“Гісторыі дзіўнага свету” – трыптых з маленькіх п’ес “Дуй!”, “Пячора Цыклопа” і “Дрэва”. Усе яны прасякнуты экзістэнцыйным настроем і прагай герояў да лепшага жыцця. Аднак ці існуе гэта лепшае жыццё альбо наша рэчаіснасць – самае каштоўнае? Сапраўды дзіўныя гісторыі пра іншапланецяніна, магічную пячору і незнаёмца-трыксцера пераўтвараюцца ў сучасныя прытчы. Містычная атмасфера, нябачныя рэчы і космас – усё гэта можна знайсці ў п’есе Алены Паповай.
Алена Папова – знакаміты беларускі драматург і празаік, лаўрэат тэатральнай Прэміі імя К. Крапівы. Яе п’есы ставіліся ў тэатрах Беларусі, Расіі, Украіны, Кыргызстана, Германіі, Швейцарыі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Японіі. Яшчэ ў 1994 годзе Алена Папова стала пераможцай Першага Еўрапейскага конкурсу п’ес, а яе драматургічныя творы неаднаразова траплялі на розныя тэатральныя фестывалі і конкурсы.
Сцэнічнае чытанне “Гісторыі дзіўнага свету” – частка праекта “Рэтраспектыва”, у рамках якога пройдуць чытанні п’ес 1990-х, 2000-х і 2010-х гадоў. Драматургі заўсёды прапаноўваюць актуальныя для свайго часу праблематыку, герояў і формы тэкстаў. Экспрэс-рэтраспектыва дазваляе ўбачыць як адрозненні, так і падабенства п’ес розных гадоў. На працягу некалькіх месяцаў са сцэны прагучаць тэксты Алены Паповай, Сяргея Гіргеля і Аляксандра Савухі.
18 лютага на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пройдзе другое чытанне праекта “Рэтраспектыва” – чытанне п’есы “Сталіца Эраўнд” Сяргея Гіргеля. Больш інфармацыі тут.