27 і 28 сакавіка – прэм’ера спектакля “Хам”! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

27 і 28 сакавіка – прэм’ера спектакля “Хам”!

cham 620x9001 1

27 і 28 сакавіка адбудзецца прэм’ера спектакля “Хам” – сцэнічнага даследавання чалавечых узаемаадносін па матывах аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры, двойчы намінанта на Нобелеўскую прэмію Элізы Ажэшка.

У беларускай вёсцы літуе час. Рыбак Павел, удавец, якога вабіць толькі бязмежны прастор Нёмана і рыбная лоўля, сустракае Франку – распусную гарадскую дзяўчыну, чыё з’яўленне цалкам змяняе яго размеркаванае жыццё.  Ці гэта стасункі, у якіх па-біблейску даруюцца правіны? Ці гэта гісторыя сапраўднай жарсці, што не ведае меж і не прабачае слабасці?

Жанр стваральнікі спектакля вызначылі як “маліт-ва аб адолен-ні грахоў-ных звы… звычак”. Гэта свядомая гульня з формай і сэнсам, якая з аднаго боку адсылае да чытання па складах, а з іншага – да сюжэта твора.

У сваім культавым рамане “Хам” Эліза Ажэшка даследуе жыццё Нёманскага краю. Аднак спектакль пераносіць літаратурных герояў у прастору па-за часам, акцэнтуючы ўвагу не на гістарычных ці сацыяльных падзеях, а на чалавечых узаемаадносінах і перажываннях.

Эліза Ажэшка – беларуская пісьменніца ХІХ стагоддзя, якая ў 1905 і 1909 годах была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Яе творчасць прасякнута асветніцкімі ідэямі, вылучаецца псіхалагізмам і глыбінёй характараў.

Праект Цэнтра беларускай драматургіі.

Падрабязней пра спектакль “Хам” і даты бліжэйшых паказаў можна знайсці на старонцы спектакля.

РТБД