“АДАМАВЫ ЖАРТЫ” – НА СУСВЕТНЫМ ФЕСТЫВАЛІ КУЛЬТУРЫ Ў ПАКІСТАНЕ
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць спектакль “Адамавы жарты” на ІІІ Сусветным фестывалі культуры (World Culture Festival 2026), які пройдзе з 29 кастрычніка па 22 лістапада ў горадзе Карачы (Ісламская Рэспубліка Пакістан).
Паказ беларускай камедыі адбудзецца 13 лістапада 2026 года. Гэта ўжо трэці выезд РТБД у гэтым годзе ў далёкае замежжа пасля Шанхая і Пекіна, што сведчыць аб росце міжнароднай цікавасці да беларускага тэатральнага мастацтва.

Фестываль, арганізатарам якога выступае Arts Council of Pakistan Karachi, з’яўляецца адной з найбуйнейшых культурных падзей свету. У гэтым годзе ў ім прымуць удзел больш за 1000 артыстаў з 150 краін свету. Сярод удзельнікаў – тэатральныя калектывы, музыкі, танцоры і мастакі з розных кантынентаў, што робіць фестываль сапраўднай пляцоўкай для міжкультурнага дыялогу.
“Адамавы жарты” – адзін з самых вядомых і любімых спектакляў РТБД. Гэта аўтэнтычная, лёгкая і мудрая камедыя паводле твораў Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча, якая ідзе на сцэне з 2010 года і ўжо пераадолела мяжу ў 300 паказаў. Гісторыя пра Саўку і Марысю, якіх спакушае Чорт, пераплятае ў сабе рэальнае і фантастычнае, сучаснае і старажытнае, а наяўнасць у ёй музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў, дадае асаблівага каларыту.
“Мы вельмі рады, што нашы „Адамавы жарты“ будуць прадстаўляць Беларусь на такой маштабнай пляцоўцы, як Сусветны фестываль культуры ў Пакістане, – адзначае дырэктар РТБД, рэжысёр спектакля Святлана Навуменка. – Гэта камедыя – своеасаблівы партрэт нацыянальнага характару, з яго гумарам, мудрасцю і ўменнем бачыць светлае нават у складаныя часы. Мы вельмі хочам, каб праз гэту гісторыю пакістанскі глядач адчуў цеплыню і шчырасць беларускай душы. І, канешне, мы спадзяемся, што гэта сустрэча пакладзе пачатак нашаму доўгаму і плённаму сяброўству з культурнай супольнасцю Пакістана”.
Удзел РТБД у ІІІ Сусветным фестывалі культуры ў Ісламскай Рэспубліцы Пакістан – гэта яшчэ адзін крок беларускага тэатра на міжнародную арэну.


