Дзень ведаў у рТБД
1 верасня 2026 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сустрэне Дзень ведаў асаблівым чынам. У 11:30 на сцэне тэатра адбудзецца паказ спектакля “Адамавы жарты” для вучняў гімназіі-каледжа мастацтваў Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Паказ стане часткай першага ўрока, тэма якога – “Захаванне гістарычнай спадчыны, традыцый і духоўных каштоўнасцяў для росквіту Беларусі заўтра”.

Спецыяльным госцем мерапрыемства будзе Святлана Навуменка, дырэктар РТБД і рэжысёр спектакля “Адамавы жарты”. Святлана Віктараўна паведаміць юным гледачам, як тэатр становіцца жывым сведкам гісторыі – захоўвае традыцыі, нясе духоўныя каштоўнасці і абуджае жаданне тварыць, развівацца і берагчы сваю культуру.
Святлана Навуменка: “Мы шчыра рады, што першы ўрок новага навучальнага года для вучняў гімназіі-каледжа мастацтваў пачнецца менавіта на сцэне нашага тэатра. Гэта сімвалічна: захаванне традыцый і духоўных каштоўнасцяў – гэта не простая тэма для размовы, яна патрабуе шчырага дыялогу. Мы хочам, каб хлопцы і дзяўчаты не проста пачулі словы, а праз спектакль адчулі, што ёсць нашы традыцыі і каштоўнасці, што такое сувязь пакаленняў, чалавечая годнасць і сапраўдныя пачуцці. Мы верым, што менавіта мастацтва здольна натхніць і паказаць шлях да разумення сябе і сваёй краіны”.
Спектакль “Адамавы жарты” абраны невыпадкова: гэта аўтэнтычная, лёгкая і мудрая камедыя, якая праз вобразы сучасных Адама і Евы, народны гумар і музыку распавядае пра вечныя каштоўнасці – каханне, вернасць, годнасць і здольнасць захоўваць чалавечнасць нават у самыя складаныя моманты.
Такі фармат Дня ведаў – гэта не проста святочны паказ, а спроба праз мастацтва, праз прамы дыялог з творцамі зацікавіць моладзь культурнай спадчынай і натхніць на разважанні пра будучыню краіны.
РТБД запрашае на першы ўрок, дзе веды нараджаюцца праз сапраўдныя эмоцыі, а гісторыя працягваецца сёння.


