Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
(Віцебск, Беларусь)

ЦЕНЬ ДУМКІ НАШАЙ…

Фантазія
Паводле твораў Францішка Аляхновіча

Пастаноўка і музычнае афармленне Ніна Обухава
Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур
Пластыка і харэаграфія Сяргей Таўкач
У ролях: Георгій Лойка, Наталля Аладка, Раман Салаўёў, Улляна Ацясава
Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін (без антракту)
Прэм’ера – 11 сакавіка 2016 года

Чалавек сам з’яўляецца творцам свайго лёсу. І калі ў мінулым здараюцца памылкі, адказваць за іх прыйдзецца цягам усяго жыцця. Магчыма, нячыстае сумленне прымушае чалавека пакутаваць і раз-пораз вяртацца да былога. Але рэжысёр спектакля Ніна Обухава пераконвае: не варта трымацца за мінулае, якім бы горкім ці салодкім яно не было, а трэба жыць сёння і зараз, каб несці святло навокал, дарыць душэўную цеплыню родным і блізкім людзям.

…Бацька сямейства Сцяпан меў раней надзвычай узвышаныя парыванні і прагу да творчасці, але з часам яны пераўтварыліся ў выключна эгаістычныя памкненні. У юнацтве ён спрычыніўся да заўчаснай гібелі былой каханай, якая нечакана «уваскрэсла» у вобразе маладой кватаранткі Матыльды. У яго спапялелай душы, здаецца, адраджаюцца былыя пачуцці. Тая ж дзяўчына запальвае жарсць і ў сэрцы 18-гадовага паэта і летуценніка Міхася, сына Сцяпана і Марыі. Адносіны ўсё больш пераблытваюцца…

 

Ніна Обухава

Рэжысёр, актрыса. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасцях «Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно» (2003) і «Рэжысура драмы» (2016). З 1998 года з’яўляецца актрысай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Займаецца тэатральнай педагогікай. 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

Адкрыўся ў 1926 годзе ў Віцебску як Другі Беларускі драматычны тэатр. На сёння гэта адзіны нацыянальны тэатральны калектыў у Беларусі, які функцыянуе ў абласным цэнтры. Дух студыйнасці, мэтанакіраванасць аднадумцаў, духоўнае акцёрскае братэрства дзесяцігоддзямі перадавалася ад выканаўцы да выканаўцы. Любоў да беларускага слова, да Радзімы, нацыянальны каларыт створаных вобразаў вылучаюць лепшыя пастаноўкі коласаўцаў. Сёння на коласаўскай сцэне можна ўбачыць традыцыйную і глыбокую псіхалагічную драму з падрабязным і няспешна разгорнутым дзеяннем, далучыцца да яскравага праяўлення нацыянальнай годнасці, можна атрымаць асалоду ад тонкай гульні інтэлекта і лёгка трапіць у імклівую плынь тэатральнага эксперымента. У рэпертуары прадстаўлены спектаклі, напоўненыя высокай паэзіяй, і творы шчырай грамадзянскасці, звернутыя да розуму і сэрца сучаснікаў.