РТБД – НА ГАЛОЎНАЙ СЦЭНЕ КІТАЯ
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прыме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі Пекінскага народнага мастацкага тэатра. Гледачам кітайскай сталіцы пакажуць “Вечар” – спектакль-праект Цэнтра беларускай драматургіі па п’есе заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аляксея Дударава.

Пекінскі народны мастацкі тэатр – вядучы тэатр Кітайскай Народнай Рэспублікі і з’яўляецца самым прэстыжным драматычным тэатрам Кітая. Заснаваны ў 1952 г., гэты тэатр больш за 60 гадоў свайго мастацкага развіцця ствараў “Драматычную школу Пекінскага народнага мастацкага тэатра” і запрашаў замежныя тэатральныя калектывы для абмену досведам. З кастрычніка па лістапад на яго сцэне ў рамках міжнароднага тэатральнага фестывалю пакажуць выставачныя праекты і спектаклі з усяго свету.
Дадзены кітайскі фестываль не першы для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Восенню 2025 года калектыў са спектаклямі “Вечар” і “МАЙ ХОМЛЭНД” прыняў удзел у Кітайскім Шанхайскім міжнародным фестывалі мастацтваў і Міжнародным тэатральным сезоне “Autumn IS”, а вясной 2026 года паказы спектакля “Вечар” прайшлі ў Маладым Тэатры ў Шанхаі.
Гэтым разам ужо ўпадабаны кітайскай публіцы “Вечар” пакажуць на сцэне Пекінскага народнага мастацкага тэатра 22, 23 і 24 кастрычніка ў 19:30, а 25 кастрычніка – у 14:30. Сталічны глядач зможа пазнаёміцца з тэатральнай культурай Беларусі і ўбачыць кранальную і лірычную гісторыя пра адзіноту, каханне і сяброўства.
У рамках фестывалю запланаваны 2-гі Сусветны тэатральны форум (“Новыя гарызонты тэатра” – Міжнародны тэатральны семінар), які пройдзе ў Пекіне 18-19 кастрычніка. На ім збяруцца выбітныя дзеячы тэатра, кіраўнікі тэатральных калектываў і лідэры тэатральнай індустрыі з усяго свету, каб абмяняцца досведам і наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва.
Прадстаўляць Беларусь на форуме таксама запрошаны Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.
Генеральны партнёр удзелу тэатра ў Міжнародным тэатральным фестывалі Пекінскага народнага мастацкага тэатра – РУП “Белдзяржстрах”, афіцыйны партнёр – ААТ “ААБ Беларусбанк”.




