Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

САПРАЎДНЫЯ ЭМОЦЫІ Ў РЭЖЫМЕ “НОН-СТОП”: ВАЛЯНЦІН САЛАЎЁЎ

Шчыра кажучы,  нягледзячы на тое, што яшчэ лістапад,
мне ўжо добра так водар мандарынак і зімовага цуду б’е ў галаву. А вам як?
Калі яшчэ не паспелі пранікнуцца гэтай атмаферай –
асабліва для вас сёння прапаную казку і нават не адну : )

Валянцін САЛАЎЁЎ

ВАЛЯНЦІН МІКАЛАЕВІЧ САЛАЎЁЎ
(зборнік сапраўдных эмоцый у казках і паданнях)

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

ЗМЕСТ

Акцёры – тыя яшчэ дзеці…

Праўду скажуць, акцёры – тыя яшчэ дзеці. І я па сабе гэта адчуваю (задуменна):  застаўся такі, як мне падаецца, сапраўды дзіцятка. Ой, мяне развесці – толькі так (смяецца). Веру, усім і ва ўсё веру, без прытворства. Але, думаю, зберагаць, захоўваць у сабе дзіцёнка – гэта добра. У гэтым ёсць нешта наіўнае, светлае і непадробнае. Так што, Жанначка, дзяцінства, яно вось такое і засталося. Канешне, бачыце, сівы зрабіўся (усміхаецца) – зразумела, 61 год ужо, а ўнутры – ох, дзіцятка! (Усміхаецца)

Нягодны маленькі Валянцін

Ой, нягодны быў маленькі Валянцін, вельмі нягодны! (Смяецца.) Не слухаўся маці. Бацьку слухаўся, бо баяўся. А маці, памятаю, лупцавала мяне дубцамі, ручнікамі (смяецца). Шкоднік той яшчэ быў! Цягаўся са старэйшымі хлапчукамі і вельмі любіў абменьваць рэчы. Напрыклад, бачыў ручку, самапіску з чарніламі, прыго-о-ожую (з задавальненнем) – адразу думаў, што можна знесці з дому (смяецца), таму, як правіла, веласіпеды дома былі без катафотаў (смяецца).
Памятаю, старэйшыя хлапчукі заахвоцілі дыяфільмамі. А тады ж не было гэткіх тэхналогій, як сёння, а была такая, як бы вам гэта цікавей патлумачыць (усміхаецца). Вось уявіце сабе мікраскоп. Уявілі?
— Так, уявіла.
— Цяпер глядзіце ў аб’ектыў і пакрыху пакручвайце калёсіка, якое справа (усё трапна паказвае, нібыта ў руках сапраўдны мікраскоп). Бачыце? Плёнка пайшла (смяецца).
— Бачу (усміхаюся).
— Дык такі «мікраскоп» у нас быў, а хацелася-то зрабіць экран, вялікі, насценны. Вось і параіў мне хлапчук, што трэба фары з веласіпедаў паздымаць (усміхаецца). Так з’явіўся ў нас экран! Потым іншае пытанне паўстала: дык а глядзець што? (смяецца) Спатрэбіліся натуральна плёнкі. Так-так, зноў бегаў дадому і цягаў гэтыя плёнкі.
(Смяецца.)
Узгадаў: «Мама, а дзе ўсе плёнкі? Хочацца паглядзець, а большасці не хапае»,  – сёстры мае пытаюцца. «А сапраўды, дзе ж гэта плёнкі? » – маці кажа.
Ну, і сталі шукаць, і я шукаю (са здзіўленнем, усмешкай). Сёстры мае кажуць: «Мама гэта ён, гэта ён зрабіў». Маці: «Дзе ён, ты ж бачыш, што хлопчык шукае, сыночак мой, шукае-лазіць пад лаўкай».
Ой, Жанначка, падманваў, каюся (усміхаецца), добра так умеў падманваць.

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

Дзед на грушы

У нашай сям’і быў цудоўны крылаты выраз – «Дзед на грушы». (Смяецца.) Ой, тут калі расказваць, дык цэлая мініяцюра (смяецца).
– Валік, Валік, а дзе ж дзед? – пытаецца маці.
– Ды вунь, на грушы, – кажу – сядзіць. (Смяемся разам.)
Маці, як зараз памятаю, пабегла (смяецца) глядзець, дзе ж той дзед на грушы. А груша здаровая, высокая, бэра. (смяецца) На грушы дзед сеў і сядзіць, ну!
Так і прыжыўся гэты выраз у нас. (Усміхаецца)

