Сезон без межаў – выдатная прычына, якой можна схаваць
і апраўдаць усю сваю прагнасць да эксперыментаў.
Вырашыла і сёння не сыходзіць з абранага бяз(па)межжа.

Не так даўно заўважыла за сабой такую асаблівасць: калі мне вельмі блізкі па духу чалавек, калі ён мне вельмі падабаецца – пра яго цяжка гаварыць (тым больш пісаць), таму што ўсе словы зводзяцца да адзінага «ён – цуд!», «яны неверагодныя», «яна касмічна крутая». І ў гэты раз менавіта такі выпадак. Таму калі вы чакалі інтэрв’ю з вялікай колькасцю пытанняў і адказаў – смела закрывайце блог і рушце далей. Сёння толькі мыс адчуванняў, толькі Курэнь-Семяняка, толькі хардкор сапраўдных эмоцый.

КУРЭНЬ–СЕМЯНЯКА
(гісторыя сямейнай шчырасці і непасрэднасці
цераз прызму Жанніных адчуванняў і Арцём-Аніных маналог-дыялогаў)

Першае, што адчуваеш, калі ўваходзіш у дом Курэнь-Семянякаў, – цеплыню, любоў і неабмежаваную прастору для жартаў, весялосці і гульні, у якую заўсёды хочацца ўключацца. Вы толькі паглядзіце на гэтыя сцены: кожны пакой, як нейкі свой, асабісты (су)свет са сваімі колерамі і вобразамі (я глядач, я так бачу!). А гэтыя палічкі, зэдлікі, тумбачкі – усё рукамі гаспадароў.

Ганна: А што, у нас сімейные цэннасьці, раздзіленіе абязаннасцей (смяецца) мне вось падабаецца цвікі забіваць.
Арцём: А мне посуд мыць.
(Смяюцца разам)
Ганна: Але наогул у нас посуд мыць любіць Багдан, а яшчэ любіць гарбату заварваць. Але Багдан будзе дантыстам, так, Багдан?
Багдан: Не.
Ганна: А кім ты будзеш?
Багдан: Я посуд мыю, ён брудны.
Ганна: Дык гэта зараз, а працаваць ты кім будзеш, калі вырасцеш?
Арцём: Ты будзеш дырэктарам, Багдан?
Багдан: Я хачу посуд памыць.
Арцём: Дык ты дырэктарам будзеш?
(«А ў адказ – цішыня» – вымаўляецца з святочнай асуджаннасцю ў голасе)
Ганна: Добра, Багдан, а артыстам ты будзеш?
Багдан: Не.
Ганна (іранічна-артыстычна): Не, чулі, не! Ну, не, дык не.
(Смяемся разам)

