не здымай, а то пасля публікацыі з-за адных дранікаў збягуцца да нас жадаючыя стаць чароўнымі выкладчыкамі Школы, а гэтай прывілегіяй карыстаемся толькі мы (смяецца).   

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Заснежаная пляцоўка для Квіддзіча ў двары Школы «Чарамон».

Студзень чаруе па-свойму: вялікімі шматкамі паволі падае снег, вакол цішыня і прыбраныя ў снежна-белыя мантыі дрэвы.

Але цішыня працягваецца нядоўга: як толькі прыходзіць час квіддзіча – пляцоўка тут жа напаўняецца дзіцячымі галасамі, звонкімі, гаманкімі, гарэзлівымі.

Жанна Гурына і Ілля Ясінскі збоку пляцоўкі назіраюць, як маленькія чараўнікі разам з выкладчыкам граюць у квіддзіч. 

Жанна Гурына

Квіддзіч?

Ілля Ясінскі

Так, у нас яго выкладае Ліпа Ўулфрыч.

Разумееш, кожны чараўнік павінен не толькі спасцігаць веды, але і ўмець правільна, карысна і, канешне, цікава адпачываць, выяўляючы свае лепшыя якасці, працуючы над недахопамі, якія можна пераўтвараць у плюсы.

Жанна Гурына

А дзеці кожны раз розныя прыязджаюць у «Чарамон»?

Ілля Ясінскі

Тое, чым мы наогул займаемся, называецца Легандай. Але гэта не проста слова, гэта менавіта тое, што мы насамрэч ствараем: даем магчымасць дзецям ладзіць разам з намі выключна сваю легенду. І «Чарамон» – гэта адна з нашых шматлікіх легенд («Дзікі Запад», «Дэтэктывы», «Робін Гуд» і «Беларускія Рабінзоны»). Часам так здараецца, што дзеці, якія былі ў нас аднойчы – вяртаюцца з прагай паўтарыць сумеснае падарожжа ў свет прыгод, дзівосных істот і казачных пераўвасабленняў. Дзяцей, у якіх за плячыма, так мовіць, некалькі легенд, у нас называюць легендарнымі.

Жанна Гурына  

Да чытача.

Я магу памыляцца, але лічу, што дзіцяці падчас выхавання вельмі важна казаць пра тое, які ён, наогул гаварыць пра яго эмоцыі, перажыванні, даваць больш прасторы для асабістых памылак і пошуку сваіх хоць і маленькіх, але ісцін. А зараз толькі ўявіце, колькі адказнасці і ў той жа час веры ў сябе і свае сілы надае статус «легендарны»?

Ну, чаму мне не 8-12 год?..

Пасля паўзы

Ілля Ясінскі да Жанны Гурынай

Ну, што, трэба ўжо развітвацца са Школай?

Жанна Гурына

На сёння – так: час новага пераўвасаблення.

Разам сыходзяць

Жанна Гурына

Да чытача

 Усю дарогу, што ехалі да тэатра, думала аб тым, колькі выключнага робяць гэтыя дзіўныя па свайму складу людзі – акцёры. Вы толькі ўявіце: ствараць цэлыя легенды падчас, здаецца, самага звычайнага адпачынку дзіцяці на канікулах. Адкуль у іх на ўсё гэта бяруцца сілы, энергія, каб потым яшчэ з такім жа запалам выходзіць на сцэну?..

ДЗЕЯ ЧАЦВЁРТАЯ  

Мужчынская грымёрка Тэатра беларускай драматургіі. Сорак хвілін да пачатку спектакля «Раскіданае гняздо». Акцёры рыхтуюцца, настройваюцца, шмат жартуюць.

Жанна Гурына

Да чытача.

