САПРАЎДНЫЯ ЭМОЦЫІ Ў РЭЖЫМЕ “НОН-СТОП”: АЛЯКСАНДР НІКАНЕНКА
Што можа быць больш рамантычным, чым інтэрв’ю на адлегласці ды яшчэ з арміі?
І я не ведаю, таму адразу дзялюся з вамі!

– Саша, звычайна пачынаю з дзяцінства, тут хочацца пачаць з пытання: як ты? Як там у арміі наогул змагаешся?
22 ліпеня роўна 8 месяцаў, як я служу ў войску, і 4 месяцы, як мне застаецца служыць. Я дзесьці з канца вучобы ў Акадэміі мастацтваў, калі ўжо прыйшоў у тэатр працаваць, задумваўся пра тое, што хачу патрапіць у сітуацыю, у нейкае такое крытычнае становішча, дзе я застаўся б адзін на адзін з сабой, і я хацеў даведацца, як я магу дзейнічаць у крытычных, экстрэмальных сітуацыях, на што я здольны, што я за чалавек, што мною будзе кіраваць. І на здзіўленне, у маё жыццё пастукалася армія, якая і стала той самай сітуацыяй, пра якую я марыў. “Так здарылася, хай так і будзе” – думаў я. Чалавек жыццё не вельмі кантралюе, жыццё кідае чалавека з бока ў бок, з адной банкі – у басейн.



Тут, у арміі, я вельмі шмат чаго даведаўся пра сябе. Я зразумеў, як магу сябе паводзіць у крытычных сітуацыях, у сітуацыях, калі на мяне “нападаюць”. Тут я стаў больш агрэсіўны, больш сур’ёзны. Я магу словам “асадзіць” чалавека, без лаянкі і запалохванняў, я магу абсалютна спакойна даць такія факты, якія прымусяць чалавека замаўчаць і больш да мяне не лезці, але ў душы ён будзе мяне не любіць. На самой справе ў мяне тут не так ужо і шмат, але ёсць людзі, якія мяне недалюбліваюць. Ну, дый Бог з імі.
Я вельмі сумую па працы, чакаю, калі змагу нарэшце заняцца нейкай справай, а менавіта ўзяць са спектакля нейкую тэму, якая будзе мяне хваляваць, і на гэтую тэму паразмаўляць з гледачом падчас спектакля.
– Такое няшчаднае пытанне, але ўсё ж: што самым смачным для цябе з’яўляецца ў арміі?
Мне Сяргей Шымко распавядаў, як ён харчаваўся ў войску. Нам выдаюць абавязкова раніцай і ўвечары – варанае яйка, маленькую шайбачку масла, сок / чай і адпаведна нейкую страву. І вось Сяргей распавядаў, як зрабіць армейскі дэлікатэс (усміхаецца). Бярэш яйка, жаўток кідаеш у кубак, дадаеш туды зусім крыху чаю ці сока і туды кладзеш масла, соліш і перамешваеш, то бок павінен атрымацца паштэт. І ўжо гэты паштэт можна намазваць на булку. Гэта, ведаеш, хоць нешта, хоць нейкая разнастайнасць у ежы. І яшчэ ў арміі, падкрэсліваю, толькі ў арміі гэта можа быць вельмі смачным дэлікатэсам: чорны хлеб, на яго намазваеш масла, соліш яго і зверху кладзеш сыр. Пад чай – гэта вельмі смачна.
Наогул армія – гэта добрае месца, каб хлопец змог праверыць, які ён ёсць, выпрабаваць сябе.

– А што самае смачнае еў у дзяцінстве?
Ой, з дзяцінства мне адразу ўспамінаецца напой “Сняжок”. Наогул усё дзяцінства ў мяне асацыіруецца з вёскай маёй. Калі мама мяне нарадзіла, яна вучылася ў Машэрава і бацька працаваў у маім горадзе, таму мяне пакідалі ў вёсцы ў бабулі з дзядулем. Я памятаю гэты “Сняжок”, нават цяпер, калі купляю яго, адразу цёплая асацыяцыя з дзяцінствам.Па сёння люблю такі ласунак, як наліснікі. Гэта такія тлустыя салодкія бліны, у якія бабуля заварочвала тварог з разынкамі. Успамінаю з дзяцiнства таксама вельмі смачнае вэнджанае мяса, якое дзядуля рабіў на Вялікдзень. Я вельмі люблю дагэтуль смак ухі, яна вельмі асацыіруецца з летнім вечарам. Калі цёпла сонечна, усе справы па гаспадарцы завершаны. А калі вогнішча дагарае і застаюцца вуглі, абсалютна простае – кінуць туды бульбу, радасці было шмат, рукі чорныя, вусны чорныя, але радасна.
У вёсцы, калі закрываўся магазін, прыязджала аўталаўка, калі яна не прыязджала, самае галоўнае, што павінна быць у нас на стале – хлеб. Памятаю, на вазку адна сям’я развозіла па вёсцы хлеб. Да кожнага падворка пад’язджала і прадавала хлеб. Памятаю, чакаў іх прыезду, таму што яны прадавалі дзіўна салодкі белы хлеб, булку. Яна была мяккая і вельмі салодкая. Я такіх больш не сустракаў. Канешне, я яшчэ памятаю з дзяцінства тое, што да гэтага часу радасць дастаўляе, што прашу рабіць маму і бабулю кожны год на Вялікдзень – булкі, у іх атрымліваюцца булкі, якія дзівяць ўсе мае гастранамічныя жаданні, гатовы іх есці пастаянна.
Я застаў тыя часы, калі кароў было шмат на вёсцы, і калі прыходзіла чарга маёй сям’і, старэйшыя сыходзілі пасвіць гэтых кароў, вядома, бралі з сабой перакус, а як вярталіся, казалі: “Табе зайчык нешта перадаў”. Зараз я разумею, што гэта, а тады ў дзяцінстве мне ўяўлялася, што шэры заяц даставаў мне гэта яйка ці цукерку,даваў бацькам і казаў: “Перадайце Сашы”. Мне здаецца, гэта лепшая якасць, якая можа быць у чалавека, – радавацца дробязям. Тое, што я люблю ў сабе, іншых людзях – атрымліваць асалоду, быць удзячным кожнаму імгненню, таму, што ў цябе ёсць цяпер. Чалавек свабодны, калі ў яго нічога няма, як казаў адзін з філосафаў. Чалавек можа быць шчаслівы без усіх гэтых атрыбутаў “багатага жыцця”.

– У якім асяродку ты гадаваўся, хто больш за ўсё паўплываў на тваё станаўленне як асобы?
Я гадаваўся бабуляй і дзядуляй, і іх светапогляд, выхаванне, лад жыцця на мяне паўплываў, канешне, моцна, я вельмі шмат праводзіў з імі часу. Бабуля з Гомельшчыны, нарадзілася ў маленькай вёсцы, але ў вялікай сям’i, гэта была звычайная простая сялянская сям’я. Дзядуля мой нарадзіўся на хутары, таксама ў вялікай сям’і. Яны выхоўваліся на простых, не сапсаваных ідэялогіяй савецкай эпохі, рэчах. Да гэтага часу захавалася тое, што тады было абавязковым – дапамагаць усім, хто меў патрэбу ў дапамозе. Дзверы заўсёды для ўсіх былі адкрыты, да нас маглі прыйсці па дапамогу і мы нікога ніколі не кідалі ў бядзе. Маці, бацька і я атрымалі ў спадчыну такія станоўчыя якасці, я лічу станоўчыя, як павага да чалавека, яго працы. Я яшчэ быў выхаваны з такой якасцю, як павага да кожнага члена сям’і, павага да сваіх продкаў. Я сялянскае дзіця, я сябе лічу вясковым чалавекам, не ў плане побыту, магчымасцяў, забяспечанасці, а ў плане светапогляду. Калі мы ўспомнім гісторыю: у пачатку мінулага стагоддзя большасць насельніцтва пражывалі ў вёсках, і культура, якую мы маем цяпер у асноўным складалася ў вясковым грамадстве. Вядома, нашы продкі дзесьці былі не дасведчанымі, не адукаванымі, але паважнае стаўленне да людзей, з асцярожнасцю, беражлівасцю, стаўленне да працы ў іх захавалася і культывавалася цягам стагоддзяў. На гэтым таксама быў выхаваны я.


Мяне ўсё дзяцінства атачалі жывёлы. Я ўвесь час за імі назіраў, адсюль у мяне любоў да іх. Я шмат часу праводзіў у лясах, калі нарыхтоўвалі дровы, збіралі ягады ці грыбы. Калі ездзіў на полі. Я шмат назіраў прыгожых краявідаў. Я памятаю, як мы аднойчы пайшлі збіраць грыбы і зусім выпадкова зайшлі ў нейкае дзівоснае месца, дзе я ўбачыў велізарнае балота, вада ў ім была не зялёная, а шэрая густая і стаялі пасярод балота абсалютна голыя шэрыя ствалы дрэў. Яны былі мёртвыя і сама мясцовасць здавалася мёртвай. І адсюль ўжо ўзнікалі нейкія асацыяцыі, адсюль, як гэта балота, людзі пачыналі фантазіраваць і прыдумляць міфы. І гэтая тонкая нітка нашых беларускіх легенд працягваецца і ўва мне. Усё, што людзей здзіўляла, пужала, чым захапляліся, усё затым было ў міфах, пасля ўкладвалася і ў элементы побыту.
У нас у сям’і вельмі шмат хатніх традыцый і абрадаў. Ёсць свята Саракі па вясне, і бабуля ў гэты дзень з цеста пякла вырабы, падобныя на птушак. І ў гэты дзень абавязкова праходзіў абрад. Бабуля абсмажвала на чугуннай патэльні гарбузовыя семечкі і сланечнік, падыходзіла, а мы з сястрой сядзілі ўжо на падлозе, брала жменю і сыпала на падлогу: хто больш сабе заграбе семак, той будзе шчаслівым. Я, як старэйшы, вядома, заграбаў болей, а бабуля потым казала: “Падзелішся з малодшай сястрой?”. І, канешне, я дзяліўся.
На мая думку, гэтыя традыцыі ўтрымліваюць мадэль паводзінаў, адносін да чалавека, прыроды. Вельмі часта я назіраю, што гэтыя правілы жыцця заўсёды ўтрымліваюць у сабе павагу да таго, што мы маем, да таго, што цябе акружае. На гэтым і гадаваўся, з гэтым сёння і іду па жыцці.
– У што ты верыш з дзяцінства і наколькі моцна з узростам твае жыццёвыя перакананні і каштоўнасці змяніліся?
Мяне па жыцці вядзе вялікі-вялікі інтарэс да гэтага жыцця, вялікая цікаўнасць да ўсяго, што адбываецца навокал. Мне вельмі падабаецца назіраць за людзьмі. Усё ж-такі людзі вельмі цікавыя істоты. Людзі настолькі не арганізаваныя, яны настолькі дзіўныя, яны настолькі своеасаблівыя, спантанныя, што за ўсёй гэтай “Санта-Барбарай”, за людскімі адносінамі вельмі цікава назіраць. Гэта тычыцца як сучаснага свету, майго асяроддзя, такі ўсіх палітычных, эканамічных навін. Як людзі паміж сабой спрачаюцца, ваююць, размаўляюць, і гэта таксама тычыцца гісторыі. На працягу гадоў 5-6 я вывучаў гісторыю, вывучаў рэлігазнаўства, палітыку і выснова, якую я зрабіў: людзі не мяняюцца. Людзі ад пачатку свайго існавання і да сённяшняга дня адны і тыя ж. Таму не вельмі цікава, што будзе заўтра з якім-небудзь чалавекам, з якой-небудзь краінай, таму што цікава, які спосаб вырашэння праблемы прыме той ці іншы чалавек. Гэта вельмі цікава. Цікава назіраць за натоўпам людзей, за групамі – палітычнымі, рэлігійнымі, за субкультурамі. Мне падабаецца вывучаць прыроду чалавека, назіраць за ёй, рабіць высновы, потым яшчэ раз рабіць назіранні, каб падцвердзіць мае высновы. Мне вельмі падабаецца вывучаць паходжанне таго ці іншага аб’екта, мне падабаецца вывучаць агульнае паміж чалавекам і жывёлай, таму што чалавек – гэта, хоць і цывілізаваная, але таксама жывёла.
Вера … Я ні ўва што не веру. Вера роўна няведанне. Вера – гэта ілюзія, што ты нешта ведаеш. Але калі ты не можаш гэта падцвердзіць доказамі і фактамі, то няма чаго гэтым і карыстацца. Дзесьці я ведаю, а дзесьці я проста спадзяюся. Надзея ні да чаго не абавязвае. Вера – гэта ўжо канкрэтная інструкцыя да дзеяння, а надзея – гэта жаданне.


Вядома, калі ты маленькая істота і мозг – гэта чысты ліст паперы, ты верыш ўсяму, што кажуць твае бацькі. І ты верыш ўсяму, ува што верыць большасць, у цябе нават не ўзнікае сумневаў ці жадання разабрацца ў гэтым. Вядома, я верыў у Дзеда Мароза. І баяўся яго, калі сядзеў у глядзельнай зале і падыходзіў нейкі мужык ці вельмі поўненькая цётачка ў касцюме Дзеда Мароза са словамі “замарожу-замарожу”. Вядома, было страшна. Я ў шмат, каго верыў (усміхаецца). У Дамавіка, у Пікавую Даму. Я усякімі такімі глупствамі займаўся. Потым прыйшоў момант, і я зразумеў: “Які Дзед Мароз, які снежны чалавек з чырвоным мяшком, які працуе суткі праз 364, а ўвесь астатні год яму гномы, эльфы робяць падарункі!”. Цудаў не бывае. Калі цуд можна растлумачыць, калі цуд адпавядае законам фізікі, гэта не цуд, а звычайная прыродная з’ява, а надаваць гэтаму нейкае містычнае, сакральнае значэнне абсалютна не варта.
– Што для цябе азначае “палюбіць сябе”? І што ў такім выпадку – “любіць іншага чалавека”?
Я больш буду спрачацца з людзьмі, не якія сабе надаюць шмат увагі, любяць сябе, а з тымі, якія кажуць, што “не трэба залішне сябе так любіць, ты занадта зацыклены на сабе, ты сябе так любіш”– вось я з такімі буду больш спрачацца. Чалавек жыве на гэтай зямлі прыблізна 70 гадоў, чарапаха і тая жыве ў два разы больш. Дык а дзеля каго трэба жыць чалавеку? Чалавек нарадзіўся, чалавек расце, становіцца асобай, у нейкі час ён пакідае гняздо, пакідае дом, бацькоў, пачынае жыць самастойна. Для каго павінен жыць чалавек? Няўжо ён павінен “жыць для іншых людзей”, вось цяпер, у наш час, калі чалавека выкарыстоўваюць, як сурвэтку і не заўважаюць яго, могуць “тыкаць” на яго, толькі калі з ім нешта дрэннае адбываецца. У наш час, калі не паважаюць чалавечую працу, калі баяцца прызнаваць свае слабасці, калі лепш кагосьці пагнабіць, чым пра сябе падумаць, паразважаць над сваімі якасцямі. Каго трэба любіць больш, калі не сябе? Шчаслівы момант будзе ў чалавека, калі ён знойдзе іншага чалавека, якога пакахае больш, чым сябе, дзеля якога ён захоча жыць. Мне здаецца, чалавек атрымлівае вялікі падарунак, калі ён знаходзіць таго, дзеля якога хоча жыць больш, чым дзеля сябе, і калі яму гэта ўсё аддаецца ўзамен.
Лічу, чалавек можа разлічваць толькі на самога сябе. Толькі з самімі сабой мы праводзім больш за ўсё часу, ні з грамадствам, ні з маральнымі прынцыпамі і грамадскімі традыцыямі, ні з дзяржавай, а з сабой. І галоўнае, каб чалавек любіў сам сябе, каб ЧАЛАВЕК (выдзялі, калі ласка, гэтыя словы) ПАВАЖАЎ СЯБЕ САМОГА, паважаў сваю знешнасць, паважаў свой выбар: захацеў зрабіць так – зрабіў, памыліўся ці паступіў няправільна, караеш сябе за гэта, табе цяжка, але гэта быў твой выбар, ты памыліўся, наступіў на граблі, больш ты так не зробіш. І, што важна, нельга дазваляць нікому, каб хтосьці з боку табе на гэта тыкаў, казаў, што ты зрабіў няправільна. Нельга даваць людзям магчымасць над табой здзекавацца, асабліва ў прысутнасці іншых людзей, цябе гнабіць або прыніжаць. За сябе трэба змагацца, сябе трэба абараняць, таму што ніхто, акрамя цябе самога, цябе не абароніць.


Кажучы пра беларусаў, у нас, у нашай культуры вельмі вялікі асадак ад хрысціянства і ад савецкага часу, усе казалі, што толькі пакутуючы тут, на нябёсах нам будзе дадзена. На сябе па факту часу няма, бо ты мэтанакіравана жывеш дзеля чагосьці, што будзе там, у будучыні: у адным выпадку – нябёсы, у другім – шчаслівая камуністычная будучыня. Нават сервізы, якія ад нашых бабуль, матуль засталіся, якія стаяць і іх нельга чапаць, таму што “яны для гасцей”, але ж нават калі прыходзяць госці, ты ўсё роўна іх не чапаеш, таму што яны застаюцца для нейкіх іншых гасцей (усміхаецца). Мы заўсёды адкладвалі, чакалі чагосьці, ніколі не было часу на сябе. А зараз мы жывем у 21 стагоддзі, дзе ёсць усё, і хоць бы цяпер мы павінны прааналізаваць мінулае, дзе нашы бацькі, бабулі абмяжоўвалі сябе, мы павінны такога не дапускаць, мы павінны зараз любіць сябе і паважаць. Аддаваць шмат часу сабе, аддаваць грошы на сваё развіццё, хочаш прыгожа паесці або апрануцца – калі ласка, не адмаўляй сабе ні ў чым. Але ў той жа час трэба памятаць, што людзі ўсё ж вакол цябе ёсць, розныя, у кожным ёсць і “чорнае” і “белае”, тут ужо, як ты вырашыш, якія дзверы адчыніць – “чорную” ці “белую” – сваёй душы. Трэба паважаць і іншых таксама.
– Што для цябе шчасце і што табе патрэбна, каб адчуваць сябе шчаслівым?
Для мяне шчасце – гэта нейкае рамантычнае слова з нейкага рамана пра якіх-небудзь інфантыльных закаханых. Шчасце прыходзіць толькі тады, калі чалавек усведамляе сябе такім. Гэта бульбачка, запечаная ў вуглях ці ежа на сенажаці. Вядома, гэта можа камусьці здавацца смешным, але мяне гэта радуе. Я адчуваю сябе свабодным, адчуваю сябе лёгка і вольна, мне добра. Ўсё. Што яшчэ трэба мне? Я шчаслівы буду, нават калі мне дадуць адну цукерку смачную паспрабаваць. Мне не трэба цірамісу, мне не патрэбны горы ўсяго салодкага, альбо каб у мяне ў засеках было шмат грошай, каб у мяне было шмат адзення, мне гэтага не трэба. Мне дастаткова будзе адной цукеркі, якая будзе дадзена мне шчыра і ад душы. Мне дастаткова будзе аднаго “дзякуй”, сказанага шчыра, ад усяго сэрца, тады я буду шчаслівым. Я жыву без крытэрыяў шчасця. У мяне ў кішэні можа нічога не быць, абсалютна. Я магу сёння сабе ні ў чым не адмовіць, разумеючы, што заўтра мне давядзецца “пакласці зубы на паліцу”. Я гэта буду ўсведамляць. І прачнуўшыся на раніцы, без граша ў кішэні, я выйду на балкон, пагляджу на навакольны свет, удыхну свежае паветра і буду рады, буду шчаслівы, мне гэтага будзе дастаткова.



Я шчаслівы чалавек. Я і быў заўсёды такім, нават калі ў мяне нейкая апатыя надыходзіць, калі я пачынаю задумвацца пра жыццё, я ўсё роўна застаюся шчаслівым. Я шчаслівы хоць бы таму, што я вольны. Я шчаслівы, таму што я магу думаць сам, у мяне ёсць мая любімая праца, я магу рабіць выбар у гэтым жыцці, на мяне ніхто не цісне. А ў кагосьці і гэтага няма, таму калі б я скардзіўся на сваё жыццё – гэта быў бы цынізм, на мой погляд. Я сам каваль свайго шчасця, што я зраблю, тым я і буду жыць. Я шчаслівы чалавек. У мяне ёсць сям’я – самае дарагое, што ў мяне ёсць у гэтым жыцці, праца любімая – тэатр і пару сяброў. Гэта тры слупа, на якіх трымаецца мой свет, гэта самае галоўнае, што ў мяне ёсць. А ад астатняга я не залежу. Але толькі калі ў гэтых слупах нешта здараецца, тады я магу быць на нерве, але я буду вырашаць праблему і мне не будзе шкада нічога, каб маёй сям’і, маім сябрам і на маёй працы было ўсё ў парадку. Я шчаслівы чалавек і не ведаю, што яшчэ павінна з’явіцца ў маім жыцці, каб я стаў яшчэ больш шчаслівым.


Напрыканцы Саша вельмі прасіў дадаць яшчэ некалькі важных і добрых слоў, і як можна было адмовіць.
Мая мэта і зверхзадача ў маёй працы – гэта рабіць так, каб чалавек думаў. Я не заклікаю людзей мяняцца, кожны раз, прыходзячы ў тэатр, працаваць над сабой і рабіць потым добрыя светлыя ўчынкі. Не, таму што чалавек – істота непастаянная, як і наш свет, наша прырода. Але вельмі хочацца, каб чалавек думаў, умеў думаць над сабой, умеў паважаць сябе, іншых, працу сваю і чужую. І каб чалавек ведаў, а калі ведае, каб памятаў: у нашым жыцці вельмі мала рэчаў, якія сапраўды заслугоўваюць увагі і дзеля якіх можна ахвяраваць многім.
І, канешне, няхай кожны чалавек жыве поўным жыццём, дыхае поўнымі грудзьмі, паменш адклікаецца на ворагаў, зайздросныя погляды і размовы за спінай. Няхай бярэ пад увагу парады, якія яму даюць вопытныя дасведчаныя людзі, якое б стаўленне чалавек да іх не меў. І самае галоўнае, я хачу, каб усе былі здаровыя, каб паменш хварэлі, пабольш сябе радавалі, рабілі добрыя прыемныя справы для іншых, шанавалі сябе і шанавалі сваё жыццё.
Усім дабра!

Здаецца, і не так шмат пытанняў, але якія адказы! Насамрэч, працуючы над гэтым інтэрв’ю, я думала: якое ж гэта шчасце для пакалення мець такую свядомую, разумную моладзь (кажу, нібыта сама бабулька).
І які цуд, менавіта гэтым інтэрв’ю закрываць сезон сяброў, у цеплыні, дабрыні, павазе і пяшчоце.
Дзякую табе, Саша, за магчымасць, дзякую ўсім, хто быў разам з намі ў гэты няпросты час.
Мне здаецца, мы сталі бліжэй адзін да аднаго.
Да новых сустрэч у наступным сезоне!
Фота з архіва героя і РТБД
З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына