ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

ТЭАТРААДЧУВАННІ:
ТРЫ ЎЗРОЎНІ АДНОЙ МЕДЭІ

Мая «малая падарожная кніжка» па #сапраўднымэмоцыям, калідорам і патаемным завулкам РТБД пажадала расшырыць свой змест. І цяпер у нашы сустрэчы коскамі, сказамі, кропкамі будуць ўваходзіць #Тэатраадчуванні, якія адкрыюць вам маё асабістае стаўленне, асабістыя перажыванні, шчырыя ўражанні, адкрытыя пачуцці падчас і пасля прагляду спектакляў нашага тэатра.

Упершыню сутыкнулася з сітуацыяй, калі так часта да мяне звяртаюцца з аднымі і тымі ж пытаннямі, якія тычацца спектакля: «Чаму ты яшчэ не напісала ніводнага слова аб «Сіндроме Медэі»? Табе не спадабалася? А ісці наогул варта?»

Сапраўды, у той час, як штодня стужкі сяброў/знаёмых мільгалі самымі рознымі каментарамі/фота/водгукамі аб спектаклі – я аддала перавагу вытрымаць паўзу.

Справа ў тым, што «Сіндром Медэі» стаў для мяне чымсьці сакральным. Нейкім асабістым сакрамэнтам, распавёўшы аб якім, я абавязкова зграшу…

Аднак сёння, напэўна, я ўсё ж вярнулася ў той стан, калі змагу (і гэта плюс адзін грэх да маёй і без таго грэшнай душы) з вамі спакойна пагаварыць аб гэтым спектаклі. Хоць бы напалову, на ўзроўні адчуванняў паспрабую перадаць мой «Сіндром Медэі».

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі

Для таго, каб пазбегнуць падмены адчуванняў, а таксама каб сабе самой растлумачыць, што са мной адбывалася пасля спектакля, я паспрабавала раскласці свой «паслямедэяўскі» эфект на тры ўзроўні:

візуальны: тое, у што «апрануты» мае адчуванні, іх колеры, формы;
вербальны: які вербальны «почырк» маіх адчуванняў, якія словы, назвы паўсплывалі падчас і пасля прагляду;
каштоўнасны: які характар, якую каштоўнасць, сутнасць (асабіста для сябе) я вынесла з гэтага спектаклю.

Немагчыма не пагадзіцца, што спектакль насамрэч выклікаў вельмі неадназначную і розную рэакцыю ў гледача: хтосьці паглыбіўся ў сябе ці пачаў аналізаваць жыццё, грамадства, хтосьці істэрыць, хтосьці пляскаў у далонькі, а хтосьці –  не. Мяне ж гэты спектакль пагрузіў у нейкі адмысловы стан: слова вымавіць, рух здзейсніць, думку запусціць – усё фізічнае і ментальнае варта было нейкіх несусветных намаганняў.

Візуальны ўзровень

Той, хто хоць крыху са мной знаёмы, ведае, што індыкатарам майго стаўлення да чаго-небудзь з’яўляюцца слёзы (як бы зараз смешна і прыдуркавата не прагучала, але некалі нават асабістую знакавасць спектакляў вымярала менавіта тым самым «заплакала хоць разочак ці не»). У гэтым сэнсе «Сіндром Медэі» для мяне стаў выключэннем з правіла. Не, я таксама плакала (бо гэта для мяне натуральна, як вады выпіць), але пачуцці, адчуванні ішлі ў гэтым выпадку не праз слёзы.

Першае, што я адчула, толькі ўбачыўшы галоўную дэкарацыю, –  гэта нястрымнае пачуццё холаду, адзіноты ў вобразе бетоннай сцяны і трагізму за кошт адпаведных брудна-белых, цёмна-шэрых колераў, якія, на мой погляд, выдатна спрацавалі на асацыяцыю са звычайным пад’ездам, дзе ўласна і адбываліся падзеі. 

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі

Напачатку гэта сцяна ўспрымаецца як адзіны аб’ект, аднак па ходу таго, як разварочваюцца дзеянні на сцэне, нам, гледачам, дазволілі зазірнуць унутр гэтай «бяздушнай» глыбы. Сцяна нібы разбурылася адразу ж, як пачалася гаворка пра каханне, –  і мы ўбачылі мужчынскі  профіль і невялічкі астравок з ярка-пунсовых макаў. Форма і колеры на гэтым узроўні паведамляюць нам пра адно толькі пачуццё, якое можа забіць і ўзнесці, –  пра каханне. З аднаго боку – гэта пылкасць ярка-пунсовая, шчырасць светла-белая, з іншага – гэта шэрая роспач, з чорнымі праявамі крыўда, горыч, здрада, смерць. Мне нават падалося, што знешні складнік  самаго вобраза Медэі – гэта тое ж спалучэнне двух пачаткаў, белага і чорнага. Белы колер нібы сімвал чысціні, сапраўднасці яе пачуццяў да мужа, чорны – сімвал страты, небяспечнасці гэтых жа пачуццяў.

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі

Ішоў спектакль – і пашыраўся спектр маіх адчуванняў.

Кожны персанаж адказваў нібыта за асобна ўзятае пачуццё, якое нараджалася ўва мне: боль, крывадушша, туга, крыўда, адрыньванне – усе гэтыя пачуцці ўвасобіліся ў вобразах і касцюмах, у сінтэзе таго ж белага і чорнага, у метафарычнасці чагосьці разбуральнага. І разам з тым, персанажы, касцюмы, колеры і пачуцці складалі вобраз агульнай «шэрай масы» без канкрэтнай мэты, пастаянства і цэльнасці.

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі
ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі
Вербальны ўзровень

Гэты ўзровень асабіста для сябе я падзяліла яшчэ на два – падчас спектаклю і пасля яго.

«Падчас»

Падчас спектаклю – гэта, безумоўна, маналогі, якія часам дапамагалі працверазець, а часам па-добраму захмялець. Часам сарамлівыя, супярэчлівыя, часам шчырыя, а часам хамскія проста, але заўсёды – сумленныя.

 Мяне вельмі (на гэтым узроўні) захапіла адсылка да антычнасці ў вобразе хора. Ганне Семяняка за сола – асобнае «дзякуй!» і паклон (проста нейкі асабісты інсайт у гуках і словах). Падмуркам дадзенага вербальнага падузроўню для мяне сталі словы Медэі: «Каханне, не эўменіду, каханне, якое здужыць і здраду, і сум, і крыўду, і горач і боль расстання. Уцеха тае каханне, і іншага шчасця няма мне», якія на працягу спектакля паўтараліся некалькі разоў.

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі

«Пасля»

Усё што памятаю: выйшла з тэатра і іду пад дажджом куды ідзецца… і так некалькі гадзін…фізічна быццам бы іду, але ментальна – усё яшчэ ў адмысловым стане… праз некалькі гадзін з мяне палезлі словы: «Што ёсць каханне і як яно выглядае? Якое яно на пах? Якое яно на смак?» Я не ведаю, што гэта за словы, адкуль яны, але самі з вуснаў выскоквалі. Потым зноў цішыня: нікога побач і нікога/нічога ўнутры… Затым,памятаю, чамусьці (таксама, нават не думайце зразумець, бо сама не разумею =) ) «Один в каное» заспявалі ўва мне «Маленькага хлопчыка»… потым нейкая пустэча, цемра гукаў, адчуванняў, слоў…(А дождж – на хвілінку – так усё і ідзе, а я па-ранейшаму без парасона =) ) тут неяк я выпала з адчуванняў, а потым…мне стала холадна =) такое самае натуральнае адчуванне для чалавека, які энную гадзіну стаіць пад дажджом =) Зразумела, што зусім змокла, а хварэць зараз ніяк нельга – і сваімі невялічкімі абцасікамі зазвінела па брукаванай дарожцы да метро.

А са стану «паслямедэяўскага» эфекту, дарэчы, выйшла я, напэўна, толькі пад абед наступнага дня, і то часткова.

Каштоўнасны ўзровень

Самы важны, самы складаны, самы асабісты, таму будзе і самым кароткім. Адмысловы стан, магчымасць пагрузіцца ў яго (і загрузіцца ім таксама), адчуць і адчуваць, думаць, без асуджэнняў, без крывадушша, не азіраючыся на меркаванні іншых, на каментары, сябе пачуць у гэтым стане – гэта якраз тое каштоўнае, што менавіта мне даў «Сіндром Медэі».

ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі
ТЭАТРААДЧУВАННІ: Тры ўзроўні адной Медэі

Ну, што ж, сакральнасць раскрыта (і ў нейкай ступені нават больш, чым мной прадугледжвалася, калі я толькі бралася за гэты тэкст). Грахі прымножаны. Кропкі і шматкроп’і растаўлены. #Сапраўдныяэмоцыі захаваны на жорсткі дыск тэатраадчування.

P.S. Я не стану нікога заклікаць на гэты спектакль, але вельмi буду прасiць: не ўспрымайце яго павярхоўна, калi ласка (гэта неяк вельмi крыўдзіць), i, калi ўжо адважыцеся схадзiць, падрыхтуйцеся, пачытайце, каб не стаў ваш прагляд пасля бяздушнымі і безасобаснымі «лайкамі і перапостамі», каб не стаў мэйнстрымным, толькi сённяшнім хвілінным выбухам.

З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына

РТБД