РТБД стане яшчэ бліжэй да сваіх гледачоў - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБД стане яшчэ бліжэй да сваіх гледачоў

8 верасня а 18-тай гадзіне Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт у арт-холе Тэатра ў святочнай атмасферы падпісалі доўгатэрміновы дагавор аб супрацоўніцтве, які дазволіць тэатру і гледачам стаць яшчэ бліжэйшымі.

Мерапрыемства прайшло ў рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта БДПУ “Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў”. Таксама ў гэты дзень студэнты і супрацоўнікі БДПУ ўбачылі на сцэне тэатра спектакль “Альпійская балада” паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава.

Формы супрацоўніцтва падбіраліся з улікам аўдыторыі, на якую яны накіраваны. Гэта і творчыя сустрэчы студэнтаў БДПУ і артыстаў РТБД, і майстар-класы па сцэнічнай мове, акцёрскаму майстэрству, літаратурнай чытцы, а таксама арганізацыя выстаў дыпломных работ студэнтаў факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ ў арт-холе РТБД.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі не першы год супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, пры падпісанні доўгатэрміновай дамовы адносіны стануць яшчэ больш шчыльнымі і ўзаемапрывабнымі. Дзякуючы подобным праектам РТБД становіцца яшчэ бліжэй да мэтавага гледача.

Нагадаем, што XXXI тэатральны сезон у РТБД праходзіць пад назвай “Сезон імгненняў”, канцэпцыяй якога тэатр жадае падкрэсліць, наколькі важна прысутнічаць у моманце, быць у кантакце з сабой, сваімі эмоцыямі і пачуццямі, заставацца на сувязі з іншымі людзьмі, каб разам ствараць і цаніць імгненні, з якіх складаецца жыццё.

РТБД