САПРАЎДНЫЯ ЭМОЦЫІ Ў РЭЖЫМЕ “НОН-СТОП”: АНДРЭЙ ДАБРАВОЛЬСКІ
У цікавы час жывем. Людзі раскрываюцца, як кнігі,
розныя кнігі сустрэць можаш у гэты час…
Яшчэ гады паўтары таму я не думала, што гэта інтэрв’ю магчыма, аднак на сёння яно, напэўна, адно з самых нечакана адкрытых, шчырых і падтрымліваючых для мяне.
Што ж цягнуць. Паехалі!

– Жанна, я вельмі рэдка даю інтэрв’ю. Калі сядзіш перад чалавекам, які бярэ ў цябе інтэрв’ю, ты адчуваеш сябе, нібы на споведзі. Ты распавядаеш яму ўсё самае важнае. І калі ў далейшым твае словы інтэрпрэтуюць, выдаюць адно за іншае, прападае жаданне даваць інтэрв’ю. Ты зачыняешся, хоць на самой справе табе ёсць, што сказаць. Пагаджаючыся на інтэрв’ю з табой, Жанна, я вырашыў, што будзе, як на споведзі, я адкажу на ўсе твае пытанні, адкажу сумленна, так, як лічу патрэбным. Калі ты пачуеш, што я хацеў сказаць, значыць, ты пачуеш, а калі не, то як бы я не намагаўся, пачуць табе не ўдасца.
ДЗЯЦІНСТВА І ПЕРАКАНАННІ АНДРЭЯ ДАБРАВОЛЬСКАГА,
якія артыст набыў у гэты перыяд свайго жыцця
“Нельга сказаць, што я быў забітым дзіцёнкам”
У дзяцінстве я быў досыць сціплым хлопчыкам. Так атрымалася, што ў 6 гадоў я страціў маму і застаўся з бабуляй, бо мае бацькі разам не жылі, былі ў разводзе. Мама памерла летам, мы год пражылі з бабуляй, а потым у маі і яна памерла. Я застаўся адзін, і мне прыйшлося сысці жыць да бацькі і яго жонкі.
Доўгі час я быў такі карапуз, круглы, вялікі, тоўстым мяне ўсё абзывалі. Але да пэўнага моманту. Я вельмі шмат хварэў, як казалі ўрачы, гэта ўсё з-за стрэсу. Аднак у 6 класе я трапіў у спартыўную залу штангі і пачаў паволі сябраваць з гэтым відам спорта.
Калі браць да смерці бабулі, то, вядома, я быў распешчаным дзіцем. Мама была не беднай жанчынай, вядучым інжынерам, яна была разумная, добра зарабляла, нельга сказаць, што я быў забітым дзіцёнкам. Усё самае лепшае, што тады магло быць у савецкіх дзяцей, у мяне было. На шчасце, маю маму атачалі добрыя, годныя сяброўкі і многія з іх мелі мужоў, якія ў той час ездзілі за мяжу, я ні ў чым не меў патрэбу.
Калі я ўжо жыў з татам, я таксама асоба ні ў чым не меў патрэбу. Мы кожны год ездзілі на адпачынкі на Поўдзень. Гэта была вялікая, добрая, з выгляду, сям’я, не бедная, але хутчэй эмацыйна мне было цяжка: чужую жанчыну ўспрымаць, называць яе мамай… Другі-чацвёрты класы – гэта было вельмі складана, сама па сабе адаптацыя была вельмі складаная. Напэўна, многія крамольныя рэчы тут краліся. Рысы ўпартасці характару пачалі праяўляцца: калі я быў не згодны з нейкімі рэчамі, на мяне ціснулі, а я не пагаджаўся, тады, безумоўна, праяўляў свой характар.

“Было прынята адваёўваць сваю тэрыторыю”
Калі казаць пра школу, я не тое, каб імкнуўся быць лідэрам, так складваліся сітуацыі, што я быў лідэрам у тых ці іншых гісторыях. Пачынаючы з першага класа, калі я быў моцным буйным пацанёнкам, хлопцы пабойваліся мяне. Я заўсёды стаяў на абароне дзяўчат. Тады было прынята адваёўваць сваю тэрыторыю, паказваць, хто галоўны чалавек на тэрыторыі. Але каб спецыяльна за мэту ставіць – быць лідэрам – такога не было, так складваліся абставіны.
“Я заўсёды быў за справядлівасць”
Мае перакананні з дзяцінства, напэўна, не змяніліся. Я верыў у справядлівасць! Гэта ўжо потым, калі дарослым стаў, я даведаўся, што такое “закон бумеранга”, а тады я верыў, што рана ці позна ўсё скончыцца, што Дабро заўсёды перамагае Зло. Вось гэта была мая 100%-ая вера. І я ніколі не нёс зло. Я заўсёды быў буйным хлопцам і заўсёды быў добрым, мог заўсёды дапамагчы. Аднак нельга было пераходзіць пэўныя межы. Калі людзі пераходзілі гэтыя пэўныя рубяжы, тады я рабіўся быком, сапраўдным зверам.
Напрыклад, калі крыўдзілі маіх сяброў, мне не трэба было гэта тлумачыць, мне дастаткова было ўбачыць – і я за іх “ўпісваўся”. Калі крыўдзілі дзяўчынак і я гэта бачыў, таксама за іх “ўпісваўся”.
Я заўсёды быў за справядлівасць. Калі людзі вінаватыя, яны павінны адказваць. Усё роўна, якім чынам, але яны павінны адказваць. Я гэта зраблю, жыццё прымусіць – усё роўна. Галоўнае – адказваць за свае ўчынкі. І я ў жыцці заўсёды імкнуся адказваць за свае словы і ўчынкі. Добрыя настаўнікі былі, я так скажу.

РОЛЯ ТЭАТРА Ў ЖЫЦЦІ АНДРЭЯ ДАБРАВОЛЬСКАГА:
разважанні, думкі і адчуванні
“Можна па-рознаму ўспрымаць кожную з роляў, але яна кожная твая”
У студэнцкі час была вельмі цікавая праца. Вельмі пашанцавала сустрэцца з геніяльнымі выкладчыкамі, такімі як Аляксандр Іванавіч Бутакоў, Юрый Уладзіміравіч Сідараў, Ілля Львовіч Курган, Валерый Данілавіч Анісенка. На курсе трэцім Валерый Данілавіч сказаў: “Мне не патрэбны рэжысёры, мне патрэбны акцёры”. І ён прывёў гэтых выкладчыкаў і мы пачалі ставіць спектакль за спектаклем. Гэта быў такі кайф! Спачатку мы паставілі “Макбет” па Шэкспіру, затым “Женитьбу Белугина” Астроўскага, потым Бутакоў ставіў “Последних” Горкага. Гэта была такая сустрэча з класікай!
З маёй творчай кар’ерай мне вельмі пашанцавала. За час студэнцтва і тут, у РТБД, я перайграў вельмі шмат класікі. Так, можна па-рознаму ставіцца да спектакляў з пункту гледжання рэжысуры, але быў у маім жыцці і Чэхаў, і Булгакаў, і Горкі, і Астроўскі, і Вампілаў, і Шэкспір. Было вельмі шмат добрай драматургіі, дзе мне пашанцавала іграць. Не ведаю чаму. Мабыць, характарнасць, фактурнасць, а можа, яшчэ шмат іншых складнікаў, але гэта было настолькі кайфова.
Можна па-рознаму ўспрымаць кожную з роляў, але яна кожная твая. Калі ты працуеш 20 гадоў у тэатры, а ў цябе за плячыма каля 45 роляў…у той час, калі людзі адпрацаваўшы ў нацыянальных тэатрах па 40-50 гадоў маюць менш, так, можа, яны “точечно” лепшыя, але маё пакаленне артыстаў мела нашмат менш, чым я. І ні за адну ролю не магу сказаць, што мне нязручна ці сорамна: яна кожная мая.




