БЕЛАРУСЬ. ДЫДАКТЫКА

Аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, з рэчаіснасцю, роднай прыродай, сваім народам, праз беларускі фальклор і ўрыўкі з беларускай класічнай літаратуры разважае народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, а дапамагае ёй у гэтым музыка Дзмітрый Лук’янчык.

Дзеючыя асобы – народна артыстка Беларусі Таццяна МАРХЕЛЬ і музыка Дзмітрый ЛУК’ЯНЧЫК

СТВАРАЛЬНІКІ СПЕКТАКЛЯ АБ ПАСТАНОЎЦЫ
Рэжысёр Аляксандр Марчанка

“Для мяне, як для чалавека, які знаходіцца на памежжы – я напалову рускі, напалову беларус – шлях да беларускай мовы, беларускай літаратуры, беларускага фальклору і ўвогуле беларускасці быў даволі доўгі.

Я вывучаў беларускую мову і беларускую літаратуру (хаця вырас я ў рускай вёсцы, з рускай бабуляй). У школьныя гады з гэтым было не надта добра. З настаўнікамі мне не пашанцавала. І беларускае асяроддзе ў 90-ыя было вельмі агрэсіўным – дэбаты, рэферэндумы і г.д. Яно заўсёды было звязана з палітыкай, статусам такім – незразумела пра што гэта.

Я вывучаў і ведаў беларускую мову. Напрыклад, ва ўніверсітэце я сутыкнуўся з даволі добрым выкладчыкам беларускай літаратуры. Потым я пачаў карыстацца мовай на рабоце. Але я адчуваў, што чагосці не дастае, не хапае.

Праявы мовы ў яе натуральлнай форме, такім прыгожым выглядзе, якім можна залюбавацца і захапіцца, з’явіліся толькі калі я пачуў песні, якія спявае Таццяна Рыгораўна і Дзіма Лук’янчык. І толькі тады я пачаў гэтую прыгажосць адчуваць. Вось што з’явілася для мяне адпраўной кропкай.

Апошнім часам, ужо ў гэтым усплёску беларускасці, які пачаўся не так даўно, былі размовы кшталту «да што гэта за краіна Беларусь», што «яна інуе толькі 90 гадоў» і «мова беларуская – гэта дыялект рускай». Там, у гэтых гаворках было шмат выказванняў і быў верш, у якім не было ніводнага слова – калькі з рускай мовы. Гэта дае магчымасць зразумець, што традыцыя, насамрэч, даволі даўняя, аўтэнтычная, ніякім чынам не звязаная з рускай мовай, а свая, старабеларуская. І наша праца над спектаклем «Беларусь. Дыдактыка» – гэта таксама спосаб даказаць тое ж самае, але праз вопыт. Вопыт эмацыянальны, назапашаны пакаленнямі, якія адлюстроўвалі ў песнях свае пачуцці – смутак, тугу, радасць, шчасце, весялось і гэтак далей.

Я вынес у назву слова «дыдактыка» (як «раздзел педагогікі, якая …раскрывае заканамернасці засваення ведаў, уменняў і навыкаў і фарміравання перакананняў…») таму, што гэта для мяне ключ. Наша гісторыя [спектакль «Беларусь. Дыдактыка»] – гэта ключ да таго, як адчуць прыгажосць роднай мовы і закахацца ў яе.”

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель

“Калісьці, яшчэ значна раней да таго, як з’явілася ідэя гэтага спектаклю, Саша Марчанка  браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу, літаральна па маім жыцці. Я тады прачытала яе і падумала: “Божа, так адкрывацца нельга, гэта нават грэх нейкі, такім быць адкрытым” – і адмовілася, не дазволіла гэта ставіць на сцэне. Безумоўна, яны мяне зразумелі, і праз некаторы час Саша падаў новую ідэю,вось такога  шчырага, адкрытага праекту, пачаў расказваць сваё бачанне спектаклю “Беларусь. Дыдактыка”. Зноў мне было неяк няёмка, нязручна: “Ну, як гэта, сваё асабістае, сакральнае выносіць на сцэну”. Аднак, калі паглыбіцца ў думкі, ісці ад узросту, жыццёвага вопыту – і я ж таксама стараюся нешта браць ад людзей, якіх сустракаю, якія для мяне штосьці новае адкрываюць і штосьці асабістае кажуць, штосьці тое, што для іх саміх з’яўляецца патаемным і важным.

А колькі ў літаратуры нашай і ў пісьменніках можна знайсці гэтага асабістага і шчырага. Памятаю, калі яшчэ працавала ў Віцебску, мы ладзілі вечарыны, на падмурку так званых трох “Б” – Быкаў, Барадулін, Бураўкін. І вось іх чытаеш і думаеш: “людзі, ды такія пісьменнікі адкрываліся, дзяліліся з намі сваім патаемным, чаму ж гэта я не магу падзяліцца чымсьці такім?”