Б’е – значыць любіць
Менавіта гэта пагаворка, разлічаная на прамое прачытанне, вельмі трапна перадае ўзаемапаразуменне, адданасць, шчырасць і адкрытасць кахання і адносін унутры пары Курэнь-Семяняка.
Ганна (сарамліва, апусціўшы вочы долу): Ну…мы…напэўна, стыдаліся проста прызнацца і таму…білі адзін аднаго (усміхаецца). Арцём, расказвай!
Арцём (так жа сарамліва): Ну…ты расказвай
Ганна: Я заўсёды нешта расказваю, давай ты!
Арцём: Аня мяне не любіла, вось, крыўдзіла ўвесь час…
Ганна: Ага, а ў мяне яшчэ быў дзённік асабісты, куды я запісвала ўсе свае таямнічкі і сакрэцікі. Дык вось так-то я яго біла, а ў дзённіку пісала зусі-і-ім іншае (усміхаецца, вочы долу). Але гэта ж было напачатку. Арцём, калі я табе спадабалася? Раскажы. Ну, раскажы, ну. Раскажы, я хоць сама паслухаю. Як бальзам на сэрца, расказвай давай (смяецца).
Арцём: Ну-у-у, у нас адразу ўзнікла нейкая сімпатыя адзін да аднаго.
Ганна (сур’ёзна і напорыста): Адразу? Гэта наколькі адразу?
Арцём: А потым мы спрачаліся ўсё.
Ганна (хутка, зацікаўлена): Ну, вось я цябе заўважыла на 2 курсе, а ты мяне калі? Ой, на другім туры пры паступленні.
Арцём (з той жа разважлівасцю, не звяртаючы ўвагу на пытанні Ганны, не мяняючы інтанацыю, павольна, задуменна): а потым… неяк… пасябравалі…
Ганна: Але мы білі адзін аднаго да сінякоў, канешне. Я ўся ў сіняках была, памятаю. Проста натуральна біліся. І прычыны аніякай не патрэбна было. Напрыклад, Арцём сядзіць, а я іду: ён проста возьме, пацягне мяне за нагу, я, вядома, падаю – ну, і ўсё, пайшло-паехала, давай адзін аднаго лупіць. Потым ужо ўсім надакучыла гэта, таму што мы столькі шаф пераламалі ў Акадэміі, асабліва ў распранальнях. І нас проста зачынялі ў пустых аўдыторыях, каб мы там нічога не зламалі. Але так біліся, так біліся, я нават уся потная была. Без перадышкі біліся. Звычайна ва ўсіх, як мусіць заканчвацца? Білі адзін аднаго, білі – і пацалунак павінен быць. Але не ў нас. Мы білі адзін аднаго, білі, білі – і…разыходзіліся. І так кожны дзень. Без слоў. Ну, можа, калі толькі, мацяршчына была, і то… (смяецца) У нармальных пар адносіны як? Прапануюць сустракацца, потым цалуюцца, потым далей, потым лаюцца і разыходзяцца.
Арцём (іранічна-артыстычна): Ага, так, Ань, толькі ў нармальных і разыходзяцца.
Ганна: Ну, часцей за ўсё бывае ж так?
Арцём (зноў нібыта не зважаючы на пытанне): у нас усё неяк само сабой адбылося. Нават ні пра што не дамаўляліся (усміхаецца). Улетку, у канцы другога курсу мы ездзілі ў Польшчу на абмен вопытам. Ад Акадэміі з нашага курсу менавіта нас выбралі.
Ганна (іранічна): Так атрымалася, выпадкова, хм. (усміхаецца)
Арцём: там і склаліся ўжо нашы адносіны.
Ганна: ага, у мяне там проста камяні выходзілі з нырак.
Арцём: добра, што страхоўка была.
Ганна (рамантычна-паэтычна): І Арцём тады такі быў…зусім іншы… заляцаўся да мяне, клапаціўся – не біў, слава богу.
(Смяюцца разам)
Ганна: Так, напэўна, усё ж саромеліся. Арцём, чаму ты мяне біў?
Арцём: Бо ты мяне бясіла
Ганна: І ты мяне бясіў.
(Смяюцца)

«Якія мы партнёры на сцэне адзін для аднаго?.. »
Арцём: Ну, што мы тут зараз будзем…(саромецца, усміхаецца)
Ганна (прыказным тонам): Давай, давай, гавары. (тонам прыніжанай і пакрыўджанай) Дома мне тут такое гаварыш, а нА людзях – фсё, не можэш, а?
Арцём (як быццам 10 разоў ужо гэта сказаў і зараз яго папрасілі паўтарыць яшчэ раз): Аня вельмі шчырая артыстка, яна ніколі не хлусіць. Ніколі няма выбудаванасці і фальшы. (больш сур’ёзна, без гульні) Гэта заўсёды вельмі адчуваецца, насамрэч, і гэта цудоўна, калі на сцэне перад табой партнёр, які цябе чуе, бачыць, які шчыры перад табой і самім сабой таксама.
Ганна: А мне падабаецца як Арцём падыходзіць да кожнай сваёй ролі, як ён скрупулёзна кожную дэталь адпрацоўвае. Так, мне, напэўна, для сябе хацелася б больш сабранасці, сканцэнтраванасці. І я цалкам згодна з Арцёмам: крута, калі няма радыё гэтага. Калі ты хоць што можаш сказаць не па тэксту, а твой партнёр цябе пачуе, адчуе. Арцём абачлівы артыст.
Арцём: Мы часцяком адзін аднаму штосьці кажам, пытаем наконт ролі і нават шчыра можам сказаць, што і дзе дрэнна, што найлепш яшчэ дапрацаваць. Так, бывае што і крытыкуем, але калі гэта насамрэч апраўдана, а не калі крытыка дзеля крытыкі. Таму што ёсць жа больш мудрыя спосабы данесці сваю думку, разабрацца ў нечым.