“Скажу шчыра, у мяне няма ролі мары”
Скажу шчыра, у мяне няма ролі мары. Бог даў мне такую магчымасць: кожная роля для мяне проста знаходка. Жанна, у гэтым выпадку я выцягваю шчаслівы квіток. Выцягваў, выцягваю і спадзяюся, што буду выцягваць далей. Я павінен аддаць належнае мастацкаму кіраўніку РТБД Аляксандру Фёдаравічу Гарцуеву. Ён доўга прыглядаўся да мяне, доўга разглядаў. І першая знакавая роля, якая была ў мяне тут – гэта роля Фелікса ў спектаклі “Кантракт”. Гэта быў першы такі праект пасля “Трох Жызэляў”, дзе мы ўжо сышліся, як рэжысёр і артыст, працавалі даволі шчыльна. Наступная знакавая праца, за якую я ўдзячны лёсу, гэта, канешне, “Кар’ера доктара Рауса”, гэта падарунак лёсу, вось гэтыя дзве сцэны – сцэна суда, расійская сцэна – гэта магчымасць сказаць тое, што баліць сапраўды. Потым, вядома ж, з’явіўся “Мудрамер”, пасля “Сірожа”, “Профіт”. Былі яшчэ невялічкія ролі, але гэта знакавыя, лёсавызначальныя для мяне ролі. Апошнія тры гады – гэта шалёная пераацэнка каштоўнасцяў у плане акцёрскай працы: і тэатр, і кіно, былі добрыя, па-сапраўднаму ігравыя фільмы, якія атрымалі добрую расійскую крытыку.


[Сёння мы інтэрв’ю запісваем напярэдадні вельмі важнай і знакавай для мяне падзеі. 16 лістапада выходзіць на экраны 8-серыйны фільм “Перевал Дятлова”, дзе я сыграў адну з галоўных роляў. А 6 лістапада ён заяўлены на міжнародным Жэнеўскім кінафестывалі. Гэта для мяне знакавая падзея, таму што гэта Масква, гэта адна з галоўных роляў у расійскім праекце, я адзіны беларус там. Гэта велізарны кавалак майго жыцця, 6 месяцаў у самалётах, цягніках… Я чакаю і хвалююся. Хвалююся, таму што вельмі добрая каманда прафесіяналаў, якія працавалі са мной, не апошнія расійскія артысты, гэта і Пеця Фёдараў, і Сяргей Шакураў, і Маша Лугавая, там плеяда маладых артыстаў, якія цяпер апанавалі ўсё. Трапіць у такі ансамбль – гэта вялікая справа. Так атрымалася, што мне гэта ўдалося, я прайшоў вельмі вялікі кастынг, там было больш за 40 вядомых маскоўскіх акцёраў на гэтую ролю. Мне ўдалося выцягнуць гэты білет, можа, таму што мы добра выглядаем у пары з Пецем Фёдаравым, выканаўцам галоўнай ролі. Хвалююся, як успрымуць, ці не “ложанул”, ці не падставіў. З рэжысёрам звязаўся, піша, што ўсе, хто бачылі, засталіся пад моцным уражаннем, маўляў, ні разу не шкадуе, усё супер. ]


Быў момант, калі я вельмі шчыльна здымаўся ў Маскве, я падумваў: а ці не час завязваць з тэатрам, ці не час адысці ў бок? Я думаў, што не складваецца з тэатрам у мяне. Гэта ты цяпер разумееш, што калі рэжысёр ставіць спектакль, ён не абавязаны ў кожны спектакль цябе браць, значыць, ён не бачыць цябе ў гэтым спектаклі, а ў іншым – бачыць і бярэ цябе. Удзячны лёсу за кожную ролю. Быў год, калі было чатыры ролі, чатыры спектаклі паставілі, чатыры ролі мае. Яны ўсе розныя, яны ўсе цікавыя, яны ўсе неадназначныя. І яны сёння жывуць. Добра, калі цябе бачаць. Удзячны Аляксандру Фёдаравічу, што ён мяне разгледзеў, і разгледзеў не чыста ў камедыйным жанры, а зусім у драматычным. Калі артыст знаходзіць свайго рэжысёра, тады ўсё складаецца.
Так, няма ў мяне ролі мары. Можа, тое, што я хацеў бы сыграць, сапраўды існуе, але часам ты можаш хацець сыграць адно, а рэжысёр убачыць цябе ў тым, у чым ты сябе не бачыш, і ты на ўсё астатняе жыццё выйграеш.
“…Так рэдка ёсць магчымасць нешта сказаць людзям, і калі такую магчымасць Бог табе падараваў, а ён табе падараваў, калі ты выходзіш і нешта можаш сказаць – выйдзі і скажы”
На сёння тэатр – гэта адзіны глыток паветра. Адкрыты, сумленны, прамы. Я магу казаць пра свой тэатр. Я ведаю, любы чалавек, які выходзіць са мной на сцэну, партнёр мой, незалежна ад рангу, звання і ўсяго астатняга, ён гатовы гэты глыток паветра даць гледачу.
Ведаеш, Жанна, так рэдка ёсць магчымасць нешта сказаць людзям, і калі такую магчымасць Бог табе падараваў, а ён табе падараваў, калі ты выходзіш і нешта можаш сказаць – выйдзі і скажы. Не кожны чалавек можа выйсці на плошчу сёння, не кожны, і адзін ён нічога не можа зрабіць, а тут кожны на сваім сантыметры можа гэта штосьці зрабіць. Мала таго, што можа, – ён абавязаны гэта рабіць. Тое, чым ён умее: словам, падтэкстам, метафарай, мімікай, жэстамі – чым заўгодна, ён абавязаны гэта рабіць.

“Сёння тэатр – гэта рупар чалавечнасці”
Новую опцыю тэатр набыў нечакана. Раней у тэатр людзі прыходзілі для чаго? Адпачыць, пасмяяцца, “выгуляць”сукенку, брошку,схадзіць з маладым чалавекам альбо са старым, выпіць кавы альбо каньячку. Для гэтага прыходзілі ў тэатр. Складнік спектакля хваляваў вельмі рэдка. А цяпер людзі ідуць за іншым. Я ведаю, што ў наш тэатр людзі ідуць за праўдай. З розных спектакляў, якія мы іграем, яны атрымліваюць праўду, за якой да нас ідуць. І яны разумеюць, што калі хтосьці на сваім месцы не можа пра гэта сказаць, то прыйсці сюды і атрымаць тут праўду, яны могуць. І гэта кайф.
Многія вымушаны жыць па законах часу, і толькі прыходзячы сюды, суперажываючы мойму персанажу, яны альбо ненавідзяць мяне, альбо абажаюць: “мы не можам, як яны, а яны кажуць”. І вось гэта галоўнае. Цяпер тэатр у нейкай ступені стаў іншым. Калі раней гэта было месца адпачынку, месца нейкага свецкага мерапрыемства, то сёння тэатр – гэта рупар чалавечнасці.
Я заўсёды казаў пра гэта: нельга забіраць у чалавека права гаварыць. Гаварыць і рабіць – гэта дзве вялікія розніцы. Не даяце магчымасці рабіць, дайце хоць бы прамаўляць, каб эмоцыі не збіраліся, не жылі ўнутры цябе.
Іграючы такі спектакль, як “Кар’ера доктара Рауса”, апошнія месяцы 2-3 пасля яго выходзіш такі пусты. Калі ты 4 гады таму яго рэпетыраваў, ты не бачыў і 50% таго, што зараз адбываецца. Наколькі актуальнасць яго ўзрасла.
ПРА СПЕКТАКЛЬ “СІРОЖА”: “Справа не ў “смярдзючых шкарпэтках”, справа ў тым, што чалавек першапачаткова быў такім”
Многія людзі не могуць зразумець, што значыць смех скрозь слёзы. Прыйдзіце на “Сірожу”, і вы ўбачыце смех скрозь слёзы. Проста пра тое, што адбываецца з людзьмі, наколькі яны загнаныя, зацкаваныя, залежныя – гэта жудасна.
Вельмі часта кажуць, што Сірожа такі, таму што “вы мяне стварылі”, усе кажуць, што асяродак стварыў Сірожу. Не, ён быў такі. Пачынаючы з самай першай сцэны, калі яны прыязджаюць з дзядзькам, Сірожа яго саромеецца. “Калхознік”…Ён саромеецца дзядзьку. Ёсць такая катэгорыя людзей, яны нараджаюцца такімі. Калі б ён быў добрым чалавекам, яго б нішто не зламала, ён так і застаўся б добрым. А ён быў злым, быў пакрыўджаным на ўвесь свет. Ва ўсіх мама, тата, а ў яго – дзядзька…
Калі я для сябе вырашаў пытанне, чаму праз столькі гадоў ён “платит по счетам”: яго настолькі там зацюкалі? Ды не, ён з самага пачатку чакаў гэтага. І справа не ў “смярдзючых шкарпэтках”, справа ў тым, што чалавек першапачаткова быў такім. Я ведаў такіх людзей, яны вельмі помслівыя. Яны проста чакаюць.
Я быў добрым і быў перыяд, калі я мог бы пакрыўдзіцца на ўвесь зямны свят, але я ж не пакрыўдзіўся. Лічу, трэба тут і зараз рабіць добрыя справы, не думаць, што я вось тут “накосячу”, а потым выпраўлю добрымі справамі. Не, тут і зараз. Я так і жыву, я стараюся тут і зараз рабіць.Калі я нешта раблю, то я раблю гэта бескарысліва, не спадзяючыся на нейкую зваротную дапамогу. Аднак калі я бачу, што людзі проста гэтым карыстаюцца, я не стану дапамагаць.
Я ўпэўнены ў тым, што любы чалавек заслугоўвае падзякі за свае добрыя ўчынкі. Усё роўна ад каго: ад таго, для каго ён гэта робіць, ад Бога, ад кіраўніка. Ён заслугоўвае быць аддзячаным. Гэта мая жалезная пазіцыя!


