У “Сезоне пазнанняў” РТБД прапануе не ігнараваць сапраўдныя эмоцыі, што ўзнікаюць, а разглядаць іх як інструмент пазнання сябе, адно аднаго, сваёй гісторыі, сваёй культуры, свайго роду. І, вядома, гледачам у гэтым дапамогуць спектаклі і праекты тэатра, такія ж разнастайныя, як эмоцыі і людзі.
Лагатыпам тэатральнага сезона стала папараць-кветка – як сімвал пазнання новага, лісце папараці – як бясконцы зварот да сябе, то-бок самапаглыбленне, самавывучэнне, палыхаючая кветка ўнутры – як росквіт, энергія і жыццё.
У творчых планах тэатра – вечар беларускіх камедый ад Святланы Навуменка, прысвечаны гораду Мінску, прэм’еры-рэфлексіі на гістарычную тэматыку, а таксама спецыяльныя праекты, цікавыя эксперыменты, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі. Тэатр прадоўжыць працаваць з культурнай спадчынай, нацыянальнымі скарбамі і захоўваць гістарычную памяць Беларусі.
Гледачы працягнуць пазнаваць свае сапраўдныя эмоцыі разам з такімі праектамі РТБД, як “Гуляем у тэатр”, “ТэатраТэрапія”, “Дыялогі ў закуліссі”, “РТБДом”, “ЦіКАВАя сустрэча”.
На пачатку XXXIII тэатральнага сезона РТБД прыме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі “БЕЛАЯ ВЕЖА” (г.Брэст, Беларусь, верасень 2024г.) са спектаклем “Карней” і ў III Міжнародным Ціхаакіянскім тэатральным фестывалі (г. Уладзівасток, Расія, кастрычнік 2024г.) са спектаклем “Камень дурасці”.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі чакае ўсіх аматараў тэатра і сяброў у XXXIІI “Сезоне пазнанняў”, каб разам праз спектаклі, праекты, спецыяльныя сустрэчы і імпрэзы пазнаваць сябе, свае карані, сваю гісторыю, тым самым даведвацца ўсё больш і больш пра свой мікрасвет і Свет агульны.