Водар скошанага сена

Мне пра дзяцінства, светлае, цёплае на босую нагу, заўсёды нагадвае сена…скошанае (усміхаецца).
Я нарадзіўся блізка каля Нёмана, у Стоўбцах. За 14 кіламетраў ад малой радзімы  Якуба Коласа – Мікалаеўшчыны. 
Зараз кожны косіць на свой густ, а раней, памятаю, мужчыны ідуць (усё разважліва, з паўзамі) з косамі, з торбачкамі сваімі. А ў торбачках сальца, такое смачнае, пахучае, з зялёненькай цыбулькай, м-м-м – зразумела, каб падсілкавацца. (ой, я хоць і не аматар сальца, але пасля такіх маляўнічых апісанняў – самой захацелася) Ідуць прыгожыя, моцныя на сенакос. Таму менавіта пах свежаскошанага сена – адразу вяртае ў дзяцінства, дзе Нёман, заліўныя лугі, на ўзгорку лес – прыгажосць-хараство (усміхаецца).

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

Збіральнік кніг

Прыкладам для мяне заўсёды быў бацька, хоць бацьку і баяўся (усміхаецца).
Бацька быў збіральнікам кніг, шмат часопісаў выпісваў, але не захоўваў іх (засмучана ), яны валяліся на гарышчы. (З задавальненнем) Я любіў там бываць.  Памятаю, залезу на гару і ўсё калупаюся ў гэтых кніжках (усміхаецца). А кнігі самыя розныя, шмат класікі, там і Стэндаля знойдзеш, і Гюго, і зборнікі Чэхава, розныя асобныя выданні. У маёй дачкі нават (яна любіць усе гэтыя старыя-пажоўклыя, з подыхам даўніны кнігі) некаторыя захаваліся.
Асабліва запомнілася кніжка «Человек-невидимка». Яна неяк асобна заўсёды ляжала, і мне так страшна было яе чытаць, толькі мог браць ды гартаць. А потым, пераадоліў гэты страх, (усміхаецца), пачаў чытаць – і так мяне захапіла гэта кніга, так было цікава. І, канешне ж, шмат было часопісаў «Огонек». Бацька бясконца гэтых Аганькоў выпісваў.
Так, арыентаваўся на бацьку: мне ў ім падабалася, што ён кніжкі чытаў. Узгадваю, ён бясконца нешта чытаў. І мне перадаў гэта. Я і цяпер люблю кніжкі, але не электронныя, бо гэта ўсё не тое: хочацца пагартаць, панюхаць, магчыма дзесьці, калі моцна спадабаўся нейкі выраз, цытата нейкая, галачку паставіць і то потым сатру: вельмі ашчадна адношуся да кніг. Вось такім чынам бацька і выхоўваў. Праўда, строгі быў, строгі. І прыго-о-ожы (з захапленнем, усміхаецца). Я не ў яго пайшоў.  Але заўсёды на бацьку глядзеў больш. Бацьку паважалі, таму што ён «на рюсском разговаривал» (рассмяяўся). Ну, так, гэта было ў вёсцы, а он тут «на рюсском». Не, беларускай мовы не цураўся абслютна, ён з вялікай павагай адносіўся, але гэта было смешна, як што-небудзь скажа па-беларуску. Умеў гаварыць, аратар добры быў, так гладка мова лілася і так трапна ўсё. Начытаны, адукаваны, самой адукацыі ў яго не было, 7 класаў скончыў толькі, але самаадукацыяй займаўся шмат.
Так, бацька, бацька быў мой прыклад.

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

«Хочаш «паказаць зубы», дык пакажы…»

Дзяцей сваіх выхоўваць стараўся справядлівасці, канешне, дабрыні, шчырасці, чэснасці, так жа, як і мае бацькі. Каб не было ніякага падступства, каб усё на паверхні было: хочаш «паказаць зубы», дык пакажы, але каб без крывадушша. (Характар, праўда, у мяне нервовы, узрыўны. Для сцэны гэта, напэўна, і добра, але лічу гэта сваім мінусам як для бацькі.)
Навучаў законам Божым, чытаў ім Біблію кожны вечар. Гэта на паверхні, што мог узарвацца (смяецца), а так сістэма была: навучыць пастулатам хрысціянскім, Біблія была ў мяне. Біблія (са здзіўленнем), разумееце! У 88-м годзе наогул немагчыма было знайсці, а я меў Стары Запавет. З аднаго боку было па-габрэйску, а з іншага – на рускай мове, таму гартаць патрэбна было не так, як мы прывыклі, а ў іншы бок, наадварот.
А потым, як адкрылі мяжу, дык пасыпаліся, тады набыў і Новы Запавет па-беларуску. «Зайчыкамі», памятаю, заплаціў (усміхаецца), танна было – 10 рублёў.
Потым дзіцячую Біблію набыў, таксама дзецям чытаў. А яшчэ дыяфільмамі любіў балаваць. Як пайшоў у сад мой сын, ён быў ужо такі падкаваны, дзякуючы адукацыйныя плёнкам і праглядам дыяфільмаў. Выхавацелька дзівілася толькі: «Адкуль, адкуль ведае?» (Усміхаецца.)
Зараз ужо ўнуку паказваю, прывёз з Віцебску шмат плёнак, зрабілі экран – цуд.
Шмат займаўся з Насцей і Косцей па метадалогіях сям’і Нікіціных. Напрыклад, рабіў унікуб, так стараўся выхоўваць уважлівасць, дакладнасць. Шмат якія рэчы для выхавання рабіць дапамагалі мастакі з тэатра, таму што, натуральна, дзесьці нечага дый не хапала. (Задуменна) Недзе пазаставалася гэта ўсё ў Віцебску.
У шахматы вучыў, але так і не навучыў, не прывіў любові да шахмат. Сам дык вельмі люблю шахматы, у камп’ютары магу шмат часу сядзець і гуляць анлайн з людзьмі (усміхаецца), амаль жа ўжывую зараз можна гуляць з чалавекам.
А як дзеткі былі маленькімі, браў у іх інтэрв’ю (усміхаецца). Пройдзе год – зноў бяру інтэрв’ю. Пытанні звычайна простыя былі, кшталту: чаго ці каго баіцеся? Чым думаеце займацца, калі станеце дарослымі? Што любіце, што не любіце? З кім сябруеце? Якія рысы ў людзях падабаюцца, а якія не? Цікава было пераслухваць. (Усміхаецца)

 

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

Токар, фельчар, гісталогія…

У школе нас, памятаю, павялі ў майстэрню, дзе такарны станок, я ўбачыў, як чалавек гэта ўсё робіць і мне так спадабалася. «Усё, – думаю – буду токарам». А потым бацька падказаў у медвучылішча ісці, на фельчара. І я паступіў. Прабыў там паўгода і кінуў. Прапускаў: я хадзіў у кіно, не хадзіў на гэтыя заняткі. Я ў кіно хадзіў, ну! (з радасцю, насмешкай, смяецца). Любіў хадзіць і мультфільмы глядзець, «Ну, пагадзі», напрыклад. «Навіны дня» паказвалі ў кінатэатры, там, дзе камерная сцэна Купалаўскага тэатра зараз. «Октябрь», памятаю, толькі з’явіўся тады. Вось я па кіно ўсё лазіў, а не хадзіў на заняткі. Страшна і цяжка было. Гэтыя костачкі вучыць, ведаць. А як у трупярню, памятаю, зайшлі першы раз – ой, дзяўчаты падалі, трацілі прытомнасць, бо гэта ж паказваюць усё. Не скажу, што я моцна крыві баяўся, але прытомнасць страціць мог, як бралі з вены кроў.  Пстрык – і гатова, ляжу, адкачваюць, таму і нашатыр з сабой заўсёды браў (смяецца). Напэўна, гэта і адбіла ахвоту, ды і не маё гэта ўсё, гісталогія нейкая. Гісталогія! З глістамі думаеце нешта? Не (смяецца), клетачкі, туфелькі гэтыя. Божа ж мой божа, што мне да гэтага. Анатомія! Усё гэта не маё, не маё.

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

«Акцёрам стаў проста – шукаў сябе…»

(Смяецца.) Ну, усё проста. Усё ж проста (усміхаецца), праўда.
Пабалтаўся паўгады пасля медвучылішча, у войска не бралі з-за павышанага ціску. І ў сваіх прафесійных «жаданнях» куды мяне толькі не кідала: і абліцоўшчыкам-плітачнікам быць хацеў, і на заводзе з кантрольна-вымяральнымі прыборамі працаваць, і на хлебазаводзе, і электрыкам, так, асабліва электрыкам хацелася. Ну, і калі ласка, электрык, электраманцёр прамысловага электраабсталявання. Год правучыўся, выдатна скончыў, у мяне быў вольны дыплом. Хацелі спачатку размеркаваць на Беларусьфільм, усе думалі: «Ой, тут актрысачкі, усё» (смяецца). Але потым нешта перайначылі і сталі размяркоўваць па-іншаму. Я ў той час на практыцы быў у Мінскім заводзе шасцерняў, у самым гарачым цэху, кавальным, дзе малаткі б’юць – бубух, бубух. (Усміхаецца) Гарачы, шумны, наверсе ажно 50 градусаў.
То бок шукаў сябе, як сёння сказалі б (смяецца). Так акцёрам і стаў – шукаючы сябе, іранічна і проста. Еду я на трамвайчыку, гляджу – аб’ява на ДК МТЗ: «Набор у тэатральную студыю». А да гэтага я ў 10 год іграў у аматарскім тэатры.
Памятаю, (пачынае чытаць, і ў ролях, з інтанацыямі): «Погорел со всем добром. Ты с ума сошла, коза? Бьёшь десяткою туза! — Слушай, дурень, перестань есть хозяйскую герань. — Ты попробуй. Очень вкусно. Словно лист жуёшь капустный.»
Очень вкусно, очень вкусно. (ужо задуменна, потым паўза – і шчыры смех Валянціна Мікалаевіча, які немагчыма не падхапіць і не засмяяцца самой) «Коткін дом» Маршака. Гэта і былі першыя мае выхады на сцэну. Настаўніцы хвалілі, што я так натуральна, жывенька. (Усміхаецца.)

«Палачкі ляцяць і я па-а-адаю…»

А потым яшчэ ўспамінаецца (пачынае спяваць): «Мы шли под грохот канонады, Мы смерти смотрели в лицо, вперед продвигались отряды спартаковцев, смелых бойцов.» – гэта інсцэніроўка была, я быў барабаншчык. (Зноў спявае) «Но пулей вражеской сраженной» (перастае спяваць) – і я бу-бу-х (паказвае, нібыта б’е ў барабан), палачкі ляцяць і я па-а-адаю (паказвае, седзячы на стуле). (Смяемся разам.)
Дарэчы, гэта ж першыя кліпы былі. Адкуль пайшло – інсцэніроўка песень у савецкія часы. Ужо потым па тэлебачанню бачыў кліпы, дзесьці 87-ы гэта быў. 

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

Проста хлопцаў забралі ў войска

Паступіў у тэатральную студыю. Там і жонку знайшоў сваю, і гэта так рамантычна, калі разам іграеш у спектаклях, адчуваеш адзін аднаго. На студыі не хацеў спыняцца, прагнуў далей спазнаваць. Так і паступаў у Інстытут культуры. Ой, таксама смеху было! (смяецца) У мяне дагэтуль ужо ж быў дыплом тэхнічны – выдатны, а калі выдатны, то нейкі іспыт не здаеш, толькі майстэрства здаеш і ўсё, сачыненне не пішаш.
Прыехаў дадому, памятаю, ганарліва так: «Мама, я паступіў» (смяецца). А тут цераз некалькі дзён тэлефануюць маці на працу (тэлефонаў жа тады паўсюль не было) і маці ўжо бяжыць дамоў і крычыць: «Сынок, ехаць трэба, у цябе там нешта ў Інстытуце, ты не паступіў». Я і асеў, шчыра кажучы. Нейкае такое дваякае пачуццё. Але што было рабіць – паехаў. А там што аказваецца: «Не, гэта ж тэхнічны дыплом» – кажуць мне, ён не ўлічваецца. Яны напачатку не заўважылі гэта, ну! Смех! Дрэнна, дрэнна напісаў сачыненне, шмат памылак – двойка. Усё, не прайшоў. Думаю, ну і ды ладна, паспрабую ў тэатральны інстытут, адразу, паспяваў дакументы падаць. Пайшоў на рэжысуру народнага тэатра, Яраслаў Аляксеевіч Громаў набіраў курс завочнікаў тады. Я паступіў! (нібыта са здзіўленнем).
3 гады правучыўся, завочна, кінуў завод шасцерняў адразу ж, як паступіў, і стаў у ДК МТЗ загадчыкам пастановачнай часткі пры народным тэатры. І тут 3 гады прабыў. А потым – ці то лёс, ці то што – у народнай артысткі БССР, Браварскай, на курсе хлопцаў у войска пазабіралі, а ім-то акцёры-хлопцы патрэбны былі (усміхаецца). Яна ўбачыла мяне на экзамене, падыходзіць мой выкладчык, кажа, што мяне вылучылі і прапануюць перайсці на акцёрскі. Ну, я, канешне ж, я з радасцю! (Смяецца.)
Вось так, выпадак: хлопцаў забралі ў войска, не было хлопцаў, падышла Браварская і сказала «давай». (Смяецца.)
А ўжо на выпускныя іспыты прыехаў Мазынскі – мастацкі кіраўнік тэатра імя Якуба Коласа. Гэта да нас нібы купцы (усміхаецца) прыехалі. І ён паглядзеў на мяне і кажа: «Табе трэба працаваць у беларускамоўным тэатры». Адзіны толькі вобраз быў на беларускай мове – «Жыццё Карыцына», астатнія «Обыкновенное чудо», «Чудаки» Гаркага, «Виноватые» Арбузава, плюс канцэртная праграма. Вось так я і трапіў у тэатр Якуба Коласа. Мазынскі-купец ўзяў і ўсё.

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

«Ты такі «благородный отец», які ты Несцерка!..»

Першая роля… Яна была няўдалая. Гэта быў увод, «Сымон-музыка». А гэта ўсё ў вершыках. Потым, ужо праз год я зрабіў гэта як след. Адкрыццё сезона і мне во за дзень далі ролю. (смяецца) Гэта ніяк проста. А ў мяне тады барада, здаецца, была таксама, толькі не сівая (смяецца), а такая, нармалёвая. Во-во, Карчмар і быў. Ну, і што, толькі рассмяшыў я гэтых акцёраў, яны са смеху падалі на сцэне. Гэта ж у вершыках усё (смяецца), ну, смешна было, адным словам. А потым больш удалая «Тры гадзіны на сачыненне», там іграў школьніка, таксама прахіндзея, прайдзісвета, характарны такі вобраз. Хвалілі потым гэты спектакль. Ужо мяня заўважылі, ужо потым Шмакаў – народны артыст СССР – прапанаваў мне Несцерку. Гэта ў 91-м годзе. І далей і далей. Потым прышоў Баркоўскі, і ўсё змянілася, зрабілі як у 41 годзе, дэкарацыі змянілі, і касцюмы, і ён змяніў увесь склад, усіх. Тады далі мне суддзю. І нават жонка кажа, што суддзя табе лепш, бо «які ты Несцерка – кажа, – ты ж не просты, у цябе лоб вялікі, ты такі «благородный отец», які ты Несцерка» (смяецца)

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ

«Мона – гэта аб сэнсе жыцця…»

Калі б давялося ставіць свой монаспектакль, абраў бы філасофскую тэму (смяецца). Тэма пра сэнс жыцця, пра адносіны з богам, пра адносіны, не хочацца вымаўляць слова гэтае, д’ябла і сябе, бо ў цябе ж сядзіць і тое і тое. Вось пра гэта мне хацелася, таму што час прыйшоў такі. Вам шчыра скажу, што я не бачу ўжо ніякога сэнсу: унукі ўжо ёсць, дзеці ёсць. Радуешся, бачыш: унучка год з нечым, унук 4 гады. Радуешся, пацяшаешся, канешне. Калі дзеці малыя былі, быў нейкі сэнс іх выгадаваць, а тут нешта. Думаеш, у унукаў жа бацькі ёсць, ну прыедуць, пагуляюць ці павіншуюць. То бок апатыя нейкая апошнія гады. Чуеце? (смяецца)

Мона – гэта аб сэнсе жыцця: для чаго ты тут, нашто, які сэнс – гэта выцягваць хацелася б. Хоць ты сам напішы (усміхаецца). Прыходзіш да гэтага, ужо не скачаш туды сюды.

Пра чараўніцтва і чараўнікоў

Тэатр – гэта чараўніцтва, так было і так застаецца. Тут працуюць чараўнікі. Гэта чарадзейства. Я вельмі ўзрадаваўся, калі сутыкнуўся з гэтым. Гэта сапраўды так. Гэта не праца. Я не люблю вось гэта «давай працаваць», рэпітаваць можна – так, спрабаваць, ствараць можна. Ну, працаваць…працаваў я на заводзе, я ведаю, што гэта такое. Цяжкая праца. А тут не, гэта творчасць. Тут нейкая містыка. Космас нейкі духоўны, а не зазямлёнае нешта, не. Гэта цуд! (Усміхаецца)

Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
Сапраўдныя эмоцыі ў рэжыме “НОН-СТОП”: Валянцін САЛАЎЁЎ
P.S. Вось, як пасля такіх сапраўдных эмоцый можна не паверыць у тое, што Тэатр – гэта чараўніцтва? Для мяне гэта, сапраўды, магія пераўвасабленняў і адкрыццяў, асабістых, творчых, пачуццёвых. Дзякуй, Валянцін Мікалаевіч за веру ў вялікія і малыя цуды…:)

Фота з архіва героя і РТБД

З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына

РТБД