Пачынаем сезон анлайн! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Пачынаем сезон анлайн!

Сябры!
Ужо сёння стартуе наш “Трыццаты сезон. Асобы”!
І мы прапануем узгадаць, з чаго і каго пачыналася гісторыя нашага тэатра. Таму, адкрываем свой відэаархіў і запрашаем да сумеснага прагляду знакавых спектакляў.
З 24 жніўня па 30 верасня вы можаце паглядзець спектаклі “Ку-ку” і “Чорны квадрат”. Калі ласка, звярніце ўвагу, што запіс 1994 года, таму якасць відэа і гука будзе адпаведнай. Але самае каштоўнае – гэта памяць, якую атрымалася захаваць.
Прэм’ера спектакля “Чорны квадрат” М. Клімковіча і М.Адамчыка ў пастаноўцы А.Гарцуева адбылася 16 снежня 1994 года і стала сапраўды яскравай падзеяй для маладога калектыва.
“Апошняя прэм’ера “Вольнай сцэны”, вядомай як кузня беларускай драматургіі, прапануе гледачам вострае відовішча разам з вострымі стравамі і пітвом. Галоўным аб’ектам спакусы з’яўляецца, канешне, глядач. І для яго расстаўлена пастка з мноствам абяцанак і прынад на любы густ…” (Таццяна Ратабыльская, “Спыніся, імгненне…”)
Таксама, шаноўныя, мы шчыра чакаем вас у юбілейным трыццатым сезоне ў абноўленай глядзельнай зале – там, дзе нараджаецца жывая энергія і самыя #сапраўдныяэмоцыі.
Да сустрэчы ў РТБД!
РТБД