«Як мы перажываем няўдачы адзін аднаго?.. »
Ганна: Арцём больш такі, ну, такі… ён не перажывае. А я заўсёды перажываю, і Арцём мне заўсёды дапамагае. Эм-м-м, я не ведаю, што адказаць (сарамліва, вочкі долу). Арцём, дапамажы мне перажыць няўдачу, я не ведаю, што адказаць (смяецца)
Арцём: Гэта ж ад сітуацыі залежыць, але звычайна мы разбіраемся ў тым, што здарылася.
Ганна: Ага, а часам і не разбіраемся. Проста Арцём прыходзіць і кажа (іранічна-артыстычна): «Што ты плачаш?»
Арцём: Аня наогул аматар з-за якой-небудзь ерунды паныць.
Ганна: Ну дык гэта не толькі я, гэта ўсе так.
Арцём: Хто ўсе? (смяецца)
Ганна (запэўнена, напорыста): Усе дзяўчынкі. Канешне!
Арцём: Таму часам даводзіцца выслухаць тое, што Аня ўжо паспела нафантазіраваць, а потым растлумачыць, што гэта ерунда і праблемы, якую яна сабе прыдумала, няма.
Ганна: Вось з-за гэтага…я не магу спакойна з Арцёмам глядзець сентыментальныя фільмы, таму што, як толькі ў мяне з’яўляецца сляза, ён паварочваецца – і смяецца з мяне. (іранічна-артыстычна) Пагэтаму мне даводзіцца давіць у сабе гэты ком (смяецца) і я не магу нармальна глядзець фільмы, даводзіцца выходзіць у прыбіральню, каб паплакаць (смяецца).
(Пасля паузы)
Ганна: Слу-у-ухай, Арцём, как жа мы с табой скушна жывём. Ну, а што, не скушна? У басейн ходзім? Не ходзім! Прыгаем з парашутам? Не прыгаем! Жывём і жывём. Усё, сум!
Арцём: Ну, во,зноў знайшлася нагода паплакаць, так, Аня?
(Смяюцца разам)

«Як выглядае наша сям’я збоку?.. »
Арцём: З правага? (смяецца)
Мы вясёлыя.
Ганна (бадзёра, узнёсла): З боку можа падавацца, што гэта глупства, але не, гэта – радасць.
(Смяемся разам)
Арцём: Мы нават калі сварымся, то гэта не бывае моцна і не бывае доўга. Ну, на мінуту, можа. (смяецца) Нават калі пасварыліся, мы не трымаем крыўды. Вось мы тут пасварыліся, а тут ужо нармальна размаўляем.

«Чаму ў нас палучаецца?.. »
Ганна: Мы падобныя, аднолькавыя і ў той жа час абсалютна розныя. Вось у мяне кепскі характар, ве-е-ельмі, а ў Арцёма добры, ён цярплівы.
(Пасля паузы)
Арцём, пачыму ў нас палучаецца?
Арцём (іранічна-артыстычна): Што? палучаецца?
Ганна: Ну, не бывае ж так, што ўсё добра заўсёды. А чаму ў нас добра?
Арцём: Што добра? Б’ю ж я цябе. І сведкі ёсць, шчас вот найдем міліцыянерав-мужчын.
(смяюцца разам)
Ганна (рамантычна, не зважаючы на Арцёма): Ну, патрэбна здзіўля-я-яць адзін аднаго.
Арцём: Бу! Та-дам!
(смяюцца разам)
Давяраць адзін аднаму. Паважаць адзін аднаго. (Нібыта сакрэт самы важны раскрывае) Аня, напрыклад, вельмі раўнівая.
Ганна: Ну! Гэта раней было!
Арцём: Ды і зараз таксама. Я напачатку стараўся неяк растлумачыць, а зараз мне проста смешна.
Ганна: Я цябе зараз і не раўную, не думай, не набівай сабе кошт.
(Смяюцца разам)

