Дзякуй за сезон! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Дзякуй за сезон!

Дзякуй за сезон!

Любыя нашы РТБД-гледачы!

Вось мы і завяршаем юбілейны “Трыццаты сезон. Асобы”. Ён быў няпростым, таму нам важна прагаварыць (каб, як кажуць псіхолагі, эмоцыя “не зацвярдзела” ў целе): геном РТБД складаецца з кожнай асобы тэатра. Мы захоўваем ў сабе адбітак таленту, розуму, энергіі і працы кожнага, хто за трыццаць гадоў станавіўся часткай жывога і няспыннага тэатральнага руху і рабіў усё, каб наш дыялог з вамі, гледачамі, працягваўся. Лічам, што кожная асоба РТБД назаўсёды застаецца яго часткай. Варта памятаць усё добрае, што напаўняе наша з вамі жыццё.

Не станем называць гэта вынікамі, узгадаем, што паспелі за сезон 2021-2022.

Ажыццявілі чатыры вельмі розныя, тым і каштоўныя, прэм’еры: спектакль “Вецер шуміць у таполях” (рэж. Аляксандр Гарцуеў), “Пачупкі” (рэж. Яўген Карняг), “Камень дурасці” (рэж. Дзмітрый Зімін), “Альпійская балада” (рэж. Святлана Навуменка);

Па восені 2021 года зладзілі, напэўна, адзін з самых шчырых і адкрытых на эмоцыі і адчуванні праектаў – “Су-Тварэнне”. Дзякуем нашым ініцыятарам і натхняльнікам мастачцы Алене Ігруша, актрысе Анастасіі Бабровай, мастачкам і бутафорам Марыі Алекна, Ірыне Банькоўскай і, канешне, нашым маленькім тэатралам і іх бацькам за любоў да тэатра, цікаўнасць і адкрытасць. Гэтыя ўспаміны застануцца з намі надоўга!

Прынялі ўдзел у фестывалях аффлайн і анлайн, самымі прыемнымі і знакавымі падзеямі з вамі, вядома, дзелімся:

  • Спектакль “Шлюб з ветрам” Я. Карняга і К. Аверкавай стаў пераможцам у намінаціі “Лепшы спектакль” XXV Міжнароднага тэатральнага фестываля “Белая Вежа” (Брэст, Беларусь), а таксама атрымаў Прыз прэсы імя Леаніда Папова як лепшы спектакль вялікай формы на XXXI Міжнародным тэатральным фестывалі “Балтыйскі дом” (Санкт-Пецярбург, Расія)
  • Спектакль “Паляванне на сябе” Стаса Жыркова на II Міжнародным тэатральным анлайн-фестывалі адной п’есы Аляксандра Вампілава “Утиная охота 20.21” атрымаў Залаты дыплом лаўрэата і спецыяльны дыплом кіраўніка фестывалю Марыны Мяркулавай за вобразнасць, эмацыйнасць і пазачасовасць пастаноўкі;
  • Да 130-годдзя са дня нараджэння Максіма Багдановіча ажыццявілі спецыяльны праект “Багдановіч. ASMR”, падчас запісу якога зразумелі, што гэта форма лепш за ўсё падыходзіць да беларускай мовы. Яшчэ раз пачулі яе прыгажосць, мілагучнасць, мяккасць і магічнасць, дзякуючы пранікнёнаму выкананню Алены Баяравай, Уладзіслава Ноздрына, Максіма Брагінца, Дзмітрыя Давідовіча;
  • Прадоўжылі праект РТБДом (анлайн-прагляд спектакляў з відэаархіва тэатра) і традыцыю прамых трансляцый спектакляў на відэасэрвісе VOKA (“Гэта ўсё яна”, “Таямніца чароўнага календара”, “Гісторыя двух сабак”, “Адамавы жарты”, “Камень дурасці”, “Альпійская балада”). Дзякуем, што трымаеце з намі сувязь не толькі аффлайн, але і анлайн;
  • У рубрыцы “Гэты дзень у гісторыі РТБД” узгадалі аб знакавых прэм’ерах і асобах нашага тэатра за 30 гадоў яго існавання;
  • Запусцілі абмен сапраўднымі эмоцыямі цераз паштоўкі-асацыяцыі, якія мастачка Маргарыта Чудук стварыла, натхніўшыся спектаклямі РТБД;
  • Разам з Цэнтрам беларускай драматургіі правялі міжнародную драматургічную лабараторыю, ажыццявілі конкурс п’ес “Другая дзея”, а таксама тры сцэнічныя чытанні п’ес –”Благополучие” Марыі Бяльковіч, “Путаница” Аляксея Макейчыка і “Друг мой” Канстанціна Сцешыка.

Наступны сезон пачнецца 23 жніўня. Чаго чакаць і да чаго рыхтавацца, абавязкова паведамім вам, шаноўныя, напачатку сезона, а сёння кажам вам “Вялікі дзякуй”!

Для нас з’яўляецца падтрымліваючым і каштоўным той факт, што вы застаецеся разам з намі, а таксама што кола РТБД-гледачоў пашыраецца новымі імёнамі (мы ўжо добра распазнаем вас па аватарках у сацсетках і па эмоцыях у глядзельнай зале).

Рэпертуар на жнівень і верасень ужо ёсць, квіткі можна набыць на сайце тэатра. Каса тэатра будзе ў адпачынку з 19.07 па 21.08. А мы – на сувязі ў сацсетках і месенджэрах, каб адказаць на вашы пытанні, калі такія ўзнікнуць.

Прыемнага адпачынку ўсім, хто адпачывае, і да сустрэчы ў новым сезоне!

РТБД