“ПАМІНАЛЬНАЯ МАЛІТВА”:
ПРЭМ’ЕРА НА СЦЭНЕ РТБД!

Рыгор Горын – рускі пісьменнік-сатырык, драматург, сцэнарыст, тэлевядучы, чые іскрамётныя п’есы з поспехам ставіліся на пляцоўках шматлікіх тэатраў. Найбольш вядомыя: “Дом, які пастроіў Свіфт”, “Феномены”, “Памінальная малітва”, “Шут Балакіраў”. Сумесна з рэжысёрам Маркам Захаравым ён стварыў кінашэдэўры – “Той самы Мюнхгаўзен” і “Формула кахання”. П’есу “Памінальная малітва”, напісаную драматургам па матывах твораў габрэйскага пісьменніка Шалом-Алейхема, упершыню паставілі ў Маскоўскім дзяржаўным тэатры “Ленкам” М.Захарава.
Галоўны герой спектакля “Памінальная малітва” – Тэўе-малочнік (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў) – мае самага вернага сябра ў жыцці – Бога. Аднак гэты кантакт не пазбаўляе невялічкі свет вёскі Анатаўка, дзе Тэўе жыве разам з сям’ёй, скалануцца сапраўднымі выпрабаваннямі. Умоўнасці разбураюцца, трашчыць па швах звыклы ўклад, але, нягледзячы на гэта, галоўны герой знаходзіць у сабе сілы ўсміхнуцца і застацца чалавекам.
Героям патрэбна пакінуць месца, дзе жылі іх бацькі, дзяды, і з’ехаць. Але куды? І галоўнае, як у такім становішчы захаваць веру і чалавека ў сабе, здольнасць да спачування, не азлобіцца, не зламацца?.. Магчыма, калі не застаецца моцы змагацца з цяжкасцямі жыцця, варта дазволіць сабе пасмяяцца? Каб было не так балюча і жудасна…
Юрый Пахомаў – пастаноўшчык, акцёр, галоўны рэжысёр Бранскага абласнога тэатра юнага гледача, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі. У яго творчай скарбонцы больш за 80 спектакляў, створаных па п’есам класікаў сусветнай драматургіі і творам сучасных аўтараў, такіх як Б.Брэхт (“Трохграшовая опера”), М.Горкі (“На дне”), У.Шэкспір (“Рычард III”), А.Астроўскі (“Банкрут”), Я.Грышкавец (“Зіма”), В.Сігараў (“Багоўкі вяртаюцца на зямлю”), Р.Куні (“Ён. Яна. Акно. Нябожчык”), С.Мрожак (“Эмігранты”) і інш.
У Беларусі рэжысёр паставіў 17 спектакляў, у тым ліку ў Віцебску, Гродне, Бабруйску і Мінску. Пастаноўка “Памінальная малітва” – першая праца Юрыя Пахомава на сцэне РТБД.
Набыць квіткі на прэм’ерныя паказы магчыма ў касе тэатра, на нашым сайце, а таксама ў касах і на сайтах квітковых аператараў.