Тыя ж песні нашы беларускія, якія будуць гучаць у спектаклі – гэта таксама ў нейкай ступені маё асабістае, патаемнае. Песні, якія я буду выконваць, – гэта песні маёй матулі.

Сама я з вёскі Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна, і колькі жыла там, хадзіла ў школу – заўсёды была мама поруч, якая шмат спявала. І, безумоўна, я проста слухала-слухала гэтыя песні і ніколі не думала, што гэта штосьці такое дзіўнае, каштоўнае. Для мяне гэта было звычайна: спявае і спявае мама – гэта натуральнае наша жыццё.

Мама, памятаю, калі бацька не вярнуйся з фронту, шмат плакала, пакутавала. А потым усё роўна спявала, бо душа прасіла. Ідзе са жніва – пяе, гатуе – пяе, вяселле на вёсцы – пяе, пад усё, што б ні рабіла, спявала. Менавіта таму і песні гэтыя я ведала: спачатку слухала, а потым проста разам спявала з мамай.

І мне добра запомніўся той моманты, калі мяне ўпершыню папрасілі заспяваць нашы з мамай песні ў спектаклі. Я тады працавала ў Віцебску і мы рыхтаваліся да юбілею Якуба Коласа, ставілі “Сымона-музыку”, наш рэжысёр Мазынскі падышоў да мяне і кажа: “Што ты там, маміны песні спяваеш? Ну, паспявай у спектаклі!” Гэта такое дзіва было для мяне: “Як гэта ў спектаклі? Мы дома з мамай пелі, а тут у спектаклі!” А потым пачала: “Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў” – і чую, як гэта ўсё сутыкнулася. Гэта вось было такое першае мае адкрыццё, што маміны песні могуць вось так існаваць, гучаць у тэатры.

Другі раз было такое маё здзіўленне, калі мне прапанавалі запісаць дзве песні да фільма “Людзі на балоце”. Запісвалі тады дзве песні мы восем гадзін. Памятаю, як мне казалі: спявай, як над зямлёй гэтай – высока, шырока, над балотамі гэтымі, над граззю, каб была цудоўнай зямля гэта, на якой жывуць прыгожыя людзі, героі Мележа. Пасля аператар зняў прыгожыя краявіды і перадаваў тады мне праз калег, што песні выдатна ляглі на кадры.

Такі доўгі шлях, цікавы, складаны, няпросты, але, я думаю, хай праз слёзы, тугу, але гэта варта паказаць, гэты праект варта зрабіць, адкрыцца варта. Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела, што ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб яны гэта ведалі, разумелі, таму што гэта наш скарб, які зацікаўлівае і іншыя народы. Тое, што менавіта наша, не сцягнутае з некага, не перапевы чужыя, не перамовы чужыя, ні словы чужыя, а менавіта наша, беларускае.”

Музыка Дзмітрый Лук'янчык

“Спектакль “Беларусь. Дыдактыка” – працяг маёй тэатральнай гісторыі. Да гэтага я ўпершыню сутыкнуўся з тэатральнай пастаноўкай і збіраў музыку да спектакля “Гульня без правілаў і з невядомай мэтай”. І зараз для мяне гэта ў нейкім сэнсе працяг гісторыі вывучэння беларуса праз сур’ёзныя пытанні. З аднаго боку яны вельмі простыя, але з іншага – значна сур’ёзныя і складаныя, так мовіць, уласныя вочы паварочваюць унутр чалавека ўвогуле і беларуса ў прыватнасці. Лічу, што гэта зараз для нас вельмі актуальна, таму што мы праходзім перыяд самаідэнтыфікацыі. Нейкія культуры, нацыі, прайшлі гэты перыяд раней, нейкія пазней, а мы, атрымліваецца, праходзяць яго цяпер. Калісьці здавалася, што мы даўно ўжо сфарміраваныя, аднак час, падзеі, нашыя ж учынкі паказваюць, што яшчэ не. Таму гэтыя спектаклі, якія ставіць Аляксандр Марчанка, своечасовыя, гэта паглыбленае, уцягнутае разважанне аб тым, што  і хто мы ёсць.

Для мяне вельмі цікава і ў той жа час вельмі адказна тое, што менавіта ў гэтым няпростым, шчырым і адкрытым спектаклі я магу выступаць не толькі ў ролі музыкі, але і ў ролі акцёра. Аднак якімі б ні былі складанымі і сур’ёзнымі пытанні, тэмы, якія падымае “Беларусь.Дыдактыка”, я жадаю гледачу , а таксама і сабе самому, лёгкасці ўспрымання, як быццам мы назіраем за нейкім натуральным працэсам з паўсядзённага звычайнага жыцця. Думаю, калі мы будзем вельмі моцна напружвацца, можам кудысьці сысці ў бок з таго шляху вызначэння і разумення самаідэнтыфікацыі. Таму менавіта лёгкасць успрымання, як мне падаецца, павінна быць.”

