РТБД запрашае дзяцей ў праект “СУ-ТВАРЭННЕ” - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБД ЗАПРАШАЕ ДЗЯЦЕЙ
У ПРАЕКТ “СУ-ТВАРЭННЕ”

12 верасня а 17-тай гадзіне Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Цэнтрам беларускай драматургіі запрашаюць на старт дзіцячага праекта “Су-Тварэнне”.

Праект “Су-Тварэнне” — гэта творчая тэатральная пляцоўка для дзяцей ад 4 да 10 гадоў, на якой удзельнікі змогуць паглядзець на казку як на творчы матэрыял для стварэння свайго тэтральнага свету. Дзіцячае мысленне: асаблівае і непаўторнае адчуванне рэальнасці, вера ў прапанаваныя абставіны і непасрэднасць у поглядзе на звыклыя і нецікавыя для дарослых рэчы — галоўная каштоўнасць для стваральнікаў праекта. “Су-Тварэнне” — гэта працэс, у якім ніхто нікога не вучыць, не выпраўляе, а узаемазахапляецца, дзеліцца вопытам, слухае адзін аднаго і спрабуе думаць вольна і бязмежна.

Першым этапам праекта стане шэраг сустрэч, якія правядуць актрыса РТБД Анастасія Баброва, рэжысёр Яўгенія Давідзенка і мастак Алена Ігруша, дзе цераз гульні, размовы і імправізацыю дзеці пазнаёмяцца са светам тэатра знутры. Апынуўшыся ў ролях практыкаў тэатра: мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, — удзельнікі на працягу восені ўвасобяць фрагменты казкі і створаць свае вобразы да будучай сцэнаграфіі спектакля. 

Аўтар ідэі — мастак Алена Ігруша: “Сіла дзіцячага малюнка ідзе ад непасрэднасці ўспрымання свету дзіцем, таму любы такі малюнак бездакорны і правільны. Большасць людзей разглядае малюнкі дзяцей паблажліва і нядбайна. Мы ж першапачаткова ставімся да маленькага чалавека, як да аўтара. Гэта азначае немагчымасць “выправіць”, “зрабіць крыху лепш” або замяніць хоць які-небудзь элемент афармлення. Наша каманда жадае зразумець дзіця і пабудаваць масток паміж дарослай і дзіцячай культурай.

12 верасня адбудзецца першая сустрэча, на якой маленькія творцы змогуць акунуцца ў неверагодныя прыгоды па таемнаму закуліссю тэатра, дзе кожны паспрабуе сябе ў ролях тых, хто стварае спектакль. Хуткімі крокамі ўдзельнікі пройдуць па ўсіх этапах працы над сваім маленькім прадстаўленнем: прыдумаюць унікальную гісторыю і яе герояў, самастойна нададуць імёны і характары персанажам, навучацца ў іх пераўвасабляцца. Створаць уласныя касцюмы, музыку да спектакля і нават дэкарацыі. Ужо ў канцы ўводнай сустрэчы бацькам будзе прапанавана паглядзець міні-спектакль, прыдуманы іх дзецьмі.

На працягу верасня і кастрычніка ўдзельнікі праекта будуць сустракацца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, каб у атмасферы даверу і творчага пошуку даведацца пра дэталі тэатральнага працэсу, атрымаць вопыт працы з мастацкімі матэрыяламі і падзяліцца з дарослымі сваім непаўторным адчуваннем свету. Пасля гэтага этапу на аснове дзіцячых малюнкаў Алена Ігруша распрацуе сцэнаграфію да спектакля, які паставіць рэжысер Яўгенія Давідзенка з акцёрамі тэатра. У Міжнародны дзень аховы дзяцей — 1 чэрвеня 2022 года — удзельнікі праекта сустрэнуцца на прэм’еры пастаноўкі, сапраўднымі стваральнікамі якой яны стануць.

Умовы ўдзелу:

  • да ўдзелу ў праекце запрашаюцца дзеці ад 4 да 10 гадоў;
  • досвед і ўменні не маюць значэння;
  • удзел у праекце бясплатны.

Праект будзе ажыццяўляцца на рускай мове.

Інстаграм праекта / Старонка праекта на сайце

РТБД