Дзякуем за сезон разам! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Дзякуем за сезон разам!

Шаноўныя нашы РТБД-гледачы!
Вось мы і завяршылі наш XXXIІ тэатральны сезон - сезон скарбаў. Як нам адчуваецца, ён сапраўды быў насычаны скарбамі - прыемнымі сустрэчамі, праектамі, падзеямі, знаёмствамі і, канешне, сапраўднымі эмоцыямі. Спадзяемся, у вас атрымалася сабраць свой змястоўны куфэрак тэатральных скарбаў?
Дзякуем за сезон разам!

Прапануем зараз пералічыць тыя важныя скарб-падзеі, праекты, спектаклі, якія зладзілі мы разам у гэтым сезоне ✨️ .
У сезоне скарбаў мы:
🎭 Папоўнілі рэпертуар тэатра трыма скарб-спектаклямі: “Забалоцце” (рэж. Яўген Карняг), “Вечар” (праект ЦБД і РТБД), “Хатыня” (рэж. Аляксандр Бародка);
🎭 Прадоўжылі круцейшыя (не толькі на наш погляд 😉❤️‍🔥) праекты: “Гуляем у тэатр”, “ТэатраТэрапія”, “Дыялогі ў закуліссі”, “ЦіКАВАя сустрэча”;
🎭 Прынялі ўдзел у 5 фестывалях, з іх тройчы вярнуліся са знакавымі ўзнагародамі:
*Спектакль “Камень дурасці” атрымаў Дыплом “За лепшы акцёрскі ансамбль” на XXVII Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” і спецпрыз “За лепшае мастацкае рашэнне” на VII фестывалі “Розаўфест” у Яраслаўлі;
*Спектакль “Пачупкі” атрымаў адразу тры перамогі на V Моладзевым тэатральным форуме краін СНД у Алматы – І Прэмію і Галоўны прыз форуму – залаты парасон, а таксама Ганаровы дыплом ад Асацыяцыі тэатральных крытыкаў і Дыплом за лепшы спектакль ад маладых крытыкаў;
🎭 Прадоўжылі праект РТБДом (анлайн-прагляд спектакляў з відэаархіва тэатра) і традыцыю прамых трансляцый спектакляў на відэасэрвісе VOKA ( “Забалоцце”, “Вечар”). Дзякуй, што застаяцеся на хвалі сапраўдных эмоцый не толькі аффлайн, але і анлайн 🔥;
🎭 Выйшлі на новыя пляцоўкі Мінску і паказалі нашы спектаклі-хіты на амаль тысячу гледачоў 🔥🔥🔥;
🎭 Разам з Цэнтрам беларускай драматургіі ажыццявілі тэатралізаваныя чытанні п’ес (“Блытаніна” Аляксея Макейчыка, “Лондан” Максіма Дасько, “Мароз” Канстанціна Сцешыка, “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” Надара Думбадзэ і Гіга Лордкіпанідзэ ў перакладзе Андрэя Макаёнка, “Сымон-музыка” Якуба Коласа), тыдзень беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”, а таксама ў гэтым сезоне ЦБД зладзіў серыю пазнавальных і яскравых лекцый, прысвечаных беларускай рэжысуры XX стагоддзя.

Ух, пералічылі! Як вам? І гэта наш сумесны скарб, сябры!

Наступны сезон пачнецца 20 жніўня. Пад якой назвай ён адбудзецца, чаго чакаць і да чаго рыхтавацца, абавязкова вам паведамім напярэдадні адкрыцця. А сёння шчыра вам дзякуем, родныя, за тыя час, увагу, эмоцыі, якія вы раздзялялі разам з намі цягам усяго сезона, за ваш давер, зваротную сувязь і наш неразрыўны дыялог. Гэта сапраўдны скарб. Нам адчуваецца, што мы сталі яшчэ бліжэй адзін да аднаго. І гэта заслуга кожнага. Дзякуем вам за гэта 🙏.

Аб квітках на наступны сезон паклапаціцеся, калі ласка, загадзя. Каса тэатра будзе ў адпачынку з 15.07 па 12.08, аднак вы заўсёды можаце набыць квіткі анлайн.

Прыемнага адпачынку ўсім, хто ідзе на летнія вакацыі разам з намі, і да цёплай сустрэчы ў новым сезоне!

РТБД