«Цяпер вы разумееце, чаму я яе часам б’ю…»
Арцём (зацікаўлена, ганарліва): У мяне насамрэч у дзяцінстве было вельмі шмат цацак, што я нават не магу сказаць, якая любімая.
Ганна: Я табе здзіўляюся!Усе твае цацкі былі – цвік ды малаток!
Арцём (не зважаючы на Ганну, з той жа інтанацыяй): Брат старэйшы заўсёды прывозіў нейкія новыя цацкі з-за мяжы.
Ганна: Ну, каго ты падманваеш? Ну, вось і дзе, дзе твае цацкі зараз?
Арцём(у тым жа настроі, з той жа інтанацыяй): Таму, ніколі патрэбы прасіць у Дзеда Мароза нейкую цацку не было, бо, паўтаруся, іх было вельмі шмат.
Ганна: І ўсё роўна гне лінію сваю, ну!
(Пасля паўзы)
Ганна(зацікаўлена, ганарліва): У мяне таксама было шмат цацак у дзяцінстве.
Арцём: Цяпер вы разумееце – так? – чаму я яе часам б’ю…
(смяемся разам)

«Фсю жызьнь хацела стаць арцісткай…»
Арцём: Тут нашыя гісторыі разыходзяцца.
Ганна: Ну, хто пачне?
Арцём (іранічна-артыстычна): Ты расказвай, как ты фсю жызьнь хацела стаць арцісткай (смяецца).
Ганна: Не, я спачатку хацела стаць стрыпцізёршай, таму што я думала, што гэта танцорка, а хацела танчыць – вось і казала, што стрыпцізёршай.
(Пасля паўзы)
Арцём: У мяне гэтае жаданне – быць артыстам – неяк натуральна толькі перад паступленнем з’явілася. Я вельмі дрэнна вучыўся, прагульваў шмат, нават неяк адну чвэрць прагуляў. (Усміхаецца)
Ганна (нібыта абыякава і незацікаўлена): Ай, у цябе таксама вельмі звычайная гісторыя, калі шчыра.
Арцём(падыгрываючы): Ды Божачкі, Аня, усе гісторыі звычайныя, насамрэч.
Я з дзяцінста любіў маляваць, у мяне тата маляваў добра, па адукацыі архітэктар, дзядзя добра малюе, брат, сястра. Усе мы такія творчыя . І я з дзяцінства маляваў без усялякай адукацыі. Потым у 4 класе мяне перавялі ў школу з мастацкім ухілам. Я скончыў школу з архітэктурна-мастацкім ухілам, таму напачатку думаў паступаць у гэтым накірунку. Але, канешне, ніякім архітэктарам я стаць не мог, таму што вучыўся вельмі дрэнна, а там жа матэматыка патрэбна. Потым я думаў дызайнерам, але «ай не тое, не хачу». Думаў, куды б гэта паступіць, каб менш вучыцца…Думаў, думаў, так і дадумаў да Акадэміі мастацтваў.
Ганна: Я памятаю, які ты хадзіў у блакітнай сарочцы, з вуснамі вось (іранічна-артыстычна дэманструе) так сабранымі ў трубачку.
Арцём: Вырашыў ісці ў Акадэмію: там творчы конкурс, за які аддаецца перавага. Тэставанне здаваў на абум: прыйшоў, паствіў плюсікаў, па рускай мове я набраў 14 балаў, па гісторыі – 16 (смяецца). Мяне насамрэч не хацелі дапускаць да творчага экзамену, але пашкадавалі, пэўна, і пусцілі (смяецца). А потым мне спадабалася, было сапраўды цікава, весела. Мне паставілі добрыя адзнакі – пачалася вучоба. І чым больш я ў гэты працэс пагружаўся, тым больш мне падабалася. (Усміхаецца)
А яшчэ, ледзь не забыўся, я калі малы быў, вельмі любіў Клару Новікаву парадзіраваць, мае цёця і бабуля (ганарліва) вельмі смяяліся.
Ганна: Смя-я-яліся, ага, гэта яны проста не хацелі цябе пакрыўдзіць (смяюцца разам).
Я таксама любіла парадзіраць…Ельцына. Я любіла расказваць там розныя гісторыі, жыла на завулку і збірала ўсіх суседзяў, ставілі лаўкі ды зэдлікі, слухалі, як я выступаю…потом (рамантычна і зацяжна) пайшла на кружо-о-ок тэатра-а-альны.
Пазней даведалася, што ў Мінску можна паступіць на актрысу, мама вельмі падтрымлівала – дзякуй ёй за гэта. Думаю, калі б мяне наогул ніхто не падтрымліваў, то не ведаю, што было б, ад няведання не паступіла б нікуды і не адвучылася б наогул. Паступіла я на другі раз, каб вы разумелі. Неяк усё ў мяне па жыцці на другі раз атрымліваецца. (Смяецца)

Пра зуб (ад імя Ганны)
У мяне бабуля была. Яна часта хварэла, сэрца, ціск, усё такое. Яе пакой і вокны выходзілі на ганак. А я ў дзяцінстве не тое каб шкодная была, ну, спяваць гучна любіла, напрыклад. Выйшла на ганак – і пачынаю спяваць песні. І так каб увесь завулак чуў, каб усе-усе. Бабулі неяк балела галава, яна адпачывала, а я выйшла на ганак і давай: «В церкви стояла карета». А бабуля: «Сціхні, баліць галава». А я больш-мацней-вышэй папярэдняга, яшчэ гучней. Потым думаю: «Можа, бабуле дрэнна чуваць» – пайшла ў пакой да яе і там ужо «в церкви стояла карета».(А ў мяне зубы мяняліся і адзін вось-вось павінен быў вываліцца, хістаўся) І я ёй у пакоі спяваю гучна. Яна, сабраўшыся з сіламі, загнала мяне ў суседні пакой, паміж шафаў, трымае мяне, а я ўсё роўна спяваю. Яна мне на зуб пачала давіць пальцам, а я ўсё роўна спяваю, не спыняюся. І выдавіла мне зуб, але не той, які хістаўся. А песню ўсё роўна спявала. Мастацтва превыше ўсіго. Ну, была здзіўлена, канешне. Але спявала, спявала. (Смяецца)
 
Пра стол-кніжку (ад імя Арцёма)
Мы з братам любілі ў дзяцінстве тату дапамагаць, калі ён там нешта будаваў, майстраваў. І ўсё гэта пераносілі ў дом. Я неяк стол-кніжку распіліў, пакуль нікога не было дома. Цвікі забіць у дзвярны вушак – гэта ж люба дзела. І аднойчы нам тата з братам пакінуў драўляныя калодкі і цвікі, каб мы забаўляліся і не чапалі яго. Ну, і карацей мы гэтыя калодкі пазабівалі ў падлогу (смяецца).
 
Пра (не)Дзюшэс (ад імя Ганны)
А я «Дзюшэсам» атруцілася ў дзяцінстве. Вось такая гісторыя. Проста не пайшоў. Не, чакайце, «Бураціна» атравілася. Нагаварыла эта я што-та на «Дзюшэс». Ну, усё, гэта ўся гісторыя. (смяецца)

«Трактар, марозіва і малако…» (ад імя бацькоў Багдана)
Ганна: Кожны год перад Новым годам мы у Багдана пытаем, што ён хоча на Новы год. Але ў яго спіс заўсёды адзін і той жа: трактар, марозіва і малако. Ну, трактар зразумела, з марозівам больш-менш зразумела, а малако…
Арцём: Можа, таму што яно заўсёды ў нас заканчваецца (смяюцца).
Ганна: Ён, напэўна, перажывае, гаспадарлівы. Калі на трактар грошай не хопіць – тады хоць марозіва дый малако (смяюцца). Ну, так і не растроішся моцна: ты прасіў малако – вось табе малако. Але звычайна дорым больш саліднае нешта, канешне. Ну, не малако…кефір там, напрыклад.

«Наогул шмат ёсць яшчэ студэнцкіх гісторый, але іх лепш не расказваць…»
Ганна: Калі жыла ў інтэрнаце, Арцём лазіў да мяне ў вокны па канату з прасцінаў. І аднойчы калі Арцём амаль што дабраўся да 3 этажа, наш аднагрупнік адпусціў прасціны, каб падаць Арцёму рукі.
Арцём: Але забыў, што трымае прасціны, па якіх я ўзбіраюся (смяюцца)
А аднойчы вахцёрша мяне за адну ноч 4 разы выганяла з інтэрнату. Яна ўсё ніяк не магла зразумець, як я туды трапляю. Усё выводзіла мяне за браму, праганяла. Не ведала, бедалага, што там ёсць маса шляхоў, як прабрацца ў інтэрнат.
 
«Я паважаю Ганну за…»
Арцём: Я паважаю Аню за…шчырасць, чэснасць.
Ганна: Ага, і ругаеш заўсёды за гэта ж.
Арцём: Яна не крывадушная, ніколі.
Ганна(урачыста, узнёсла): А я Арцёма за інтэлігентнасць. І таксама ругаю за гэта, часам і раздражняе проста.
Вось першае за што пакахаў, потым гэта і пачынае бясіць.
Ну, вось табе мая прамалінейнасць падабаецца, а часам ты мяне ругаеш за гэта.
Арцём: Я агранку ствараю.
Ганна: Так жа і я, ты крапатлівы, а часам занадта. Я да таго, што за што пакахаў, за тое потым… Ну, усё, гэта ўся думка мая.
(смяюцца разам)
 

ЗА КАДРАМ СЛОЎ

***

Арцём: У нас на кухні заўсёды мяняюцца малюнкі, па чарзе нешта малюем, тут во, як бачыце, Аня малявала (усміхаецца)

***
Ганна: Нешта мы тут абы што нагаварылі, трэба было фейерверк запускаць
Арцём: Не, ну, вясёлыя гісторыі таксама былі, пра твой зуб, напрыклад.
(смяемся разам)
Аня, проста твае гісторыі заўсёды трошачкі няпраўда.
Ганна: Пачакай, як там…эм-м-м…(пафасна вымаўляе) еслі ты не помніш, то эта не значыт, што этава не была, ага.
 
***
Ганна: Адзін ад аднаго не стамляемся. Наадварот, калі б мы працавалі ў розых месцах, былі б, напэўна, сваркі, я проста ведаю па сабе, што мне б хацелася больш часу праводзіць разам, ад гэтага б злаваліся. А так мы разам, і добра, і ёсць пра што пагутарыць.

***
Ганна: Любім на гастролі ездзіць. Новыя месціны заўсёды, хадзіць, даведвацца – гэта цікава, гэта мы любім…блін, як жа гэта складана адказваць на пытанні.

***
Арцём: Акрамя «Следов на воде»больш нармальнага кіно ў нас і няма, дзе б я здымаўся.
Ганна (іранічна-артыстычна): А«Мухтар», Арцём, ну, ізвіні міня!
 
***
Арцём: У нас тут сур’ёзныя адносіны.
Ганна: У мяне з усімі сур’ёзныя адносіны, Арцём.
 
***
Ганна: Але вы не падумайце чаго, мы, вось, напрыклад, яшчэ пішам вершы, а потым адзін аднаму свае вершы чытаем.
Арцём: Любім падзяліцца ўражаннямі наконт прачытаных кніг.
 
***
Ганна: Ну, вабшчэ мы как-та грусна жывём, я вот думала вы прыдзёце, я такая у сукенцы да пят, Арцём у касцюме, прыгожы. А тут неяк так па-хятняму, эх. Ну, скушна, скушна мы жывем…
(смяемся разам)

P.S.Гэта знаёмства з любімай сям’ёй (і такімі блізкімі, як падаецца, мне людзьмі), я магу адзначыць як – усё на ўзроўні адчуванняў. Калі людзям не патрэбна казаць, які іх любімы занятак, які род музыкі любімы, хобі, кіно і г.д. Яны проста любяць разам нешта вельмі аднолькавае, пры гэтым вельмі рознае, спазнаюць выдатнае і неспазнанае ўдвух, утрох, насалоджваюцца, раскрываюць адзін аднаго. Гэта тое, што не патрэбуе славеснай абалонкі. Гэта, напэўна, і ёсць каханне, і ёсць шчасце.

P.P.S. А яны насамрэч такія прыкалісты, заўсёды, і ім немагчыма не адказваць узаемнасцю: )

З цеплынёй, павагай і
бязмежнай любоўю да Курэнь-Семянякаў,
Жанна Гурына.

Фота: Алекс Астапенка і з архіва герояў