Спектакль “Хатыня”, створаны па матывах аповесці Алены Кобец-Філімонавай “Жаваранкі над Хатынню” (рэжысёр – Аляксандр Бародка), распавядае пра людзей, якія прадчувалі бяду. Людзей, якія жылі ў няведанні, разгубленасці, бяссіллі. Людзей, перад якімі кожны дзень паўставаў адзін і той жа выбар, які на самой справе быў выбарам без выбару. Людзей вёскі Хатынь.
Што мы ведаем пра іх? Якімі яны былі, як жылі, як ставіліся адзін да аднаго, да наваколля, што адчувалі напярэдадні трагедыі, аб чым думалі, гутарылі, з чым прачыналіся і засыналі? Калі б яны маглі нам нешта сказаць… То што б гэта было? “Хатыня” – а менавіта так сваю вёску называлі мясцовыя – гэта гісторыя людзей, якія жылі з прадчуваннем “большай бяды”…
“Код памяці: ад сэрца да сэрца” – праект Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, які прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праект накіраваны на фарміраванне павагі да памяці абаронцаў Айчыны, беражлівага стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.
Спектакль “Хатыня” пройдзе 9 кастрычніка ў 12:00 на пляцоўцы Палаца культуры імя М. Горкага (Барысаў). Набыць квіткі магчыма ў касе Палаца культуры, а таксама на сайце bezkassira.by.