Зыніцыіраваўшы аванцюру з лістамі да РТБД, напэўна,
было б несправядліва самой не напісаць ліст.
А так як ён стане апошнім выпускам блога ў гэтым сезоне,
дазволю яшчэ больш адкрытасці ў праяве сваіх #сапраўдныхэмоцый.

Вітаю, любыя!
Кожны раз, калі намагаюся ўзгадаць, з якога моманту пачаліся нашы адносіны – у галаве адразу мініяцюра для якога-небудзь сумеснага капусніка.
Сцэна. Дэкарацыі нагадваюць рэкламны аддзел Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі, за працоўнымі сталамі сядзяць мілавідныя дзяўчыны, па іх выразах твару заўважна: пагружаны ў працу. Над сцэнай – літарамі выведзена «Тэрмінова шукаю практыку». Выходзіць дзяўчынка год 20, бадзёра-шчасліва-ўрачыста прамаўляе: «Добры дзень! Я хачу прайсці ў вас пераддыпломную практыку. Кропка.» і сыходзіць. Дзяўчаты пераглянуліся і ў адзін голас: «Усё, канешне, выдатна, але…што гэта было?» Дзяўчынка зноў выходзіць на сцэну, у руках трымае дыктафон і так жа бадзёра-шчасліва-ўрачыста вымаўляе: «Хто першы стане ахвярай інтэрв’ю?»
Ну, дзесьці так усё і закруцілася ў нас: Жанна проста прыйшла і больш не захацела сыходзіць =)
Я ніколі не хавала сваіх маніякальных схільнасцяў у дачыненні да тэатраў, але, РТБД, ВЫ ў маім сэрцы (не ведаю, мо, наўмысна гэта зрабілі). ВЫ з тых, хто змяняе. Нас, звычайных і незвычайных, простых і складаных, сумных і вясёлых, гледачоў.

Так, варта прызнацца, што да РТБД я была зусім не кранутая па-закуліснай кухняй, эксперыментальнымі чыткамі п’ес (ды і проста чыткамі), так жа, дарэчы, як і эксперыментальнымі, дакументальнымі спектаклямі, пра магчымасць бачыць, слухаць і моўчкі не паспяваць выдыхаць я і наогул…а чаго тут ужо – напішу!

Магчыма, я ненармальная, але заўсёды зайздросціла людзям, якія ў тэатры, каля яго, з ім. Яны ВЫ іншыя – не горшыя, не лепшыя – проста істотна іншыя. Тое, што ВЫ робіце, для вас, магчыма, натуральна, надзённа, часам лічаце: «Нічога незвычайнага, ёсць лепш, ёсць мацней». Так, ёсць, але ВЫ – больш, чым ВЫ думаеце. І я дзякую ВАМ за вашу шчырасць, сумленнасць, годнасць і прагнае жаданне да пошукаў і эксперыментаў.
Мне вельмі пашанцавала з ВАМІ, РТБД. Хаця б таму, што я дастала з патаемнай шафы метафар і лістоў усе груды свайго невыказанага, накопленага і нарэшце нешта тут крэмзаю-вымалёўваю словам ды яшчэ і пра тое, што да душы. Шчыра ўдзячна Аляксандру Марчанку і Цэнтру беларускай драматургіі за тое, што яны робяць. Гэта, сапраўды, матывуе, заражае. Таму вельмі абяцаю мужацца і працаваць, каб патрапіць на наступную драматургічную лабараторыю.

Гэты сезон папоўніў маю скрыню тэатральных, асабістых і агульначалавечых адкрыццяў.

ПЕРШАЕ.

Абавязкова варта наведваць спектаклі
«Кар’ера доктара Рауса» (зацаніць тонкасць і трапнасць рэжысёрскіх метафар і разынак ад Аляксандра Гарцуева, выдатных – не палянуюся, пералічу – Шышко, Брагінца, Новіка, Шымко, Курэня, Давідовіча, Салаўёва, Воранава, Стоньку, Ясінскага, Дабравольскага, Багушэвіча, ВайцяховічаАнісенка, Баброву; а таксама запэўніць сябе ў бяспрэчным таленце спадара Марціновіча),
«Сіндром Медэі» (уразіцца глыбіннымі рэжысёрскімі пошукамі Кацярыны Аверкавай, ігрой акцёраў, музыкай, касцюмамі, матэрыялам – магчыма, быць нязгодным з гэтым, але не быць абыякавым),
«Беларусь. Дыдактыка» (зразумець, што Аляксандр Марчанка робіць свядомыя спектаклі для свядомага беларуса),
«Пелікан» (раз і назаўсёды палюбіць пару СемянякаКурэнь),
«Гэта ўсё яна» (натхніцца, захапіцца тым, якой рознай бывае Людміла Сідаркевіч),
чытанне п’есы «Крыжовы паход дзяцей» (звар’яцець ад таго, наколькі гэта крута, але ніколі больш не старацца зразумець Юру Дзівакова),
спектакль «Латэнтныя мужчыны» (проста. гэта. Карняг. Сядзі моўчкі і паглынай).

ДРУГОЕ.

(Можна я тут толькі прозвішча напішу? Дзякуй.)
Максім Шышко.
(Максім усё ведае, абяцала не перахвальваць. Маўчу.)

ТРЭЦЯЕ.

А я не такі ўжо і кансерватар ды класічных поглядаў спадарыня, як думалася раней. Усё змяніў Дзівакоў, Гарцуеў і Марціновіч. Жартую, канешне, але нешта ў гэтым ёсць =)

ЧАЦВЁРТАЕ.

РТБД – гэта людзі. Так, розныя, але жывыя.

Мае любыя, веру ў ВАС, у кожнага з вас. ВЫ ж яшчэ такія маладзенькія, ВАМ толькі 25 =)
Веру, што ваш наш глядач знаходзіць (знойдзе) і адчувае (адчуе) тыя жывыя і сапраўдныя праявы сваіх і нашых эмоцый. Таму, танчце, спявайце, заставайцеся такімі ж непасрэднымі, жывымі. Ідзіце наперад, пракладайце свой тэатральны шлях «блокамі РТБД», прымнажаце, папаўняйце асабістае і прафесійнае, удасканальвайцеся, шукайце і знаходзьце.
Веру і жадаю ВАМ (і нам) гэтага.
Дзякуй ВАМ за ВАС і за мяне ўласна таксама. Дзякуй за сапраўдныя эмоцыі.
А напрыканцы хвілінка забаўлянкі: хто адгадае маё месца-фаварыт у РТБД – атрымае ліст з сюрпрызам. Вось так вам, гадайце цяпер =)
Усім адпачынку і пяшчотнага сонейка.
Сустрэнемся ў верасні
         …альбо коскамі, сказамі, кропкамі ў лістах да РТБД =)

З цеплынёй і павагай, Жанна.