КУПАЛЬСКІЯ ПРЫГОДЫ РТБД

Народнымі песнямі, смачнымі хатнімі пачастункамі і вясёлымі танцамі святкавалі ноч на Івана Купалу ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Трэці год запар тэатр традыцыйна ладзіць вечарыну, прысвечаную класіку беларускай літаратуры, паэту і публіцысту Янку Купалу. У гэтым годзе гледачы і госці тэатра святкавалі Купалле  праглядам спектакля «Кругі раю», у якім распавядалася пра жыццё і лёс паэта, а Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы падрыхтаваў выставу пад простай назвай, якую аднойчы стварыў сам класік «Завуся я толькі – Янка Купала».

“Святочная імпрэза арганізавана з мэтай, каб гледачы мелі магчымасць завітаць да нас нават падчас адпачынку. І гэта павінна быць не што іншае, як інтэрактыў з гледачом. Дзякуючы мерапрыемству мы працягваем успамінаць традыцыі нашай краіны, захоўваем і распаўсюджваем родную мову і, канешне, узгадваем творчасць песняра зямлі беларускай – Янку Купалу. Трэба адзначыць, што мы не пераўтвараем наш тэатр у Дом культуры, мы толькі вучымся па-іншаму ўзаемадзейнічаць з гледачом,” – гаворыць дырэктар тэатра Ўладзімір Міхайлавіч Карачэўскі.
 

У народзе кажуць, што на Купалле ўсё набывае новы стан, жыццё, а загаданае менавіта ў гэту чароўную ноч, абавязкова здзяйсняецца. Вось і ў гасцей вячэрняй імпрэзы была цудоўная святочная магчымасць пазнаёміцца з мастацкім кіраўніком тэатра Аляксандрам Гарцуевым, які шчыра вітаў гасцей ў шыкоўнай беларускай вышыванцы, паспяваць з Народнай артысткай Беларусі Таццянай Мархель, а таксама паспрабаваць сапраўднае беларускае сала, прыгатаванае са шчырасцю супрацоўнікамі тэатра.

І трэба адзначыць, што госці актыўна карысталіся магчымасцю правесці час культурна і весела. Частая наведвальніца тэатра і вялікі аматар сцэнічнага мастацтва Ірына Віктараўна, спяшаецца падзяліцца сваімі ўражаннямі ад святкавання Купалля і нават паведаміць пра любімую пастаноўку тэатра: “Мне заўсёды падабаюцца мерапрыемствы, якія арганізоўвае тэатр. Я зараз кажу не толькі пра спектаклі, але і маю на ўвазе святочные імпрэзы. Мне падабаецца тэатр тым, што ён працуе для беларусаў, распаўсюджвае роднае і непаўторнае. Не можа не радаваць той факт, што сёння прыйшло шмат моладзі. Дарэчы, у апошні раз была на спектаклі “Партрэт”. Вельмі спадабалася”.

Сапраўды, моладзі і дзяцей на мерапрыемстве было дастаткова. І гэта добрая прыкмета. Выхавальнік Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця Генадзь Смаляк расказаў, што яго захапіла: “Мне вельмі спадабаўся спектакль, пачастункі. У нашым інтэрнаце таксама ёсць свой калектыў “Веселые ребята”, у якім мы спяваем. Сённяшнее святкаванне – гэта добры для нас прыклад у правядзенні мерапрыемстваў, рабоце з гледачом і на сцэне”.

Купалле ў РТБД сустракалі ўсёй Беларуссю. І гэта не перабольшванне, бо гасцямі святочнай імпрэзы былі і жыхары іншых гарадоў. Вось, Алена Ўладзіміраўна Плюскевіч прыехала з Магілёва ў Мінск да сяброўкі, і каб правесці вечар цікава і культурна, завіталі ў тэатр. “Вельмі падабаецца, што дзякуючы такім мерапрыемствам мы спрыяем захаванню і замацоўванню беларускіх традыцый і знаёмім беларусаў з творчасцю знакамітага песняра Янкі Купалы,” – кажа Алена Ўладзіміраўна.

“І людзі ў нас такія шчырыя. Вельмі падабаецца Таццяна Мархель. Цудоўная жанчына. У ёй так шмат гэтай самай беларускасці, якая не ў кожнага ёсць”, – дадае сяброўка Жарынава Вольга Мікалаеўна.

Наблізіцца да фальклора, навучыць гуляць у «Явар» і паспяваць народныя беларускія песні на працягу ўсяго вечара дапамагаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” (г.Ракаў).  Сваімі ўражаннямі  ад мерапрыемства падзялілася мастацкі кіраўнік калектыву Елізавета Пятроўская: “Мы ўпершыню ў РТБД. Але гэта не перашкаджае нам з вялікай пяшчотай ставіцца да яго. Тэатр па сваёй сутнасці блізкі да фальклора, а гэта тое, над чым мы працуем. А мы часта ўжываем у сваёй творчасці тэатральныя элементы, таму ўсё узаемазалежна. Мерапрыемства яшчэ раз пацвярджае, што Янка Купала – гэта больш, чым проста пісьменнік. Купала – гэта сутнасць Беларусі.”

Вось так утульна і па-хатняму прайшло свята Купалля ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Спадзяюся, што ў кожнага гледача ажыццявілася нейкая мара, бо ў такі вечар ўсё становіцца магчымым, асабліва пад дахамі мастацтва.

Тэкст: Святлана Чыжык

Фота: Дар’я Кульша