 Вы толькі сабе ўявіце, што я адчувала: некалькі месяцаў назад асцярожна хадзіла па калідорах, на дыбачках мінала самае сакральнае і патаемнае – грымёркі акцёраў – так жа, як і саміх акцёраў, а тут – во, сяджу ў грымёрцы і прагна назіраю за кожным з пераўвасабленняў. Гэта потым ужо я даведаюся, што там простыя цудоўныя людзі, але тады…мара з’яйснялася, гармон радасці біў у галаву =)

Можа, наступны сезон назваць: «РТБД – мары з’яйсняюцца», як лічаце ? =))

Пасля паўзы

Да Іллі Ясінскага

Пакуль не адбыўся зноў цуд пераўвасаблення, у мяне некалькі хвілін для некалькіх пытанняў (усміхаецца)

Ці бывалі такія п’есы, сцэнары, якія ўразілі цябе настолькі, што ты адразу зразумеў: «хачу мець дачыненне да гэтага»?

 Ілля Ясінскі (задуменна, разважліва)

Сцэнараў і п’ес, якія здзіўляюць, захапляюць сваёй складанасцю, тонкасцю ці той жа праўдзівасцю жыцця вельмі шмат. І кожны з іх індывідуальны і выдатны па-свойму.

Зараз, напрыклад, ёсць у маім жыцці напалову аматарскі праект – «Неруш», ён без фінансавання і прасоўвання, але, калі я даведаўся пра яго, зразумеў, што хачу паспрабаваць сябе там. Я не ведаю, чым натхніўся. Але  прачытаўшы пра галоўнага героя Яна, зразумеў, што я вельмі хачу туды трапіць і паспрабаваць быць ім.  І калі прыходзіў на кастынг, цвёрда атаясамліваў сябе з гэтым вобразам. Нешта было ў ім. Можа, містычны падмурак, можа гэтая прага да беларушчыны, у якую верыў сцэнарыст і запаліўся гэтым адчуваннем, не ведаю, як гэта адзначыць словамі: ёсць толькі дакладнае адчуванне (усміхаецца). Так, і зараз я там Ян. І гэта той самы выпадак, калі можна запаліцца ад адной толькі ідэі.

Магчыма, калі-небудзь атрымаецца і такое, што зразумею: «Гэты сцэнар самы цудоўны» – пачну шукаць рэжысёра, месца, людзей, запальваць іх сваёй ідэяй, каб усё атрымалася. Веру ўсё ж, што калісьці такое здарыцца (усміхаецца). 

Жанна Гурына

А які твой любімы спектакль, у якім ты граеш?

Ілля Ясінскі

Мне вельмі падабаецца «Тры Жызэлі». Гэта і лёгка, і аб важным адначасова. Нават калі сядзець ў зале, ведаючы тэкст,  ён заўсёды трапляе ў цябе, як упершыню. Кожны раз знаходзіш у ім нейкія новыя фарбы, дробязі, усё яркія, цікавыя, пранікнёныя. Кранальны, цёплы, вясёлы, вельмі блізкі, інтымны, пра кожнага з нас – вось такі ён для мяне. (Усміхаецца)

Жанна Гурына

Дзякуй за шчырасць (усміхаецца)

Ілля Ясінскі

Табе дзякуй. Пайшоў рыхтавацца.

Жанна Гурына

А я падглядаць.

Ілля сыходзіць, Жанна застаецца.

Жанна Гурына

Да чытача.

Калі хочаш пражыць некалькі жыццяў у адзін дзень – правядзі гэты дзень з акцёрам.

Ну, а сядзець у мужчынскай грымёрцы палову спектакля амаль адной – проста падарунак (смяецца)

Прыслухоўваючыся да прыёмніка, які транслюе «Раскіданае гняздо».

 А некалі спектаклі толькі так і слухалі. Ну, вядома, калі не было магчымасці патрапіць на яго.

Сядзіш, малюеш у думках вобразы, уяўляеш, як хто зараз стаіць на сцэне, якая міміка, што трымае ў руках: скрыпачку, як Данілка, крыж, як Сымонка, ці наогул нічога. Думаеш-думаеш, фантазіруеш, падбіраеш фарбы і колеры сваім #сапраўднымэмоцыям – і зноў у тваёй галаве адбываецца цуд, магія пераўвасабленняў.

З цеплынёй і павагай, Жанна.