Мы ведаем, як цяжка часам дастаць квіткі на прэм’ерные спектаклі РТБД, таму працягваем добрую традыцыю і выходзім з нашай утульнай залы на іншыя пляцоўкі Мінска з дадатковымі паказамі.
Спектакль “Памінальная малітва” ў рэжысёрскім прачытанні заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Юрыя Пахомава створан па шырока вядомай п’есе Рыгора Горына – рускага пісьменніка-сатырыка, драматурга, сцэнарыста і тэлевядучага, чые іскрамётныя п’есы з поспехам ставіліся на пляцоўках шматлікіх тэатраў. Сумесна з рэжысёрам Маркам Захаравым ён стварыў кінашэдэўры – “Той самы Мюнхгаўзен” і “Формула кахання”. П’есу “Памінальная малітва”, напісаную драматургам па матывах твораў габрэйскага пісьменніка Шалом-Алейхема, упершыню паставілі ў Маскоўскім дзяржаўным тэатры “Ленкам” М. Захарава.
Галоўны герой Тэўе мае самага вернага сябра ў жыцці – Бога. Аднак гэты кантакт не пазбаўляе невялічкі свет вёскі Анатаўка, дзе Тэўе жыве разам з сям’ёй, скалануцца сапраўднымі выпрабаваннямі. Месца, дзе жылі бацькі, дзяды, патрэбна пакінуць і з’ехаць. Куды? І галоўнае, як у такім становішчы захаваць веру і чалавека ў сабе, здольнасць да спачування, не азлобіцца, не зламацца?.. Магчыма, калі не застаецца моцы змагацца з цяжкасцямі жыцця, варта дазволіць сабе пасмяяцца? Каб было не так балюча і жудасна…
Умоўнасці разбураюцца, трашчыць па швах звыклы ўклад, але, нягледзячы на гэта, галоўны герой знаходзіць у сабе сілы ўсміхнуцца і застацца чалавекам.
Набыць квіткі на дадатковы паказ спектакля “Памінальная малітва” на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў магчыма ў касе тэатра, на нашым сайце, а таксама ў касах і на сайтах квітковых аператараў.