фестывалi і гастролі

Дзень беларускага пісьменства (г.Полацк) — верасень 2017

XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна–2017». Спектакль «Беларусь.Дыдактыка» (рэжысёр – Аляксандр Марчанка) — чэрвень 2017

Дні культуры і славянскага пісьменства (г.Бельск, Польшча) — май 2017

 

Прызы і ўзнагароды

Жанр:
Дарога да сябе
Рэжысёр-пастаноўшчык:
Аляксандр Марчанка
Музыка:
Дзмітрый Лук’янчык
Рэдактар па адборы літаратурнага матэрыялу:
Вера Буланда
Працягласць:
1 г. 10 хв. без антракту
Прэм’ера:
20 студзеня 2017г.

Спектакль створаны
пры падтрымцы

belgosstrax_logo_1

Аўтар выцінанкі на афішы —
Вольга Бабурына

Ролі выконваюць

Фотагалерэя

Фотаздымкі рэпетыцый

Вiдэа

Прэса

Ключ да дыдактыкі жыцця — Ірына Свірко, СБ.Беларусь сегодня, 20.01.2017

Дарога да цябе — Надзея Бунцэвіч, Культура, 21.01.2017

Эффект бабушки – Добрый зритель в 9-ом ряду, СБ.Беларусь сегодня, 23.01.2017.

Водгукі

Дазволю сабе дзёрзкасць сказаць, што Таццяна Рыгораўна Мархель — Душа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сёння Душа спявала, жартавала, сумавала і паказвала нам дарогу да сябе. Хай не пужае строгая назва “Беларусь. Дыдактыка”, спектакль празрысты і ціхі і пакідае пасля сябе жаданне працягнуць яго сваімі асабістымі ўспамінамі… З прэм’ерай!

21.01.2017, Дар’я Пятровіч

Таццяна Мархель — гэта адметная творчая адзінка у тэатральным майстэрстве нашай краіны. Актрыса, якая захоувае выдатныя узоры фальклорных абрадавых песень, якія пачула яшчэ у дзяцінстве. У спектаклі «Беларусь. Дыдактыка» былі і спевы, і шчырае прачытанне вершау і прозы беларускіх аутарау пад фантастычны інструментальны фон у выкананні Дзмітрыя Лук’янчыка.
Напярэдадні, на Вадохрышча, быу дзень нараджэння актрысы, таму жадаючых павіншаваць яе сабралася значна больш, чым было месц у зале.
Урачыста і хораша прайшоу гэты вечар!

Святлана Мачульская, 21.01.2017

Сидя у камина (так казалось), а вовсе не в зрительном зале, ощущать биение сердца настоящей породистой (извините, за не совсем этичное сравнение) белорусски Татьяны Мархель, видеть ее лучезарные, добрые, искренние глаза, слегка увлажненные, слушать фольклорные напевы — это касается и по-доброму задевает! Весь зал не хотел уходить: настолько захватили наши внимание и мысли.. мысли о белорусскости, жизни тогда и сейчас… о людях…
Честно признаться, мне хотелось больше аллегоричности, хотя в простоте и незамысловатости есть своя прелесть — это как простодушие белорусского человека. И все же возникли некоторые ассоциации от увиденного:
— красные бусы как символ собранности, уверенности, устойчивости: сначала Татьяна сняла их, оголив душу и чувства, но потом негативные воспоминания и рассуждения стали ранить, делали слишком уязвимой, что заставило взять себя в руки и вернуть самообладание (надеть бусы снова).
— табуретка — это как уютное место в подсознании; сидя на ней, героиня погружалась в негу светлых и приятных мыслей, душевных песен. И вот хотелось еще символичности добавить в спектакль и продлить его хотя бы минут на 15-20;)
— а еще я почему-то ждала флеш-моба “валачобнiкi”, ведь большая часть актерского молодняка РТБД была в зале / мог быть неплохой ход именно для премьеры;) но с другой стороны могли потеряться интимность и медитативность спектакля.
спасибо за чудесный вечер, жаль, что он так быстро окончился)

Анна Иеропес, 23.01.2017

ПАКІНУЦЬ ВОДГУК

10 + 5 =

Кантакты


Дзяржаўная ўстанова
«Заслужаны калектыў Рэспублiкi Беларусь
«Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургii»
г.Мінск, вул.Крапоткіна, 44
тэл.: (017) 286 03 27
тэл.: (029) 154 04 44
каса: (017) 385 97 51
Каса працуе: аўт. - ндз. 10.00-19.00, вых. - панядзелак
перапынкі: 13.00-14.00, 15.30-16.00
tbd@tut.by

 

Сацсеткi


 facb vkic instgr ytubeico

Рэспублiканскi тэатр беларускай драматургіі


© 20152017 РТБД | Дызайн — STUDIO OS