Збярэм сёння ўсе імгненні ў адзін пост, каб ён стаў сімвалічным якарам усяго добрага, прыемнага, цёплага і сапраўднага за сезон.
А за сезон мы:
- Ажыццявілі чатыры вельмі розныя, тым і каштоўныя, прэм’еры:
спектакль “Тэсты для дарослых” (рэж. Святлана Навуменка),
“Махляры” (рэж. Сяргей Фядотаў),
“Вось я і прыйшла!” (рэж. Аляксандр Бародка),
“Карней” (рэж. Алена Зміцер); - Запусцілі два круцейшых (не толькі на наш погляд) праекты: першы – творчая майстэрня “Гуляем у тэатр” (выкладчыца – Надзея Цвяткова), якая знаёміць дзетак са светам тэатра, дапамагае раскрываць сябе праз гульню ў яго, другі – творчая лабараторыя “ТэатраТэрапія” (аўтарка і куратарка праекта – Жанна Гурына), што дае магчымасць гледачу падаследаваць свой эмацыйны досвед, атрыманы падчас нашых спектакляў;
- Прынялі ўдзел у фестывалях аффлайн і анлайн, самымі прыемнымі і знакавымі падзеямі з вамі, вядома, дзелімся:
– Спектакль “Пачупкі” атрымаў дыплом “За лепшы музычна-пластычны спектакль” XXVI Міжнароднага тэатральнага фестываля “Белая Вежа” (Брэст, Беларусь), а таксама стаў лепшым спектаклем XVI Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@rt.кантакт» па версіі прафесійнага журы;⠀
– Спектакль “Калека з вострава Інішман” на V Міжнародным фестывалі Марціна МакДонаха (Перм, Расія) атрымаў Гран-пры фестывалю, “Лепшая мужчынская роля” – Арцём Курэнь (за ролю Калекі Білі), “Лепшая мужчынская роля другога плана” – Максім Брагінец (за ролю Малыша Бобі);
– На VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск, Беларусь) Уладзіслаў Віленчыц (за ролю Гефтлінга) у спектаклі “Альпійская балада” атрымаў прыз за “Лепшую мужчынскую ролю другога плана ”, а таксама спектакль “Альпійская балада” стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы спектакль патрыятычнай тэматыкі” Рэспубліканскага конкурса на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022 года;⠀
– Спектакль “Камень дурасці” паказалі на радзіме рэжысёра Дзмітрый Зіміна – у Екацярынбургу ў рамках XVI Міжнароднага тэатральнага фестываля імя А.П. Чэхава;⠀ - Да Дня нараджэння Аляксея Дударава зладзілі тэатралізаванае чытанне яго п’есы “Вечар”. Па той атмасферы, што панавала ў зале, нам думаецца, што атрымалася вельмі чулліва, шчыра і цёпла;
- Прадоўжылі праект РТБДом (анлайн-прагляд спектакляў з відэаархіва тэатра) і традыцыю прамых трансляцый спектакляў на відэасэрвісе VOKA (“Тэсты для дарослых”, “Махляры”, “Вось я і прыйшла!”, “Карней”). Дзякуй, што застаецеся на хвалі сапраўдных эмоцый не толькі аффлайн, але і анлайн;
- Разам з Цэнтрам беларускай драматургіі ажыццявілі тэатралізаваныя чытанні п’ес “Сябра мой”, “Галава” Канстанціна Сцешыка, “Лондан” Максіма Дасько, “Вечар” Аляксея Дударава, “Блытаніна” Аляксея Макейчыка, “Экстэрмінацыя” Ксеніі Шталянковай.
Наступны сезон пачнецца 22 жніўня. Чаго чакаць і да чаго рыхтавацца, абавязкова паведамім вам, шаноўныя, напачатку сезона.
А зараз – шчыра дзякуй за сезон! За вашы эмоцыі, зваротную сувязь і такі наш узровень стасункаў з вамі, які прадугледжвае неразрыўны дыялог.
Гэта вельмі каштоўна і важна для нас.
⠀
Рэпертуар на жнівень і верасень ужо ёсць на нашым сайце. Як паказаў гэты сезон, аб квітках у РТБД лепш паклапаціцца загадзя.
Каса тэатра будзе ў адпачынку з 15.07 па 14.08. А мы – на сувязі ў сацсетках і месенджэрах.
⠀
Прыемнага адпачынку ўсім, хто адпачывае, і да сустрэчы ў новым сезоне!