Аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык — Яўген Карняг
Мастак — Таццяна Нерсісян
Музычнае афармленне — Мікіта Залатар, Яўген Карняг

Акцёры:
Гражына Быкава
Ганна Гаспадарык
Юля Вярхоўская
Андрэй Новік
Павел Церахаў
Мікіта Бандарэнка
Іван Стральцоў
Ігар Шугалееў

“Праз цялеснае, псіхафізічнае дзеянне рэжысёр распавядае пра хваравіта-актуальныя з’явы сучаснасці — гендэрныя фобіі, сексуальныя фрустрацыі, пра крызіс маскуліннасці і традыцыйны вобраз «сапраўднага мужчыны».
Героі спектакля пазбаўлены звыклых асабістых і сацыяльных якасцяў. Гэта мужчыны і жанчыны наогул — у іх архетыпічным разуменні.
Гераіні спектакля гіперактыўныя. Сваімі паводзінамі і вонкавым абліччам яны выварочваюць агульнапрыняты стыль «далікатнай жаноцкасці», яны дэманструюць паталагічнасць звыклых сацыякультурных норм. Іх камунікатыўная мова — спакуса, агрэсія і гвалт. Іх паводзінамі кіруе вітальная энергія, падобная той, якую Іосіф Бродскі называў «метафізічным інстынктам». Мужчыны ж, наадварот, інфантыльныя і татальна пасіўныя. Іх цялеснае і псіхічнае аблічча не адпавядае стэрэатыпнаму вобразу «сапраўднага мужчыны» — моцнага і агрэсіўнага мача. Сацыяльную няспеласць і бездапаможнасць сваіх герояў рэжысёр не проста падкрэслівае, але даводзіць да абсурду, знарочыста высока размясціўшы пісуары, да якіх з апошніх сіл спрабуюць даскочыць-дацягнуцца мужчыны. Калі ж адзін з іх пераможна ўзнімаецца ўвысь да жаданага аб’екта, гэта ператвараецца ў прадстаўленне, маскарад, які заканчваецца падзеннем з уяўляемых «катурнаў» мужнасці і рыданнямі, што пераходзяць у крык. Крык набывае ў спектаклі вельмі важнае значэнне. Гэта крык, блізкі да таго значэння, якое сустракаецца ў прозе маркіза дэ Сада: «Крык — гэта дасімвалічнае выкарыстанне голаса, гэта голас да таго, як ім завалодае мова … Гэта голас, зведзены да чыста матэрыяльнага руху … Крык, які пакуль яшчэ не ёсць мова, у той жа час паказвае на тое, што мовы тут ужо няма, што яна была разбурана…».
Тут усё даведзена да мяжы, да крайнасці: дотыкі раняць, абдымкі задушваюць, а паспрабаваўшыя каханне, падаюць як нежывыя, як ад атруты.”
Святлана Ўланоўская

(аўтар фота — Дзіна Даніловіч)

Спектакль прыняў удзел у міжнародных тэатральных фестывалях:
— Міжнародны тэатральны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», прыз за лепшую рэжысуру, Мінск 2013
— Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт”, Мінск 2013;
— Міжнародныя культурныя сустрэчы ў Боне. Бон, Германія, 2013
— Міжнародны тэатральны фестываль RETRO / PER / SPEKTYWY. Лодзь 2014, Польшча
— XVII Міжнародны тэатральны фестываль студэнцкіх тэатраў. Вільнюс, Літва, 2014
— Міжнародны тэатральны фестываль THEATERFEST. Санкт Віт, Бельгія, 2014
— Міжнародны фестываль камедыі. Алітус, Літва, 2014
— Міжнародны тэатральны Фестваль Le Manifeste. Дзюнкерк, Францыя, 2015
— Міжнародны Тэатральны Фестваль Wioska Teatralna. Венгайты, Польшча, 2015
— Дні Сучаснага мастацтва ў Беластоку, Польшча 2016