Сябры!

Вось і падышоў да заканчэння 24-ты тэатральны сезон у РТБД – «Сезон сустрэч»!

За гэты сезон трупа тэатра адыграла 282 спектакля, свет убачылі 4 прэм’еры: «Любоў людзей», «Партрэт», «Гульня без правілаў і з невядомай мэтай», «Пелікан».

Спектакль “Любоў людзей”

Спектакль “Партрэт”

Спектакль “Гульня без правілаў і з невядомай мэтай”

Спектакль “Пелікан”

Тэатр пабываў з гастролямі ў Астраўцэ, Баранавічах, Гальшанах і Салігорску, прыняў удзел у Днях беларускай пісьменнасці ў Шчучыне, у V Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ», у V Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску і «Беларускіх сезонах» у Маскве.

Адно з самых значных нашых дасягненняў мінулага сезона — правядзенне II Моладзевага тэатральнага форума краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі.

Спектакль “Дзед”
на V Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ім.В.І.Дуніна-Марцінкевіча

Авацыі пасля спектакля “Адвечная песня”
у рамках “Беларускіх сезонаў у Маскве”

Мастэр-клас Віктара Рыжакова
на II Моладзевым тэатральным форуме краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі

Сустрэча маладых тэатральных крытыкаў
на II Моладзевым тэатральным форуме краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі

У гэтым сезоне мы аднавілі сайт тэатра і адкрылі сувенірную краму. На працягу ўсяго сезона працавала наша выставачная прастора “Арт Хол”

Тэатр з поспехам працягнуў праект «Дыялогі ў закуліссі», а таксама запусціў новы дабрачынны праект «Стань добрым чараўніком разам з РТБД» і праграму «Даступная серада» (безбар’ерны доступ). Мы таксама распачалі шэраг новых пректаў у сацсетках: «#10днейдопремьеры», «#НеделяОдногоАктера», «#КультурноЖитьНеЗапретишь».

У тэатры былі праведзены мерапрыемствы да святаў і памятных дат: на Дзень ведаў, да свята 8 сакавіка, Дня Перамогі, Міжнароднага дня абароны дзяцей, а таксама Купалле, якое стала ўжо традыцыйным у РТБД. Нашы акцёры прымалі ўдзел у дзяржаўных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці і Дню нараджэння Янкі Купалы.

Праект “Дыялогі ў закуліссі”

Сустрэча прадстаўнікоў моладзевага клуба “Патрыёт” з ветэранамі ВАВ, членамі Савета Ветэранаў, Беларускага саюза афіцэраў і Рэспубліканскага дома ДАСААФ

Праект “Дыялогі ў закуліссі”

“Святкуем Купалле разам з Купалам”

Цэнтр беларускай драматургіі правёў традыцыйную, ужо 5-ую, Міжнародную драматургічную лабараторыю, прэзентацыю зборніка новай нямецкай драматургіі «ШАГ»,  шэраг чытак і спектакляў («Участковые», «А если завтра нет», «Лондон» (сумесна з Магілёўскім абласным драматычным тэатрам (г.Бабруйск)).

Дзякуючы намаганням ЦБД убачыла свет «Анталогія сучаснай беларускай драматургіі».

Сумесна з дзяржаўнай установай «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» і адкрытым акцыянерным таварыствам «Ашчадны банк «Беларусбанк» мы распачалі конкурс па стварэнні твораў для драматычнага тэатра, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пад назвай «Францыск Скарына і сучаснасць».

Удзельнікі V Міжнароднай драматургічнай лабараторыі

Спектакль “Лондон”,
Магілёўскі абласны драматычны тэатр (г.Бабруйск)

Чытанне п’есы “Без монет нет конфет”
Прэзентацыя зборніка новай нямецкай драматургіі “ШАГ”

Спектакль “Участковые, или Преодолеваемое противодействие”,
Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ”

У гэтым сезоне заззялі новыя зоркі нашых маладых і таленавітых акцёраў: Арцёма Курэня, Андрэя Новіка, Ганны Семяняка. Яны з вялікім поспехам паказалі сябе ў галоўных ролях прэм’ерных спекталяў: «Любоў людзей», «Партрэт», «Пелікан». Дарэчы, у гэтым насычаным і няпростым сезоне ўся трупа паказала сваю нелімітаваную працаздольнасць, згуртаванасць і творчую моц.

Арцём Курэнь у ролі Сына,
спектакль “Пелікан”

Андрэй Новік у ролі Андрэя Чарткова,
спектакль “Партрэт”

Ганна Семяняка ў ролі Люські,
спектакль “Любоў людзей”

Шмат праектаў і мерапрыемстваў здейсніліся дзякуючы падтрымцы нашых пастаянных і новых партнёраў, асабліва:

Беларусбанка, Белдзяржстраха, Кампаній Уладзіміра Граўцова, Мінскрэкламы, Групы кампаній «Твая Сталіца», ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (ОНТ), ЗП «Караван», альманаха «Маналог», Пасольства Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза супрацоўнікаў адукацыі і навукі, білетнага аператара Bycard, а таксама Студыі ОС і нашых фатографаў Лікі Грэковіч і Алекса Астапенкі.

Наша шматгадовае супрацоўніцтва з МГА «Тэатра» і французскай тэатральнай асацыяцыяй «Demain le Printemps» (Францыя) аформілася ў праграму «Тэатральная арка».

Мастэр-класы для студэнтаў
МГА «Театра» і «Demain le Printemps»

Спектакль “Пелікан”,
створаны пры падтрымцы групы кампаній “Твая сталіца” і Пасальства Швецыі ў РБ

“Театро-BOX”,
бясплатныя мастэр-классы ў рамках праграмы “Тэатральная арка”

Дабрачынны паказ спектакля “Два чароўныя парасоны”
пры падтрымцы МТБанка, Белджяржстраха і кампаніі ByCard

«Сезон сустрэч» завершаны. Ён быў насычаным, плённым і вельмі цікавым.

Дзякуй усім, хто рабіў гэтую неверагодную справу пад назвай «РТБД». Дзякуй вам за веру і невычэрпнае натхненне, адданасць і плённую працу.

Дзякуй вам, нашыя дарагія гледачы, хто быў разам з намі на працягу сезона, наведваў нашыя спектаклі і мерапрыемствы, пісаў пра нас водгукі, распавядаў сябрам і знаёмым.

Мы жадаем усім цудоўнага адпачынку, а самі працягваем працу над новым юбілейным 25-ым сезонам. Ён абяцае быць яшчэ насычаней і цікавей. Мы рыхтуем шмат сюрпрызаў, нечаканасцяў і неверагодных падзей!

Дзякуй усім яшчэ раз і да новых сустрэч!