Міжнародная тэатральная акустычная школа стартавала на пляцоўцы РТБД! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Міжнародная тэатральная акустычная школа стартавала на пляцоўцы РТБД!

У Мінску на базе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з 31 сакавіка па 6 красавіка 2026 года праходзіць Трэці этап Міжнароднай тэатральнай акустычнай школы для краін СНД і Грузіі.
Міжнародная тэатральная акустычная школа стартавала на пляцоўцы РТБД!

Міжнародная тэатральная акустычная школа для краін СНД і Грузіі – гэта новая творчая ініцыятыва Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў. Праводзіцца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД. Беларускімі партнёрамі трэцяга этапу праекта сталі Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў” і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Кіраўнік Школы – Віктар Анатольевіч Рыжакоў, рэжысёр, выкладчык Школы-студыі ММАТ.

Праект аб’ядноўвае рэжысёраў, харэографаў, драматургаў і акцёраў з Беларусі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. У праграме – лекцыі, майстар-класы і практычныя рэпетыцыі-трэнінгі выкладчыкаў розных тэатральных прафесій: Віктар Рыжакоў, Аляксандр Чабатароў – рэжысура, Таццяна Бурэль – кампазітар/саўнд-дызайнер, Марына Хералянц – харэаграфія, Рынат Ташымаў, Карына Бясолава – драматургія. 

Першы этап праекта праходзіў у Ерэване (Арменія) з 28 кастрычніка па 4 лістапада 2024 года, другі – у Астане (Казахстан) з 1 па 10 кастрычніка 2025 года. 31 сакавіка стартаваў Трэці этап Школы ў Мінску і працягнецца да 6 красавіка 2026 года.

Міжнародная тэатральная акустычная школа для краін СНД і Грузіі – шматдзённае пагружэнне ў навучальны працэс і ўдзел усіх слухачоў у стварэнні пастаноўкі “з нуля” – ад тэксту п’есы да фінальнага паказу.

Вынікам працы стане музычна-драматычнае дзейства, заснаванае на міфах, легендах і казках краін-удзельніц Садружнасці і аб’яднанае агульнай тэмай – назіранне за птушкамі. Выніковы паказ працы Трэцяй сесіі МТАШ адбудзецца 6 красавіка ў 17.00 на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Вынік усіх этапаў Школы – спектакль – будзе прадстаўлены ў лістападзе-снежні 2026 года ў Самаркандзе (Узбекістан).

Фота і відэа: Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў.

РТБД