Ала Касцялецкая – незвычайны аўтар. Яе шлях натхняе і разбурае стэрэатыпы аб тым, хто можа тварыць. Актыўнае, напоўненае жыццё (вучоба, праца, сябры, сям’я, дзеці, унукі) было спынена трагедыяй: загінуў яе сын ва ўзросце 22-х гадоў. Няма лёгкага ці правільнага спосабу перажыць смерць роднага чалавека. Ала апынулася ў аглушальнай прасторы без пачуццяў, з варонкай пустаты ў сэрцы. Напаўненне ранейшага жыцця сышло, было выцеснена вакуумам. Засталася цішыня. Сцяжынку з доўгай адзіноты праклала выпадкова ўбачаная ў краме карціна па нумарах. Упершыню пасля сыходу сына ў яе выпаленым унутраным свеце зарадзіўся імпульс жадання – Ала ўзяла ў рукі пэндзаль. Працэс захапіў яе, вывеў з ватнага здранцвення. Кантакт з фарбамі і палатном стаў асноўнай сувяззю з навакольным светам, Ала знайшла новую мову і цалкам пагрузілася ў яе.
Ала не мае мастацкай адукацыі, яна працуе інтуітыўна, самастойна даследуючы свае магчымасці ў перадачы на палатно вобразаў, якія нараджаюцца спантанна. Мастачка стварае карціны без эскізаў. Сігнал для пачатку працы – адчуванне, якое захапіла яе.
Стварыўшы першыя працы прысвечаныя сыну, Ала больш не вярталася да гэтай тэмы праз творчасць. Мастачку захапілі вобразы вечнасці касмічнай прасторы, якія сімвалізуюць іншае вымярэнне, духоўнасць, вызваленне. Касмічныя матывы балансуюць паміж прадметнасцю і абстракцыяй. Ала выбірае яркія адкрытыя колеры, тэкстурную пасту і паверхню золата і срэбра, якая адлюстроўвае святло і стварае шматмернасць. Мастачка любіць гульню змены візуала карціны ў залежнасці ад асвятлення. Карціна пры дзённым святле і тая ж карціна пры вячэрнім паўзмроку адлюстроўвае розны стан. Твор мае некалькі прачытанняў, нібы рухаецца і змяняецца на вачах. Таксама Ала часта дадае ў свае карціны карункі, як выявы малекулы ДНК.
Пасля “касмічнага” перыяду Ала пачала працу з жаночымі выявамі. Мастачка кажа, што не малюе канкрэтных жанчын, а стварае іх вобразы, знаходзячы іх у сабе і сваіх ролях ў матэрыяльным свеце.
Жаночыя выявы паступова дапоўнілі пейзажы. Для Алы прырода – гэта магутная крыніца сілы: ёй падабаецца растварацца ў ёй, злівацца ў адзінае цэлае, адчуваць сябе часткай вялікага мудрага свету. Некаторыя пейзажы цяжка ідэнтыфікаваць: гэта вада ці неба, гэта зямны пейзаж ці касмічны? Успрыманне свету як вялізнага шматузроўневага адзінага цэлага стала асновай творчасці мастачкі.
Важная і неад’емная частка твораў – тэксты. Іх Ала піша да кожнай працы. Тэкст дапамагае ёй глыбей усвядоміць змест выявы, якая атрымалася. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя тэксты мастачкі.
Чалавек можа пражыць без творчасці, але шлях Алы Касцялецкай паказвае нам тое, на што здольна творчасць! Ёй пад сілу адрадзіць радасць, новыя сэнсы, густ да жыцця. Пустата – запрашэнне для творчасці.
Выстава будзе праходзіць у арт-холе тэатра па 13 кастрычніка 2025 года.
Уваход на выставу вольны. Час працы “Арт-хола”: чацвер-субота: 14:00-18:00
Уваход па квітках на спектаклі тэатра – згодна квітку на спектакль.