ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ “КАНЦЭНТРАЦЫЯ”

Сустрэць беларускую драматургію ў тэатры, дзе яна і так займае галоўныя пазіцыі, не складана. Але засяродзіць на ёй увагу, пагутарыць з драматургамі пасля спектакляў і наведаць цікавыя лекцыі атрымліваецца не заўсёды. Вось дзеля гэтага і існуе тыдзень беларускай драматургіі: каб за сем дзён хутка і падрабязна пазнаёміцца з драматургічным жыццём Беларусі.

Падчас «Канцэнтрацыі» можна будзе ўбачыць шэсць пастановак па п’есах айчынных аўтараў. У тым ліку і «візітоўку» тэатра – спектакль пра адносіны бацькоў і дзяцей «Гэта ўсё яна», які атрымаў спецыяльны прыз «TOURNESOL» у намінацыі «Па-за межамі» на прэстыжным Авіньёнскім фестывалі. Таксама ў праграму тыдня ўвайшлі спектаклі «Кар’ера доктара Рауса» пра жыццё першадрукара Францыска Скарыны, «Сіндром Медэі», у якім інтэрпрэтуецца міф пра Медэю і ахвярнае каханне, і «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» пра сямейныя выпрабаванні. Асобна стаіць спектакль «Белы анёл з чорнымі крыламі»: у рамках «Канцэнтрацыі» адбудзецца яго апошні паказ.

Галоўнай падзеяй тыдня беларускай драматургіі стане прэм’ера спектакля па п’есе «Тры дні ў пекле» сусветна вядомага драматурга Паўла Пражко. Пастаноўка будзе зроблена рэжысёрам Цімафеем Ткачовым – выпускніком Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (курс Анатолія Праўдзіна), які прыехаў з Санкт-Пецярбурга. «Тры дні ў пекле» – знакамітая п’еса Пражко пра пэўнага беларуса, якога цікавяць кошты ў магазінах падчас крызісу і тое, чаму яго забралі ў ЛТП. І на самой справе, можа, пекла – гэта спальныя раёны? Пасля спектакля адбудзецца яго абмеркаванне з гледачамі, рэжысёрамі і крытыкамі.  

Для студэнтаў творчых вузаў запланавана сустрэча з Цімафеем Ткачовым і адкрытая генеральная рэпетыцыя яго спектакля. Гэтым распачынаецца адукацыйная частка праграмы, асноўнымі мерапрыемствамі якой стануць дзве лекцыі: «Сыракомля & Co. Беларуская драматургія XIX стагоддзя» тэатразнаўцы Наталлі Валанцэвіч і «”Новая драма” Беларусі: традыцыі і навацыі» рэдактара Цэнтра беларускай драматургіі Анастасіі Васілевіч. Можна будзе даведацца пра развіццё беларускай драматургіі ад XIX стагоддзя да сучаснасці, пачуць знакавыя прозвішчы і зразумець, у чым заключаецца феномен беларускай драматургіі. Уваход на лекцыі будзе адбывацца па папярэднім запісе.

Мы запрашаем Вас прыняць удзел у «Канцэнтрацыі» і наведаць нашы мерапрыемствы. Да сустрэчы ў лістападзе! “

Праграма Тыдня беларускай драматургіі “КАНЦЭНТРАЦЫЯ-2017”

27.11.2017
19:00
Лекцыя тэатразнаўцы Наталлі Валанцэвіч «Сыракомля & Co. Беларуская драматургія XIX стагоддзя» (рэп. зала)  *па папярэднім запісе

28.11.2017
11:00
Прагон спектакля Цімафея Ткачова па п’есе Паўла Пражко «Тры дні ў пекле» (на пляцоўцы ЦБД) *па папярэднім запісе
19:00
Спектакль «Кар’ера доктара Раўса», творчая сустрэча гледачоў з Віктарам Марціновічам

29.11.2017
17:00
Лекцыя рэдактара ЦБД Анастасіі Васілевіч «”Новая драма” Беларусі: традыцыі і навацыі»
(рэп.зала) *па папярэднім запісе

19:00
Прэм’ера спектакля спектакля Цімафея Ткачова па п’есе Паўла Пражко «Тры дні ў пекле» (на пляцоўцы ЦБД) *па папярэднім запісе
Пасля заканчэння спектакля – абмеркаванне.

30.11.2017
19:00
Спектакль «Гэта ўсё яна», творчая сустрэча з Андрэем Івановым

1.12.2017
19:00
Спектакль «Белы анёл з чорнымі крыламі», творчая сустрэча з Дзіянай Балыка

2.12.2017
17:00
Спектакль «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў», творчая сустрэча з Дзмітрыем Багаслаўскім

3.12.2017
15:00
Драматургічны квіз (на пляцоўцы ЦБД) *па папярэднім запісе
17:00
Спектакль «Сіндром Медэі», творчая сустрэча гледачоў з Юліяй Чарняўскай

* — Папярдні запіс на мерапрыемствы па тэлефоне +375296463836, Анастасія.