МЕНТАЛЬНАЕ ЗЛАЧЫНСТВА - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

МЕНТАЛЬНАЕ ЗЛАЧЫНСТВА

Сакавік, а паўсюль снег.
“Якая доўгая зіма… І пустэча. І снег. Снег. Паўсюль пастылы снег. Так многа снегу, на вуліцы, па тэлевізары, на столі, усюды. А я хачу лета… Мне патрэбна цяпло”.

МЕНТАЛЬНАЕ ЗЛАЧЫНСТВА

Так ужо атрымалася, што ўвесь першы месяц прайшоў у рэжыме “нон-стоп”. Часу хапала толькі накідваць невялічкія фразы на чэках з крам кшталту “плачу, бо такога МАЙГО спектаклю не бачыла яшчэ ніколі”, “яна неверагодная і нейкая ненармальная, чымсьці нагадвае мяне”, “сёння дзень нейкіх цудаў: такія простыя і такія адкрытыя людзі вакол, нібы спецыяльна робяць мяне шчаслівай”, “о, а гэты вельмі светлы і шчыры чалавек, але толькі калі гаворыць, калі маўчыць – нейкім надта грозным падаецца” – і гэтак можна працягваць да бясконцасці.  Зараз пішу і ў думкі гэтыя, успаміны, нібыта ў махрыстую коўдрачку ўкуталася, такія яны цёплыя, утульныя, прывабныя.

Гэты тэатр для мяне – падарожжа ў нейкі новы не свет нават, а цэлы Сусвет, з яго шчырасцю, перажываннямі, хваробамі і, канешне, #сапраўдныміэмоцыямі. Спачатку знаёмішся, звыкаешся, аглядаешся, потым прымаеш і, безумоўна, пачынаеш жадаць, каб прынялі цябе. Асцярожна ходзіш па калідорах, каля галоўнай сцэны і наогул з хваляваннем і дрыготкай па спіне, на дыбачках мінаеш самае сакральнае і патаемнае – грымёркі акцёраў, так жа (што тут ужо маўчаць), як і саміх акцёраў: яны ж для цябе зоркі недасягальныя. А калі дзесьці з кім у калідоры сустрэнешся – добра, калі не страціш прытомнасць і павітаешся.

Потым, наведаўшы як мага больш спектакляў, пачынаеш не проста прымаць, а “чыстым каханнем разгарацца”, як сказаў бы наш класік. Кожны спектакль, кожнае знаёмства, набліжэнне да таго самага “сакральнага і патаемнага” – заўсёды нейкі асабісты інсайт. Пачынаеш больш адкрывацца і больш адкрываць, больш узірацца, натхняцца, задавольваць свой голад, душэўны, свецкі. І ідзеш ужо па тых жа калідорах больш упэўнена, нібыта “свой”.

Самым каштоўным для мяне падчас амаль чатырох месяцаў у РТБД стала адкрыццё і знаёмства з акцёрамі. Мне здаецца, што яны нават не здагадваюцца, якія яны дзіўныя; а я, у сваю чаргу, не веру ў тое, што зараз са мной адбываецца. Праўда, гэта нейкі цуд: хадзіць, гутарыць з імі, адкрываць для сябе ўсё новых цікавых і вельмі, вельмі простых і шчырых людзей – настолькі набліжанай да сваёй мары, да сферы, якую так люблю, я яшчэ ніколі не была.

Каго менавіта, з якога боку я адкрыла, у якіх грымёрках пабывала і што выслухала – чытайце (а значыць, і чакайце) у наступным запісе. Такая вось вам інтрыга.

P.S. дарэчы, ад ролі Блакітнай жанчыны, якая б лунала начамі па РТБД не адмаўляюся. Будзе нічога такі інфаповад для СМІ, падумайце))

З цеплынёй і павагай,
Жанна Гурына

РТБД