Грук-грук, Buongiorno! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

ГРУК-ГРУК, BUONGIORNO!

(тыпу п’еса, тыпу ў адной дзеі, у якой я рада паказацца і рада вітаць шаноўных чытачоў у прасторы дадзенага Блога)

Жанр: унутраныя маналог-дыялогі

Дзеючыя асобы:

Жанна (гэта значыцца я – аўтарка Блога на сайце РТБД, аўтарка і куратар творчай лабараторыі “ТэатраТэрапія”, прэс-сакратар РТБД і шмат чаго іншага. Нясціпла, бо магу сабе дазволіць).

Блог (ён жа “Унутраны голас”, ён жа “Унутраны ЖанІн”, які заўсёды можа высмеяць Жан-очую нясціпласць, ха).

Грук-грук, Buongiorno!

“Унутраны ЖанІн” бавіць час ля фотазоны РТБД

Жанна: Прывітанне, мой Блозе!.. Я сумавала.

Выбачай, што так даўно не стваралі тут сапраўдна-эмацыйных аванцюр.

(Блог: Ой, я цябе ўмаляю, якія там у цябе аванцюры былі. Адзіная, напэўна, і тая – во, што ты перастала тут з’яўляцца. “Блозе” – гэта, дарэчы, такі ў яе неалагізм у дачыненні да мяне, такі свой зварот. Мне падабаецца. Пакідаем! А дзень які выбрала, заўважылі? Ага, 14 лютага, каб нам тут ва ўсім сваім прызнацца. Тут малайчынка, досыць сімвалічна. І прыемна-а-а.)

Жанна: Гэта таксама трэба прагаварыць.

(Блог: Ну, зрабі ласку! Людзі ўжо забыліся, хто ты наогул! А новая аўдыторыі РТБД дык і зусім не ведае. Яшчэ так сябе прапісала напачатку, што і гэта яна, і тое-сёе. Ой!)

Жанна: Сябры, я сумавала па нашых сустрэчах тут кропкамі, сказамі, коскамі, і мяне сапраўды не было доўгі час, а гэта цэлы сезон…

(Блог: Затое які! Юбілейны, трыццаты, асобы! Не тое, як прыйшла, 25-ты. Тут 30 гадоў! А ты во, добры дзе-е-ень, нават не павіншавала!)

Жанна: …За гэты час я шмат думала пра Блог, шмат пра тое, чаму не ідзе, не пішацца, так бы мовіць, не гутарыцца, не сустракаецца. І мне важна прагаварыць, каб пачаць нашу першую сустрэчу цалкам шчыра. Адказ ляжаў на паверхні, як звычайна. І, як звычайна, спатрэбіўся час, каб яго на паверхні ўбачыць, а яшчэ асэнсаваць, прысвоіць, зрабіць сваім, “урасці”.

(Блог: ПалеХчэ, рана яшчэ кідацца такім – “прысвоіць”. Дай людзям да цябе зноў прывыкнуць, а то пачынаецца тут. Навучанне псіхалогіі не праходзіць дарма, ага, кідаешся тут ужо гэтымі сваімі славечкамі.)

Грук-грук, Buongiorno!

“Унутраны ЖанІн” звычайна забаўляецца, а дарослая Жанна праводзіць “ТэатраТэрапію”. Нармалёва ў нас абавязкі размеркаваны

Жанна: Калі жадаеш знайсці паклІканне, прызначэнне, прызванне…

(Блог: Тут я патлумачу. Так, паклІканне – гэта занадта мудрагелістае і наогул моцнае слова, але яно лепш за ўсё апісвае стан Жанны, таму дазволім ёй нарэшце пачаць прысвойваць гэта паняцце сабе…Стоп… Гэта канец, я сказаў “прысвойваць”? Усё, капут…так і да “созікаў”* недалёка…)

Жанна: …узгадай, аб чым марыў у дзяцінстве, чым любіў займацца больш за ўсё. Пагрузіўшыся ў роздумы аб гэтым, я…

(Блог: Вельмі своечасова пагрузіўшыся, я хачу сказаць, таму што ўсё заўсёды своечасова, ага.)

Жанна: …прыйшла да адказу: я марыла пра свой дом.

(Блог: Нічога сабе! А ты што без дома жыла? Давай вот без этава пакамест. У першы выпуск – і адразу драму цягнуць? Ну, алё!)

Жанна: Не тое, каб у мяне не было сваёй сям’і, дома. Вядома, гэта было, я пра іншае. Любіла гуляць у дзяцінстве ў дом – будавала яго ў кустах, на дрэвах…

(Блог: Як, напэўна, і большасць з нас, аднак не будзем абясцэньваць Жаннін – і наогул усіх, хто тут будзе з’яўляцца, – вопыт: на гэтай прасторы такое забаронена.)

Жанна: …зімой – са снегу. Са снегу мне падабалася больш, асабліва лядоўні, дзе былі сапраўдныя цукеркі.

(Блог: Ну, не са снегу ж цукеркі, усе і так зразумелі!)

Жанна: Ммм, можа, памятаеце такія сунічныя ці апельсінавыя з вяршкамі?.. Не памятаю дакладнай назвы, але вельмі смачныя.

(Блог: Смачныя, смачныя, пацвярджаю. Дарэчы, гэтыя цукерачкі дзядуля-манціроўшчык РТБД па тэатру ўсім разносіў, частаваў. Добры такі дзядуля быў. Эх.. Не-не, жывы, вы чаго! Проста на пенсію ўжо сышоў. А цукерачак не хапае, ага…)

Жанна: Да чаго я вяду?

(Блог: Ну, і сапраўды, да чаго такі спіч! Большасць чытае першыя два радкі, і гэта ў лепшым выпадку. Тожа мне сэсэмэмшчык, і піяршчык, і прэс-сакратар, і коуч, і вабшчэээ…”я заблытаўся-я-я” – гэта фраза са спектакля РТБД “Кар’ера доктара Рауса”, дарэчы. Схадзіце, калі яшчэ не бачылі. То – агонь!)

Грук-грук, Buongiorno!
Грук-грук, Buongiorno!

Больш за ўсё часу я праводзіла і праводжу ў тэатры

Жанна: Дом – гэта перш за ўсё прастора. Дзе мне прыемна бываць, дзе мяне чакаюць, куды прыемна вяртацца. Месца, у якім легалізаваны мае перажыванні і эмоцыі, месца, якое мне хочацца абжываць, рабіць камфортным, прыгожым, утульным, цёплым. Месца, куды хочацца запрасіць людзей, што блізкія, якім давяраю, якія давяраюць мне, якіх люблю, цаню і паважаю, альбо проста цікавых мне людзей.

(Блог: Галоўнае – узаемнасць!)

Жанна: Гэта я называю домам.

(Блог: Слухай, сёмы ўступ…ну, харэ, хутка не вытрываю!)

Жанна: Блог для мяне – гэта своеасаблівая метафара дома. Прастора, дзе я ствараю атмасферу, эмацыйную каларыстыку, пэўныя правілы – усё тое, як функцыянуе месца. І так, за ўсё гэта бяру адказнасць таксама я.

(Блог: О, я чую слова “адказнасць”! А гэта ўжо па-даросламу. Працягвай!)

Жанна: Зараз будзе яшчэ крыху інтымных звестак.

(Блог: Ды ла-а-адна, ну, нармальна ж пачынала пра адказнасць!)

Жанна: Калі я для сябе адкрыла гэты факт…

(Блог: Ну! Што блог – гэта ціпа дом.)

Жанна: …ён супаў з маім станам на “тут і зараз”: ментальна я падышла да таго, каб мець сваю прастору, свой дом. Хвілінку…як сказаў бы Вожык з “А мне не сорамна!..”, пайду, трошачкі паплачу…

(Блог: Ой, нешта ў вока трапіла.. Я тут пакуль са сваім вокам разбяруся… а ты таксама не доўга там… давай… а то я цябе ведаю!)

Жанна: З пачаткам гэтага XXXI тэатральнага сезона – сезона імгненняў – многае знешняе рэзануе з унутраным, таму я вырашыла вярнуцца сюды, у Блог – месца, поўнае сама-рэалізацыі, унутраных лабараторый і даследаванняў, гутарак і, канешне, самых сапраўдных эмоцый. Каб, магчыма, гэта стала сімвалічным, прыгожым якарам пражываемых мною зараз падзей, станаў, змяненняў.

Калі, як не ў сезоне імгненняў, ствараць і збіраць важныя, яскравыя, сумесныя…

(Блог: Сумесныя, вось іменна! А то зараз усе падумаюць, што ты сама ў сябе – і сама не ў сабе, ха-ха – пачнеш інтэрв’ю браць!)

Грук-грук, Buongiorno!
Грук-грук, Buongiorno!

РТБД заўсёды рады сваім гледачам

Жанна: …імгненні. Я вырашыла запрасіць вас у гэтую новую…

(Блог: Даўно забытую старую, ага.)

Жанна: …абноўленую прастору менавіта 14 лютага. Каб кожны, хто прачытае гэты тэкст да канца…

(Блог: О, тут ты малайчына, што дадала гэтае “да канца”.)

Жанна: …адчуў, як я кожным даражу, кожнага цаню і люблю. Людзей, з якімі працую, ствараю – у любові – праекты, тэксты…

(Блог: Унутраны пацан ЖанІн – ну, імя такое ў мяне, што? – лікуе! Мне прыемна, што я таксама ў любові.)

Жанна: Сябры, форму нашых сустрэч сказамі, кропкамі, коскамі ў прасторы Блога планую змяніць. Не хвалюйцеся, гэта будуць інтэрв’ю, мае эмацыйныя рэакцыя на падзеі, але крыху іншага кшталту. Спадзяюся )) І таксама я вельмі спадзяюся, што кожны зможа ўтульна сябе адчуваць у гэтым месцы, нібыта ў мяне дома за кубачкам духмянай мятнай гарбаты.

(Блог: А магчыма і без “нібыта”, ха.)

Жанна: І, канешне, не ўсе выпускі будуць такімі самаіранічнымі…

(Блог: Пф, куды ты без самаіроніі, алё!)

Жанна: Не так шмат мяне будзе ў тэкстах, як сёння.)) Спадзяюся, будуць і глыбокія выпускі, як было і раней, але…куды без нотак іроніі і гумару!

(Блог: Пф..но-о-отак. Ну-ну! І забудзь ты ўжо гэтае “як было раней”! Як было раней, было раней. Кропка. Пішам новую гісторыю.)

Жанна: Запрашаю ў прастору новай мяне і новага Блога. Пішам новую гісторыю разам! Сустракаемся кожны трэці чацвер месяца. Першае інтэрв’ю ў сезоне імгненняў будзе ўжо 16 лютага 2023 года. Там кайфова. Я чакаю. Прапаную чакаць разам. А ў сакавіку, напярэдадні Дня тэатра, вас чакае невялічкі…

(Блог: Вялічкі, вялічкі! Аграменны скарб, я б нават сказаў).

Жанна: …сюрпрыз! Пакінем інтрыгай. А сёння я дзякую вам, мае шаноўныя, што такія важныя рэчы ў жыцці, як час і ўвага, вы бавілі разам са мной і гэтым тэкстам. Я жадаю вам, каб Дзень Закаханых не заставаўся толькі адным (некім некалі адведзеным) днём. Жадаю любіць тое, што робіце па жыцці і тых, з кім гэта робіце. У любові нараджаюцца выдатныя, унікальныя рэчы, як, напрыклад, спектаклі і праекты РТБД )). Да сустрэчы 16 лютага ў дадзенай прасторы, а таксама – убачымся ў сценах РТБДома. Абдымаю літарамі.

(Блог: І я, я таксама абдымаю літарамі, моцна і пяшчотна. Чакаю на…захацелася тут яшчэ адну цытату са спектакля “Кар’ера доктара Рауса” ўставіць, але ладна ўжо. Чакаю… новых тэкстаў!).

Грук-грук, Buongiorno!

Вы разумееце, да чаго хіліць “Унутраны ЖанІн”, так? Сустракаемся 16 лютага ў гэтай самай прасторы

* “Созікі” – скарочана ад “сузалежныя”

Фота – з архіва Жанны і РТБД

З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына

РТБД