“Зараз надышоў той час, калі глядач і так усё разумее”
Ты як акцёр часцяком можаш пайсці за гледачом, і так можа адбыцца, калі ў цябе няма дыялогу з гледачом, калі ты не адчуваеш, што яму трэба. Часам у працэсе спектакля трэба перабудоўвацца. Калі я бачу, што глядач цяжкі, мне трэба нешта зрабіць, каб у ім пасля спектакля нешта засталося. Я стараюся рабіць так, каб яго “зачапіць”. Мяняю падтэкст, стаўленне і часцяком гэта ўдаецца. Але зараз надышоў той час, калі глядач і так усё разумее.Увесь час усе думаюць, што глядач тупы, што яму трэба яшчэ дадаткова нешта тлумачыць, а ён не тупы, ён проста вам тупым дае зразумець, што ўсё разумее, каб вас не падстаўляць.
АСАБІСТЫ БОЛЬ, ПОГЛЯД НА СЯБЕ,
ЖЫЦЦЁ І ЛЮБОЎ АНДРЭЯ ДАБРАВОЛЬСКАГА
“Я страціў апошнюю нітку, за якую мог чапляцца ў гэтым сусвеце”
На маё станаўленне як асобы больш за ўсё паўплываў бацька. Так, ён вельмі шмат у мяне ўклаў, ён адзіны і самы верны мой настаўнік. І калі ён пайшоў з жыцця ў 1996 годзе, мне было 21 год, гэта быў найвелізарны правал у маім жыцці. Я страціў апошнюю нітку, за якую мог чапляцца ў гэтым сусвеце. Потым пайшло многае, прорва, пакуль у нейкі момант я не спыніўся. Так, ён самы галоўны мой настаўнік. Самы-самы галоўны.

