РТБД запрашае да пошуку асабістых і сумесных скарбаў у новым тэатральным сезоне - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБД запрашае да пошуку асабістых і сумесных скарбаў у новым тэатральным сезоне

“Сезон скарбаў” – так гучыць назва новага XXXII тэатральнага сезона ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. 22 жніўня прэм'ерай мінулага сезона – спектаклем Алены Зміцер “Карней” – РТБД запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да пошуку асабістых і сумесных скарбаў.
РТБД запрашае да пошуку асабістых і сумесных скарбаў у новым тэатральным сезоне

Сёння глядач Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – своеасаблівы паляўнічы за тэатральнымі скарбамі: прэм’ернымі спектаклямі, праектамі, сустрэчамі з людзьмі тэатра – як пажыткам для розуму, унутранымі лабараторыямі і адкрыццямі, шчырымі адчуваннямі і эмоцыямі. А для РТБД скарбы – гэта ўсё тое каштоўнае, што ў розныя перыяды жыцця і станаўлення нагадвае, вяртае да галоўнага: хто ты, адкуль ты, дзе твае карані, твая самасць, унутраны стрыжань, моц, падтрымка. І перш за ўсё – гэта людзі. Таму канцэпцыяй новага трыццаць другога сезона тэатр жадае падкрэсліць: скарбы хаваюцца і знаходзяцца ў людзях.

XXXII  тэатральны сезон будзе насычаны юбілейнымі датамі любімых артыстаў, а гэта значыць, гледачоў чакае яшчэ больш цёплых, душэўных сустрэч з людзьмі-скарбамі тэатра, у планах – спецыяльныя праекты, цікавыя эксперыменты, прэм’ерныя спектаклі, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі. У скарбонцы РТБД застануцца знойдзеныя ў мінулых сезонах такія праекты-скарбы, як “Гуляем у тэатр”, “ТэатраТэрапія”, “Дыялогі ў закуліссі”, “РТБДом”. Таксама тэатр прадоўжыць традыцыю прамых трансляцый спектакляў на відэасервісе VOKA.  

Пачатак тэатральнага сезона абяцае быць багатым на фестывалі, ужо запланаваны ўдзел у такіх фестывалях, як Міжнародны тэатральны фестываль “БЕЛАЯ ВЕЖА – 2023” (г.Брэст, Рэспубліка Беларусь, верасень 2023г.) са спектаклем “Камень дурасці”, Міжнародны Волкаўскі тэатральны фестываль (г.Яраслаўль, Расія, верасень 2023г.) са спектаклем “Шлюб з  ветрам”, Міжнародны тэатральны фестываль “Балтыйскі дом” (г.Санкт-Пецярбург, Расія, кастрычнік 2023г.) са спектаклем “Пачупкі”.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі чакае ўсіх аматараў тэатра і сяброў у XXXII “Сезоне скарбаў”, каб разам здзяйняць падарожжы за асабістымі і сумеснымі скарбамі.

РТБД