У новым спектаклі РТБД “Махляры” паводле п’есы Мікалая Гогаля “Гульцы” ў рэжысёрскім прачытанні Сяргея Фядотава ідэя бязлітаснага падману становіцца прасторай тэатральнай гульні, абаяльнай і віртуознай. Гледачы змогуць пагрузіцца не проста ў свет містыкі, яны адчуюць на сцэне прысутнасць тагасветных сіл, у руках якіх апынуцца ўсе ўдзельнікі загадкавага працэсу.
Камедыя “Гульцы” – гэта не проста злая сатыра на шулерства. У дадзенай п’есе Гогаль разважае пра прыроду хлусні, пра скажоны погляд на прыстойнасць і сумленне ў грамадстве. Тут знаходзіцца месца для насмешак над хабарніцтвам чыноўнікаў, ілжывымі ўяўленнямі пра гонар у афіцэрскім асяроддзі.
Мікалай Васільевіч Гоголь майстра містычных сюжэтаў, а для рэжысёра Сяргея Фядотава містыка – гэта не проста тэма ці накірунак, гэта асаблівы светапогляд. Яго спектаклі могуць быць і камічнымі, і трагічнымі, але элемент таямнічасці, магіі ў іх абавязкова прысутнічае.
Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна пагрузіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.
Далучыцца да прагляду 17 снежня можна ў дадатку VOKA ці на сайце voka.tv.
Паказ працягвае серыю трансляцый, якія відэасэрвіс VOKA праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ўжо трэці тэатральны сезон.