Паказ праходзіць у рамках праекта Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама “Код памяці: ад сэрца да сэрца”. Дыялог пакаленняў і часоў праз тэатральнае мастацтва дазваляе дакрануцца да гісторыі і захаваць памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Спектакль “Хатыня” распавядае пра лёс адной вёскі і яе жыхароў – людзей, якія прадчувалі бяду. Людзей вёскі Хатынь. Што мы ведаем пра іх? Якімі яны былі, як жылі, як ставіліся адзін да аднаго, да наваколля, што адчувалі напярэдадні трагедыі, аб чым думалі, гутарылі, з чым прачыналіся і засыналі? Калі б яны маглі нам нешта сказаць… То што б гэта было?