“КАМЕНЬ ДУРАСЦІ” ў РТБД –
прэм'ера меланхалічных сцэн з жыцця

26 і 27 сакавіка на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера спектакля па п’есе сучаснага беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка ў пастаноўцы маладога рэжысёра з Екацярынбурга Дзмітрыя Зіміна – “Камень дурасці”.
Сумесны праект Рэгіянальнага грамадскага фонду падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю ім. А.П.Чэхава, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі аб’яднае ў сабе творцаў з Беларусі і Расіі. У каманду праекта ўвайшлі драматург Канстанцін Сцешык (Беларусь), рэжысёр Дзмітрый Зімін (Расія), мастак Алена Ігруша (Беларусь), кампазітар Аляксандр Сітнікаў (Расія) і артысты тэатра.
Папулярным сюжэтам у карцінах нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча з’яўлялася “выдаленне каменя дурасці”, згодна з якім хірург нібыта вылечвае пацыента ад дурасці. У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць, таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства, чым сапраўдную хірургічную аперацыю.
Сучасная гісторыя беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка – гэта меланхалічныя сцэны з жыцця чалавека, які перанёс складаную аперацыю на галаўным мозгу. Пазбавіўшыся свайго “каменя дурасці”, галоўны герой Раман пачынае востра адчуваць бессэнсоўнасць таго, што адбываецца ў яго жыцці і навокал. Здаецца, так было заўсёды: блізкія, што падманваюць сябе, прапаведуючы чужыя ім “правілы жыцця”, пустыя сустрэчы, размовы. Толькі цяпер гэта стала больш відавочным і невыносным.
Канстанцін Сцешык – адзін з самых яркіх сучасных беларускіх драматургаў. Неаднаразова станавіўся фіналістам і лаўрэатам найбуйнейшых конкурсаў і фестываляў драматургіі, сярод якіх – “Любімаўка”, “Рэмарка”. Над пастаноўкай спектакля “Камень дурасці” працуе расійскі рэжысёр Дзмітрый Зімін, у якога, нягледзячы на малады ўзрост, за плячыма больш за 30 спектакляў.
Дзмітрый Зімін: “Гэты спектакль – пра ілюзорнасць сэнса жыцця і пра чалавечую адзіноту ўнутры гэтай ілюзіі. “Камень дурасці” – гісторыя аб тым, наколькі чалавеку патрэбен чалавек, той, з кім не страшна заставацца сабой.”
Сцэнаграфію і касцюмы да праекта распрацавала мастак тэатра і кіно Алена Ігруша, на рахунку якой 75 спектакляў у тэатрах Беларусі і Расіі, у тым ліку 11 – у РТБД. Музыку да спектакля напісаў Аляксандр Сітнікаў – расійскі музыкант і артыст, заснавальнік эксперыментальнага праекта “4 пазіцыі Бруна” (Екацярынбург), музыканты якога займаюцца стварэннем інтэлектуальнай псіхадэлічнай электронікі з незвычайнымі тэкстамі.
“Камень дурасці” – гэта другі сумесны праект Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Першай працай стаў спектакль “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” (2013 год), які дагэтуль ідзе на сцэне РТБД.
Чым для галоўнага героя спектакля Рамана з’явіцца “камень дурасці”? І ці толькі ў негатыўным кантэксце магчыма яго прачытанне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці ў новым спектаклі РТБД.