“Карней”: прэм'еру спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у прамым эфіры VOKA - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

“Карней”: прэм’еру спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у прамым эфіры VOKA

13 ліпеня відэасэрвіс VOKA пакажа прамую трансляцыю прэм'ернага спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Карней ”. Трансляцыя будзе даступна бясплатна з любой кропкі свету для ўсіх жадаючых. Анлайн-паказ пачнецца ў 19:00 па мінскім часе.
“Карней”: прэм'еру спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у прамым эфіры VOKA

Беларуская зямля і яе народ на працягу ўсяго існавання падвяргаліся складаным выпрабаванням. Вялікая Айчынная вайна – адна з найтрагічных старонак нашай гісторыі. Тое, што нельга забыць, бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана: паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж усім жывым на зямлі існуе непарыўная нябачная сувязь.

“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.

Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..

У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна пагрузіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

Далучыцца да прагляду 13 ліпеня можна ў дадатку VOKA ці на сайце voka.tv.

Паказ працягвае серыю трансляцый, якія відэасэрвіс VOKA праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ўжо трэці тэатральны сезон.

РТБД