“Прызнаюся, часам плачу ад гэтага, калі застаюся сам-насам з сабой”
Калі шчыра, шкадую, мабыць, аб адной рэчы па-сапраўднаму. Прызнаюся, часам плачу ад гэтага, калі застаюся сам-насам з сабой. Даю сабе магчымасць пабыць слабым. Не, наадварот, даю сабе магчымасць пабыць моцным, таму што калі мужчына плача – гэта не слабасць, гэта праява яго сілы. Я шкадую, што мае бацькі не бачаць таго, чаго я дасягнуў на сённяшні дзень. Напэўна, можна па-рознаму да гэтага ставіцца, можа, яны нешта там і бачаць, я не ведаю.
Калі сышоў мой бацька, а ён быў паважаным чалавекам у маленькім гарадку, вельмі разумным, таленавітым, дасягнуў вельмі шмат да сваіх 46 гадоў, па яго мерках. Бацька ўсё жыццё марыў, каб я стаў чалавекам. Не тое, каб я не быў чалавекам, проста заўсёды ёсць той мінімум, які кожны бацька хоча ўкласці ў сваіх дзяцей. Каб я атрымаў адукацыю, знайшоў працу, займаўся любімай справай. І калі ён сышоў, я быў на піку са знакам “мінус”. І за гэтыя 27 гадоў я падняўся. І калі б цяпер нам далі хоць бы 5 або 2 хвіліны, каб ён тут пабываў, я думаю, ён сказаў бы, што ганарыцца мною. Таму што дасягнуў я нашмат больш, чым ён спадзяваўся. Ён ніколі не расчароўваўся ўва мне, не. Ён казаў: “З тваім характарам, Андрэй, ты жыццё скончыш альбо на кані, альбо вельмі хуткай смерцю, таму што ты любіш гуляць са смерцю”.
Я часта езджу да бацькі на могілку напярэдадні прэм’ер, амаль заўсёды. Прыходзячы туды, размаўляючы з ім, я разумею, што адчуваю яго падтрымку. Гэта, напэўна, самаўнушэнне, але калі дзесьці там дрэва захістаецца, дзесьці варона закаркае, я думаю: “Знак”. Сам сябе суцяшаю: “Тут я, значыць, правільна разважаю”.
У адносінах да гэтага чалавека я ўсё зрабіў. Бацька быў рэжысёрам, і калі сышоў, ён не паспеў паставіць спектакль. І праз 10 гадоў, у дзень гадавіны яго смерці, я, скончыўшы ўніверсітэт, гэты спектакль паставіў. Я дарабіў справу, якую мне трэба было дарабіць. Гэта быў спектакль “Энергичные люди”, і я паставіў яго ў Жодзінскім народным тэатры, дзе працаваў мой бацька і дзе па 2001 год працаваў я. Мне важна было дарабіць справу, якую ён не паспеў. Я паставіў спектакль у тым жа ключы, з тымі ж акцёрамі, як хацеў мой бацька. Аддаў даніну павагі гэтаму чалавеку.
“Я не нарцыс, я не люблю сябе, я сябе цаню і паважаю”
Я лічу, што пры дапамозе людзей, якія мяне атачаюць, я зрабіў сябе. Усе людзі, якія былі падчас розных перыядаў майго жыцця побач, мне з імі пашанцавала. У мяне вельмі добрыя сябры, іх няшмат, два чалавекі, але яны ёсць, амаль 40 гадоў яны са мной. Яны вядуць мяне па жыцці. Я не нарцыс, я не люблю сябе, я сябе цаню і паважаю.
“Увесь негатыў, які ёсць у маёй душы, аддаю ў жалеза”
Апошнія 14 год я наведваю спартыўную залу. Быў перыяд, калі ў мяне былі праблемы са спіной і зранку я прачынаўся на хвілін 40 раней, каб проста расхадзіцца. Тады ўрач мне сказаў, што дапамагчы зможа толькі ўзмацненне мышачнага карсету. І я пачаў займацца. На сёння, у свае 46 я жму больш 200кг. Большую частку свайго жыцця я праводжу ў зале. Прыходжу і ўвесь негатыў, які ёсць у маёй душы, аддаю ў жалеза. Я так расслабляюся, так “разгружаю” сябе эмацыйна. Я выходжу з залы чыстым і спакойным. У сілу таго, што я люблю ставіць сабе мэты і рэалізоўваць іх, я не збіраюся спыняцца на дасягнутым, для мяне гэта важна, я прывык дабівацца жадаемага.


“Нельга сябраваць па святах, па выходных. Нельга кахаць напалову”
Палюбіць іншага чалавека…Жанна, гэта растварыцца, аддацца. Незалежна ад таго, гэта сяброўства ці любоўныя адносіны. Нельга сябраваць па святах, па выходных. Нельга кахаць напалову. Трэба альбо “так”, альбо “не”. Не бывае 50%. Альбо ўсё, альбо нічога. Не бывае так, што вось тут люблю, а тут не люблю, вось тут хачу, а вось тут не хачу.
Бывае і так: любіў, але разлюбіў, страціў цікаўнасць. І гэтак жа можна прафесію разлюбіць: займацца прафесіяй 40 гадоў, а потым у адзін выдатны момант прачнуцца раніцай і зразумець, што не люблю больш гэтую прафесію, не хачу ёй больш займацца. І гэтак жа ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай. З дзецьмі. Як можна сказаць, што я люблю свайго дзіця на 50%. Гэта як? Калі ён добры, я яго люблю, калі дрэнны, не люблю? Чуў нядаўна такое пытанне: “Скажы ў працэнтах наколькі ты мяне любіш?” Я кажу: “На нуль”. Я такі чалавек – альбо ўсё, альбо нічога. Не можа быць 99,9%, альбо 100% альбо 0%. Іншага не дадзена, тады гэта самападман. Каханне наогул гэта праца, штодзённая, штосекундная, гэта найвелізарная праца.

“Альбо ты кіруешся сэрцам, сваім жаданнем, альбо не”
Жанна, я скажу табе так, наогул нічога ў жыціі не трэба заслугоўваць. Я проста жыву. Па шчырасці. Ніколі ні ў каго нічога не заслугоўваю. Як можна заслужыць тое, што людзі не хочуць? Ты можаш для людзей душу дастаць з нутра, яны плюнуць і пойдуць далей. Чаму я павінен заслужыць іх любоў? Не. Патрэбна ўзяць за правіла: я нічога нікому не павінен. І калі ты жывеш па гэтым прынцыпе і робіш тое, што табе падказвае тваё сэрца, не доўг, а сэрца – гэта азначае толькі адно, што ты жывеш па шчырасці. Па сваёй шчырасці. Не мае ніхто права асуджаць. Альбо ты кіруешся сэрцам, сваім жаданнем, альбо не.


Самае яркае ўражанне Андрэя Дабравольскага за апошнія паўгады:
Калі скажу, што выбары – схлушу. Самае яркае ўражанне за апошнія паўгады – гэта тое, што адбывалася пасля выбараў – падзел людзей на дзве часткі. Калі раптам сын супраць бацькі. Падсвядома я быў да гэтага падрыхтаваны, але не думаў, што гэта будзе так “крута”. Спадзяваўся, што гэтага давядзецца пазбегнуць. Гэта самае яркае ўражанне. Калі ў адзін момант людзі, якія разам сядзелі за адным сталом, зараз нават не вітаюцца, калі чалавек ідзе на чалавека – вось гэта мяне паразіла больш за ўсё.
Самыя крутыя словы павагі, якія Андрэю Дабравольскаму даводзілася чуць:
“Ты Сапраўдны!”– гэта для мяне вышэйшая пахвала. Калі мае дзеці кажуць “тата, ты сапраўдны”, калі гледачы пасля спектакляў кажуць “вы сапраўдны, мы бачым такіх, як вы, мы ведаем такіх, як вы, настолькі вы за праўду”. Калі ты застаешся сапраўдным чалавекам, не падманваеш сябе, не ставіш на чале кута свае асабістыя інтарэсы, а жывеш па праўдзе, я думаю, тады ўсё складваецца выдатна.
Самыя крутыя словы павагі, якія Андрэю Дабравольскаму даводзілася чуць:
“Ты Сапраўдны!”– гэта для мяне вышэйшая пахвала. Калі мае дзеці кажуць “тата, ты сапраўдны”, калі гледачы пасля спектакляў кажуць “вы сапраўдны, мы бачым такіх, як вы, мы ведаем такіх, як вы, настолькі вы за праўду”. Калі ты застаешся сапраўдным чалавекам, не падманваеш сябе, не ставіш на чале кута свае асабістыя інтарэсы, а жывеш па праўдзе, я думаю, тады ўсё складваецца выдатна.

Люблю свае размовы з рознымі людзьмі за тое, што я магу чуць розныя меркаванні, магу бачыць розныя пазіцыі, а не заставацца толькі ў адной, сваёй. Кожны чалавек, з якім я гутару, нібы мне нагадвае: Жанна, усё – любая сітуацыя, падзея, чалавек – заўсёды набагата шырэй, чым можа здавацца на першы погляд.
Вельмі каштоўнымі, важнымі і своечасовымі сталі для мяне давер Андрэя Дабравольскага, сустрэча і, як вынік, наш матэрыял. Тут, на маю думку,гучалі самыя сакральныя моманты і ўспаміны з жыцця артыста. За што шчыра яму ўдзячна!
Час вызначае нас. Мабыць, так і развітаюся з вамі, шаноўныя сябры, сёння.
Веру, будзем яшчэ сустракацца коскамі, кропкамі і сапраўднымі эмоцыямі ў блогу на старонцы РТБД.
Фота з архіва героя і РТБД
З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына