САПРАЎДНЫЯ ЭМОЦЫІ Ў РЭЖЫМЕ “НОН-СТОП”: ЛЮДМІЛА СІДАРКЕВІЧ
Вельмі хочацца пачаць з таго, што дзякуючы падобным размовам (усё ж я нашы інтэрв’ю з людзьмі РТБД расцэньваю менавіта як размовы, шчырыя і адкрытыя), можна браць на вобмацак той час, у які мы зараз жывем, адчуваць праз тэкст эмацыйны стан, стаўленне розных людзей да таго, што адбываецца ў свеце, краіне, тэатры, асабістым жыцці.
Такі зрэз унутраных і знешніх ваганняў.
Сёння гутарым з Людмілай Сідаркевіч, разважаем пра рознае, але, як заўсёды, цёпла і праўдзіва.

Вельмі хочацца пачаць з таго, што дзякуючы падобным размовам (усё ж я нашы інтэрв’ю з людзьмі РТБД расцэньваю менавіта як размовы, шчырыя і адкрытыя), можна браць на вобмацак той час, у які мы зараз жывем, адчуваць праз тэкст эмацыйны стан, стаўленне розных людзей да таго, што адбываецца ў свеце, краіне, тэатры, асабістым жыцці.
Такі зрэз унутраных і знешніх ваганняў.
Сёння гутарым з Людмілай Сідаркевіч, разважаем пра рознае, але, як заўсёды, цёпла і праўдзіва.
– 5 чэрвеня РТБД аднавіў паказ спектакляў аффлайн. Што вы думаеце наконт працы тэатра падчас пандэміі, ці сапраўды мы гатовы выйсці з самаізаляцыі?
У кожнага чалавека свае ўнутраныя адчуванні, свая мера страху, асцярогі, мера веры і няверы ў тое, што адбываецца вакол. Адно магу сказаць, што ў гэтай сітуацыі вырашаць толькі гледачу, ніхто яго цераз сілу ў тэатр не цягне, гэта асабісты выбар чалавека: баюся ісці, асцерагаюся заразіцца – значыць не пайду, ці наадварот – моцна сумую, адчуваю неверагодную патрэбу акунуцца ў зусім іншы свет, вынырнуць з гэтага хаосу, і я думаю, што ў тэатры гэта можна зрабіць — і тады так, іду ў тэатр. Я нікога не заклікаю, не асуджаю, гэта выбар кожнага чалавека. Усе выдатна ведаюць, што ў тэатры па-максімуму выконваюцца санітарныя нормы, дыстанцыя. Прыйдуць 15 чалавек, значыць, будзем іграць для 15. Значыць, у іх нейкая моцная прычына, не думаю, што гэта глупства або адсутнасць страху, я думаю, важная прычына прымусіць (альбо не прымусіць) людзей прыйсці сёння ў тэатр. Тут нельга нікога вінаваціць. Так, не працаваць 2 з паловай месяцы – гэта страшна, невядома, колькі прыйдзе гледачоў, але для мяне як для актрысы, каб нейкую глебу пад нагамі здабыць, трэба займацца сваёй любімай справай, выходзіць на сцэну.
– Чаму, на вашу думку, пандэмія вучыць чалавецтва?
Мне здаецца, на гэта пытанне яшчэ рана адказваць, пройдзе час і мы зразумеем: навучыла нас чамусьці пандэмія ці не, як, напэўна, і любыя іншыя падзеі планетарнага маштабу – толькі потым становіцца ясна. Вядома, мы ўсе зараз адчуваем нейкія страхі і нязручнасці, пачынаючы ад перамяшчэння, заканчваючы ўнутранымі псіхалагічнымі страхамі. Напэўна, пандэмія яшчэ раз нагадвае чалавеку, што ён пясчынка, што мы такія маленькія і ўсе ходзім пад Богам і што свет такі можа быць страшны і ім можа кіраваць хтосьці (ці штосьці). І гэты страх, які адчуваюць зараз многія, можа авалодаць не толькі людзьмі, а цэлымі краінамі.То бок, мне здаецца, вельмі шмат пытанняў, і адказы на іх з’явяцца толькі праз нейкі час. Я не прыхільніца сусветнай закулісы і змовы, але тое, што гэта камусьці было выгадна, гэта відавочна, і “расхлёбывать” гэта будзем мы з вамі, простыя людзі.


– Наколькі складана вамі перажываўся час без тэатра, спектакляў, працы, калег? Куды накіроўвалі энергію?
Так, сапраўды, для мяне самае цяжкае ў гэты час было існаваць без тэатра, без калег, таму што да таго, як тэатр спыніў сваю дзейнасць, быў моцны напружаны рытм, а я люблю гэты рытм, люблю ў ім існаваць, у гэтым перадпрэм’ерным настроі, калі ідуць прагоны, шыюцца касцюмы, уся гэтая сумотоха прыемная. І за тыдзень да прэм’еры мы сышлі, зачыніліся, і пачуццё ўнутранай незавершанасці мне вельмі доўга перашкаджала прымірыцца з навакольнай рэчаіснасцю. Вельмі складана “выпасці” з жыцця, з рытму: прачынаешся і разумееш, што табе нікуды не трэба ісці і яшчэ доўга нікуды не прыйдзецца ісці. Стан “страты глебы пад нагамі” – гэта самае страшнае. І калі гэта скончыцца, ты не ведаеш, і ад гэтага ты нервуешся, табе цяжка. Я распавядаю такія рэчы, якія перажываюць усе людзі, на мой погляд, зараз.
А наконт энергіі, я супакоілася — і нічым моцна не займалася. Так, я таксама карыстальнік сац.сетак, хтосьці там выкладвае нейкія стравы, займаецца размінкай. Такім людзям я, скажу шчыра, проста зайздросціла з аднаго боку, таму што калі ў мяне была выбітая гэтая глеба з-пад ног, я не змагла пераключыцца на нешта іншае і з азартам сябе чымсьці заняць, мне здаецца, гэта вельмі складаны працэс пераключэння. І я пайшла “в себя”: я, як мядзведзь, сышла ў логава. Я люблю гэты стан, люблю адзіноту, я шмат чытала таго, што не паспявала, глядзела кіно, спектаклі. Тэмп жыцця настолькі запаволіўся, я існавала ў нейкім сваім кокане. Я не пакутавала ад таго, што фізічна пазбаўленая перамяшчэння, я люблю пабыць адна, пасядзець пачытаць, падумаць, сысці ў нейкі іншы свет, зусім далёкі ад рэальнасці. У пачатку я слухала навіны і спрабавала ва ўсім гэтым мэйнстрыме існаваць, а потым зразумела: каб сябе захаваць, каб проста не звар’яцець, трэба сябе берагчы, інфармацыю сабе даваць дазіравана і толькі з вартых даверу крыніц, самой думаць, спраўляцца з патокамі гэтай інфармацыі і гэтай панікі, якая з кожнай шчыліны льецца. Я столькі паглядзела спектакляў! І я шчаслівая, што ў мяне была магчымасць паглядзець анлайн столькі цудоўных спектакляў. Таму я вось сюды накіроўвала энергію, калі можна так сказаць. Такое ціхае спакойнае жыццё, перачаканне апакаліпсіса.


– Лічыцца, што тэатр не можа існаваць без гледача. Наколькі складана было іграць прэм’еру “Профіт” без поўнай залы гледачоў?
Без чаго заўгодна можа існаваць тэатр, але без гледача дакладна не. Я асабіста вельмі скептычна стаўлюся да ўсіх гэтых спробаў перанесці жыццё са сцэны ў анлайн-праекты, “весялушку”. Я вельмі падтрымліваю тых, хто гэтым займаецца і спрабуе “варушыць” наваколле, але для мяне тэатр – гэта ты на сцэне і поўная зала гледачоў.
Акцёры выдатна ведаюць, што перад прэм’ерай ёсць нейкі момант, калі ты ўжо ўсё ведаеш і ўжо рэпетаваць няма чаго – усе чакаюць прэм’еры, таму што глядач усё адкарэктуе, рэакцыя гледача абсалютна ўсё паставіць на свае месцы, пакажа табе, дзе ты маеш рацыю, дзе – не, таму што глядач можа смяяцца альбо плакаць у зусім нечаканых месцах, і ён вельмі дакладна цябе накіроўвае. І таму калі ты выходзіш, а вакол толькі камеры – гэта складана. Але мы ўсе выдатна разумеем, што тэатр не можа перамясціцца ў анлайн, гэта не кіно, тэатр – гэта жывое мастацтва, дзе патрэбна дыханне тваё і дыханне твайго гледача. Таму так, без залы было цяжкавата. Мы разумелі, што сыграем, але наступны наш спектакль будзе ўжо зусім іншы, калі будзе глядач.


– Мабыць, будзе крыху складанае пытанне ў сучасных рэаліях пандэміі, але ўсё ж. На вашу думку, які ён сёння, беларускі тэатр: чаго яму не хапае, у чым бачыце яго каштоўнасць і перспектыву развіцця?
Тэатр розны. Я не скажу, што гэта падзел, але мне здаецца, што ёсць дзве паралельна існуючыя лініі – дзяржаўны афіцыйны тэатр і тэатр не дзяржаўны, эксперыментальны, новы, малады ў асноўным, які існуе на незалежных пляцоўках. Я разумею, што гэта недастаткова, але я сёння магу назваць імёны маладых рэжысёраў, якіх на сённяшні дзень больш, чым рэжысёраў, нашых прызнаных мэтраў, якія сядзяць у нашых дзяржаўных тэатрах на “ўсім гатовенькім”. Калі ласка, Яўген Карняг, Кацярына Аверкава, Аляксандр Марчанка, Ігар Казакоў, Аляксандр Янушкевіч, Юра Дзівакоў, Дзмітрый Багаслаўскі – гэта шмат, і гэтыя людзі ставяць спектаклі, якія выклікаюць цікавасць, асабліва ў маладой публікі. Гэта значыць, такі тэатр ёсць, і ён звярнуў на сябе ўвагу і пра яго нельга сёння не гаварыць, і ёсць патрэба ў спектаклях, пабудаваных інакш, накіраваных на тое, каб разварушыць думку, грамадзянскую свядомасць, а не на тое, каб зарабіць грошы, як у асноўным вымушаны паступаць нашы дзяржаўныя тэатры. Гэтых новых маладых імёнаў ужо шмат, і яны ўжо заявілі пра сябе, іх ужо ведае глядач. І паралельнае развіццё, а гэта ўсё ж развіццё, дае магчымасць існавання іншага тэатра.
Я ўдзельнічаю часам у падобных незалежных праектах, люблю вельмі гэтых людзей, мне вельмі сімпатычны яны, іх энергія, іх жаданне гаварыць, выказвацца, іх болевыя кропкі, таму што яны гавораць на тэмы, якія іх цікавяць, яны вольныя ў сваім выбары. Гэта такі сумленны тэатр, незалежны, цікавы, творчы, свабодны. Ёсць, канешне, і такі трохі перакос: усё, што не ў дзяржтэатры, усё, што альтэрнатыва, –усё добра. Гэта не так, таму што і незалежныя спектаклі бываюць слабымі. Калі казаць пра наш тэатр, РТБД, у нас ставяць выдатныя маладыя рэжысёры, пляцоўка нашага тэатра адкрыта для маладой рэжысуры, чаго, напрыклад, я не бачу ў нашых тэатраў-“волатаў”, а так маладыя імёны з’яўляюцца дзесьці “на баку”. І, мне здаецца, праблема ў Школе. Калі мы глядзім на Маскву, у іх няма дэфіцыта, няма “дырок поколенческих” у рэжысуры, таму што для кожнага майстара, кожнага знакамітага таленавітага рэжысёра справай гонару з’яўляецца пакінуць пасля сябе працяг, таму ўся маладая рэжысура маскоўская – гэта вучні мэтраў, гэта значыць, ёсць пераемнасць, ёсць Школа. У нас, на жаль, гэтай пераемнасці і Школы няма. Не гадуюць масцітыя нашы рэжысёры, на жаль, сабе замену. Перспектыва ў тым, каб таленты не сыходзілі ў нябыт, а пакідалі нешта пасля сябе, каб гэты ланцужок не перарываўся. І перспектыва беларускага тэатра ў тым, каб быць розным. Не баяцца павеваў – з Захаду, Расіі, адусюль, не баяцца новага, не баяцца эксперыментаў, не баяцца гаварыць праўду, не баяцца закранаць “нязручныя” тэмы, сацыяльныя, палітычныя – усе.


– А чаго не хапае беларускаму гледачу?
Гэта заўсёды складанае пытанне. Гэта заўсёды палка аб двух канцах, таму што мы гаварылі, што тэатр без гледача не можа існаваць. Я асабіста ўдзячная ўсім гледачам, яны прыйшлі ў тэатр – і гэта ўжо добра, значыць, тэатр выклікае ў іх цікавасць. Іншая справа, што трэба быць больш патрабавальнымі да тэатра і сябе саміх. Зразумела, велізарная колькасць публікі прыходзіць проста адпачыць, і людзі маюць на гэта права, і гэта добра, і мы павінны гэта права забяспечваць, але якаснымі спектаклямі, таму што і камедыя можа быць надзвычай годная. Але калі паглядзець рэпертуар нашых тэатраў, мы ўбачым, на жаль, “камедыю і камедыю”. Не проста смешна павінна быць, на мой погляд, а выдатна змайстравана з прафесійнага пункту гледжання, каб у гледача выхоўваўся густ, каб глядач разумеў, што такое добра, што такое дрэнна, каб ён хаця б крыху мог адрозніваць “моцны спектакль” ад “менш моцнага”. У Маскве глядач авацыі дорыць, калі гэта сапраўды варта авацый, а ў нас глядач устае і на добрым спектаклі, і на дрэнным. Устае і ўсё роўна апладыруе. Так, мы ведаем, што мы для вас ігралі, але з іншага боку, бывае і так, што мы разумеем, што гэты спектакль дрэнны, не трэба з такім захапленнем яго прымаць, таму што крытэрыі проста размытыя. Нельга, на мой погляд, уставаць і апладыраваць на добрым і на дрэнным спектаклі, трэба раздзяляць. Я гэта расцэньваю, што глядач настолькі паважае працу акцёра, але гэта і разбэшчвае акцёра, таму што ёсць розныя акцёры. Ёсць людзі таленавітыя, якія сумняваюцца, а ёсць “калі я выйшаў і гледачы апладыруюць, значыць, я выдатны акцёр, значыць, мне не трэба нікуды развівацца, значыць, мне не трэба нейкія намаганні прыкладаць, значыць, я магу не вельмі марнавацца, я магу ў сваіх штампах існаваць”. Гэта не так. Не хапае глядацкай патрабавальнасці, па-добраму. Хочацца бачыць гледача, які думае, які прыходзіць не адпачыць у тэатр, а які таксама прыходзіць папрацаваць, душэўна папрацаваць, над сабой. Таму што тэатр – гэта не забаўка, не. І вельмі радасна ўсведамляць, што, магчыма, не на ўсе 100%, але РТБД мае “сваіх”, думаючых гледачоў. Прынамсі хочацца ў гэта верыць.


– Што з апошніх вашых прац у тэатры для вас стала адкрыццём вашых прафесійных граняў, якіх дагэтуль вы, магчыма, не бачылі? І чаму?
Я так даўно ў тэатры, што цяжка нешта адкрываць, але праца ў спектаклі “Сіндром Медэі” з Кацярынай Аверкавай на мяне вельмі паўплывала. Гэта была спроба выбіць мяне з нейкіх маіх штампаў, напрацовак. Яна патрабавала такога простага жыццёвага чалавечага стану, калі ты нічога не іграеш, пры гэтым вельмі дакладна існуеш. Гэта значыць, прыбраць усялякі пафас, тэмперамент, а ісці, вельмі тонка ісці па жыццёвай праўдзе, пагрузіць сябе ў абставіны і зноўку пражыць гэтае жыццё. Гэта быў той момант, калі ты практычна пачынаеш усё з нуля. Табе здаецца, што ты ўжо нешта ведаеш, але ёсць рэжысёр, малады, у якога свежы погляд, у якога свае патрабаванні і трэба адпавядаць гэтым патрабаванням, і ён не хоча тваіх старых напрацовак бачыць, яму трэба свежае, новае, таму “будзі сябе”, існуй так, як трэба, кожны раз думай, не ўсе табе яшчэ па плячы (усміхаецца). Узбударажыла мяне па-добраму праца з Кацярынай.
Вядома, працы з Яўгенам Карнягам. Гэта заўсёды адкрыццё нейкага новага свету. Гэта аўтарскі тэатр, але пры гэтым ён нас вяртае (прабачце за пафас) да запаветаў Станіслаўскага. І ўсе вялікія казалі, што найперш мы іграем спектакль, потым мы іграем сцэны, а ўжо пасля – сваю ролю . Гэта значыць, у першую чаргу думаць пра спектакль, працаваць на спектакль, на ідэю, на агульную справу, а не займацца сваёй нейкай ролькай ці яркім эпізодам, хоць заўсёды ў спектаклях Карняга ў кожнага ёсць яркія эпізоды, ёсць дзе праявіць сябе, але пры гэтым усе мы працуем на спектакль. Гэта вельмі важна. І зноў прыгадваецца, што тэатр – гэта мастацтва калектыўнае, калі ўсе працуюць на ідэю. Гэта выдатна, калі ты сваё асабістае (і гэта, напэўна, няпроста) падпарадкоўваеш агульнай ідэі. Так, акцёр жадае паказаць сябе, быць заўважаным, але гэта вельмі часта можа нашкодзіць спектаклю. У Яўгена гарманічныя спектаклі заўсёды, ён ведае, што ён робіць, і можа прывесці сваю каманду да задуманага выніку. Тэатр Карняга – гэта іншы тэатр, аўтарскі тэатр, тэатр цела, нечаканых цікавых вобразаў, метафар.
Мне заўсёды цікава працаваць з Алясандрам Марчанкам, у яго цікавы своеасаблівы падыход. Напэўна, гэта звязана з тымі рэжысёрамі, у якіх ёсць свой почырк. Таму нейкія ролі я зараз вылучыць не магу, гэтак жа, як не магу сказаць, што ўсе астатнія працы нейкія прэсныя. Напэўна, любы акцёр, які хоча быць “жывым”, скажа, што любая роля – гэта выпрабаванне і пачатак з нуля. Нават ролі, якія, можа, не атрымаліся ці не так ярка выстрэлілі – гэта таксама вопыт, важны для акцёра.


– Дзесьці пачула, што “талент – гэта не тое, што патэбна табе, а тое, што патрэбна ад цябе іншым”. Што для вас такое талент?
Я вельмі згодна з гэтым сцвярджэннем. І мне яшчэ вельмі падабаецца, што таленту заўсёды ўласцівы сумневы. Не можа таленавіты чалавек заўсёды верыць, што ён выдатны, што ён усё робіць правільна, што ён неверагодны ў той ці іншай ролі. Пра гэта можа казаць рэжысёр альбо гледачы. Ты не можаш сябе ацэньваць. І мне здаецца, гэта першы крытэрый таленавітых людзей: яны заўсёды сумняваюцца, заўсёды “пачынаюць з нуля”, яны няўпэўненыя і заўсёды ў пошуку. І гэта не проста пошук, гэта досыць балезненны стан, таму што акцёр шукае адабрэння, жадае падабацца, і любая пахвала дорыць крылы за спіной, а негатыўны водгук пазбаўляе гэтых крылаў. Таму трэба быць жорсткім крытыкам для сябе і, мне здаецца, таленавітыя людзі якраз з’яўляюцца самымі жорсткімі крытыкамі для сябе.
Важна, што твой талент, твае магчымасці нясуць людзям і ці нясуць увогуле штосьці. Толькі таленавіты чалавек можа агучваць разумныя і высокія думкі так, каб яны сапраўды гучалі. Таленавітаму чалавеку верыш, а таму, хто лічыць сябе бездакорным … ён, напэўна, верыць сабе сам.



– Ці лічыце вы сябе сентыментальным чалавекам? Што можа вас расчуліць?
Ой, я вельмі сентыментальны чалавек. І нават гледзячы фільмы, так ці інакш, але стаўлю сябе на месца героя, пагружаю сябе ў прапанаваныя абставіны, пачынаю разам з галоўным героем перажываць нешта такое, што мне самой зразумела і блізка. Я глядзела спектакль “Дзядзя Ваня” ад рэжысёра Рымаса Тумінаса і я плакала практычна праз сцэну. І ўсё роўна – была гэта сцэна жаночая ці мужчынская, гэта быў спектакль пра мяне. Гэты дзядзя Ваня быў пра мяне. Гэтая трагедыя страчаных магчымасцяў , загубленага жыцця або нерэалізаванага кахання. Я пачынаю сябе туды пагружаць і разумею: так, Божа, і са мной такое адбываецца. І дзядзя Ваня – гэта ў чымсьці я, і доктар Астроў, і Соня – гэта ўсё я, гэта ўсё пра маіх блізкіх, усё пра маё жыццё.
Выдатныя спектаклі, кнігі, музыка ці проста нейкія высокія чалавечыя ўчынкі могуць выклікаць у мяне буру эмоцый, і я пачынаю разважаць пра жыццё, пра свой лёс. І мне вельмі шкада старых людзей, і чым даўжэй жывеш, тым больш разумееш, што ты некалі таксама будзеш старым. Я спачуваю не самой старасці, а адзіноце ў старасці. Я хвалююся, калі людзі растаюцца, хварэюць. Я вельмі сентыментальны чалавек у сілу прафесіі, якая ўсё ж прымушае пагружацца ў душэўныя глыбіні людзей (усміхаецца). Акцёры вельмі ўважлівыя людзі, таму жыццё, яно неяк не праходзіць міма. Мы засяроджваемся на людскіх болях, каб потым, вядома, выкарыстоўваць гэты вопыт у сваіх ролях (смяецца). Але я думаю, калі артыст пазбаўлены эмпатыі, ён дрэнны артыст.


– У мяне пры слове “сентыментальны” – адразу асацыяцыя з дзяцінствам, таму пытанне: які фільм (альбо кніга) у вашым дзяцінстве вас расчуліў (-ла) больш за ўсё? (Пажадана доўга не думаць, а адразу першы яскравы ўспамін, які ўзгадаеце))) І чаму?
Адразу ўспамінаецца фільм “Белы Бім Чорнае вуха”, таму што гэта былі нейкія дзікія рыданні, так мне іх было шкада. Вельмі я любіла і ў той жа час не магла глядзець гэты фільм. А ў гадоў 10-11 я паглядзела чэшскі фільм “Русалачка”. Памятаю, як я рыдала, бо як (?!), як ён яе не ўбачыў, не адчуў, не зразумеў, што гэта яна яго выратавала. Гэта, напэўна, было першае маё сутыкненне з тым, як каханне можа быць сляпым, несправядлівым і што каханне – гэта не заўсёды шчасце. Гэты фільм маё дзявочае ўяўленне проста патрос.
Наконт кніг, у гадоў 12 я для сябе адкрыла “Трех мушкетеров”. Я чытала, даходзіла да апошняй старонкі, і зноў пачынала спачатку. Тры разы вось так бесперапынна чытала гэтую кнігу. І ад таго, што ў мяне з дзяцінства было жывое ўяўленне, я вельмі любіла чытаць не пра тое, што вакол адбываецца, не пра піянерскі наш дабрабыт, я любіла рыцарскія раманы, дзе прыгожыя дамы, подзвігі, прыгожыя сукенкі, замкі, інтрыгі. Увесь гэты свет мяне вабіў, нібы нічога цікавей і быць не магло. Мне ўвесь час думалася: чаму я нарадзілася вось цяпер, чаму я не нейкая французская герцагіня 17 стагоддзя? (смяецца)


– У відэа-візітцы РТБД вы казалі, што вы праўдаруб і гэта не вельмі добрая рыса вашага характара. А што лічыце як раз выдатнай рысай вашага характара? Чым ганарыцеся самі і чым, магчыма, можаце натхняць іншых?
Мне здаецца, што так, трэба быць сумленным. У мастацтве, у жыцці варта быць сумленным. Я праўдаруб у нейкіх прынцыповых рэчах, прафесійных. Так, я бываю нястрымнай, але я і магу папрасіць прабачэння, таму што маўчанне не дае выніку, ты маўчыш-маўчыш, але бачыш, што нічога не змяняецца.
А наконт “ганаруся”. Я вельмі з падазрэннем стаўлюся да людзей, якія кажуць “вось я ганаруся …” (смяецца). Я магу ганарыцца іншымі – дачкой сваёй, поспехамі нашых спартсменаў, перамогамі нашых музыкаў. Няма ў мяне гонару за сябе, я лічу гэта чымсьці дзіўным.
– Зноў жа ў відэа-візітцы РТБД казалі, што перш за ўсё вы – актрыса. Ці не пакутуеце часам самі з-за таго, што прафесію паставілі над усім астатнім? Альбо навучыліся ўжо знаходзіць баланс паміж усімі сферамі вашага жыцця?
Так склалася жыццё, што не знаходжу я нічога больш цікавага, чым мая прафесія. І ўсё, што цікава, прама ці ўскосна, усё роўна звязана з тэатрам. Я люблю падарожнічаць. Так, адной таксама добра, але падарожнічаць і бачыць свет мне таксама дае тэатр. Для мяне тэатр – гэта самае цікавае, што можа быць у жыцці, для мяне. Я не кажу, што гэта добра, многія са мной не пагодзяцца, будуць казаць, што жыццё нашмат цікавейшае, але я пакуль не знайшла нічога цікавей.
Я вельмі хацела быць актрысай і паколькі Бог і мае любімыя, паважаныя людзі далі мне гэту магчымасць, я не растрачваю цікавасць, азарт да гэтай прафесіі, мне не сумна і хочацца працаваць. Гэта тое, на што я “марную” сваё жыццё, але гэта не значыць, што я чалавек, які акрамя тэатра, нічым не цікавіцца. Я люблю прыроду, люблю падарожжы, люблю цікавых таленавітых людзей, люблю іх слухаць, назіраць за імі, знаходжу ў гэтым задавальненне таксама.
Не ведаю, у чым баланс. Вядома, я жыву і звычайным жыццём, але ўсё роўна яно так ці інакш падпарадкавана прафесіі.


– Чаго чакалі больш за ўсё падчас самаізаляцыі, што ў першую чаргу зробіце-зрабілі, выйшаўшы ў тэатр? І што пажадаеце калегам, гледачам, РТБД?
Я вельмі чакала сустрэчы. Вельмі сумавала. І па сценах, людзях, энергіі. У нас тэатр малады, прыходзіш, вітаешся, адчуваеш на сабе гэтую энергію і разумееш: “Ох, жыццё ідзе, не стаіць на месцы”.
Канешне, у першую чаргу я пажадаю здароўя, цярпення. Мне здаецца, яшчэ крыху – і ўвесь гэты жах адступіць. Пажадаю вярнуцца нам усім да свайго нармальнага жыцця, калі ты выходзіш на вуліцу і не асцерагаешся людзей, якія ідуць насустрач. Я вельмі люблю абдымацца, мне важны цялесны кантакт, я праз гэта выказваю сваё стаўленне да чалавека. Мне вельмі хочацца абняць блізкіх, сяброў. Хутчэй хочацца вярнуць сабе гэта адчуванне, калі ты можаш проста абняць і пацалаваць чалавека ад пяшчотнага стаўлення да яго, ад любові.

Так як мы размаўляем не тое, каб на дыстанцыі, а наогул у анлайн-фармаце: працую над пытаннямі, дасылаю іх, мне ў адказ – гукавыя паведамленні ці запісы. І гэта надае нейкага дадатковага шарма ўсяму працэсу. Людміла Аляксандраўна (прабачце мяне, але я падзялюся), як сапраўды самы жорсткі свой крытык, у пачатку і ў канцы запісу вельмі сябе ругала, што можа быць зусім прэсна і нецікава, а я слухала, друкавала ды зноў і зноў запэўнівала сябе ў адным і цішочкам радавалася: не ў пытаннях часам справа, а ў тым, наколькі чалавек жадае раскрыцца. Я думаю, мне шанцуе на людзей. Ды як наогул можа не шанцаваць, калі гэта РТБД-людзі?
І, магчыма, пафасна прагучыць, але гэта сапраўды гонар, разам з вялікім узроўнем адказнасці і даверам,
гутарыць пра рознае, важнае, інтымнае вось так адкрыта.
Дзякую. І да новых сустрэч!
Фота з архіва героя і РТБД
З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына